Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. «Жыві і памятай» — моляць Любель-Поль і Задуб’е


Сённяшні аповед пра вёскі з Палесся, якія былі знішчаны карнікамі ў 1943 годзе. Мемарыяльныя знакі ў іх памяць былі абноўлены сёлета. Землякі не забываюць ахвяр той вайны, знаходзяць сродкі, каб годна падтрымліваць памяць.


Адна са 106-ці

У Любель-Полі Пінскага раёна адкрылі абноўлены помнік 22 сакавіка, у дзень памяці спаленых вёсак. На жалобны мітынг прыйшло шмат людзей, сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, моладзь. Памяць нявінных ахвяр фашызму ўшанавалі хвілінай маўчання. У кароткіх прамовах нагадалі пра страшную сутнасць вайны і каштоўнасць міру. Для таго і ставяцца помнікі, каб не забываць і не дапусціць. Ніколі больш.

Прайшло ўжо больш за 75 гадоў, як карнікі ў адзін дзень за нішто знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседняй Вулькі Гарадзішчанскай. Памяць пра трагедыю жыве ў ваколіцы. Аўтару гэтых радкоў пра падзеі расказаў некалькі гадоў таму выхадзец з тутэйшых мясцін Іван Каржаневіч.

Ён ведае страшную гісторыю ад сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль. Бацькі таксама ведалі найбольш з расказаў бацькоў. Адным словам, немцы стаялі ў суседняй Вульцы. Наўкола лясы і балоты, партызанскі край. Адзін з вайскоўцаў-акупантаў, які стаяў у дазоры, заўважыў рух, увязаўся ў перастрэлку з партызанамі. Гэтага хапіла, каб падпісаць смяротны прыгавор абедзвюм вёскам. Людзей вялі ў Любель-Поль і з Вулькі, усіх зганялі ў хлеў на сядзібе Антона Жылевіча, дзеда Івана Каржаневіча. У нейкі момант сяляне зразумелі, што гэта іх апошняя дарога, і вырашылі ўцякаць. Хто пабег у бок цяперашняй шашы, застаўся жыць: акупант, які стаяў там, страляў уверх, даваў людзям выратавацца. Хто выбраў супрацьлеглы напрамак, таго дагнала куля. Астатніх спалілі ў хляве. Калі загарэлася, людзі рынуліся ў дзверы, іх сустракалі кулямётным агнём. Толькі адна дзяўчынка Таццяна Пронька, калі яе збілі з ног, упала і праляжала пад целамі, аж пакуль усё не сціхла. Яна ў тым пекле засталася жывой. Адна са 106 ахвяр.

І выпадковыя масквічы

Бабулі Івана Каржаневіча ў той страшны дзень таксама пашанцавала выжыць, інакш і не было б Івана... Надзея Антонаўна пабегла ў бок цяперашняй бетонкі з малымі дзецьмі. Самы малы, амаль двухгадовы сын, быў у яе за плячыма. Беглі па балоце, рызыкуючы ўскочыць у багну, пад плач дзяцей і галашэнне старых. Яна потым доўга не магла асэнсаваць, як не заўважыла, што дзіця ў яе вывалілася з фартуховага капшука, проста не адчула. А калі агледзела, ёй не далі вярнуцца астатнія: «Сама загінеш, а ў цябе яшчэ шасцёра дзяцей!» Так і сядзела ў схованцы, пакуль у вёсцы ўсё не заціхла. Потым пайшла назад шукаць сваё дзіцятка і знайшла яго! Па плачы. Дзіва, што не загінула ў балоце, што не з'еў які звер, тут звяр'я заўсёды была процьма. Малога выратавала, сямёра дзяцей выгадавала.

Былі і выпадковыя ахвяры, як, напрыклад, дзяўчына масквічка, якая прыехала да сваякоў з жаніхом. Яна прыехала раней, ды загасцявалася ў вёсцы. Ён прыехаў пазней за ёй, думаў, пазнаёміцца са сваякамі ды вяртацца назад абаім, ехаў літаральна на дзень. Яны ўжо збіраліся ў дарогу, але наступіла 22 чэрвеня, выехаць у Маскву стала немагчыма, так і прабылі тут да 1943 года і згарэлі ў тым самым хляве...

Пратакол 1944 года апытання сведак трагедыі Любель-Поля.

Чаму іх пахавалі асобна, а не разам з іншымі вяскоўцамі на могілках, цяпер дакладна ніхто не скажа, ды і няма каму сказаць. Але пахавалі тут, недалёка ад месца гібелі, дзе зараз разросся бэз. Старшыня сельскага Савета Валерый Кірылка раней і сам не ведаў пра гэтае месца, бо сціплы, напаўразбураны помнік быў поўнасцю схаваны ад вачэй зараснікам. Старажылы паказалі яго кіраўніку мясцовай улады. Зараз і яго прывялі ў парадак, лішняе кустоўе ды бур'ян прыбралі, сціплы абеліск падправілі ды пафарбавалі.

У кожным доме тут была свая страшная гісторыя. Хаты карнікі не спалілі, бо недзе спяшаліся... На месцы трагедыі быў устаноўлены абеліск у 1963 годзе, яго карэнным чынам аднавілі ў 1990-м. Яшчэ людзі самі пабудавалі невялікую капліцу, дзе ўспаміналі ахвяр. Вёска пакрысе адраджалася, памяць падтрымлівалі. Але апошнім часам у Любель-Полі засталося зусім нямнога жыхароў. І райвыканкам прыняў рашэнне паставіць новы памятны знак на месца таго, што пачаў разбурацца. З мінулай восені вяліся работы. І вось за кошт раённага бюджэту і спонсараў узведзеная пліта з барэльефам твараў людзей, ахвяраваных на смерць. З другога боку нанесены імёны.

Наведваюць школьнікі і экскурсанты

Як расказаў карэспандэнту начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый Бушык, у Пінскім раёне былі спалены хаты і знішчана насельніцтва каля 60 вёсак. Дзве вёскі — Семенча і Праходы — не адрадзіліся. Адной з самых трагічных старонак вайны стала гісторыя Любель-Поля. Вёску цяпер называюць сястрой Хатыні. Як і Хатынь, Любель-Поль знішчаў 118 карны батальён шуцманшафта — калабарацыянісцкае падраздзяленне ахоўнай паліцыі. Тады загінулі 105 жыхароў Любель-Поля і суседняй Вулькі. Іх імёны, а таксама 13 аднавяскоўцаў, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, накрэслены на помніку, які паставілі амаль 60 гадоў таму. Імёны перанеслі на новую куб-аснову, якую абклалі плітамі з чорнага мармуру. На рэканструкцыю мемарыяла былі накіраваныя грошы, заробленыя працаўнікамі раёна на рэспубліканскім суботніку, пайшлі часткова сродкі з бюджэту Аснежыцкага сельвыканкама, а таксама спонсарская дапамога.

— Мітынг, які адбыўся падчас адкрыцця мемарыяла стаў пачаткам вялікай асветніцкай работы на гэтым месцы, — працягвае Юрый Бушык. — Мы паставілі задачу наведаць Любель-Поль усім школьнікам раёна, асабліва вучням старэйшых класаў. Яны рэгулярна прыязджаюць сюды на экскурсіі, каб на месцы спрычыніцца да вывучэння гісторыі свайго краю, каб даведацца пра рэальныя факты генацыду і ацаніць такім чынам разбуральныя і нечалавечыя маштабы фашызму. Пасля экскурсій мы заўважаем, як літаральна на вачах сталеюць старшакласнікі, заўважаем па тым, якія пытанні яны задаюць, якія дыспуты, абмеркаванні потым ладзяць на класных гадзінах і ўроках гісторыі. У архівах знайшліся дакументы — пратаколы апытання сведак трагедыі, якія праводзіла камісія па расследаванні злачынстваў фашызму. Гэтыя дакументы таксама выкарыстоўваем у рабоце з моладдзю. Трэба наганяць тое, што ўпушчана ў патрыятычным выхаванні, і найлепшы спосаб — выхаванне гістарычнай памяццю, што і назіраем.

Не толькі школьнікі наведваюць памятную мясціну. За гэты час каля мемарыяла спыняліся дзясяткі груп удзельнікаў аўтапрабегаў, іншых мерапрыемстваў, экскурсантаў па месцах баявой славы і наведвальнікаў славутасцяў раёна. Скажам, энергетыкі ладзілі аўтапрабег і ўключылі Любель-Поль у свой маршрут. З іх узялі прыклад калегі з іншых арганізацый. А калі прафсаюз медыкаў арганізоўваў спартыўна-турыстычны выезд выхаднога дня, яго ўдзельнікі па дарозе збочылі на тры кіламетры і ўсклалі кветкі да помніка. Вось такія праявы пашаны выглядаюць вельмі важнымі.

У ходзе пракурорскай праверкі

Старшы памочнік Пінскага міжраённага пракурора Алена Гардзейка расказала што ў ходзе работы па расследаванні заведзенай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы Пінскай пракуратурай прыняты меры па захаванні гістарычнай памяці, у тым ліку пра факты знішчэння людзей і дамоў у 60 населеных пунктах Піншчыны.

Так аднаўлялі сумную гісторыю вёсак Праходы і Семенча. «Вывучэннем архіўных дакументаў, у тым ліку геаграфічных карт, якія адносяцца да перыяду сярэдзіны ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя, устаноўлена, што вёска Праходы размяшчалася паблізу цяперашняга Парэчча. У выніку супастаўлення архіўных і цяперашніх карт былі атрыманы геаграфічныя каардынаты вёскі. Згодна з паказаннямі сведак, вёска была знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх венгерскімі памагатымі.

З паказанняў сведкі С. «...У даваенны час паміж вёскамі Рудка і Парэчча была вёска Праходы. Яна стаяла бліжэй да Парэчча. У гады вайны Праходы былі спаленыя акупантамі. Пасля спальвання Праходаў агонь стаў распаўсюджвацца і на жылыя дамы ў Парэччы... У спальванні вёсак удзельнічалі «мадзьяры», г. зн. венгры... Пасля вайны Праходы не аднавіліся. Некаторыя дамы былі адбудаваныя, але іх уключылі ў склад Парэчча».

З паказанняў сведкі М. «...Я нарадзіўся на хутары Праходы, які знаходзіўся паблізу Рудкі. Мой бацька 1909 года нараджэння, быў родам з Парэчча. Бацька — франтавік, у час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе Чырвонай Арміі, быў сапёрам, дайшоў да Берліна. З яго слоў ведаю, што побач з Парэччам было сяло Праходы, у якім пражывалі этнічныя палякі. У гады вайны сяло Праходы спалілі. Паводле слоў бацькі, засталося тады з вёскі два дамы. Пасля вайны тое, што было адноўлена, уключылі ў склад Парэчча...».

А вось месцазнаходжанне вёскі Семенча не было ўстаноўлена ў ходзе вывучэння архіўных карт. Пры гэтым у ходзе вывучэння архіўных дакументаў, у прыватнасці данясення сакратара Лагішынскага РК КП(б)Б сакратару Пінскага абкама КП(б)Б 6 верасня 1944 года аб здзейсненых зверствах нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд акупацыі раёна, устаноўлена, што вёска Семенча размяшчалася на тэрыторыі Чамярынскага сельсавета.

У ходзе праведзенай работы былі ўстаноўлены і апытаны сведкі, якія валодаюць значнай інфармацыяй па гэтым пытанні, у тым ліку і жыхарка названай вёскі. Устаноўлена, што Семенча размяшчалася на адлегласці прыкладна пяці кіламетраў на поўнач ад цяперашняй вёскі Чамярын, якая ўваходзіць у склад Парэцкага сельсавета. У гады вайны вёска была поўнасцю знішчана ў ходзе карнай аперацыі.

З паказанняў сведкі 1939 года нараджэння: «...Я нарадзілася ў вёсцы Чамярын, але ў хуткім часе наша сям'я пераехала ў Семенчу. Вёска Семенча стаяла ў лесе, прыкладна за 5 кіламетраў ад Чамярына. Яны была хутарскога тыпу, складалася з асобных домаўладанняў. Зараз да таго месца, дзе знаходзілася Семенча, нельга нічым дабрацца. З Чамярына туды вядзе дарога праз раку Ясельду, але мост даўно прыйшоў у непрыдатнасць, а тэрыторыя даўно зарасла. У пачатку вайны, у 1941 годзе, нашу тэрыторыю занялі нямецкія войскі. Адначасова сталі арганізоўвацца партызанскія атрады. І мой брат актыўна супрацоўнічаў з партызанамі. Гэта стала вядома паліцаям, кантора якіх знаходзілася ў Парэччы. І майго бацьку выклікалі туды на допыт. Але па дарозе яго прыпыніў знаёмы паліцай, сказаў варочацца дадому, забіраць сям'ю і ўцякаць. Выходзіць, папярэдзіў бацьку. Бацька вярнуўся, расказаў, што супраць вёскі нешта рыхтуецца. Усе жыхары пасля гэтага сабраліся і з'ехалі ў лес. А праз некаторы час у вёску прыйшлі салдаты са зброяй і спалілі... Помню, што аднавяскоўцы залазілі на высокія дрэвы і бачылі, як гарыць сяло. Пасля гэтага наша сям'я засталася ў партызанах. Наш дом і ўсю гаспадарку знішчылі, уратаваць удалося толькі адну карову. Вёску пасля гэтага не аднавілі... Магу дадаць, што нам пашанцавала, што папярэдзілі аб будучай расправе, і мы своечасова ўцяклі...».

Вёска Задуб'е.

— Нават гэтыя невялікія фрагменты сведчанняў датычна асобна ўзятых вёсак гавораць пра маштаб трагедыі і размах генацыду на нашай зямлі, — адзначае Алена Гардзейка. — Пінская міжраённая пракуратура правяла шэраг мерапрыемстваў, арганізавала тэматычныя выставы, якія ўжо наведалі сотні школьнікаў. На выставах прадстаўлены матэрыялы ў тым ліку аб трагедыі вёсак Любель-Поль, Праходы, Семенча, іншых населеных пунктаў раёна.

Задуб'е гарэла двойчы

На стыку Пінскага, Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў пасярод лясоў ёсць Задуб'е. Гэта адна з вёсак Ганцаўшчыны, якая была спалена фашыстамі. Як расказала стараста вёскі, загадчыца Задубскага клуба-бібліятэкі Ірына Валасюк, перад вайной тут пражывала амаль паўтысячы чалавек. Задуб'е палілі двойчы: 29 снежня 1943 года і 28 красавіка 1944 года.

У пачатку 2000-х вучні мясцовай школы разам з настаўнікамі правялі карпатлівую работу па аднаўленні гісторыі сваёй вёскі, хадзілі па дварах, запісвалі расповеды відавочцаў (тады яшчэ жылі сведкі страшнай трагедыі). Паступова з іх успамінаў, якія беражліва захоўваюцца ў сельскай бібліятэцы, вымалёўвалася страшная гісторыя карных аперацый. Асабліва крывавай аказалася першая расправа, бо людзі яшчэ не ведалі, не верылі, што так бывае, каб ні ў чым не павінных вяскоўцаў бязлітасна знішчалі. Засталіся ўспаміны Марыі Малышкі. Вось што яна расказвала:

«Мне было 24 гады. Дома знаходзіліся я, муж, трохгадовая дачка Ганначка і сынок, якому споўнілася чатыры месяцы. У хату зайшлі немцы, загадалі мне ўзяць лапату, сякеру і ісці ў вёску. Мужа не чапалі, бо ён і дачка ляжалі хворыя. Я ўзяла прылады, малога сына на рукі і пайшла з немцамі. Па дарозе спрабавала адпрасіцца, казала, што цяжарная, што дома засталася малая, што муж хворы на тыф. Але мяне ніхто не слухаў. З іншымі сагналі на цэнтр вёскі. Людзей сталі сартаваць. Хто маладзейшы і на выгляд здаравейшы, адводзілі ўбок для адпраўкі ў Германію, старых і дзяцей — у другі бок. Мы зразумелі, што нас, хто застаўся, расстраляюць. Відаць, так і здарылася б, але хутка падышлі танкі, з іх вылезлі мадзьяры. Іх афіцэр стаў пра нешта гаварыць з немцамі. Адзін наш аднавясковец, што разумеў па-нямецку, сказаў, што мадзьяры дамовіліся, каб нас адпусцілі. І нас сапраўды адпусцілі.

Тым, каго вызначылі для адпраўкі ў Германію, сказалі ісці па хатах. Але многія дамы да таго часу гарэлі. Калі я падышла да сваёй хаты, убачыла, як яна дагарала. Разам з домам згарэлі мае муж з дачкой. Я сабрала іх костачкі ў скрынку і пахавала на могілках. Але на гэтым мае беды не скончыліся: хутка памёр і малы сынок, а потым, напакутаваўшыся, не здолела я захаваць і нованароджанае дзіця. Так усю маю сям'ю адняла праклятая вайна».

Ёсць тут шчымлівыя ўспаміны Канстанціна Валасюка і іншых вяскоўцаў. Тыя жыхары Задуб'я, якія выжылі, капалі ў лесе зямлянкі, хаваліся там. Многім гэта дазволіла выратавацца. Бо праз чатыры месяцы карнікі зноў наведаліся ў вёску, папалілі і знішчылі тых, хто застаўся. Такім чынам, за два разы спалілі 149 дамоў і забілі 48 чалавек.

Гэтая падзея была зафіксаваная ў данясенні партызанскай брыгады імя Куйбышава, якая захоўваецца ў раённым краязнаўчым музеі: «28.04.1944 з гарнізона Малькавічы немцы ў колькасці 80 чалавек спалілі вёску Задуб'е, забралі скаціну».

Землякі ўшанавалі памяць ахвяр вайны. У 1967 годзе на месцы аднаго са спаленых дамоў паставілі абеліск. А месяц таму побач з абеліскам адкрыты новы памятны знак у памяць аб той трагічнай падзеі. Помнік зрабілі ў выглядзе кута абгарэлай хаты і ўстаноўленага побач крыжа. На тым зрубе замацавана мемарыяльная табліца са звесткамі пра трагедыю і словамі: «Жыві і памятай! Беражы мір на зямлі!». Побач паставілі інфармацыйную табліцу з QR-кодам.

На мітынгу падчас адкрыцця помніка старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў адзначыў, што ў Год гістарычнай памяці ўдзяляецца асаблівая ўвага захаванню праўды аб падзеях мінулай вайны:

— Кожнаму новаму пакаленню мы будзем перадаваць памяць не толькі пра гераізм і самаадданасць нашых продкаў у справе абароны Радзімы, але і пра боль ахвяр, якая зрабіла наш народ больш моцным, навучыла берагчы мір і спакой. Гэты памятны знак будзе свайго роду пасланнем з мінулага ў сучаснае і будучае, каб жылі і помнілі.

У гады вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Ганцавіцкага раёна. Фактычна няма ніводнага населенага пункта, які б так ці інакш не пацярпеў ад рук захопнікаў. Мяркуецца, што памятныя знакі накшталт таго, што адкрылі ў Задуб'і, з'явяцца ва ўсіх спаленых вёсках, паведаміў старшыня.

Пасля жалобнага мітынгу яго ўдзельнікі пасадзілі алею памяці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота дадзена аддзелам ідэалогіі і па справах моладзі Пінскага райвыканкама, Пінскай міжраённай пракуратурай і БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».