Вы тут

Набліжэнне прававога рэгулявання да лічбавага фармату


Новы Закон «Аб ліцэнзаванні», прыняты 14 кастрычніка 2022 года, сістэмна і комплексна рэгулюе ўсю сферу ліцэнзавання, вызначае ліцэнзаваныя віды дзейнасці і органы, патрабаванні, якія прад'яўляюцца да саіскальнікаў ліцэнзій і ліцэнзіятаў і парадак атрымання ліцэнзіі. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі расказала намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.


Лічбавізацыя адміністрацыйных працэдур

Спецыяліст падкрэсліла, што падрыхтоўка Закона «Аб ліцэнзаванні» адбывалася пры ўдзеле Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на аснове аналізу практыкі прымянення норм і міжнароднага вопыту. Дакумент быў глыбока прапрацаваны з дзелавой супольнасцю і органамі дзяржкіравання. Сярод прынцыповых навацый — набліжэнне прававога рэгулявання ў сферы ліцэнзавання да лічбавага фармату.

— У законе напісана, што ліцэнзія — не дазвол на права ажыццяўлення дзейнасці, а само права. Пры гэтым для яго пацвярджэння дастаткова візуальна зверыцца з данымі дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Адзіны рэестр ліцэнзій». Такі падыход цалкам адмяняе неабходнасць атрымання ліцэнзій як папяровага або нават электроннага дакумента, а таксама выключае звязаныя з гэтым выдаткі на выраб, захоўванне, транспарціроўку, размнажэнне і атрыманне дубліката ліцэнзіі, — патлумачыла спецыяліст. — Цяпер Міністэрствам эканомікі сумесна з органамі дзяржкіравання арганізавана маштабная работа па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі Закона «Аб ліцэнзаванні». Патрабуецца карэкціраванне больш як 20 законаў, 34 указаў і больш як ста пастаноў урада.

Удакладняюцца пытанні парадку фарміравання і функцыянавання «Адзінага рэестра ліцэнзій». Закон «Аб ліцэнзаванні» прадугледжвае з 1 студзеня 2024 года магчымасць падачы заявы аб атрыманні ліцэнзіі або яе змяненні ў электронным фармаце, што з'яўляецца важным крокам на шляху да лічбавізацыі адміністрацыйных працэдур. Ужо цяпер арганізавана правядзенне ўсіх тэхнічных мерапрыемстваў па прывядзенні функцыяналу Адзінага рэестра ліцэнзій у адпаведнасць з навацыямі.

Таксама законам канкрэтызаваны пералік грубых парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзаванні.

Гарант якасці адукацыйных паслуг

— Адной з важных навацый Закона «Аб ліцэнзаванні» з'яўляецца ўвядзенне ліцэнзавання дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, — падкрэслівае намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Зямнова. — У аснову закона пакладзены прынцып ліцэнзавання толькі тых відаў дзейнасці, дзе патрабуецца абарона дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, навакольнага асяроддзя, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Адукацыя з'яўляецца менавіта такім відам дзейнасці. Пры гэтым адукацыйны працэс павінен быць арганізаваны ва ўстановах адукацыі па адзіных патрабаваннях у адпаведнасці з заканадаўствам. Міжнародная практыка сведчыць, што практычна ўсе краіны свету сур'ёзна кантралююць допуск суб'ектаў у нацыянальную сістэму адукацыі. Асабліва на ўзроўні дашкольнай і школьнай адукацыі. Беларусь заставалася практычна адзінай краінай, у прыватнасці на постсавецкай прасторы, якая не мела спецыяльных патрабаванняў і ўмоў для пачатку ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці. Яшчэ адзін з матываў увядзення ліцэнзавання дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі — гарманізацыя і збліжэнне пазіцый у рамках далейшага паглыблення інтэграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і Расіяй, дзе адукацыйныя праграмы падлягаюць ліцэнзаванню.

«Увядзенне ліцэнзавання дасць магчымасць узмацніць кантроль з боку дзяржавы за дзейнасцю арганізацый, якія ствараюцца і аб'яўляюць сябе ўстановамі дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама за індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія рэгіструюцца па заяўным прынцыпе і часам нядобрасумленна арганізуюць рэалізацыю адукацыйных праграм, — заўважыла прадстаўнік Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. — Адукацыйная дзейнасць звязана з фарміраваннем здаровай, ідэалагічна ўстойлівай, рознабакова развітой асобы. І ліцэнзаванне гэтай дзейнасці становіцца гарантам законнасці і якасці паслуг. Яно дазволіць ацаніць арганізацыю адукацыйнага працэсу яшчэ да яго пачатку і не дапусціць з'яўлення ў сферы адукацыі суб'ектаў гаспадарання, якія маюць выключна камерцыйныя мэты і могуць нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам і дзецям».

Даліцэнзійныя патрабаванні

Начальнік аддзела ліцэнзавання і прастаўлення апастыля Дэпартамента кантроля якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Шостак звярнула ўвагу на наступную акалічнасць: з моманту апублікавання Закона «Аб ліцэнзаванні» набыў моц артыкул 314 «Асаблівасці ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці». У адпаведнасці з ім да 1 студзеня 2023 года падаць заяву ў орган ліцэнзавання з пакетам патрэбных дакументаў павінны ўсе арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія на момант уступлення ў сілу гэтага артыкула (гэта значыць, на 17 кастрычніка) ажыццяўлялі дзейнасць, якая прапісана ў артыкуле 213 Закона «Аб ліцэнзаванні». Міністрам адукацыі Беларусі зацверджаны графік, калі і ў якія органы суб'ектам гаспадарання трэба звярнуцца. Калі гэта не будзе зроблена, то з 1 студзеня 2023 года іх дзейнасць будзе лічыцца безліцэнзійнай...

Тыя ж суб'екты, якія не ажыццяўляюць цяпер адукацыйную дзейнасць, але ў будучыні плануюць гэта рабіць, змогуць звярнуцца па атрыманне ліцэнзіі з 1 студзеня 2023 года.

Між іншым, у адпаведнасці з законам уводзяцца новыя органы ліцэнзавання. Сярод іх — Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, гарадскія выканаўчыя камітэты абласнога падпарадкавання, а таксама раённыя выканаўчыя камітэты, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы ў сферы адукацыі. Пры гэтым юрыдычная асоба, якая плануе атрымліваць ліцэнзію, павінна звярнуцца да адпаведнага органа па месцы свайго знаходжання.

Алена Зямнова падкрэсліла, што ўсе суб'екты гаспадарання, якія прэтэндуюць на атрыманне ліцэнзіі, абавязаны выконваць даліцэнзійныя патрабаванні, што прапісаны ў артыкуле 215 Закона «Аб ліцэнзаванні»: у іх павінна быць створана адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, бярэцца пад увагу ўкамплектаванасць установы адукацыі педагагічнымі кадрамі (не менш як 60 працэнтаў работнікаў павінны быць у штаце на пастаяннай аснове) і гэтак далей. Толькі пры іх выкананні можна разлічваць на атрыманне ліцэнзіі.

Догляд дзяцей і дадатковая адукацыя

— Суб'ект гаспадарання павінен дакладна вызначыцца з тым, якія праграмы ён плануе рэалізоўваць, — тлумачыць Алена Зямнова. — У Кодэксе аб адукацыі ў главе 18 вызначаны патрабаванні да дашкольнай адукацыі, выканання адукацыйнага стандарту, дакументацыі і іншых крытэрыяў, якім установа павінна адпавядаць... У выпадку, калі арганізацыя аказвае толькі паслугі па падрыхтоўцы да школы дзяцей дашкольнага ўзросту (навучае іх пісаць, чытаць, маляваць), гаворка ідзе пра рэалізацыю адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Згодна з артыкулам 235 Кодэкса аб адукацыі, такая праграма павінна быць узгоднена з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, калі яна рэалізоўваецца на базавым узроўні. А калі на павышаным — то зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі.

У нас часта пытаюцца, ці падлягае ліцэнзаванню дзённы догляд дзяцей. Трэба дакладна разумець, што гэты від дзейнасці адносіцца не да адукацыйнай дзейнасці, а да сацыяльных паслуг без забеспячэння пражывання і не класіфікуецца як «адукацыя». Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі таксама з'яўляецца неліцэнзаваным відам дзейнасці.

Алена Зямнова параіла бацькам: перш чым прывесці дзіця ў садок, школу, гімназію ці ліцэй, варта пацікавіцца ўжо ў студзені, калі ў поўную меру пачне дзейнічаць Закон «Аб ліцэнзаванні», наяўнасцю ў іх ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць. Пералік суб'ектаў гаспадарання, якія рэалізоўваюць ці плануюць рэалізоўваць адукацыйныя праграмы, што падлягаюць ліцэнзаванню, складае цяпер 6074 суб'екты. Якая колькасць з іх афіцыйна аформіць свой намер на атрыманне ліцэнзіі, стане вядома ў канцы гэтага года.

Пастановай Міністэрства адукацыі № 294 рэгламентаваны парадак падачы дакументаў усімі саіскальнікамі ліцэнзій. Выразна абазначаны пералік усіх даліцэнзійных і ліцэнзійных патрабаванняў.

Адпаведныя дакументы з каментарыямі і метадычнымі рэкамендацыямі прадстаўлены на сайце Міністэрства адукацыі. У адпаведнасці з графікам ужо ідзе падача дакументаў на ліцэнзаванне.

— Хацелася б папярэдзіць тыя суб'екты гаспадарання, якія пад выглядам неліцэнзаванага віду дзейнасці могуць, спадзяёмся, ненаўмысна, па няведанні, ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, якая падлягае ліцэнзаванню, што ў дадзеным выпадку стварае адказнасць: як у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, так і ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, артыкулам 233 «Прадпрымальніцкая дзейнасць», якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), — праінфармавала Алена Зямнова.

У Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь арганізавана «гарачая лінія» па пытаннях ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці на ўзроўнях агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Атрымаць кансультацыю можна па наступных тэлефонах: +375 17 320-31-51 і +375 17 392-48-52. «Гарачая лінія» працуе штодня па рабочых днях тыдня з 14.00 да 16.00.

Кваліфікацыйны экзамен

Якія змяненні закрануць ахоўную дзейнасць у адпаведнасці з Законам «Аб ліцэнзаванні», расказаў старшы інспектар па асобых даручэннях ліцэнзійна-кантрольнага прызначэння штаба Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Павел Запольскі.

«Дэпартамент аховы ажыццяўляе ліцэнзаванне ахоўнай дзейнасці ў частцы праектавання, мантажу, наладкі, а таксама тэхнічнага абслугоўвання сродкаў і сістэм аховы сігналізацыі. Сярод змяненняў, якія замацаваны ў Законе «Аб ліцэнзаванні», — увядзенне паняцця «кваліфікацыйны экзамен», які будуць праводзіць супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Мэта дадзенага іспыту — пацвярджэнне ведаў і адпаведнасці даліцэнзійным патрабаванням саіскальнікаў ліцэнзіі», — праінфармаваў Павел Запольскі.

Паводле яго слоў, кваліфікацыйны экзамен будзе праводзіцца ў тэрытарыяльных падраздзяленнях Дэпартамента аховы. Экзамен — бясплатны і праходзіць па звароце саіскальнікаў ліцэнзій або ліцэнзіятаў пры прыёме на работу супрацоўніка, які мае намер ажыццяўляць ліцэнзійную дзейнасць. Прыкладны спіс пытанняў і тэмы размешчаны на афіцыйным сайце Дэпартамента аховы.

Акрамя таго, спецыяліст дадаў, што Дэпартамент аховы ў адпаведнасці з прынятым законам цяпер займаецца забеспячэннем фарміравання адзінага рэестра ліцэнзій у частцы ахоўнай дзейнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».