Вы тут

Фёдар Гурыновіч любіць гаварыць аб тым, што ведае і любіць


У паэта Фёдара Гурыновіча толькі за апошнія пару гадоў пабачылі свет кнігі «Мой храм», «Нашы сябры ад А і да Я»  і «Што адклалася на сэрцы». Свой новы зборнік лірыкі, які выйшаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці», творца назваў «Ісці ўдваіх». Чытач, які ўпершыню возьме ў рукі гэтую кнігу, можа прадчуць: гаворка пойдзе пераважна пра каханне, узаемнае ці без адказу, радасць ад пройдзенага разам шляху ці шкадаванне з-за няспраўджаных надзей, шчасце роднасці ці адзіноту… Дык пра што ж разважае паэт? Ці абмежаваў ён сябе пэўнай тэматыкай альбо абагульніў створанае раней у адно значнае выказванне?


Калі не лічыць вокладку, якая адпавядае назве кнігі, найперш чытач сустракаецца з выявай адзінокага чалавека, які крочыць у глыб асенняга парку, а адкрывае зборнік верш «Айчыне». З-за гэтых, здаецца, нязначных акалічнасцей адчуваецца супярэчнасць, што перашкаджае ўспрымаць зборнік як устойлівае сістэмнае цэлае. Першыя радкі вышэйназванага верша гучаць наступным чынам: «Люблю я сустракаць над Беларуссю // Світальную вясняную зару. // Айчынаю сваёй я ганаруся // І ўсім пра гэта шчыра гавару». Такая прастата здольна адпудзіць патрабавальнага і фанабэрыстага чытача, але не стойкага і зацікаўленага. Каханай жанчыне прысвечаны вершы «Малітва», «Дзень добры, каханая!», «Прачнуца на світанні», «Адной дарогай», «Ісці ўдваіх»… Увогуле, не так шмат любоўнай лірыкі, а прадстаўленая даволі абагульненая, пазбаўленая арыгінальнасці. Але, як казаў Мапасан, словы кахання заўсёды аднолькавыя — усё залежыць ад таго, чые вусны іх прамаўляюць.

Фёдар Гурыновіч любіць гаварыць пераважна аб тым, што ведае і, галоўнае, любіць. Непрыманне, абурэнне, скруха не ўласцівы лірычнаму герою. Рэдкі выпадак: усе гэтыя пачуцці сустрэліся ў вершы «Боль», у якім ідзе гаворка пра шкадаванне аб выкінутых кнігах Льва Талстога: «Я нібы скаваны ў вярыгі, // І слёзы на вейках дрыжаць: // Вялікага класіка кнігі // На звалцы смуроднай ляжаць». Увогуле ж, падобныя матывы гучаць пераважна ў вершах аб настальгіі, якая час ад часу апаноўвае лірычнага героя.

Сістэма вобразаў у зборніку «Ісці ўдваіх» нібыта знарок абмежавана самім аўтарам. Гэта заўважна па рознага тыпу паўторах, выбар тэм таксама не здзіўляе — разважанні аб прыродзе застаюцца ключавымі для Фёдара Гурыновіча (не абышлося, дарэчы, і без вершаў, прысвечаных паляўніцтву і рыбалцы). На заўвагі аб мізэрнасці, прадказальнасці аўтарскіх інтарэсаў ён (пераканаўча ці не — гэта асобнае пытанне) адказаў вершам «Крытыку»:

 

Мяне аднойчы крытык папракаў:

Маўляў, адна ў вас тэма

                            з кожным годам —

Лес, поле, луг, балотца ды рака,

Ну, карацей гаворачы, прырода.

 

Ах, крытык, як вам даказаць спаўна,

Што мы яе пяшчотаю сагрэты

І што другая маці нам яна,

Што не сапернік вы мне

                                  ў спрэчцы гэтай?

Ва ўсёй разнастайнасці вершаў аб прыродзе, шчодра прапанаваных паэтам, чытачу застаецца толькі адшукваць кранальныя радкі, здольныя выклікаць замілаванне. Найперш згадваюцца маладзік, што завушніцай цьмянеў у небе, бязладны лепет жнівеньскіх бяроз, вецер, які дыбіўся, як рысак, лахмоцце пёрыстых аблокаў…

Між іншым, лірыка Фёдара Гурыновіча прадстаўлена на дзвюх мовах — беларускай і рускай, то-бок, даецца аўтарскі пераклад кожнага верша. Аднак, як правіла, рускамоўны варыянт саступае арыгіналу і па багацці паэтычных сродкаў, і па трапнасці іх вакарыстання. Напрыклад: «Но без мамы наш дом и печален, и пуст, // И безмерной обьят тишиною» і «Ды без мамы журботны наш дом і пусты, // І заліты пад столь цішынёю»; пераканаўчыя радкі «А воз плыве цяжэрнай хмараю. // Наш конік цяглісты такі!» заменены на трывіяльныя «Иду с отцом своим на пару я // Дорогой тяжкою такой».

Выдатным заключным акордам зборніка стаў верш «Я хацеў…», у якім аўтар расказвае аб сваіх нездзяйсняльных марах. Тут радасць мяжуе са смуткам, асабістае набывае гучанне агульнага, а згадкі аб мінулым нарэшце замяняюцца выразнымі думкамі пра будучыню — гэта лагічнае завяршэнне паэтычнай падборкі (не беручы да ўвагі песні, змешчаныя ў канцы зборніка).

Знакаміты літаратуразнаўца Юрый Лотман пісаў, што стасункі «паэт — чытач» — заўсёды напружанне і барацьба. Калі тэкст угадваецца наперад, то паэт прайграў, ён не будзе цікавы аўдыторыі. Калі ж творца арганізаваў свой твор такім чынам, каб яго элементы былі і чаканымі, і раптоўнымі адначасова, то гэта і ёсць сапраўдны поспех. Ці адчувае яго хтосьці з сучасных беларускіх паэтаў?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.