Вы тут

Падлеткаў запрашаюць паўдзельнічаць у канферэнцыі UNICEF Talks па тэме псіхалагічнага здароўя


ЮНІСЕФ у Беларусі арганізуе маштабнае мерапрыемства, каб падкрэсліць важнасць клопату не толькі аб фізічным здароўі, але і аб псіхалагічным. Падлеткавы ўзрост — асабліва ўразлівы. Выпускныя экзамены, уступныя, паступленне ў ВНУ... Плюс адбываюцца і фізіялагічныя змены ў арганізме. Праходзячы праз усё гэта з падтрымкай дарослых, дзіця становіцца больш упэўненым і спакайнейшым. Добра, калі такі дарослы ёсць: гэта могуць быць мама, тата, трэнер, настаўнік... Але калі падтрымкі няма, то можна звярнуцца да псіхолага ці роўнага кансультанта, і гэта абсалютна нармальна.


«Падлеткі часта сутыкаюцца з псіхалагічнымі праблемамі. У 26% маладых людзей ад 14 да 19 гадоў у Беларусі ёсць суіцыдальныя думкі, а ў 18% маладых людзей — дэпрэсіўныя сімптомы (гэта даныя даследавання, праведзенага ў 2018 годзе). Важна, каб падлеткі не баяліся, што з іх будуць смяяцца аднагодкі або іх будуць асуджаць дарослыя, калі яны звернуцца па псіхалагічную дапамогу. Патрабуецца глабальная перабудова ўсёй работы з псіхічным здароўем чалавека. Трэба далучаць да яе бацькоў, настаўнікаў і, вядома, саміх маладых людзей», — адзначылі ў ЮНІСЭФ у Беларусі.

На канферэнцыі выступяць практыкуючыя псіхолагі, якія раскажуць пра псіхалагічнае здароўе і дадуць рэкамендацыі, як яго падтрымліваць і захоўваць раўнавагу.

Напрыклад, падлеткі змогуць пагаварыць пра ўпэўненасць у сабе з акцёрам Ягорам Сізовым і дзіцячым псіхолагам Галінай Швец. Абмеркаваць са стылістам Ліліяй Рыхтэр і псіхолагам Вікторыяй Крачко, як перастаць перажываць наконт сваёй знешнасці. А яшчэ пагутарыць з папулярным блогерам Уладам Кабяковым, які падзеліцца сваёй гісторыяй, як ён спраўляецца з цяжкасцямі і клапоціцца аб сваім псіхалагічным здароўі.

Акрамя таго, на канферэнцыі раскажуць аб новай платформе talk2ok.by, якая была нядаўна запушчана разам з экспертамі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ. На ёй падлеткі і маладыя людзі могуць бясплатна і канфідэнцыйна атрымліваць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу, а таксама кантактаваць з аднагодкамі — роўнымі кансультантамі.

Канферэнцыя распачнецца 11 снежня а 14 гадзіне ў Мінску. Каманда ЮНІСЕФ у Беларусі запрашае паўдзельнічаць падлеткаў ад 12 гадоў (будынак, дзе пройдзе канферэнцыя, даступны для людзей з інваліднасцю). Уваход свабодны, але па папярэдняй рэгістрацыі. Колькасць месцаў абмежавана.

Даведацца больш падрабязна аб канферэнцыі і зарэгістравацца можна тут — https://www.unicef.by/uniceftalks2022/

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?