Расійскі саюз сельскай моладзі ў анлайн-фармаце правёў фінал бізнес-гульні «Фермер-пачатковец». У завочным этапе спаборніцтва прынялі ўдзел больш як сто каманд з Расіі, Беларусі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана. У фінал было адабрана 59 найлепшых праектаў у чатырох катэгорыях: 23 — з ВНУ, 17 — з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 12 — са школ і сем каманд маладых прадпрымальнікаў, якія вядуць сваю дзейнасць у сферы аграпрамысловага комплексу.
У фінал міжнароднай бізнес-гульні «Фермер-пачатковец» ад Беларусі прайшлі дзевяць маладзёжных праектаў. У краіне адбыліся тры абарочныя туры. У першым нацыянальным прынялі ўдзел 80 заявак, у другі тур прайшлі 36. У трэцім, міжнародным, былі разгледжаны 20 заявак ад беларусаў.
У выніку ў міжнародным фінале Беларусь прадстаўлялі наступныя праекты — «Адкрыццё цяплічнага комплексу «Ягадніца» (аўтар — магістрант эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Ганна Бандарэнка), GORKІ'S HONEY (аўтар — студэнт першага курса эканамічнага факультэта БДСГА Энгін Макейчык), «Мова грыбоў» (аўтар — студэнт чацвёртага курса факультэта камерцыі і фінансаў Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Арцём Скаромны), «Вёска будучыні» (аўтар — першы сакратар Браслаўскага раённага камітэта БРСМ Алена Гасюль), «Вырошчванне і рэалізацыя ядомых каштанаў» (аўтар — навучэнка другога курса Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза Уладзіслава Гардзей), «Сялянска-фермерская гаспадарка «Бацькаў дар» (аўтар — навучэнка трэцяга курса эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Карына Махавікова), «Ажыццяўленне фермерскай дзейнасці па вырошчванні грэчкі» (аўтар — навучэнец трэцяга курса Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Андрэй Пачарняеў), «Рацыянальнае выкарыстанне цыбульных раслін на прыкладзе Tulіpa hіbrіda» (аўтар — настаўніца біялогіі СШ № 8 Крычава Ірына Кісялёва), а таксама праект школьнай стартап-кампаніі «Пакаленне ЭкаАгра» (аўтар — настаўніца біялогіі Барсукоўскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна Надзея Паўленка).
Пераможцаў вызначыла конкурсная камісія, прадстаўленая экспертамі з Мінсельгаса Расіі, галіновых саюзаў, навуковай супольнасці, бізнес-структур у сферы аграпрамысловага комплексу, а таксама банкаў і іншых кампетэнтных арганізацый.
Сярод каманд ВНУ адным з лідараў стаў праект, у прыватнасці, Арцёма Скаромнага з Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі па вырошчванні грыбоў вешанак.
Сярод ССНУ на другім месцы апынуўся праект каманды з Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, накіраваны на стварэнне сялянска-фермерскай гаспадаркі, якая спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі раслінаводства і пчалярства, аказанні аграэкатурыстычных паслуг.
У катэгорыі каманд маладых людзей, якія маюць досвед вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі не менш за тры гады і/ці прадпрымальнікаў, што вядуць сваю дзейнасць у сферы аграпрамысловага комплексу, спецыяльны прыз атрымаў праект «Вёска будучыні» на чале з першым сакратаром Браслаўскага раённага камітэта БРСМ Аленай Гасюль.
У катэгорыі школьнікаў першае месца заняў праект з Беларусі пад назвай «Рацыянальнае выкарыстанне цыбульных раслін на прыкладзе Tulіpa hіbrіda». Дзеці прапанавалі прадоўжыць жыццё цюльпанаў да жаночага свята 8 Сакавіка да дзесяці дзён за кошт вырошчвання ў вазонах з пажыўным растворам. Спецыяльны прыз у гэтай жа катэгорыі атрымала Барсукоўская сярэдняя школа Смалявіцкага раёна за стартап-кампанію «Пакаленне ЭкаАгра».
Гульня на тэрыторыі Беларусі была арганізавана БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі Беларусі і Расійскага саюза сельскай моладзі, які аказаў кансультацыйную дапамогу ў яе правядзенні.
Нагадаем, праект накіраваны на развіццё ва ўдзельнікаў навыкаў бізнес-планавання ў сельскай гаспадарцы, збору і аналізу інфармацыі, выпрацоўкі кіраўнічых рашэнняў і ўмення працаваць у камандзе.
Фіналісты павінны былі валодаць ведамі асноў эканомікі і кіравання сельскагаспадарчай арганізацыяй, праграм, накіраваных на падтрымку фермерскіх гаспадарак, быць здольнымі кіраваць сельскагаспадарчай арганізацыяй ва ўмовах канкурэнцыі.
Сяргей РАСОЛЬКА
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.