Вы тут

Як у Беларусі будуць вырашаць пытанне буйнатанажных адходаў


Пра гэта і многае іншае гаварыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Корбут падчас сесіі «Прамысловыя адходы: спадчына, рэальнасць, перспектывы» на XІІ Міжнародным форуме «АТАМЭКСПА 2022», які прайшоў нядаўна ў расійскім Сочы.


Аляксандр Корбут прыняў удзел у XІІ Міжнародным форуме «АТАМЭКСПА 2022».

Паводле слоў Аляксандра Корбута, у 2021 годзе ў Беларусі ўтварылася звыш 62,2 млн тон адходаў вытворчасці, што на 1,7 % больш за папярэдні. З агульнага аб'ёма найбольшую долю маюць буйнатанажныя адходы — галітавыя адходы і галітавыя глініста-салявыя шламы (42,28 млн тон) і адходы фосфагіпсу (918,13 тысяч тон).

— Аб'ём назапашаных адходаў на аб'ектах захавання і на тэрыторыі прадпрыемстваў перавысіў 1327 млн тон, — адзначыў першы намеснік міністра. — З улікам буйнатанажных адходаў асноўная доля адходаў у краіне мае 4 клас небяспекі, але ёсць на захаванні і значная колькасць адходаў 1-3 класаў небяспекі (8,5 млн тон на канец 2021 года).

Адна з экалагічных праблем, што склалася ў нашай краіне, звязана з выкарыстаннем буйнатанажных адходаў, а менавіта солеадвалаў ААТ «Беларуськалій». Калі сільвініт са Старобінскага радовішча калійных соляў здабываецца і перапрацоўвацца, то астатняя частка выпрацаванай пароды (пясок, каменная соль, гліна, гіпс і іншыя сумесі) складзіруецца побач, тэрыконы ўжо маюць вышыню больш за 120 метраў. Галітавыя адходы і глініста-салявыя шламы, што ўтвараюцца ў значным аб'ёме пры вытворчасці калійных угнаенняў, амаль не выкарыстоўваюцца, як і фосфагіпс.

Для ліквідацыі запасаў і вырашэння праблемы назбіраных небяспечных адходаў у краіне быў рэалізаваны шэраг праектаў. Мэтай аднаго з іх, «Абыходжанне са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі (Кампанент С Комплекснага праекта па абыходжанні з цвёрдымі адходамі ў Рэспубліцы Беларусь)», было скарачэнне негатыўнага ўздзеяння стойкіх арганічных забруджвальнікаў на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека праз экалагічна бяспечнае захаванне і знішчэнне небяспечных адходаў, якія утрымліваюць САЗ, развіццё патэнцыялу па абыходжанні і абясшкоджванні ўсіх існуючых САЗ у краіне.

З 2009 па 2013 гады ў рамках праекта знішчана 1800 тон САЗ-утрымліваючых пестыцыдаў і 823 тоны абсталявання, якое ўтрымлівае поліхларыраваныя пестыцыды (ПХБ), якія мелі высокі прыярытэт з-за павышанай рызыкі.

Цяпер рэалізуецца яшчэ адзін праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Узгодненае кіраванне ўтылізацыяй азонаразбуральных рэчываў і стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Беларусі, Украіне, Казахстане і Арменіі (рэгіянальны дэманстрацыйны праект)». У нашай краіне ствараецца цэх па тэрмічным абясшкоджванні таксічных адходаў 1-3 класа небяспекі магутнасцю 1600 тон за год на базе КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці».

— Гэта будзе першы аб'ект на постсавецкай прасторы, які зможа ажыццяўляць абясшкоджванне азонаразбуральных рэчываў і стойкіх арганічных забруджвальнікаў. У 2022 годзе плануецца ўвод аб'екта ва эксплуатацыю, — падкрэсліў Аляксандр Корбут.

Яшчэ адзін праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які цяпер рэалізуе Мінпрыроды, — «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». Экалагічна бяспечным спосабам плануецца ліквідаваць каля 1300 тон выведзенага з эксплуатацыі абсталявання, што ўтрымлівае ПХБ, а таксама знішчыць усе непрыдатныя пестыцыды, якія захоўваюцца на сельскагаспадарчых складах Беларусі (каля 1200 тон) у Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.

— Сёлета ажыццяўляецца экалагічна бяспечнае знішчэнне каля 600 тон непрыдатных пестыцыдаў са складаў Віцебскай і Гродзенскай абласцей, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Гродзенская вобласць ужо поўнасцю ачышчана ад гэтых небяспечных рэчываў.

У перспектыве плануецца заняцца ліквідацыяй пяці існуючых захаванняў непрыдатных пестыцыдаў агульным аб'ёмам каля 4100 тон і знішчэннем вынятых адтуль небяспечных рэчываў.

Плануецца таксама паэтапна да 2025 года спыніць на прадпрыемствах Беларусі эксплуатацыю ПХБ-утрымліваючага абсталявання, агульная вага якога складае каля 3000 тон. У рамках праекта заключаны дамовы для экалагічна бяспечнага знішчэння каля 1100 тон такога абсталявання — яго ўласнікамі з'яўляюцца буйныя прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі энергетычнай і транспартнай галін і іншыя.

У ходзе сесіі «Прамысловыя адходы: спадчына, рэальнасць, перспектывы» XІІ Міжнароднага форуму «АТАМЭКСПА 2022» кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў дзяржаў — удзельнікаў СНД дзяліліся вопытам абыходжання з небяспечнымі адходамі, іх экалагічна бяспечнага абясшкоджвання і абмяркоўвалі шляхі ўдасканалення і гарманізацыі заканадаўчай базы ў гэтай галіне.

Аляксандр Корбут таксама звярнуўся да сваіх замежных калег з прапановай супрацоўніцтва, абмену вопытам, пошуку экалагічна чыстых тэхналогій для абясшкоджвання небяспечных ці выкарыстання буйнатанажных адходаў.

Таццяна ІВАНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.