Вы тут

«Харавы сабор» у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гала-канцэрт прыцягнуў увагу праваслаўных вернікаў


На працягу ўсяго года ў нашай краіне адзначалася 1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях. Доўгі шлях больш чым у тясячу гадоў з’яўляецца прыкладам стойкасці духу і адданасці маральным каштоўнасцям беларускага народа. З нагоды юбілею праводзіліся канферэнцыі, круглыя сталы, імпрэзы, чытанні. 16 лістапада ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт «Харавы сабор». Мерапрыемства, прысвечанае святочнай даце, прыцягнула ўвагу праваслаўных вернікаў, аматараў харавых спеваў, прыхільнікаў таленту беларускіх выканаўцаў. 


Наведвальнікі гала-канцэрта.

Па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, на сцэне сустрэліся як прафесійныя калектывы, так і царкоўныя хары. Пад кіраўніцтвам майстроў сцэны Наталлі Міхайлавай, дырыжора Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, і Вольгі Янум, дырыжора Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы, былі выкананы класічныя і дагэтуль невядомыя спевы, складзенныя адмыслова для хору.

Агульныя спевы з даўніх часоў яднаюць беларусаў. Нашы продкі спявалі і ў радасці, і ў журбе. Прыняцце хрысціянства станоўча паўплывала на развіццё культуры спеваў на беларускіх землях. Асаблівую ролю ў гэтым адыгралі царкоў¬ныя альбо харавыя. 

Святкаванне 1030-годдзя праваслаўя ў Беларусі адсылае нас у старажытныя часы ўтварэння дзяржаўнасці. У 992 годзе князь Ізяслаў Уладзіміравіч, вядомы як кніжнік, заснаваў першую на Беларусі епархію. Такім чынам былі закладзены асновы праваслаўнай царквы ў Полацкім княстве. 

За тысячагадовую гісторыю ў нашай краіне праваслаўе сутыкалася са шматлікімі цяжкасцямі, адмаўленнем, суцэльнай забаронай. Сёлета вернікі па ўсёй краіне ўспамінаюць светлыя старонкі гісторыі. 

Адна з такіх — заснаванне ў 1992 годзе храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у сталіцы Беларусі. З нагоды 30-годдзя царквы адбыўся першы галаканцэрт «Харавы сабор», у якім прынялі ўдзел знакамітыя калектывы Беларусі. Дырыжорам і аўтарам праекта выступіла Вольга Янум, рэжысёрам — Віталь Сабалеўскі. 

Распачаў канцэрт Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуўся да ўдзельнікаў і выступоўцаў з вітаннем і благаславеннем. У сваёй прамове мітрапаліт падкрэсліў важнасць і неабходнасць у складаныя часы звяртацца да Бога і царквы, у тым ліку з дапамогай харавых гарманічных спеваў. Акрамя таго, былі ўручаны ўзнагароды Беларускай праваслаўнай царквы. 

Медалём свяціцеля Кірыла Тураўскага за плённае супрацоўніцтва БПЦ і Беларускай дзяржаўнай філармоніі былі ўзнагароджаны генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Нікіта і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў. 

Заключнае выступленне гала-канцэрта «Харавы сабор».

Медаль святой прападобнай Ефрасінні Полацкай уручылі Наталлі Міхайлавай, дырыжору і мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. 

Вольга Янум, дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы, за шматгадовую службу атрымала з рук мітрапаліта ордэн святой прападобнай Ефрасінні Полацкай. 

За плённую супрацу і ў сувязі з 85-годдзем Беларускай дзяржаўнай філармоніі Граматай Патрыршага Экзарха быў узнагароджаны калектыў гэтай установы культуры. 

На гала-канцэрце прысутнічалі старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемадзеянні з казацтвам, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» протаіерэй Ігар Карасцялёў, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын. 

На сцэне Вялікай канцэртнай залы філармоніі выступілі заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Вольгі Янум і Наталлі Міхайлавай. 

Падчас «Харавога сабора».

Авацыямі сустракалі гледачы Дзіцячы хор нядзельнай школы храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» з рэгентам Людмілай Літошык. 

Удзельнікам гала-канцэрта стаў і Архіерэйскі хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора разам з мастацкім кіраўніком і рэгентам Віталем Сабалеўскім. 

Святочны хор храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», які сёлета адзначыў сваё 30-годдзе, выканаў кампазіцыю ў памяць аб усіх харавых спеваках. 

Завяршыўся вечар выкананнем спеву «Усіх тужлівых Радасць» (балгарскі распеў у перакладанні М. Папова-Платонава). 

Яна ЦЭГЛА 

Фота Ганны ТРОШКІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».