Вы тут

Пацікавіліся, з якімі пытаннямі грамадзяне прыходзяць на прыём да ўчастковага


Участковыя інспектары міліцыі заўсёды бліжэй за ўсіх знаходзіліся да людзей. Нічога не змянілася і ў наш час. Участковыя як ніхто ведаюць, чым жывуць і што хвалюе жыхароў канкрэтнай тэрыторыі — іх участка. Грамадзяне ў сваю чаргу бачаць ва ўчастковым інспектары міліцыі не толькі памочніка ў вырашэнні пэўных пытанняў і праблем, а нярэдка і абаронцу, які прыйдзе на дапамогу ў самай складанай і нават небяспечнай сітуацыі.


І калі ў сельскай мясцовасці кожная сям'я — як на далоні, то ў горадзе, а тым больш у сталіцы, мець уяўленне аб тым, чым жывуць жыхары кожнага домаўладання, дастаткова няпроста. Ды і зусім неабавязкова. Сем'і, якія не парушаюць заканадаўства, жывуць прыстойна, у рэгулярным кантакце з участковым абсалютна не маюць патрэбу. Тыя ж, хто «адзначыўся» сваімі дзеяннямі або паводзінамі, заўсёды ў полі зроку супрацоўнікаў унутраных спраў.

Прыёмны дзень

Калі ж участковы не валодае пэўнай сітуацыяй у зоне сваёй кампетэнцыі, то, паверце, гэта часова. Аб выпадках на яго ўчастку, якія патрабуюць умяшання кампетэнтных органаў, яму абавязкова раскажуць людзі. Яны ведаюць, што раз на тыдзень — у сераду — участковы, якога ў сілу сваіх службовых абавязкаў рэдка калі застанеш на месцы, дакладна знаходзіцца на грамадскім пункце аховы правапарадку. З 17.00 да 20.00 у горадзе і з 10.00 да 13.00 у сельскай мясцовасці ва ўчастковага інспектара міліцыі прыёмны дзень. І так па ўсёй краіне.

Гэтай практыцы ўжо два гады. І трэба адзначыць, што такая форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам прыжылася, аб чым сведчаць шматлікія вырашаныя пытанні, якія былі агучаны людзьмі менавіта падчас прыёмаў. У гэтым пераканаліся і карэспандэнты «Звязды», якія пабывалі на адным з грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Савецкага РУУС г. Мінска менавіта ў сераду вечарам, калі тут, як і па ўсёй краіне, чакаўся наплыў народу.

Усяго ў Савецкім раёне сталіцы дзевяць такіх пунктаў. На ўсіх з іх па серадах адначасова вядзецца прыём грамадзян. Грамадскі пункт аховы правапарадку № 702, на якім разам з міліцыянерамі вырашылі папрацаваць і журналісты, абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак ад вуліцы Багдановіча, Харужай да праспекта Машэрава. Тэрыторыя немалая, а, адпаведна, і людзей, якія пражываюць на гэтых вуліцах, нямала. Колькі іх прыйдзе, спрагназаваць складана. Прыём ажыццяўляецца без папярэдняга запісу, у парадку жывой чаргі. Выслухаюць тут усіх.

Гэтым разам са зваротамі грамадзян працуе старшы ўчастковы інспектар міліцыі — старшы лейтэнант міліцыі Максім Варанкоў. Пакуль чакаем першых заяўнікоў, размаўляем з міліцыянерам, наколькі эфектыўная такая форма работы з насельніцтвам.

— Любы чалавек можа прыйсці на грамадскі пункт аховы правапарадку і расказаць аб сваёй праблеме, — адзначае Максім Варанкоў. — Кожнага тут выслухаюць. Кожнаму выпадку будзе дадзена прававая ацэнка. Праўда, неабавязкова людзі цікавяцца тым, што знаходзіцца ў кампетэнцыі дзейнасці органаў унутраных спраў. Гэта можа быць абсалютна любое пытанне, любая просьба. Нярэдка людзі ідуць да нас, каб атрымаць і пэўную даведачную інфармацыю, падаць заяву аб правядзенні рознага роду праверак.

У прыватнасці, участковых просяць правесці пэўныя прафілактычныя мерапрыемствы ў дачыненні да суседзяў, якія перашкаджаюць адпачываць. Скардзяцца грамадзяне і на рамонтныя работы ў неўстаноўлены час, курэнне і распіццё алкагольных напіткаў у месцах агульнага карыстання. Звяртаюцца на прыёмы і з заявамі аб згубленых дакументах, маёмасці. Цікавяцца людзі і спецыфікай дзейнасці органаў унутраных спраў. У многіх растуць дзеці, некаторыя з іх мараць стаць міліцыянерам. А хто, як не ўчастковы, можа расказаць аб усіх тонкасцях гэтай прафесіі?!

Максім Варанкоў паведамляе, што на прыём грамадзян звяртаюцца і ў самай экстраннай сітуацыі. «Напрыклад, быў выпадак, калі з суседняга дома прыбегла жыхарка і сказала, што не можа трапіць у кватэру, — узгадвае ўчастковы інспектар міліцыі. — У гэты момант за дзвярыма яе маці стала дрэнна. У дачкі — паніка. Мы ацанілі сітуацыю, аператыўна прыбылі на месца. Дапамаглі адчыніць дзверы, за якімі жанчына знайшла сваю пажылую маці — у пенсіянеркі пачаўся прыступ». Да прыбыцця медыкаў міліцыянеры ёй аказалі першую медыцынскую дапамогу. Усё скончылася добра.

Парушальнікі цішыні

Пакуль размаўляем, на прыём грамадзян прыйшла сямейная пара. Сужэнцы скардзяцца на сістэматычнае парушэнне цішыні ў начны час. Некалькі разоў на тыдзень муж і жонка прачынаюцца ад таго, што суседзі знізу стукаюць па батарэях, столі — адным словам, вельмі гучна сябе паводзяць. Перш чым ісці ў міліцыю, заяўнікі паспрабавалі разабрацца самі: пагаварылі з суседзямі, папрасілі весці сябе стрымана хаця б у начны час. На гэта атрымалі адказ: «Мы тут ні пры чым. Шукайце іншых вінаватых у парушэнні вашага спакою».

На такое сужэнцы, вядома, не разлічвалі: яны дакладна ведаюць, адкуль даносіцца шум. Гэта пацвярджаюць і іншыя жыхары шматпавярховіка. Аднак, як у народзе кажуць, не злоўлены — не злодзей. Разабрацца ў сітуацыі папрасілі праваахоўныя органы. Аказваецца, гэта іх не першы зварот у міліцыю наконт сваіх недысцыплінаваных суседзяў. Участковы ўжо выязджаў па ўказаным адрасе, размаўляў з меркаванымі парушальнікамі цішыні ў шматкватэрным доме. Яны, вядома, сваё дачыненне да начнога шуму, адмаўлялі. Пакуль вядзецца разбіральніцтва, сямейная пара па-ранейшаму прачынаецца ноччу ад стукаў і крыкаў. На іх заўвагі нядобрасумленныя суседзі ўвогуле перасталі рэагаваць. Адна толькі адгаворка — «у нас маленькае дзіця, мы такім не можам займацца». А калі, па іх словах, часам і шумна, то гэта яно ляпае гаршчком. Дзіця, як пацвярджаюць заяўнікі, у іх сапраўды малое — да года. Аднак складана ўявіць, каб гадавалае дзіця стукала па столі. Ды і металічны гаршчок — сёння непапулярны дзіцячы дэвайс. Такім чынам, дзіця проста з'яўляецца прыкрыццём непрыстойных дзеянняў яго бацькоў.

Максім Варанкоў прыняў у грамадзян, якія прыйшлі на прыём, заяву. Разбіральніцтва ў бліжэйшы час будзе працягнута. А паколькі ў жыхароў, якія парушаюць цішыню ў шматкватэрным доме, выхоўваецца дзіця, асаблівая ўвага да гэтай сям'і будзе звернута і з боку інспекцыі па справах непаўналетніх. «Калі ў ходзе разбіральніцтва пацвердзіцца, што шум сыходзіць менавіта з кватэры, аб якой паведамілі заяўнікі, гаспадары гэтага домаўладання будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці», — заўважыў старшы ўчастковы інспектар міліцыі.

Магчыма, памылка?

Паралельна разам з супрацоўнікам органаў унутраных спраў прыём вядзе начальнік упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска — палкоўнік міліцыі Аляксандр Басаў. Такая практыка, калі ў прыёмах удзельнічае кіруючы склад тэрытарыяльнага падраздзялення, нярэдкая. У людзей, якія не адзін год служаць у сістэме МУС, займаюць кіруючую пасаду, адпаведныя і кампетэнцыі, і паўнамоцтвы. А гэтага ў вырашэнні пэўных пытанняў і праблем простым грамадзянам часта не хапае.

Аляксандр Уладзіміравіч адзначае, што дзякуючы прыёмам грамадзян, з улікам дэфіцыту часу, можна прыехаць і паглядзець на рабочае месца сваіх супрацоўнікаў. Аднак, безумоўна, не гэта галоўнае. «Такая форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам вельмі неабходная, — акцэнтаваў увагу ён. — У РУУС, да начальніка міліцыі, людзі, магчыма, і не захочуць ісці. А сюды прыйдуць: і побач з домам, і запісвацца не трэба. У асноўным людзі звяртаюцца з бытавымі пытаннямі. Многія з іх звязаны з жыллёва-камунальнымі паслугамі і пытаннямі сямейнымі».

Алена Філіпаўна прыйшла на прыём грамадзян вельмі ўсхваляваная. Яна ўжо на пенсіі, усё жыццё добрасумленна працавала, ніколі не парушала закон. Нядаўна ў сваёй паштовай скрыні жанчына знайшла ліст ад Мінскэнерга, у якім яе папрасілі заплаціць запазычанасць па электраэнергіі. Сума — звыш дзвюх тысяч беларускіх рублёў. Больш за тое, незаплачаныя кілаваты былі накручаны ў доміку на тэрыторыі аднаго з садовых таварыстваў, да якога ні жанчына, ні яе сям'я ўвогуле не маюць ніякага дачынення. Аднак грамадзянцы пагражаюць судом.

«Без юрыдычнай адукацыі мне цяжка разабрацца. Магчыма, гэта памылка», — зрабіла пенсіянерка выснову пасля таго, як расказала аб мэце свайго візіту і працягнула ліст палкоўніку міліцыі.

Аляксандр Басаў уважліва вывучыў, што там напісана, і заўважыў, што сапраўды памылка ёсць — у адрасе. Кватэра, куды адрасуецца ліст, указана пад трэцім нумарам. Жанчына ж пражывае ў 30-й. Каб пераканацца ў тым, што сапраўды адбылася памылка, начальнік упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёна парэкамендаваў Алене Філіпаўне звярнуцца ў РУП «Мінскэнерга». Перад гэтым ён туды патэлефанаваў, дамовіўся, што грамадзянку прымуць і абавязкова разбяруцца з яе пытаннем. Удзячная жанчына развіталася і пайшла дадому — заўтра яна пойдзе ў згаданую арганізацыю, дзе ўсё вырашыцца.

Важна папярэдзіць

Аляксандр Басаў расказаў, што вельмі часта падчас прыёмаў грамадзян людзі звяртаюцца па пытаннях, якія не знаходзяцца ў кампетэнцыі органаў унутраных спраў. «Аднак без канкрэтнай парады, вырашэння свайго пытання людзі ад нас ніколі не сыходзяць, — падкрэсліў ён. — Раз ужо звярнуліся, мы акажам максімальную дапамогу, хаця б у інфармацыйным, кансультацыйным плане. Нярэдка людзі ідуць да нас проста па параду. І ў такіх выпадках мы таксама не можам адмовіць».

Аляксандр Уладзіміравіч прызнаўся: яму вельмі цікава паслухаць, што хвалюе грамадзян. «Я калісьці ў маладосці таксама працаваў участковым, і таксама людзі звярталіся да мяне з самымі рознымі просьбамі, — узгадвае ён. — Чаму менавіта да ўчастковага? Так гістарычна склалася, яшчэ з савецкіх часоў, што бліжэй за ўсіх да людзей менавіта ўчастковы інспектар. Ён заўсёды на перадавой, у курсе таго, што адбываецца на яго ўчастку, у цэлым у краіне».

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў выкарыстоўваюць сустрэчы з насельніцтвам і ў прафілактычным плане. На прыёмах грамадзян яны інфармуюць людзей аб важных тэндэнцыях, рэкамендуюць, на што звярнуць увагу. У прыватнасці, расказваюць пажылым грамадзянам, каб былі асцярожныя са сваімі асабістымі данымі, падказваюць, як не стаць ахвярай тэлефонных махляроў. «Трэба сказаць, што людзі хвалююцца, што ў адносінах да іх могуць быць учыненыя супрацьпраўныя дзеянні, — удакладняе начальнік РУУС. — Прыходзяць да нас і пытаюцца, ці правільна зрабілі ў той ці іншай сітуацыі. Асабліва гэта характэрна для пажылых грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай інфармацыі».

Універсальны салдат

Прыйшла на прыём і мама з сынам. Мікіта — у дзявятым класе, марыць стаць міліцыянерам. Больш за ўсё хлопца прываблівае прафесія ўчастковага інспектара. Мікіта вырашыў, што найлепш за самога ўчастковага аб гэтай прафесіі ніхто не раскажа, таму паспяшаўся на грамадскі пункт аховы правапарадку, каб задаць пытанні, якія яго хвалююць.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў расказалі школьніку, у якіх установах нашай краіны можна атрымаць міліцэйскую адукацыю. Таксама падказалі, на якія прадметы трэба звярнуць увагу, каб паспяхова здаць уступныя іспыты. Паведамілі, як адбываецца навучанне ў міліцэйскай ВНУ і ўвогуле, чым адметныя жыццё курсанта, афіцэрская служба.

— Работа ўчастковага інспектара дазваляе сябе рэалізаваць, праявіць асобасныя прафесійныя якасці, — звярнуў увагу Аляксандр Басаў. — Ва ўчастковага інспектара спектр задач — вельмі шырокі. За адзін працоўны дзень трэба праверыць і сямейнага дэбашыра, і паляўнічага, наведаць адзінокую бабулю, зрэагаваць на тэрміновы выклік, выканаць задачы па ахове грамадскага парадку... Участковы інспектар — універсальны салдат у сваёй прафесіі. Такі чалавек можа працаваць на любым участку работы, яму будзе ўсё давацца лёгка, бо менавіта служба ўчастковага інспектара міліцыі ахоплівае шмат кірункаў службовай дзейнасці. Гэта школа жыцця.

На гадзінніку — без пяці восем вечара. Самы час падводзіць вынікі прыёмнага дня. Сёння, па словах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ён прайшоў спакойна: заяўнікоў няшмат, усе просьбы-пытанні задаволены. А як іначай? Калі людзі звяртаюцца па дапамогу ў міліцыю — значыць давяраюць супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Іх праблемы сапраўды вырашаюцца. У гэтым пераканаліся і карэспандэнты «Звязды».

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.