Вы тут

«Прыйшла і кажу». Пісьменніца і журналістка Ганна Чыж-Літаш аб асабістым


Ганна Чыж-Літаш — ваенны журналіст, яна працуе на тэлебачанні. Ведаюць Ганну і як пісьменніцу — аўтара дэтэктываў, кніг пра падлеткаў. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў раман Ганны Чыж-Літаш «101 спатканне, або Дзённік свабоднай жанчыны». Сёння маладая пісьменніца адкрывае ў «Алесі» новую рубрыку «Прыйшла і кажу».


Чаго хоча жанчына?

Мяне завуць Ганна. Мне 34 гады. За гэты адрэзак свайго жыцця я паспела зрабіць шмат чаго. Напрыклад, атрымаць тры вышэйшыя адукацыі, восем гадоў пражыць у шлюбе, нарадзіць дачку, даслужыцца да звання падпалкоўніка Узброеных Сіл, развесціся, пабудаваць кар’еру ваеннага журналіста і тэлевядучай і напісаць дзевяць кніг. А яшчэ схадзіць на пару сотняў спатканняў, закруціць некалькі сур’ёзных раманаў, тысячу разоў расчаравацца, столькі ж — усміхнуцца.

Такім чынам, мяне завуць Аня. Мне 34 (амаль 35), і я па-ранейшаму жыву з дачкой. Таго самага адзінага я так і не сустрэла. Пакуль не сустрэла. Лічу вельмі важным растлумачыць, што мяне гэта практычна не турбуе цяпер (раней — вельмі нават). Мне камфортна жыць адной. Прачынацца на досвітку, адной прабірацца па сваёй соннай вялікай кватэры да прамянёў сонца, якія прабіваюцца скрозь шчыльныя фіранкі на кухні. Маруднымі глыткамі піць гарачую каву з малаком. А праз паўгадзіны насіцца на злом галавы па кватэры, раскідваючы па ўсім доме рэчы, збіраючыся на працу. Побач з такой жа хуткасцю бегае мая шасцігадовая дачка, спрабуючы знайсці свае духі (так, яны ў яе ёсць) і бляск для вуснаў. Перавярнуўшы кватэру ўверх дном, мы зачыняем дзверы і знікаем у сонным горадзе. Затым — чарада спраў, дарога, трэніроўкі, работа, работа, яшчэ адна работа, дарога, дзіцячы садок, балетная школа і дом. Мы вяртаемся звычайна, калі сонца ўжо даўно спіць, накрыўшыся коўдрай з начных аблокаў. Заходзім у кватэру, і новая чарада спраў сустракае мяне. Калі дом засынае, я задумваюся аб тым, як умясціць у сваё жыццё мужчыну. Знайсці час і сілы бавіць з ім вечары, выхадныя, закруціцца ў быце...

«Захочаш — знойдзеш», — падумаеце вы і будзеце мець рацыю. Бо справа, мабыць, зусім не ў часе і сілах. А ў страху. Страху, што ў цябе ўкрадуць... цябе. Што могуць пакрыўдзіць, адыгрываючы свае няўдалыя сцэнарыі жыцця. Або параніць тваё дзіця словам, учынкам. І ты выбіраеш свет свабодных адносін, дзе ніхто нікому нічога не вінен. Сустрэліся — правялі час — сышлі ў свае жыцці. А праблемы вырашай сама: дарослая дзяўчынка ўжо.

Увесь гэты клубок сумненняў, думак прывёў мяне да пытання: «А навошта нам мужчына?» Як аказалася, большасць жанчын не можа даць дакладнага адказу. Яны самі не ведаюць, чаго хочуць.

На рабоце я правяла тайнае апытанне. Я пыталася ў свабодных прыяцелек, для чаго ім мужчына. Частка з іх упадала ў ступар ад здзіўлення, другія казалі нейкія пафасныя словы, якія да рэальнага жыцця не мелі ніякага дачынення. Былі яшчэ і трэція, хто без сарамлівасці разважаў, што мужчына — роўна вырашэнню жаночых праблем. Ні пра якое каханне там гаворкі і не ішло.

— Для душы, — адразу адказала на пытанне мая калега. Ёй 45 гадоў. Яна ў разводзе. Летуценніца, якая жыве ў паралельнай рэальнасці.

— Што значыць — для душы? — пытаю я, абсалютна не разумеючы, што яна ўкладвае ў гэтыя словы.

— Ну... — яна губляецца ў думках, — ну як табе растлумачыць, Аня... Для душы — гэта значыць, каб ён мог мяне пашкадаваць, галаву ўвечары яму на грудзі пакласці.

Іншая мая прыяцелька адказвае хутка, выразна абазначаючы мэту:

— У доме павінна быць мужчынская рука! Мне патрэбен той, хто вырашыць мае бытавыя праблемы.

Яна шукае не партнёра з агульнымі інтарэсамі і будучымі аднолькавымі мэтамі. Яна хоча знайсці сантэхніка, рамонтніка, плітачніка, грузчыка. Карацей, таго, хто вырашыць яе праблемы. Так, гэта сумленна. Але пра каханне, клопат і агульныя мэты на жыццё тут таксама гаворкі не ідзе.

Калегі і знаёмыя ва ўзросце 20–25 гадоў аб сваіх мэтах на жыццё заяўляюць гучна і нясціпла.

— Мужчына павінен мяне забяспечваць. Прычым не проста купіць ежы і адну сукенку ў месяц. У яго павінен быць пастаянны высокі даход.

Інакш кажучы, «мужчына-кашалёк». І тут гаворка не пра вялікія пачуцці, а пра высокія заробкі і задавальненне асабістых патрэб. Такія адносіны таксама маюць месца быць, калі дваіх гэта задавальняе.

Часцяком сустракаю жанчын, якія зусім не ведаюць, якога мужчыну яны хочуць бачыць побач з сабой. Як ён павінен выглядаць, якімі якасцямі валодаць, як ставіцца да іх. Яны прагна кідаюцца ў вір любых зносін. Перабіраюць мужчын, няважна якога яны статусу, прафесіі, рэлігіі ці светапогляду. Ім усё роўна. Проста каб хтосьці быў побач. Калі ён знікае, яны прагна пачынаюць шукаць іншага. Такія жанчыны не могуць быць адны. Яны не ведаюць, што ім рабіць са сваім жыццём.

Я не псіхолаг, але з цікавасцю захапляюся псіхааналізам. І прычыны паводзін большасці жанчын мне зразумелыя. Нелюбоў да сябе, нізкая самаацэнка, дзіцячыя траўмы, а яшчэ лянота, адсутнасць матывацыі і работы над сабой.

Таму сама жанчына часам не ведае, чаго яна хоча. Прамаляваць сабе вобраз, знешні выгляд або памер кашалька мужчыны не так ужо і складана. Але, на мой погляд, больш важна ведаць, як ён будзе адносіцца да цябе, на якія абапіраецца прынцыпы і якія мэты ставіць перад сабой.

На жаль, мой досвед спатканняў — забаўна-сумны. Але ўсё ж ён бясцэнны. З гэтымі мужчынамі ў мяне не супалі ні мэты, ні погляды, а часам замест жаданага клопату і ўвагі ў адказ — цішыня. Таму я навучылася клапаціцца пра сябе. Вырашаць свае праблемы. Любіць сябе. Шанаваць і берагчы. Але гэта не значыць, што я не хачу атрымліваць каханне ад мужчыны. Вельмі хачу. Проста, напэўна, пакуль не прыйшоў мой час для сур’ёзных адносін з мужчынам. А пакуль я буду працягваць будаваць больш важныя адносіны — з самой сабой.

Ганна ЧЫЖ-ЛІТАШ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.