Вы тут

Быць бацькамі 15-ці дзяцей — гэта як? «Нармальна», — кажуць сужэнцы Нежавец


Скажу адразу, вельмі няпроста было ўзяцца за гэты тэкст. Некалькі разоў адкладвала... Відаць, таму, што складана нават асэнсаваць, усвядоміць, як у наш час, калі большасць усімі сіламі стараецца не пакідаць сваю маленькую зону камфорту, людзі адважваюцца ахвяраваць сябе на такі вось подзвіг служэння дзецям. Апошні выраз — словы патрыярха Алексія ІІ. Часта іх успамінаю, калі лёс зводзіць з такімі людзьмі.


З пятага пакалення апекуноў

Маладыя яшчэ людзі, Лірыне — 34, Аляксандру на два гады больш, бацькі сямейнага дзіцячага дома, у якім выхоўваюцца сямёра іх дзяцей і васьмёра пад апекай. З сямі сваіх — двое біялагічных, а пяцёра яны ўсынавілі, у тым ліку дзяўчынку-інваліда. З пятнаццаці — двое немаўлят да года, адзін, якому паўтара года, пакуль не ходзіць, яшчэ чацвёра дашкольнікаў. Уявілі сабе сямейства? Вось і я пра тое. Не, яны не адны, у іх ёсць сваякі, што ўзяліся дапамагаць. Але ж увесь груз адказнасці, асноўная штодзённая работа, і не толькі фізічная, але і клопаты пра здароўе, выхаванне, справы, — усё на іх, бацьках. І ўсё ж я знайшла для сябе адказ на пытанне, як можна спраўляцца з такой сям'ёй... Але пра гэта потым.

Яны выраслі ў розных сем'ях. Лірына радня ўся з Адэскай вобласці, яна там і нарадзілася. Бацька, ваенны, яшчэ ў савецкі час трапіў у Ружаны. Тут і аселі з жонкай. Лірына маці — Вольга Бакуменка — першапраходзец на Пружаншчыне ў справе сямейных дзіцячых дамоў. Пра Вольгу Міхайлаўну варта крыху сказаць асобна. Цікава, што яна з чацвёртага пакалення апекуноў сірот. Некалі яшчэ яе прадзед узяў у сям'ю сірату, затым бабуля з дзедам так зрабілі. Мама Галіна Іванаўна гадавала прыёмнага сына, якога падкінулі ёй на вакзале. Жанчына папрасіла патрымаць немаўлятка, бо ёй трэба было адысці, а потым тую «зязюлю» не знайшлі нават з міліцыяй. Гэта Галіна Іванаўна падштурхнула дачку на добрую справу. Аднойчы прыехала і стала праводзіць тлумачальную работу, маўляў, у вас усё ёсць, вы забяспечаныя людзі, дык чаму не прыгрэеце якую сірату? Паслухаліся маці і цешчы. Дарэчы, Ліра была ўжо студэнткай, калі дом бацькоў стаў сямейным дзіцячым домам. Так што, пэўны вопыт жыцця ў вялікай сям'і яна ўсё ж паспела атрымаць.

Аляксандр вырас любімым, можна сказаць, адным дзіцем у сям'і. У яго ёсць сястра, але яна на 16 гадоў старэйшая. «Таму калі я рос, у мяне было дзве мамы», — жартуе шматдзетны бацька. «Нядзіўна, што ён даволі разборлівы ў ежы, адзенні, напрыклад, любіць толькі белыя шкарпэткі — песцілі хлопца, ні ў чым не адмаўлялі», — весела каментуе жонка. І вось гэтыя маладыя людзі, яна — з Ружан, ён — з Іванава, якія раней адно аднаго не ведалі, сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу, калі працавалі там. Узнікла пачуццё, сталі жыць разам, вырашылі стварыць сям'ю. Пэўны час працавалі ў Расіі. А потым здарылася так, што яны крута перамянілі жыццё. Вярнуліся на радзіму і ўсынавілі траіх дзяцей: Косцю, Юлю-інваліда і Дашу. Ужо праз некаторы час іх дзецьмі таксама стануць двайняткі Маша і Паша. Ну вось так паступова, можна сказаць, лёс падштурхоўваў іх да стварэння сямейнага дзіцячага дома.

Бацькі адразу падтрымалі Ліру. А вось Сашыны бацькі адгаворвалі, прасілі падумаць, узважыць усё дзесяць разоў, перш чым прымаць адказнае рашэнне. Крыху забягаючы наперад, скажу, што бацька, які быў супраць, прыедзе да іх і стане першым памочнікам. Ліра кажа, што свёкар і супу наварыць на ўсіх, і з малымі пагуляе, і школьнікаў накорміць. Ён толькі начаваць ідзе ў здымную кватэру, каб вечар пабыць у цішыні і спакоі.

Распарадак дня вялікай сям'і

У кастрычніку 2018 года яны ўехалі ў новы дом па вуліцы Рыгора Шырмы і сталі называцца дзіцячым домам сямейнага тыпу. А калі іх дом урачыста адкрывалі з гасцямі, падарункамі, песнямі і танцамі, Лірына стаяла ў прыгажэннай сукенцы да падлогі і свяцілася знутры. Яна ўжо ведала, што носіць дзіця пад сэрцам. Хто верыць, хто не верыць, што Бог не пакідае без увагі такіх бацькоў, а факт, як кажуць, рэч упартая. Тры з паловай гады таму Аляксандр Нежавец забраў з радзільні жонку з дачкой Аляксандрай. Потым дзяцей яшчэ прыбаўлялася. Двайняткі, калі памятаеце, у іх ужо былі. А калі паўгода таму ў пары нарадзіўся Марк, у адной нядбайнай маці крыху раней нарадзілася дзяўчынка. Адным словам, яна цяпер жыве ў іх, Лірына корміць Ангеліну і Марка, нібы двайнят.

Лірына расказвае, як звычайна праходзіць іх дзень. Пад'ём у 6.10 — 6.20. Адразу ставіцца на пліту вялікая каструля з кашай на сняданак. За гэты час дзеці ўстаюць, робяць ранішні туалет, збіраюцца ў школу, каго трэба пракантраляваць, каго прычасаць-заплесці — усё робіцца хутка, дакладна. Затым усе снедаюць, на восем выходзяць у школу, садок, каледж. Старэйшыя звычайна заводзяць малых, бывае, яна сама вязе іх машынай, кажа, залежыць ад сітуацыі.

Пасля васьмі прачынаюцца малыя, іх трэба памыць, апрануць, накарміць. Усё на адны рукі? «Не, — тлумачыць маці вялікага сямейства. — Дома ж застаюцца яны з мужам, бацька Сашы, Карына — нянька, якую выдзяляе сацыяльная служба пры нараджэнні двайнят. У ролі апошняй цяпер сястра Ліры па прыёмнай сям'і. Ну і пачынаюцца штодзённыя клопаты. Уключаюцца тры пральныя машыны. «Бялізна, ручнікі, адзенне — многае трэба перамываць кожны дзень, — расказвае Лірына. — Я люблю, каб ручнікі былі свежыя. Люблю яшчэ прыгожую сталовую бялізну, прыгожы посуд, сервіроўку. Кухня — маё любімае месца».

Кухня — любімае месца

Яно і вядома, кожны дзень трэба наварыць абед у каструлі на 15 альбо 18 літраў. Дзеці хоць і абедаюць у школьнай сталоўцы, але калі прыходзяць са школы, найперш бягуць на кухню, дома ж больш смачна. Яна ўжо прылаўчылася заадно з абедам гатаваць вячэру, каб усё гэта зрабіць да 14 гадзін. На вячэру ў іх абавязкова кавалак мяса альбо катлета для кожнага з агароднінай ці іншым гарнірам. З абеду яно звычайна гатовае, застаецца разагрэць.

А ўвечары яны часта займаюцца выпечкай. Дзеці вельмі любяць піражкі, пячэнне, булачкі, і яна любіць работу з цестам. Група падтрымкі з добраахвотных памочнікаў даўно склалася. 17-гадовы Косця, напрыклад, знатны мастак у справе выпечкі, Насця, хоць і меншая, амаль не адстае. Словам, пірагамі на кухні пахне амаль кожны дзень. А яшчэ ў гэтай вялікай кухні-сталовай вечарам збіраюцца ўсе. Пакуль у духоўках пячэцца, старэйшыя дапамагаюць малодшым з урокамі, усе дзеляцца ўражаннямі, як прайшоў дзень, малыя звычайна нацягаюць сюды цацак, коўзаюцца тут жа. На кухні ніколі не бывае сумна.

Посуд дзеці мыюць па чарзе, за чысціню на кухні адказваюць хлопчыкі, дзяўчынкі больш сочаць за парадкам у ванным пакоі, у спальнях. Прыбіраецца ў доме, мыецца падлога два разы на дзень — ранкам пасля снедання і ўвечары пасля вячэры.

Праблемы і набыткі

А мяне здзіўляла, як можна пры такой колькасці дзяцей падтрымліваць такую ідэальную чысціню. Аказваецца, трэба толькі стварыць сістэму і прытрымлівацца яе. Наогул, Ліра вельмі любіць планаваць. Яна плануе і запісвае ўсё: меню на тыдзень, план спраў на тыдзень і бліжэйшыя дні. А інакш усё проста не паспееш, нешта забудзеш, упусціш. І ўсё роўна для мяне загадка, як яна ўсё паспявае, і пры гэтым застаецца вясёлай, усмешлівай.

Усяго хапае ў вялікай сям'і. Бываюць радасці, бываюць перажыванні. Сваімі думкамі, праблемамі і знаходкамі з калегамі і аднадумцамі яна дзеліцца на сваёй старонцы ў сацсетках пад нікам Мама Ліра. І нават з таго, што давярае сацсеткам, можна ацаніць груз праблем і з дачкой-інвалідам, а то і са сваякамі дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай. Скажам, прыехала прабабуля аднаго хлопчыка, які пайшоў у школу. Праверыла яго веды і прыйшла да высновы, што ён піша з памылкамі, дрэнна чытае, ды адразу да бацькоў з прэтэнзіямі, чаму мала ўвагі ўдзяляюць яе нашчадку. І такое бывае. Але бывае і шмат перамог, напрыклад, калі іх Мікітка навучыўся сядзець, стаяць, самастойна ўставаць. Рэч у тым, што здаровае ад нараджэння дзіця зрабілі інвалідам у біялагічнай сям'і. Яго ніхто не браў на рукі, хлопчык амаль да года не трымаў галаву, не пераварочваўся самастойна, у год яшчэ не сядзеў. Каб супакоіць яго, калі плача, дастаткова аказалася занесці ў пакой і пакласці ў ложак, дзіця трапляла ў звыклы асяродак і супакойвалася. А цяпер ён ужо паступова выраўноўваецца, даганяе равеснікаў у развіцці.

Бацька сямейства і сакрэты поспеху

І, вядома, галоўная яе апора — гэта галава сям'і і муж. Адразу відно, што для дзяцей ён вялікі аўтарытэт, і ён паціху, дзе заўважна, дзе незаўважна, але настойліва кіруе працэсам. Хлопчыкі ва ўсім бяруць прыклад. Чаму ў яе цяпер кухня — любімае месца? Яшчэ і таму, што муж з хлопчыкамі зрабілі рамонт так, як яна хацела. Цяпер там і столь, і сцены — усё пад яе густ. Потым яны зрабілі рамонт у ванным пакоі, у вітальні. Планаў па добраўпарадкаванні, перастройванні шмат. Мужчынскай работы ў такой сям'і хапае штодня. Адно толькі закупіць, прывезці прадуктаў — вялікая справа. Праўда, з прадуктамі ім дапамагаюць бацькі Лірыны, у іх вялікая падсобная гаспадарка. Так што, мяса, яйкі, агародніну вязуць з Ружан. Аляксандр Аляксандравіч, акрамя паловы стаўкі бацькі-выхавальніка, якую ён атрымлівае, падпрацоўвае дыстанцыйна. «Мы выбудавалі жыццё так, што выкройваем нейкі час для сябе, — расказвае Аляксандр. — Я магу, напрыклад, на дзень-два з'ездзіць да маці ў Іванава. Калі Ліры трэба недзе ў горад, мы знаходзім магчымасць яе адпусціць. Яна нават на курсах стылістаў займаецца анлайн. Яна вельмі любіць вучыцца. І гэта для яе хаця б маленькая аддушына».

Насамрэч гэтага часу для сябе альбо магчымасцяў мала. Летась, калі не было груднічкоў, яны выкраілі дзве гадзіны, каб пасядзець у кафэ на гадавіну вяселля. Цяпер, відаць, не атрымаецца. «Значыць, атрымаецца потым, праз год ці два», — усміхаецца непапраўная аптымістка з такім прыгожым музычным імем. І расказвае, што зараз яны ўжо пачынаюць рыхтавацца да Новага года. Бо звычайна прыходзіць шмат гасцей, каб павіншаваць іх вялікую сям'ю, трэба ж адказаць вершамі, песнямі, цікавай праграмай, калі сам Дзед Мароз завітае.

... Я ў самым пачатку прызналася, што знайшла для сябе адказ пра сакрэт іх трываласці і ўмення. Як бы гэта лепш патлумачыць? Ну, напрыклад, дзесяць рэжысёраў знялі фільмы — адзін удалы, дваццаць пісьменнікаў выдалі кнігі, адна — цікавая і разумная, а яшчэ архітэктар пабудаваў неверагодны дом, мастак напісаў геніяльную карціну... А разгадка — талент. Так і тут — талент бацькоў, выхавацеляў, сямейнікаў плюс праца.

Таццяна Пракопчык, галоўны спецыяліст сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама:

— Нам пашанцавала і з Бакуменкамі, і з Нежаўцамі. Ведаю і адну, і другую сям'ю з самага пачатку. Аднойчы мне Вольга Міхайлаўна сказала, што яна не толькі дзеліцца вопытам з дачкой і зяцем, але і вучыцца ў іх. Сапраўды, яны маладыя, адукаваныя, шмат чытаюць, увесь час вучацца. Яна сумела выстраіць дэмакратычныя адносіны ў сям'і, пры гэтым размеркаваць абавязкі так, што ўсё дакладна працуе. У іх доме заўсёды ўтульна, ёсць адчуванне душэўнага цяпла.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​