Вы тут

Чаму людзі вераць у тэорыі змовы?


Нам актыўна расказваюць пра таемны сусветны ўрад і масонаў, небяспеку ГМА і прышчэпак, пра тое, што ВІЧ і СНІДу не існуе, пра плоскую Зямлю і што амерыканцы не былі на Месяцы. Цяпер да гэтага дадаліся гісторыя пра Біла Гейтса, які пад выглядам вакцын ад каранавіруса мае намер ужывіць людзям наначыпы, каб кіраваць чалавецтвам, аповеды пра вышкі 5G, якія загадкавым чынам апрамяняюць людзей і заражаюць каранавірусам.


У ЗША канспіралогія таксама пышна квітнее. Прышчэпкі і ВІЧ — змова фармкампаній, глабальнае пацяпленне — змова кліматолагаў, Кенэдзі забілі спецслужбы, яны ж учынілі тэракт 11 верасня. Праблема ў тым, што ў такіх поглядаў — часам наіўных, часам дзіўных, а часам дзікіх — часта ёсць наступствы. Адны людзі думаюць, што вышкі 5G рэальна распаўсюджваюць каранавірус, і ідуць іх спальваць. Іншыя адмаўляюцца прышчапляцца, прычым настолькі масава, што СААЗ упершыню ўключыла гэта ў спіс пагроз здароўю чалавецтва. Што прымушае нас верыць у самыя недарэчныя тэорыі загавару і чаму кожны з нас крыху канспіролаг, разбіраліся з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.

Хіба магла прынцэса Дзіяна загінуць у звычайнай катастрофе?

— Доктар Гумен, цяпер усё часцей мы сутыкаемся з абмеркаваннем канспіралагічнага мыслення. Што маецца на ўвазе?

— Канспіралагічнае мысленне — гэта лжывыя перакананні, згодна з якімі канчатковай прычынай той ці іншай падзеі з’яўляецца пэўны загавор некалькіх асоб, якія імкнуцца чагосьці дасягнуць. Ключавое словазлучэнне тут — ілжывыя меркаванні. Натуральна, людзі канспіралагічнага мыслення маюць свае доказы, і пераканаць іх у супрацьлеглым немагчыма. Гэта як мусульманіна не зробіш хрысціянінам і інш. Кожны перакананы ў тым, у што ён верыць.

Канешне, канспіралагічнае мысленне трэба адрозніваць ад псіхічных хвароб. Калі я вучыўся ў медінстытуце, на практычных занятках у псіхдыспансеры нам паказвалі жанчыну, якая лічыла, што ёй іншапланецяне ўсталявалі чып і кіруюць ёй. А трапіла яна ў бальніцу, бо суседзі сыплюць атруту ў водаправод. Тут відавочнае псіхічнае расстройства, а не тып мыслення.

Хоць, з пункту погляду псіхалогіі, канспіралагічнае мысленне адносіцца да кагнітыўных скажэнняў галаўнога мозга і апафеніі (магчымасць бачыць узаемасувязь у бессэнсоўных ці выпадковых звестках). Гэта разнавіднасць тыпу мыслення, і далейшыя дзеянні такога чалавека можна прадказаць: як ён думае і як будзе паводзіць сябе ў розных сітуацыях.

— Давайце прывядзём некалькі прыкладаў канспіралагічнага мыслення.

— Калі браць медыцыну, то вядома, што некаторыя людзі адмаўляюцца ад розных відаў лячэння, бо ёсць загавор, што лекі чыпаваныя, створаныя пры дапамозе нанатэхналогій. Тое, што 5G-вышкі распаўсюджваюць каранавірус, што пілоты і касманаўты падпісваюць дакументы аб невыдаванні, бо яны бачаць Зямлю плоскай, а не круглай, — усё гэта канспіралагічнае мысленне.

Але не будзем разглядаць крайнасці, возьмем самыя тыповыя сітуацыі. Афіцыйная версія, што прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі забіў адзіночка Лі Харві Освальд. Але калі вы лічыце, што гэта не так, што за забойствам стаяць амерыканскія ці савецкія спецслужбы, то гэта прыклад канспіралагічнага мыслення. Ці калі вы не верыце, што планета Зямля — адзіная экзапланета ў нашым Сусвеце, а лічыце, што існуюць іншапланецяне, то сардэчна запрашаем у клуб канспіралагічнага мыслення.

Калі вы не верыце, што прынцэса Дзіяна трапіла ў аўтакатастрофу, хоць яна і была крайне нязручнай для каралеўскай сям’і, а лічыце, што гэта была работа англійскіх спецслужбаў, то ў вас таксама канспіралагічнае мысленне.

Пераконваць бессэнсоўна

— Ці можна змяніць такі тып мыслення?

— Пераконваць людзей з канспіралагічным мысленнем дастаткова цяжка, бо ў іх на ўсё ёсць свае меркаванні. Лічыцца, што канспіралагічнае мысленне абвастраецца, калі пачынаюцца палітычныя ці асабістыя крызісы.

Адметна, што калі чалавек верыць у адзін загавор, то ён паверыць і ў іншы. А калі ён раптам перастае верыць у хоць адзін з гэтых загавораў, то ланцужок распадаецца, і канспіралагічнае мысленне ламаецца.

Важна адзначыць, што з часам погляды мяняюцца. Раней навука часта грунтавалася на іншых адкрыццях, і навуковец не мог ім супярэчыць, калі яны былі даказаны. Сёння ўсё крыху інакш: напрыклад, адкрыццё, якое сёлета атрымала Нобелеўскую прэмію па фізіцы, крыху скажае тэорыю Эйнштэйна. І лаўрэаты сказалі, што ў некаторых месцах тэорыя Эйнштэйна, магчыма, не зусім дакладная. Раней такое немагчыма было ўявіць.

— Але ці няма тут супярэчнасці: спрачацца з Эйнштэйнам і прапаноўваць свае тэорыі можна, але ставіць пад сумненне выпадковасць аўтакатастрофы, у якой гіне вядомая асоба, — гэта адразу канспіралагічнае мысленне...

— Насамрэч калі мы пачынаем думаць крыху па-іншаму, што не адпавядае афіцыйнай версіі, то такое меркаванне вельмі проста можна аднесці да канспіралагічнага. І лічыць такія перакананні лжывымі, але гэта суб’ектыўнае меркаванне. І тут вельмі тонкая мяжа.

— Ці можна кіраваць нашым мысленнем?

— Калі раней чалавек грунтаваўся толькі на сваім вопыце, то са з’яўленнем СМІ вельмі лёгка ўводзіць людзей у зман. Гэта робіцца з дапамогай фэйкавых навін і інфармацыйных войнаў.

Нават пачуцці чалавека можна памяняць. Калі з раніцы па тэлебачанні паказваць (што часта практыкуецца ў ЗША і іншых краінах), што ў заапарку нарадзілася медзведзяня і ў яго няма задніх лапак, гэта выкліча ў гледачоў пачуццё жалю, якое аўтаматычна можа замяніць пачуццё агрэсіі. І, такім чынам, можна зменшыць колькасць боек і агрэсіўных паводзін людзей у грамадстве.

Як вядома, чалавек — псіхаэмацыянальна залежная істота, і на гэта можна ўздзейнічаць. Нічога амаральнага ў гэтым няма. Любая сістэма патрабуе парадку, і гэта элементы, якія дапамагаюць яго падтрымліваць у грамадстве. Як вядома, самым вялікім ворагам чалавека з’яўляецца сам чалавек. Ён ведае, што алкаголь — гэта дрэнна, але свядома шкодзіць свайму арганізму. Толькі ў ХХ стагоддзі больш за 80 мільёнаў чалавек загінула ад рук іншых людзей — падчас войнаў, гвалту і інш. Таму кіраваць чалавекам трэба.

Для гэтага патрэбна ўлада. А любая ўлада носіць не толькі публічны, але і тайны характар. Ні адна сістэма, ні адна дзяржава не можа не мець ніякіх тайнаў і ўсё рабіць публічна. Ёсць ваенныя і іншыя тайны для абароны дзяржавы, і гэта характэрна для любой краіны. А там, дзе ёсць тайна, і пачынаюцца розныя тэорыі і інтрыгі. Навідавоку такая ўласцівасць чалавека, што яму больш прыемна думаць, што ёсць нейкі загавор — так больш цікава.

З іншага боку, чалавечы мозг не церпіць адсутнасці адказаў на пытанні. І калі пытанне дастаткова складанае, ён пачынае шукаць самыя простыя адказы — тайны загавар, воля божая. На жаль, высокі інтэлект і мысленне дадзены не кожнаму чалавеку.

Канспіралагічнае мысленне можна раздзяліць на некалькі раздзелаў. Гэта тыповыя сюжэты тэорыі загавору, як, напрыклад, злачынныя дзеянні ўраду супраць сваіх грамадзян, невялікая глабальная эліта, якая кантралюе важныя падзеі, схаваныя доказы пра іншапланетнае жыццё, распаўсюджанне хвароб і выкарыстанне тэхналогій кантралявання розуму і псіхалогіі чалавека, хаванне ўрадам ці асобнымі арганізацыямі інфармацыі ад грамадскасці.

Як ствараюцца перакананні?

— Аднак не бывае дыму без агню. Калі з’явілася такая тэрміналогія, напэўна, ёсць і факты, якія яе пацвярджаюць...

— Сапраўды, такое мысленне ў людзей пачынаецца небеспадстаўна. Возьмем першы сюжэт — злачынныя дзеянні ўрадаў супраць сваіх грамадзян. Як вядома, любая дзяржава і ўрад ствараюцца для абароны сваіх грамадзян. І бяспека людзей для любой дзяржавы знаходзіцца на першым месцы. Але ёсць даныя, і яны афіцыйныя, якія супярэчаць гэтаму.

Адна з такіх гучных спраў — даследаванне сіфілісу ў Таскігі. Эксперымент афіцыйна доўжыўся з 1932 да 1972 года ў Таскігі, Алабама, ЗША. Ён заключаўся ў тым, каб назіраць на людзях усе стадыі захворвання на сіфіліс. Афіцыйна лічыцца, што ў даследаванні ўдзельнічала 600 чалавек, але, магчыма, і болей, усе яны былі афраамерыканцамі.

Нягледзячы на тое, што з 1947 года пеніцылін стаў стандартнай методыкай лячэння сіфілісу, хворым пра тое не паведамлялі. Замест гэтага вучоныя працягвалі даследаванне, не толькі схаваўшы інфармацыю аб магчымым лячэнні ад пацыентаў, але і сочачы, каб удзельнікі не атрымалі лячэння ў іншых бальніцах. У выніку многія пацярпелі, памерлі ад сіфілісу, заразілі жонак і дзяцей, і шмат было народжаных з паталогіямі, выкліканымі сіфілісам.

Другое даследаванне — праект MK-ULTRA, сакрэтная праграма амерыканскай ЦРУ, накіраваная на пошук і вывучэнне сродкаў для маніпуляцыі свядомасцю. Напрыклад, атрыманне звестак на допытах з дапамогай псіхатропных хімічных рэчываў, якія аказваюць уздзеянне на свядомасць чалавека. Вядома, што вывучалася расстройства памяці, паводзіны чалавека, змяненне сексуальных звычак, методыкі ўспрымання інфармацыі.

Даследаванне працягвалася, па афіцыйных даных, з 1950 да 1960 года. Па некаторых канспіралагічных тэорыях, яно і дагэтуль працягваецца. У ім удзельнічала каля 40 вучоных, больш чым 45 навукова-даследчых цэнтраў, універсітэтаў і каледжаў, 15 навукова-даследчых хімічных і фармацэўтычных кампаній, 13 шпіталяў і клінік, тры турмы. Даследаванне праводзілася на грамадзянах Амерыкі, які звярталіся да псіхолагаў і аўтаматычна траплялі ў праект.

Лічыцца, што ключавыя дакументы праекта MK-ULTRA з 1973 года знішчаны, што значна ўскладніла расследаванне эксперымента для Кангрэсу ЗША, які меў намер гэта зрабіць у 1975 годзе. Каб зразумець маштаб праекта, адзначу, што на яго рэалізацыю ішло 6 % ад бюджэту ЦРУ.

Такім чынам, атрымліваецца, што самая дэмакратычная краіна, якая абараняе дэмакратычныя каштоўнасці ва ўсім свеце, праводзіла такія даследаванні на сваіх грамадзянах. І грошы падаткаплацельшчыкаў, якія мусілі быць накіраваны на іх абарону, ішлі на гэты негуманны праект. Калі Амерыка так можа паступаць са сваімі грамадзянамі, якая гарантыя, што яны гэтага не робяць з іншымі?

Яшчэ адзін прыклад — сумнавядомы ўрач Езаф Менгеле, у фашысцкай Германіі яго яшчэ называлі «анёл смерці», які праводзіў жорсткія эксперыменты. Напрыклад, раствараў дзяцей-блізнят у кіслаце, каб параўнаць, ці ёсць паміж імі розніца, уводзіў вадкі цэмент у похву жанчыны, каб вывучаць праблему бясплоддзя, адразаў рукі і ногі, каб вывучаць наступствы, спалучаў вены блізнят, каб вывучаць наступныя змены ў арганізме. І потым ён аказаўся ў Амерыцы і памёр сваёй смерцю. Гэта беспакаранасць падсілкоўвае такую псіхалогію: чаму, калі так рабілі раней, нельга паўтарыць і цяпер.

— Вера ў масонскі загавор — таксама канспіралагічнае мысленне? Ці ўсё ж ёсць прыклады, якія пацвярджаюць яго існаванне?

— Не будзем згадваць усю гісторыю масонства з 1717 года, але важна сказаць: любая сістэма можа добра выглядаць на паперы, але за яе рэалізацыяй стаяць людзі. А чалавек недасканалы, мае свае рысы характару, тыя ж прагу ўлады і нажывы, і яго нельга ў гэтым вінаваціць, бо гэта генетычна абумоўленыя ўласцівасці. У выніку статуты напісаны прыгожа, але падчас рэалізацыі ўсё выглядае не так хораша. Нават Біблія напісана выдатна, але мы бачым і крыжовыя паходы, і сярэдневяковыя катаванні.

Адным з самых яркіх прыхільнікаў масонскага загавару быў французскі пісьменнік Леа Таксіль, які ў 1890 годзе напісаў кнігу «Д’ябал XІX стагоддзя», дзе апісаў тайныя таварыствы. Ён потым адмовіўся ад сваіх поглядаў, але стаў асновай для тэорыі масонскага загавару і канспіралагічнага мыслення.

Калі мы паглядзім гісторыю масонства, то бачым, што масоны — гэта не сакрэтная суполка, але, як і ўсякая іншая, мае свае сакрэты. Так, гэта тайнае аб’яднанне для эліты. А там, дзе тайна, там і нараджаецца падазрэнне.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што сярод масонаў шмат вучоных і вядомых палітыкаў, якія зрабілі многа каштоўнага. Масонскі знак стаіць на Аляксандраўскай калоне ў Санкт-Пецярбургу, і гэта не так проста. Яго пакінулі па загадзе Мікалая І, бо ён ведаў важную ролю масонскіх афіцэраў у перамозе ў вайне 1812 года і вызваленні Расіі ад напалеонаўскай арміі.

Аднак сапраўды не бывае дыму без агню. Існавала італьянская ложа масонаў «П2». Пра яе дзейнасць шырока стала вядома пасля вобшуку ў доме прадпрымальніка і фінансіста Лічо Джэлі. Было знойдзена 30 блакнотаў, пасля вывучэння якіх высветлілася, што 50 % урада Італіі з’яўляецца членамі гэтай ложы. Туды ўваходзілі банкіры, афіцэры разведкі, намеснік міністра абароны, выдаўцы дзвюх буйных газет, сілавыя структуры. Там гучала і імя Сільвіа Берлусконі, прасочвалася сувязь з ватыканскімі банкамі і адмыванне грошай, сувязь з італьянскай мафіяй. Аказалася, што Італію «круціць» ложа «П2», што ў выніку прывяло да адстаўкі ўрада. Быў вялікі скандал, які, аднак, нічым не скончыўся. І гэта дадало масла ў агонь канспіралагічнага мыслення і існаванне масонскага загавару.

— Дык як жа ставіцца да канспіралагічнага мыслення? Як да трызнення далёкага ад ісціны чалавека, якога нельга пераканаць у яго памылковасці?

— У пачатку мы далі азначэнне, што канспіралагічнае мысленне базіруецца на лжывым перакананні. Але высветлілі, што маецца вялікая шэрая граніца. Ці ёсць жыццё на іншых планетах? Над гэтым пытаннем працуе мноства вучоных, якія шукаюць экзапланеты і жыццё на іх. Адносіць іх да канспіролагаў ці не? Людзі, якія вывучаюць гісторыю і розныя версіі прычын тых ці іншых падзей, канспіролагі ці не? Тут ёсць вялікая шэрая граніца, за якой нявызначанасць. Нельга дакладна сказаць, што чалавек мае канспіралаігчнае мысленне, і адным махам выкрасліць яго працу, тым больш што ён, магчыма, на парозе новага адкрыцця.

З іншага боку, нельга ўсё, што адбываецца вакол нас, безагаворачна прымаць на веру. Нельга казаць, што гэта загавор масонаў ці сусветнай закулісы. Рабіць канчатковыя вывады мусяць спецыялісты ў сваёй галіне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​