Вы тут

Каханне і інтрыга ў новым гістарычным рамане «Ожерелье княжны Гальшки»


У Алеся Марціновіча, які вялікую ўвагу надае асэнсаванню нацыянальнай гісторыі праз знакамітых асоб і падзеі, ёсць і кнігі прозы. У тым ліку і напісаныя па-руску: аповесці «Нежность звездного неба», «Ангел и без крыльев ангел», гісторыка-прыгодніцкі раман у дзвюх кнігах «Жаркое солнце Эфиопии», гістарычныя апавяданні і эсэ «Исповедь старых замков», дакументальна-мастацкі аповед аб Белавежскай пушчы «Серенада под сенью столетий». Вызначальная якасць іх — псіхалагічная дакладнасць і глыбіня асэнсавання падзей. Але ёсць і не менш важнае, а ў пэўных выпадках і тое, што выходзіць на першы план. Гэта — захапляльны сюжэт, што ўражвае асабліва тады, калі некаторая невядомасць далейшага развіцця дзеяння дапаўняецца вастрынёй сітуацый, якая спалучаецца з прыгодніцкімі элементамі.


Усе гэтыя якасці асабліва праявіліся ў новым гісторыка-прыгодніцкім рамане «Ожерелье княжны Гальшки». Гераіня яго яшчэ пры жыцці стала легендай, а легенда на тое і легенда, каб у падзеі, якія мелі месца ў рэальнасці, арганічна ўваходзіла народжанае фантазіяй апавядальнікаў. Адно неаспрэчна: Гальшка мела трох мужоў, прытым двух адначасова. Яе лёс вырашаў сам кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст, між іншым, зводны брат яе маці. Ён, да самазабыцця закаханы ў Барбару Радзівіл, ведаў сапраўдную цану палымянаму каханню, таму з разуменнем ставіўся да яе.

У рамане перакрыжоўваюцца ніці лёсу гэтых двух магутных родаў — Астрожскіх і Радзівілаў. Але і першае каханне княжны — Дзмітрый Сангушка — таксама прадстаўнік знанага роду. Прытрымліваючыся гістарычнай праўды, Алесь Марціновіч праўдзіва раскрывае іх пачуццё. Гэтаксама пераканаўча паказвае, як яны сутыкнуліся з насіллем — маральным і фізічным. А яшчэ Гальшка з-за свайго вялікага багацця становіцца разменнай манетай тых, хто не столькі пра яе думае, колькі жадае авалодаць маёмасцю.

Адбываюцца страсці, падобныя шэкспіраўскім. Княжна супраць волі маці выходзіць замуж за Сангушку. Князь Збароўскі, які хоча бачыць Гальшку жонкай аднаго са сваіх сыноў, Дзмітрыя забівае. Не супраць таго, каб узяць яе ў жонкі, і недалёкі Лукаш Гурка. Толькі і маці не дрэмле. Яна аддае дачку замуж за слуцкага князя Сямёна Алелькавіча.

Чысціня адносін юнай Гальшкі, якой, калі пазнаёмілася з Сангушкам, было ўсяго 14 гадоў, гучыць рэзкім дысанансам з адносінамі тых, хто ў каханні мае вялікі вопыт. Важна і тое, што аўтар дакладна перадае каларыт эпохі, у якой жывуць яго персанажы. Раман «Ожерелье княжны Гальшки» — для тых, хто, з’яўляючыся прыхільнікам гістарычнай прозы псіхалагічна глыбокай, адначасова любіць сюжэты, не пазбаўленыя прыгодніцкіх элементаў, аддае перавагу творам, у якіх стыль аповеду раскуты. Гэта добра відаць ужо з самага пачатку рамана:

«“Всё могут короли, всё могут короли! И судьбы всей земли вершат они порой, но, что ни говори, жениться по любви не может ни один, ни один король”, — словы гэтай некалі папулярнай сучаснай песні, канешне ж, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт, які ўвайшоў у гісторыю як Жыгімонт І Стары, ведаць не мог. Па той простай прычыне, што тады гэтай песні не існавала, як і многіх іншых, ёй падобных.

Гучалі іншыя песні — застольныя, вясельныя, рэкруцкія… І танцы былі не такія, як цяпер, бо Жыгімонт І Стары жыў у другой палове ХV — першай ХVІ ст. Аднак і тады кахалі гэтаксама самаахвярна, як і сёння. А магчыма, і мацней. Ва ўсякім выпадку, часам даходзіла да паядынкаў рыцарскіх, калі з сапернікам сутыкаліся сумленна, адзін на адзін, і не зусім сумленных, калі таго, хто пераходзіў дарогу, забівалі з-за вугла».

У творы праўдзіва перададзены каларыт эпохі, у якой адбываецца дзеянне. Як і атмасфера, што спадарожнічала жыццю прадстаўнікоў вышэйшых эшалонаў улады таго часу. Ва ўзнаўленні яе Алесь Марціновіч таксама прытрымліваецца таго, што было ў сапраўднасці. Аднак закранае ён і асобныя моманты, якія далёка не ва ўсіх публікацыях напаткаеш. Прынамсі, па-майстэрску апавядаецца, як ладзіліся застоллі. Чаго толькі варта апісанне таго, як на самых урачыстых з іх абавязкова прысутнічаў спецыяльны… абжора. У абавязкі яго ўваходзіла забаўляць прысутных паглынаннем страў і напояў. А інтрыгоўны момант у рамане — тое, што звязана с каралямі, пра якія Галька даведваецца ад маці. Апавядаецца як князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі ў сваіх уладаннях няўхільна прапаведаваў праваслаўе.

Сёй-той пры знаёмстве з «Ожерельем княжны Гальшки», бадай, згадае адну ці то казку, ці то прытчу. У розных мясцовасцях яна ўспрымаецца па-рознаму. На Лагойшчыне — у першым варыянце, на Случчыне — у другім. Ды і падаецца не як разгорнутая гісторыя, а толькі як выпадак. Але сэнс аднолькавы: старанная гаспадыня ўмее не толькі смачна гатаваць розныя стравы, але і падаваць. Інакш…

Цыган, дапамагаючы адной жанчыне ўлетку, напрацаваўшыся да поту, ды і згаладаўшыся, небарака, сумленна заслужыў пачастунак. Яна яму квасу — адарвацца не можа. З дзясятак аладак хапануў, нібы іх і не было на стале. І з такой ахвотай — страва за стравай. Ажно успацеў ад старання, папругу расшпіліў. Гатовы падымацца ўжо з-за стала, а гаспадыня тут як тут: «Работнічак ты мой ненаглядны! Пакаштуй яшчэ самага смачнага!» І ставіць перад ім вялізную патэльню. На ёй — сальца: смажанае, палітае смятанай, сквірчыць. Яечня вялікімі вачыма ўсміхаецца. А цыгану не да іх. Уздыхнуў: «Умела, гаспадынька, гатаваць, ды не ўмела падаваць».

З якой нагоды я гэта ўспомніла? Кожны рукапіс, што трапляе ў выдавецтва, перш чым стаць кнігай, як вядома, павінен быць належна падрыхтаваны да друку. У дадзеным выпадку гаспадыняй «Чатырох чвэрцяў» — дырэктарам выдавецтва Ліліянай Анцух. Ад Ліліяны Фёдараўны і супрацоўнікаў і залежала, як гэтую «страву» Алеся Марціновіча паднесці чытачу. З кнігай у іх гэта атрымалася цудоўна. Не толькі зместам прываблівае, але і афармленнем. У серыі «Женские судьбы» годнае папаўненне.

Ніна БЯЛЯЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».