Вы тут

Дзе тонка, там і няшчасце


Зіма сёлета амаль з першага снежнага дня паказала свой характар — мінусавая тэмпература трымаецца ўжо другі тыдзень. Аматараў зімовых забаў, у першую чаргу дзяцей, гэта не можа не радаваць: падаставалі лыжы, санкі, цюбінгі — і свежым паветрам падыхалі, і порцыю добрага настрою атрымалі.


Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.

Аднак не толькі станоўчыя эмоцыі прынеслі першыя маразы. У першага лёду — яшчэ такога тонкага і ненадзейнага — ужо ёсць першыя ахвяры. Позна вечарам 27 лістапада ратавальнікі атрымалі паведамленне аб тым, што ў вадаёме каля аграгарадка Дворышча, што ў Дзяржынскім раёне, патанулі тры чалавекі. Падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія прыбылі на месца здарэння, на паверхні акваторыі людзей не знайшлі. Пра тое, што пошукі трэба працягваць, сведчылі асабістыя рэчы і снасці для рыбнай лоўлі, якія знаходзіліся на лёдзе на адлегласці шасці метраў ад берага. Наконт таго, што людзей прывяла на лёд рыбалка, у ратавальнікаў не ўзнікала сумнення. Цела аднаго з рыбакоў было выяўлена на глыбіні каля чатырох метраў. Яшчэ дваіх патанулых выцягнулі з вады раніцай наступнага дня.

У той жа дзень, 28 лiстапада, у МНС паведамiлi аб перавернутай металiчнай лодцы з маторам на канале каля Мiкашэвiчаў у Лунiнецкiм раёне. Выратавальнiкi, якiя прыбылi на месца здарэння, выцягнулi з вады грамадзянiна 1971 года нараджэння. Ён быў без прыкмет жыцця. А блiжэй да вечара — усё таго ж дня — ратавальнiкi Гродзенскага раёна атрымалi паведамленне аб тым, што на вадаёме каля вёскi Салацце чалавек правалiўся пад лёд. Падраздзяленнi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, якiя аператыўна прыбылi, на паверхнi акваторыi людзей не выявiлi. На лёдзе знаходзiлiся рыбалоўныя снасцi. Высветлiлася, што ранiцай жыхар абласнога цэнтра накiраваўся на рыбалку. Калi мужчына своечасова не прыйшоў дахаты, сын забiў трывогу i звярнуўся да праваахоўнiкаў. Вадалазы, якiя абследавалi дно вадаёма, выявiлi цела загiнулага 61-гадовага мужчыны.

Як вызначыць трываласць?

Ратавальнікі які раз папярэджваюць: выходзіць на неакрэплы лёд небяспечна для жыцця! І датычыцца гэта не толькі тых, хто вырашыў парыбачыць або пакатацца на каньках. Ёсць і такія, хто ступае на ледзь замёрзлыя рэкі і азёры з мэтай скараціць шлях. На жаль, не ўсе разумеюць, што такі рызыкоўны ўчынак увогуле можа не дазволіць трапіць дадому ці да іншага месца.

Каб распазнаць, трывалы лёд ці не, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у першую чаргу рэкамендуюць звярнуць увагу на колер ледзянога покрыва. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы, тонкі — серы і серы ў крапінку. Правяраць лёд на трываласць неабходна не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з'явілася вада, то на такі лёд ступаць не варта. Акрамя таго, трэба ведаць, што пры нулявой тэмпературы, якая захоўваецца на працягу трох дзён, трываласць лёду зніжаецца на 25 %. Не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу ключоў, якія б'юць, і сцёкавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання.

— Збіраючыся на зімовую рыбалку, не забудзьцеся правільна экіпіравацца, — папярэджвае рыбакоў афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Вазьміце з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку, выратавальную камізэльку. Не свідруйце дзесяць лунак побач. Не збірайцеся на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць спецыялісты. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.

Дзецям тут не месца!

Звяртаюцца ратавальнікі і да бацькоў. Ні ў якім разе не адпускайце дзяцей на вадаёмы! Калі ж вы на гэта ідзяце — а значыць рызыкуеце жыццём дзіцяці — абавязкова папярэдзьце яго аб небяспецы гульняў на лёдзе. Навучыце дзяцей, як дзейнічаць у экстраннай сітуацыі, якая можа здарыцца і ў вашай прысутнасці.

Летась гібель дзяцей на адным з вадаёмаў Полаччыны ўскалыхнула грамадскасць. Трагедыя адбылася перад самым Новым годам. Пад лёд праваліліся хлопчыкі 10 і 12 гадоў. У той дзень адзін з іх святкаваў дзень нараджэння. Падлеткі каталіся на цюбінгах з горкі, якая акурат знаходзіцца побач з Заходняй Дзвіной. Адзін з хлопчыкаў вырашыў праверыць таўшчыню лёду і праваліўся ў ваду. Сябар спрабаваў яму дапамагчы і апынуўся там жа. Дзяўчынка, якая была з імі, кінулася шукаць дапамогі. Аднак было позна...

— Калі вы бачыце, што нехта тоне, неадкладна патэлефануйце 101 або 112, — звяртае ўвагу Анастасія Швайбовіч. — Не панікуйце і падумайце, што можна зрабіць, і ці ў вашых гэта сілах. Магчыма, найлепшым рашэннем будзе паклікаць на дапамогу іншага чалавека. Узбройцеся палкай, шастом, вяроўкай ці дошкай і асцярожна паўзіце да палонкі, раўнамерна размяркоўваючы вагу вашага цела па паверхні, штурхаючы выратавальны сродак перад сабой. Наблізіўшыся на максімальна магчымую бяспечную адлегласць да палонкі, працягніце пацярпеламу палку, шэст або кіньце вяроўку. Калі пачняце выцягваць пацярпелага, папрасіце яго рухаць нагамі: так будзе лягчэй выцягнуць яго з палонкі. Пасля таго як чалавек будзе знаходзіцца ў бяспецы, выклічце хуткую дапамогу па тэлефоне 103.

Калі вы праваліліся пад лёд:

  • не панікуйце;
  • клічце на дапамогу;
  • імкніцеся не паглыбляцца ў ваду з галавой;
  • павярніцеся ў той бок, з якога прыйшлі;
  • раскіньце рукі і напаўзайце на лёд грудзьмі;
  • закіньце на лёд нагу і адкаціцеся ад палонкі;
  • выбраўшыся з вады, не спяшайцеся ўставаць (каб не праваліцца зноў), паўзіце да берага па сваіх слядах.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».