Вы тут

Як дапамагчы дзіцяці з сіндромам дэфіцыту ўвагі, гіперактыўнасцю?


Сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю — пэўныя парушэнні ў псіхаэмацыянальным развіцці дзіцяці. Першыя сімптомы пачынаюць турбаваць з трох гадоў: малы не можа ўседзець на месцы і ўсяляк спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу знарочыстым непаслушэнствам.

Многія бацькі не лічаць неабходнасцю змагацца з сіндромам гіперактыўнасці ў дзяцей, спісваючы дрэнныя паводзіны на ўзрост. Аднак у далейшым хвароба абарочваецца ў школьніка сур'ёзнымі праблемамі: няўменнем канцэнтраваць увагу, непаспяховасцю, частай крытыкай з боку настаўнікаў і сяброў, сацыяльнай ізаляцыяй, нервовымі зрывамі.

Гіперактыўнасць з'яўляецца дысфункцыяй цэнтральнай нервовай сістэмы. Калі яе не лячыць у дзяцінстве, расстройства можа моцна паўплываць на якасць жыцця дарослага чалавека.


Хлопчыкі хварэюць часцей

Хоць неймаверная рухомасць такіх дзяцей адразу кідаецца ў вочы, асноўная прыкмета захворвання ўсё ж не гэта, а кароткі прамежак увагі: дзіця не можа засяродзіцца ні на чым — гульня гэта, вучоба ці прагляд тэлеперадачы.

Пашкоджання мозга ў такіх дзяцей няма — у іх ёсць невялікія функцыянальныя расстройствы цэнтральнай нервовай сістэмы.

У хлопчыкаў гэта захворванне сустракаецца ў 4—9 разоў часцей, чым у дзяўчынак. Мацней за ўсё яно выяўляецца ў 6—12 гадоў. А далей праблема з медыцынскай і педагагічнай ператвараецца ў сацыяльную: не дасягаючы поспехаў у вучобе, атрымліваючы за дрэнныя паводзіны штурхялі і аплявухі дома, такія дзеці паводзяць сябе ўсё горш і горш. Гэта паказвае і статыстыка: сярод «цяжкіх» дзяцей любога ўзросту шмат маюць сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю.

Калі такое дзіця паступае ў школу, аказваецца, што яно вельмі адрозніваецца ад іншых. Прадукцыйна працаваць яно можа не больш за 5—15 хвілін, потым 3—7 хвілін яго мозг «адпачывае», назапашваючы энергію і сілы для наступнага працоўнага цыкла. Тым часам дзіця займаецца староннімі справамі і на словы настаўніка не рэагуе. Затым разумовая актыўнасць у яго аднаўляецца, і яно зноў працуе 5—15 хвілін, пасля чаго... мозг зноў «адключаецца».

Такое дзіця можа ўтрымліваць у галаве і аперыраваць невялікім аб'ёмам інфармацыі, большасць новых звестак яно неўзабаве забывае. І доўгачасовая памяць у яго слабая. Яму бывае цяжка засвоіць чытанне, пісьмо і лік, але не таму, што ў яго паніжаны каэфіцыент інтэлекту, а таму, што парушана ўспрыманне. У 7 гадоў такое дзіця, як правіла, яшчэ не гатовае да навучання ў школе, у яго не адбылося поўнага саспявання мазгавых функцый.

Гіперактыўны малы ўвесь час спяшаецца, мітусіцца, бязмэтна хапае прадметы, прыступае да задання, не даслухаўшы настаўніка... Пальцы яго ўвесь час пастукваюць па стале, часам дрыжаць, ногі разгойдваюцца. Яму цяжка самаарганізавацца. У гутарцы ён пераскоквае з тэмы на тэму, можа пакутаваць на цікі, грымаснічаць, здзяйсняць непатрэбныя і дакучлівыя рухі.

У 68 % такіх жыўчыкаў адзначаюцца парушэнні сну, у 40 % — начное нетрыманне мачы. Такія дзеці імпульсіўныя, узбудлівыя і агрэсіўныя. Яны ўвесь час унутрана напружаныя, у іх імгненна мяняецца настрой, яны часта перажываюць пачуццё страху і павышаную трывожнасць.

Малому складана ладзіць і з аднагодкамі. Ён адстае ад іх у псіхічным развіцці, але імкнецца камандаваць і кіраваць. Цяжка складваюцца ў яго адносіны і з дарослымі. Пакаранні на яго не дзейнічаюць, а пахвала не стымулюе добрыя паводзіны. Менавіта «невыхавальнасць» прымушае бацькоў і настаўнікаў задумацца, а ці не трэба паказаць яго ўрачу?

Сёння навукоўцы лічаць, што сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю можа быць выкліканы некалькімі прычынамі. Сярод іх — ускладненні падчас цяжарнасці маці (перанесеныя інфекцыі, прыём некаторых медыкаментаў, несумяшчальнасць крыві маці і дзіцяці); ускладненні падчас родаў (траўмы дзіцяці, нават лёгкая гіпаксія ў неданошаных); хвароба дзіцяці (атручванне ўгарным газам, энцэфаліты, менінгіты, пашкоджанні сэрца); генетычная схільнасць (яна сустракаецца ў 20—30 % выпадкаў, многія бацькі, дзеці якіх гіперактыўныя, былі такімі ж у дзяцінстве); алкагалізм і псіхічныя захворванні ў бацькоў.

Не таблеткі, а работа з псіхолагам і бацькамі

Пры сіндроме дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю не існуе ўніверсальнай таблеткі. У тэрапіі лекавыя прэпараты другарадныя, іх прызначэнне апраўдана толькі ў 10 % выпадкаў. Па вялікім рахунку гаворка ідзе нават не пра лячэнне ў шырока вядомым сэнсе, а пра карэкцыю парушэнняў паводзін. Гэта значыць, галоўная роля адведзена зусім не ўрачам, а псіхолагам, педагогам і ў першую чаргу бацькам. На апошніх ускладаецца асаблівая адказнасць.

Як дапамагчы, а не нашкодзіць гіперактыўнаму дзіцяці падчас навукова-практычнага адукацыйнага семінара «Парушэнні паводзін у дзяцей у практыцы ўрача першаснага звяна» расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Вольга Літвінава.

Адсутнасць актыўнага медыкаментознага лячэння не павінна ствараць у дарослых, якія выхоўваюць дзіця з гіперактыўнасцю, ілюзію «бяскрыўднасці» расстройстваў увагі і паводзін і лжывых надзей: маўляў, нічога страшнага, з часам перарасце. Сапраўды, многія клінічныя праявы па меры сталення згасаюць, становяцца менш выяўленымі. Многія, але не ўсе.

— Напрыклад, кагнітыўныя асаблівасці, абумоўленыя дэфіцытам увагі, захоўваюцца ў большасці людзей у любым узросце, — тлумачыць Вольга Літвінава. — Па меры сталення дзеці з сіндромам дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю схільныя да фарміравання дэвіянтных паводзін, якія характарызуюцца паталагічнай залежнасцю ад алкаголю і іншых псіхаактыўных рэчываў. У будучыні высокая рызыка фарміравання расстройстваў асобы і іншых псіхічных парушэнняў. На жаль, усё гэта стварае неспрыяльны фон для поспехаў у адукацыі і прафесійных дасягненняў.

Своечасовая карэкцыя парушэнняў, у тым ліку праз фарміраванне правільных установак паводзін, стварэнне спрыяльнага побыту і атмасферы, у якіх выхоўваецца і навучаецца дзіця, у многім прадухіляюць развіццё негатыўных праяў і наступстваў гіперкінетычнага расстройства.

Чым могуць дапамагчы бацькі?

Ад дарослых залежыць псіхалагічнае становішча ў сям'і. Яно павінна быць спакойным і камфортным. Не рэдкасць, калі парушэнні паводзін аказваюцца рэакцыяй дзіцяці на траўміруючыя абставіны, напрыклад на крызісную сітуацыю ў сям'і, канфлікты з бацькамі або братамі-сёстрамі, развод бацькоў, адчуванне непатрэбнасці, адзіноты.

Дакладны рэжым дня ў сям'і з гіперактыўным дзіцем абавязковы. Ён робіць жыццё ўсёй сям'і больш упарадкаваным.

Усе дарослыя члены сям'і павінны прытрымлівацца адзінай лініі паводзін у выхаванні дзіцяці. Падчас выканання хатніх заданняў варта прыбраць усе раздражняльныя фактары. Адна з яркіх клінічных прыкмет расстройства — гэта цяжкасці або няздольнасць дзіцяці ўключыцца ў працу, трымаць увагу падчас працоўнага працэсу і давесці свае дзеянні да канца. Не трэба ўскладняць яму і без таго складаную з-за слабасці функцыянавання нервовай сістэмы задачу. Нішто не павінна адцягваць увагу. Кожныя 15—20 хвілін дазваляйце яму рабіць 5-хвілінны перапынак, каб зняць напружанне і пазбавіцца назапашанай энергіі.

Стаўце перад дзіцем канкрэтныя задачы, фармулюючы іх сцісла, выразна і ясна. Вялізныя, шматслоўныя заданні гіперактыўнае дзіця папросту не ўспрыме і пакіне без увагі. Не варта даваць некалькі заданняў адразу, напрыклад «ідзі ў свой пакой, пазбірай цацкі, потым памый рукі і сядай абедаць». Паслядоўна прасіце выканаць кожнае ўказанне.

Падмацоўвайце вусныя інструкцыі візуальна. Гэта можа быць маляўнічы штодзённік, куды вы разам з дзіцем будзеце запісваць, напрыклад, час прыёму ежы, выканання хатніх заданняў, прагулак і сну.

— Выкананне любога задання павінна быць абмежавана пэўнымі часовымі рамкамі. Пры сіндроме дэфіцыту ўвагі характэрна скажонае ўспрыманне часу. Такім дзецям цяжка кіраваць часам, правільна яго разлічыць, яны заўсёды схільныя зацягваць працэс, — расказвае Вольга Літвінава.

Абавязкова хваліце дзіця ў кожным выпадку, калі яму ўдалося давесці пачатую справу да канца. У кампетэнцыі бацькоў — вызначыць рамкі і крытэрыі паводзін дзіцяці. Прыдумайце знакавую або бальную сістэму ўзнагароды, напрыклад адзначайце зорачкай кожны добры ўчынак, а за пэўную колькасць зорачак дарыце дзіцяці цацку або ласунак. Можна завесці дзённік самакантролю і адзначаць там разам з дзіцем яго поспехі ў садку, школе ці дома. Узнагароджанне для такога дзіцяці мае вялікае значэнне, прычым яно павінна быць хуткім, а не адтэрмінаваным у часе. У адваротным выпадку дзіця страціць матывацыю.

Перыядычна з боку людзей, асабліва тых, хто не ведае праблематыкі расстройства, паводзіны гіперактыўных дзяцей могуць быць расцэнены як нявыхаванасць, грубасць, неадэкватнасць. Бацькі павінны дакладна растлумачыць дзіцяці правілы паводзін у розных сітуацыях. Але разам з тым колькасць забарон і абмежаванняў трэба звесці да разумнага мінімуму. Татальны кантроль, забароны і абмежаванні не дапамогуць, а, наадварот, пагоршаць праявы паводзінскіх парушэнняў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».