Вы тут

Выключыць нельга ахоўваць


Ужо некаторы час сярод аматараў палявання выказваецца меркаванне наконт выключэння з Чырвонай кнігі Беларусі пэўных відаў чырванакніжных жывёл. Часта ў гэты спіс трапляе і еўрапейская (ці звычайная) рысь.

Ці маюць такія меркаванні навуковую аснову? І наколькі лёгка віды раслін і жывёл могуць змяніць статус чырванакніжніка на звычайны? Каб гэта даведацца, «Звязда» звярнулася да спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя.


Чырвоны — сігнал небяспекі

У Беларусі ахоўваюцца ўсе дзікія жывёлы і дзікарослыя расліны, што прадугледжана заканадаўствам аб жывёльным і раслінным свеце — падкрэслівае кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова. Але асобныя віды патрабуюць асаблівай увагі. Менавіта яны пазначаны ў пераліках рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу. Гэты дакумент зацвярджае Мінпрыроды па прапанове Нацыянальнай акадэміі навук.

Чырвоная ж кніга — гэта ілюстраванае выданне, якое выдаецца прыблізна раз на 10 гадоў. «Яе колер — гэта сігнал небяспекі, каб прыцягнуць увагу людзей да неабходнасці выратавання папуляцый, якія могуць загінуць, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Ірына Салавей. — Сама Чырвоная кніга не ахоўвае знікаючыя віды, а з'яўляецца прававой асновай для прыняцця мер па захаванні папуляцый і павелічэнні іх колькасці, скіроўвае ўвагу людзей на арганізацыю дзеянняў для захавання рэдкіх відаў, паколькі без падтрымкі чалавека большасць з іх не выжыве. Дзякуючы гэтаму ствараюцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, абмяжоўваецца або забараняецца паляванне, уводзяцца абмежаванні ў лесакарыстанні, праводзіцца рэінтрадукцыя, развядзенне жывёл і высаджванне раслін у прыдатных для іх умовах і іншыя меры».

Сёння ў Беларусі дзейнічае 4-е выданне Чырвонай кнігі, куды ўключаны 303 віды дзікарослых раслін і 202 віды дзікіх жывёл.

Як віды становяцца чырванакніжнікамі?

Прычын, чаму той ці іншы від трапляе ў падобны пералік, даволі шмат. Віды грыбоў, раслін і жывёл могуць аказацца пад пагрозай знікнення з-за прыродных фактараў, але часцей за ўсё гэта выклікана дзейнасцю чалавека — знішчэннем натуральных месцаў жыхарства (лясы, балоты), браканьерствам, забруджваннем навакольнага асяроддзя, негатыўным уплывам інвазіўных відаў і інш. Каб знізіць уплыў такіх фактараў, і патрабуюцца меры аховы.

Пры гэтым, адзначае Ірына Салавей, працэс непасрэднага ўключэння віду ў Чырвоную кнігу — гэта ўжо завяршальная стадыя, калі спіс зацверджаны, размеркаваны па катэгорыях аховы і кніга рыхтуецца да выпуску. Самая складаная тут папярэдняя праца па зборы даных аб колькасці і ацэнцы стану папуляцыі. Гэта шматгадовы працэс, які патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў і прафесійных уменняў і навыкаў. Бо звычайна гэтыя віды нешматлікія, і іх складана выявіць, альбо на працягу многіх гадоў неабходна адсочваць іх колькасць, каб адзначыць, што адбываецца не так. Для гэтага праводзіцца маніторынг — сістэма пастаяннага назірання на мадэльных тэрыторыях за пэўнымі відамі, у тым ліку і ўжо ўключанымі ў Чырвоную кнігу.

Працэс збору інфармацыі па відах, уключаных у Чырвоную кнігу, або патэнцыйных чырванакніжніках, вельмі працаёмкі. Напрыклад, выяўленне месцаў пасялення соні арэшнікавай і соні-палчка — чырванакніжных грызуноў, якія вядуць пераважна начны спосаб жыцця, практычна не спускаюцца на зямлю і спяць увесь халодны сезон. Гэтых звяркоў магчыма адсачыць з выкарыстаннем штучных гняздоўяў (саняшнікаў), якія неабходна вырабіць, даставіць у лес, правільна развесіць па дрэвах і перыядычна абследаваць. І не факт, што звяркі будуць выяўлены ў першы год, нават калі яны там жывуць. Яшчэ прыклад — рукакрылыя, іх улік праводзіцца толькі ў начны час і ў даволі складаных умовах, або неабходна вельмі дарагое абсталяванне для ўлоўлівання і запісу ўльтрагукаў і спецыяліст, які будзе сярод ночы з ім абследаваць прыродны комплекс, а затым праводзіць расшыфроўку сігналаў. І так можна казаць па кожнай групе жывёл. Складана падлічыць і колькасць барсука, хоць, як многім здаецца, — што яшчэ можа быць прасцей? Знайшоў барсуковае паселішча, вызначыў колькасць асобін, якія пражываюць, і гатова. Насамрэч усё больш складана, паколькі барсукі жывуць кланамі, маюць некалькі буйных зімавальных, вывадкавых і часовых нор, якія сезонна выкарыстоўваюцца, і адбываецца іх ратацыя.

Ці проста змяніць статус?

Калі параўнаць колькасць відаў у трэцім і чацвёртым выданнях Чырвонай кнігі, то відавочна, што іх колькасць вырасла. Паводле звестак на 2005 год, у Чырвонай кнізе было апісанне 189 відаў жывёл і 274 відаў раслін, лішайнікаў і грыбоў. Але, як адзначае Таццяна Жалязнова, ёсць шмат прыкладаў, калі віды пераходзяць з катэгорыі рэдкіх у звычайныя. Так, напрыклад, падчас падрыхтоўкі чацвёртага выдання Чырвонай кнігі з пераліку было вырашана выключыць 20 відаў дзікіх жывёл і 13 відаў дзікарослых раслін. Сярод іх — вялікая белая чапля, белашчокая рыбачка (крачка), сліва калючая, смаржок канічны, званочак сібірскі і іншыя.

Усё гэта — вынік працы па захаванні і падтрыманні папуляцый рэдкіх відаў. Канкрэтныя мерапрыемствы, планы дзеянняў ці планы ўпраўлення распрацоўваюцца НАН Беларусі. А выконваюць іх землекарыстальнікі, на тэрыторыі якіх размешчаны гэтыя папуляцыі. Калі мерапрыемствы праводзяцца добра і своечасова, назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці, выключаны фактары, якія садзейнічаюць скарачэнню папуляцыі і пагаршэнню ўмоў яе пражывання, вучоныя на падставе навуковых даных могуць вырашыць выключыць пэўны від з Чырвонай кнігі і накіроўваюць адпаведныя прапановы Мінпрыроды.

Сёння рыхтуецца пятае выданне Чырвонай кнігі. З 2023 года вучоныя ў рамках дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» пачнуць дэталёва аналізаваць масіў навуковых даных за мінулыя гады і рыхтаваць матэрыялы для папяровага выдання. Пасля гэтага стане вядома, наколькі зменіцца спіс чырванакніжнікаў, ці ёсць неабходнасць уключыць туды новыя віды, напрыклад, каня Пржавальскага, ці наадварот выключыць ужо некаторыя існуючыя.

Ірына Салавей кажа, што цяпер сярод млекакормячых у асноўным выяўляюцца станоўчыя тэндэнцыі змены колькасці. Гэта датычыцца зубра, бурага мядзведзя, рысі, барсука, шэрагу відаў рукакрылых і сонь, але маюцца і праблемныя — суслік крапчаты, соня садовая, хамяк звычайны, даўно адсутнічаюць звесткі па рэгістрацыях норкі еўрапейскай, меркаванне аб магчыма поўным знікненні якой было зроблена ў 2014 годзе.

Вывесці рысь з ценю

Пра тое, каб выключыць з Чырвонай кнігі Беларусі рысь, некаторыя прадстаўнікі грамадскасці, лясной і паляўнічай гаспадаркі, паляўнічыя кажуць на працягу некалькіх гадоў. Перыядычна з'яўляюцца публікацыі на гэту тэму, дзе акцэнтуецца ўвага на росце колькасці драпежніцы ў нашай краіне. Але вучоныя і Мінпрыроды ўпэўнены: нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, змяняць статус рысі пакуль нельга. Чаму?

— Для захавання відаў у нашай краіне распрацоўваецца спецыяльны план, у якім указваецца бягучая мэта па захаванні віду, ацэначныя паказчыкі і мерапрыемствы для яе дасягнення, як, напрыклад, гэта было ажыццёўлена для зубра (2015 год) і рысі (2011-2020 гады), — расказвае Ірына Салавей. — Прыняты план кіравання папуляцыяй рысі меў на мэце аднаўленне яе колькасці да ўзроўню, які гарантуе захаванне папуляцыі на тэрыторыі краіны, і забяспечвае ўстойлівае выкарыстанне яе рэсурсаў. Цяпер колькасць рысі расце, ёю заселена больш як палова прыдатных для яе пасялення лясных комплексаў, стабільна існуюць асобныя лакальныя групоўкі ў розных рэгіёнах, але пакуль не дасягнуты ўзровень рэкамендаваных аптымальных значэнняў. Па папярэдніх падліках, колькасць чырванакніжніцы сёння складае 1000-1100 асобін пры аптымальнай у 1500 асобін. Гэта значыць, што неданаселенасць тэрыторыі ў цэлым па рэспубліцы склала каля 35 %.

Пры гэтым спецыялісты адзначаюць яшчэ праблему ў скарачэнні арэалу пражывання рысі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека, напрыклад, высечкі лясоў. Калі станоўчая дынаміка назіраецца ў Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях, то ў Магілёўскай, Брэсцкай і Гродзенскай колькасць рысі зніжаецца.

Усё гэта сведчыць пра тое, што рысь пакуль нельга выключаць з Чырвонай кнігі.

— Мінпрыроды, якое прытрымліваецца навукова-абгрунтаванага падыходу ў сваёй дзейнасці, кіруецца данымі Нацыянальнай акадэміі навук, — кажа Таццяна Жалязнова. — Работа па вывучэнні колькасці рысі будзе працягвацца і далей. Зразумела, калі мы будзем назіраць, што няма пагрозы для яе знікнення, від будзе выключаны з Чырвонай кнігі. Але сёння падстаў для гэтага няма.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Фота Юрыя ГОРЫДА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.