Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


А вось Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна за час свайго існавання з 1944 года праблему з педагагічнымі кадрамі ў Палескім рэгіёне вырашыў. Гэтага пытання не ўзнікала нават пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І тут, канешне, немалая заслуга рэктараў, многіх з якіх я асабіста ведаў.


З 1974 да 1983 года рэктарам Мазырскага педінстытута быў доктар педагагічных навук, прафесар Міхаіл Афанасьевіч Дзмітрыеў. Легендарная асоба — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан-ардэнаносец, — у пасляваенны час ён настаўнічаў на Гомельшчыне, быў дырэктарам школы, загадчыкам Кармянскага раённага аддзела адукацыі. За вялікія заслугі ў навучанні і камуністычным выхаванні навучэнцаў у 1971 годзе яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён неяк прыязджаў да нас у Магілёўскі педінстытут, і мы, маладыя выкладчыкі, глядзелі на яго здалёку і з захапленнем.

З прафесарам Уладзімірам Аляксандравічам Дударэнкам, рэктарам гэтай ВНУ з 1983 да 1997 года, я ўжо быў блізка знаёмы і сябраваў перш за ўсё па агульных навуковых зацікаўленнях. Уладзімір Аляксандравіч як вучоны спецыялізаваўся ў тэорыі і методыцы навучання матэматыцы, і мы не толькі вывучалі вынікі даследаванняў адзін аднаго ў гэтай галіне, але і абменьваліся водгукамі і рэцэнзіямі на свае навуковыя артыкулы і навучальныя дапаможнікі. А калі і сустракаліся на навуковай канферэнцыі, то трымаліся адзін аднаго. Аднойчы так і здарылася на пачатку дзевяностых, у Маскве. Я прапанаваў Уладзіміру Аляксандравічу наведаць Маўзалей У. І. Леніна. Ці мала што можа з ім здарыцца пасля развалу Савецкага Саюза?! Рэктар Дударэнка ў Маўзалеі таксама ніколі не быў, і мы пасля доўга згадвалі гэта наведванне.

Прафесар Дударэнка як вучоны адчуваў у навуцы перспектыўныя кірункі даследаванняў. Напрыклад, казаў мне, што да тэставых методык адносіцца насцярожана. Але мае даследаванні па гэтых тэмах падтрымаў. На мой погляд, гэта важная якасць у працы рэктара — не перашкаджаць развіццю новых навуковых ідэй, нават калі яны табе не вельмі па душы. На гэтай пасадзе ты не толькі вучоны, але і кіраўнік велізарнага навуковага калектыву, напоўненага, як гэта і павінна быць, рознымі па значнасці і арыгінальнасці прапановамі і ідэямі.

Уладзіміра Аляксандравіча змяніў на пасадзе рэктара доктар біялагічных навук, прафесар Валянцін Васільевіч Валетаў. Я з ім пазнаёміўся яшчэ тады, калі быў першым прарэктарам Магілёўскага ўніверсітэта. Валянцін Васільевіч ужо як рэктар наведваў наш універсітэт, і мы з ім сышліся. Умее слухаць, усмешлівы, ведае сваю справу — на навакольных ён рабіў прыемнае ўражанне. А ўжо міністрам я бываў у яго ва ўніверсітэце часта. Мне там падабалася размяшчэнне кабінета рэктара — на апошнім паверсе, у кутавым пакоі з вялікімі вокнамі і чароўным відам на Прыпяць.

Валянцін Васільевіч, нягледзячы на знешнюю добразычлівасць, рэктарам быў патрабавальным. Ён прынцыпова і патрабавальна ставіўся да працы выкладчыкаў і вучобы студэнтаў, у адпаведнасці са сваім бачаннем развіцця ўніверсітэта расстаўляў кіруючыя кадры. Зразумела, што не ўсім гэта падабалася, а адносіны ў любым прафесарска-выкладчыцкім калектыве няпростыя, і людзі там здольныя напісаць — на працу рэктара пайшлі скаргі, прычым і ў міністэрства, і ў аблвыканкам. А тут і кантракт у яго завяршыўся. Я ізноў паехаў у Мазыр. Пайшлі з рэктарам па ўніверсітэце: усё дагледжана, лабараторыі абсталяваны, выкладчыкі і студэнты прыветлівыя, нам усміхаюцца, рэктара ўсе ведаюць і нязмушана з ім кантактуюць. І ён ведае кожны закуток і, як мне падалося, кожнага выкладчыка і многіх студэнтаў. Новы вучэбна-лабараторны корпус мяне ўвогуле здзівіў. Рэктар пабудаваў яго з густам, своечасова і без напружвання для міністэрства. На сустрэчы з дэканамі, загадчыкамі кафедр і вядучымі вучонымі ўніверсітэта мы гаварылі пра канкрэтныя справы, у тым ліку і праблемы. У прыватнасці, пра будаўніцтва жылля для выкладчыкаў. Рэктар і тут быў скіраваны на дапамогу ім хаця б пры першапачатковым узносе на пакупку кватэры.

Рэктар на месцы, і пра гэта я сказаў губернатару А. С. Якабсону. Аляксандр Серафімавіч павінен быў узгадняць прадаўжэнне кантракта прафесару Валетаву.

Сказаў:

— Я з’езджу ў Мазыр, таксама пагляджу стан спраў у інстытуце.

Пасля пазваніў і сказаў толькі адно слова:

— Згодзен!

Сапраўды, што тут доўга абмяркоўваць.

Валянцін Васільевіч доўгі час працаваў навуковым супрацоўнікам у Бярэзінскім біясферным запаведніку, пасля вярнуўся ў свой родны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, там выкладаў, загадваў кафедрай. Мне казалі, што хацеў бы вярнуцца ў сваю альма-матар, але пасля гэтыя размовы спыніў, прыкіпеў да Мазырскага ўніверсітэта. Гэта ён надаў ВНУ новае дыханне — педінстытут атрымаў статус педагагічнага ўніверсітэта.

Змяніў рэктара Валетава ўжо выпускнік Мазырскага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Валерый Мікалаевіч Наўныка. І ў гэтым прызначэнні адчуваецца клопат Валянціна Васільевіча пра будучыню ўніверсітэта. Валерый Мікалаевіч у сваёй роднай ВНУ пачынаў выкладчыкам, быў дэканам, пасля — прарэктарам па навуковай рабоце і такім чынам аказаўся падрыхтаваным да рэктарскай пасады.

Універсітэты Гомельскага рэгіёна вядомыя сваімі навуковымі і навучальна-метадычнымі напрацоўкамі ў нашай краіне і далёка за яе межамі. Цікава, што кіраўнікі гэтых ВНУ фарміраваліся не толькі ў сваіх альма-матар, але і «выспявалі» ў суседніх універсітэтах, здаралася, што пераходзілі туды і назад не адзін раз. Таму мне заўсёды хацелася іх называць фармацыяй, па аналогіі з тымі алгебраічнымі катэгорыямі, якімі праславіўся на ўвесь свет гомельскі рэктар прафесар Леанід Аляксандравіч Шамяткоў.

...Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы размяшчаецца ў 46 будынках і памяшканнях па ўсім горадзе. Адкуль я ведаю гэта? Таму што з аспіранцкіх часін да яго прывязаўся. Ездзіў туды на навуковыя канферэнцыі, браў у іх водгукі і рэцэнзіі на свае артыкулы і кнігі, выступаў перад калегамі на перадабароне сваёй доктарскай дысертацыі. І пры гэтым наведваў шматлікія маленькія і вялікія вучэбныя карпусы. Пашыраючы матэрыяльную базу, рэктары гэтага ўніверсітэта забіралі ў горада ўсё, што ім прапаноўвалі: будынак палітасветы, стары клуб, вытворчыя памяшканні радыёзавода, школу, якая апусцела, і шмат што яшчэ — і прыстасоўвалі іх для вучэбных заняткаў і навуковых лабараторый. Ужо як міністр я прапаноўваў рэктару прафесару С. А. Маскевічу, пасля рэктару прафесару Я. А. Роўбу, які яго змяніў, пабудаваць прыгожы галоўны вучэбны корпус. Гродзенскі ўніверсітэт, як і ўсе ВНУ гэтага горада, — наш заходні адукацыйны бастыён, таму ён нават знешне павінен выглядаць манументальна. Сяргей Аляксандравіч гэты праект пачаць не паспеў — выбраўся дэпутатам Палаты прадстаўніком. А вось ужо Яўген Аляксеевіч прывёз мне намаляваны на велізарных аркушах архітэктурны праект такога галоўнага корпуса. Мы з ім на гэтай глебе нават пасварыліся. Ён мне паказаў будынак са шкла і бетону, гэтакі модны «хайтэкаўскі» падыход. Я прама заявіў, што ў такім выглядзе ніхто знешне не адрозніць: гэта заводскі цэх ці навучальная ўстанова. Я ж бачыў будынак у класічным стылі — з прыгожымі калонамі, шырокай лесвіцай, высокімі дзвярыма. Уяўляў, што перад уваходам сустракаюцца студэнты, прызначаюць там свае сустрэчы і спатканні, фатаграфуюцца на памяць каля аднаго з самых прыгожых будынкаў горада, ганарацца храмам навукі і ведаў. З часам гэты праект перайшоў у стадыю рэалізацыі, ва ўніверсітэце пачалося будаўніцтва першага будынка навукова-тэхнічнага парка, але на яго архітэктурны праект я ўжо паўплываць не мог.

Усіх рэктараў Гродзенскага ўніверсітэта, пачынаючы з прафесара Аляксандра Васільевіча Бадакова, я ведаў асабіста. Сярод іх ёсць і мае блізкія сябры. Знаёмства з Аляксандрам Васільевічам спачатку было завочным, але грунтоўным. У студэнцкія гады я вучыўся філасофіі па яго навучальным дапаможніку «Дыялектычны матэрыялізм». І гэтая кніга мне падабалася: яснае, даступнае выкладанне ўсіх асноўных філасофскіх катэгорый. Я пасля выкарыстоўваў гэты дапаможнік нават для падрыхтоўкі да кандыдацкага экзамену. А калі ўжо быў міністрам адукацыі, знайшоў ва ўніверсітэце Аляксандра Васільевіча і шчыра падзякаваў за дапамогу ў тэарэтычным засваенні жыццёвай мудрасці.

Рэктар Бадакоў — фігура знакавая. Кіраваць Гродзенскім педінстытутам у 1973 годзе ён прыехаў з Мінска з добрым вопытам камсамольскай, навуковай і выкладчыцкай працы. Менавіта пры ім гэты педінстытут быў пераўтвораны ва ўніверсітэт — першы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Відаць, тэма заходняга адукацыйнага бастыёна і тады хвалявала кіраўнікоў дзяржавы.

Знешне Аляксандр Васільевіч нагадваў мне майго рэктара-настаўніка Яўгена Паўлавіча Кудрашова — строга і бездакорна апрануты, нешматслоўны, крыху аддалены, здавалася, для ўсяго, які ўжо дакладна не дазволіць паляпаць сябе па плячы. У іх падобнымі былі і развагі, і погляды на жыццё, на перамены, якія адбыліся ў краіне. Мне цікава было з ім пагаварыць — ён не навязваў свой пункт гледжання, не каментаваў змены, якія адбываюцца ў краіне, толькі адказваў на пастаўленыя пытанні. Але яго адказы былі абгрунтаванымі і мудрымі. Аляксандр Васільевіч быў годным прадстаўніком савецкай школы рэктараў.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь Ладуцька

Працяг будзе 3 снежня.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.