Вы тут

Ксенія Галецкая: «Галава ад поспеху не кружыцца»


Яна належыць да ліку юных артыстаў прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ», але па сваіх вакальных і артыстычных здольнасцях не саступае многім прафесіяналам. З дзяцінства Ксенія, дзякуючы бацькам, мела магчымасць шукаць сябе: займалася фігурным катаннем, танцамі, вакалам. І калі спынілася на апошнім, то знайшла занятак па душы. Так пачаліся конкурсы, выступленні на вялікіх сцэнах, першае прызнанне і нават прадзюсарскі кантракт. Але і сёння дзяўчына пераканана, што галоўнае ў любой справе — каб гарэлі вочы і сэрца ад таго, чым займаешся. А пра тое, як складваецца яе творчая гісторыя, што цікавіць акрамя эстрады і чым вымяраецца папулярнасць, Ксенія Галецкая расказала пры сустрэчы.


— Ты займаешся музыкай з шасці гадоў, а калі зразумела, што гэта твая стыхія?

— Спачатку, калі мама прывяла мяне на заняткі па вакале, я проста ўспрымала іх з цікавасцю, але без асаблівага энтузіязму. Не думала, што буду спяваць прафесійна. А потым, калі пачала ўдзельнічаць у розных конкурсах, перамагаць, то з'явіўся азарт. Так паступова і звязала свой лёс з музыкай.

— Якая з тваіх перамог найбольш для цябе дарагая?

— Адну мне складана выдзеліць, але да яркіх дасягненняў адношу сваю перамогу на дзіцячым «Славянскім базары», таму што той конкурс падзяліў маё жыццё на «да» і «пасля». З'явілася шмат канцэртаў, здымак, цікавых сустрэч. Само па сабе спаборніцтва вельмі прэстыжнае. Не менш дарагая для мяне таксама і перамога на конкурсе «SanRemo Junіor», да ўдзелу ў якім мы з прадзюсарскім цэнтрам «СПАМАШ» рыхтаваліся вельмі настойліва. Было разуменне, што трэба выступіць лепш за ўсіх. Рада, што ў нас усё атрымалася.

— Як ты трапіла ў «СПАМАШ»?

— Гэта адбылося пасля таго, як мы з бацькамі пераехалі з Гомеля ў Мінск у 2019 годзе. Спачатку я займалася ў дзіцячай студыі «Malіnovka by Spamash». Спявала ў трыа «Маліна». А калі ўжо пайшла на нацыянальны адбор дзіцячага конкурсу «Віцебск-2019» і потым даведалася, што буду прадстаўляць Беларусь, то, можна лічыць, распачала ўжо сольную кар'еру ў прадзюсарскім цэнтры.

— Тваё жаданне быць на сцэне паспрыяла пераезду ў сталіцу?

— Насамрэч было некалькі фактараў. Па-першае, мой бацька раней працаваў у Растове і мы з ім бачыліся раз у паўгода. А тут яму прапанавалі працу ў Мінску. Па-другое, перспектыў у сталіцы для ўсіх больш, чым у Гомелі, таму адважыліся сям'ёй на пераезд.

— Табе спатрэбіўся час на адаптацыю на новым месцы?

— У нашай сям'і ўсе аптымісты, і мы не баімся перамен, таму, не раздумваючы, паехалі. І не пашкадавалі пра гэта. Што датычыцца мяне, то я і ў Гомелі мяняла школу, калі там пачалася вучоба ў другую змену і тое супадала з маімі пазашкольнымі заняткамі. Таму я да такога кшталту перамен звыклая.

— Сёння ўжо ёсць любімыя месцы ў сталіцы?

— Перш за ўсё гэта лакацыя прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ», бо тут сканцэнтравана крыніца творчасці. Шмат і ў горадзе любімых месцаў, з кожным звязаны нейкія цёплыя ўспаміны, як, напрыклад, з Палацам Рэспублікі, з «Мінск-Арэнай». А калі ўзнікае жаданне проста прагуляцца, то мне падабаецца выбірацца ў Стары горад.

— Зараз у тваім творчым партфоліа — перамогі на прэстыжных конкурсах, песні на некалькіх мовах, кліпы на вядомыя і любімыя многімі кампазіцыі. Ці адчуваеш папулярнасць?

— Ёсць такое, бо ў тых жа сацыяльных сетках у мяне стала больш падпісчыкаў, і на канцэртах пасля выступлення да мяне падыходзяць людзі, каб сфатаграфавацца і пагутарыць. І ў такія моманты я разумею, што за мной сочаць і мяне любяць. Але галава ад поспеху не кружыцца, думаю, што такога і не будзе.

— Нядаўна ты прадставіла публіцы песню «І Wіll Survіve» Глорыі Гейнар. Раскажы, як выбіраеш музычны матэрыял і дзе шукаеш кропкі судакранання, каб удала прэзентаваць яго сваім слухачам?

— Безумоўна, для мяне мае значэнне сэнс, закладзены ў песні, але найперш я арыентуюся на тую музыку, ад якой сама атрымліваю станоўчы зарад. Тая ж кампазіцыя «І Wіll Survіve» — вядомая і любімая многімі. Аднак для мяне самае важнае, што яна блізкая мне па сваім характары. Яе гераіня сцвярджае: «Я буду жыць! Я буду класнай!», што мне вельмі імпануе. Калі глядзець на яе змест, то там гісторыя кахання. І мне ў такіх выпадках даводзіцца падключаць свае акцёрскія здольнасці, каб перадаць слухачам нейкія пасылы і інтанацыі. Тады ўжо на сцэне не я, а лірычная гераіня са сваёй гісторыяй. Так і адбываецца мой выбар заўсёды.

— Сама, як слухач, якой музыцы аддаеш перавагу?

— Тут усё залежыць ад настрою. Калі мне сумна, то магу паслухаць Білі Айліш альбо Лану дэль Рэй. А ў добрым настроі выбіраю песні накшталт вышэйзгаданай. Словам, такую музыку, ад якой настрой адразу паляпшаецца і хочацца танцаваць.

— У кліпе на песню «Малінаўка» мы таксама бачым цябе ў гісторыі пра першае каханне. Скажы, а якім павінен быць малады чалавек, каб звярнуць на сябе тваю ўвагу?

— Ён павінен быць разумным, каб нам было пра што пагаварыць. Шмат крытэрыяў можна пералічваць, але найбольш важныя — гэта агульныя інтарэсы і ўзаемнае імкненне дасягаць пастаўленых мэтаў. Каб мы падштурхоўвалі і падтрымлівалі адно аднаго на шляху да вялікіх вяршынь.

— А ці ўдаецца табе знаходзіць час на нешта акрамя вучобы і заняткаў творчасцю?

— Мне заўсёды падабаліся танцы і вось нядаўна запісалася на заняткі, дзе буду асвойваць новыя стылі. Яшчэ люблю чытаць кнігі, аддаю перавагу класіцы. Хаджу на разнастайныя майстар-класы, займаюся фітнесам. Стараюся ўвесь час спрабаваць сябе ў чымсьці новым.

— Маеш шмат сябровак?

— Мае найлепшыя з іх — гэта мама і сястра, а з усімі астатнімі дзяўчатамі я проста ў добрых адносінах.

— Як лічыш, ці здольная сцэнічная пазнавальнасць уплываць на сяброўства?

— У школе ў мяне ёсць сябры, але я ніколі не адчувала нейкай зайздрасці ці нядобразычлівасці ў свой адрас. Мне пашчасціла трапіць у атачэнне людзей, якія ўмеюць пазітыўна ўспрымаць поспех таго, хто побач. Я кожны раз адчуваю іх падтрымку і чую добрыя пажаданні.

— Скажы, а чым у прынцыпе вымяраецца папулярнасць у школьным асяродку?

— Я лічу, што ключавую ролю ў гэтым адыгрывае харызма чалавека, бо ўсё залежыць ад таго, як мы прэзентуем сябе іншым. Бывае ж такое, калі, здаецца, нічога не робіш надзвычайнага, а да цябе цягнуцца. У кожным ёсць нешта такое, што здольна аб'яднаць іншых вакол яго.

— Ты вучышся ў лінгвістычнай гімназіі. Ці звязана гэта неяк з тым, чым ты плануеш займацца прафесійна ў перспектыве?

— Гэтую гімназію мы выбіралі таму, што разумелі, што, напрыклад, англійская мова патрэбная ўсім і ў жыцці, і ў творчасці. Плюс мне там адразу спадабалася. А калі казаць пра выбар будучай прафесіі, то мне хочацца, каб яна мела дачыненне да творчасці. Але, магчыма, гэта будуць не канкрэтна спевы, бо мяне прываблівае журналістыка, маркетынг, графічны дызайн. Які б шлях я не абрала, упэўнена, мая сям'я мяне падтрымае.

— У цябе строгія бацькі?

— Мяне з дзяцінства вучылі, што добра і што дрэнна, а далей я ўжо сама павінна вырашаць і думаць галавой, як сябе паводзіць і які выбар рабіць. Паміж мной і маімі бацькамі поўны давер. І, лічу, гэта найлепшы ўзор узаемаадносін, бо ты маеш свабоду, але вучышся самастойнасці і адказнасці.

— Як у тваёй сям'і рыхтуюцца да навагодніх свят? Ці адчуваеш ты набліжэнне цудаў і чараўніцтва?

— Навагодні настрой ужо ёсць. Але зараз я больш сканцэнтравана на падрыхтоўцы навагодніх свят для іншых. Напрыклад, зноў буду ўдзельнічаць у спектаклі ў Палацы Незалежнасці. Зараз актыўна ідуць рэпетыцыі і шыюцца касцюмы для пастаноўкі. Там я буду сяброўкай галоўнага героя — Труса. Будзем з ім вырашаць розныя праблемы... А калі гаварыць пра сям'ю, то мы любім зімнімі вечарамі збірацца ўсе разам за настольнымі гульнямі альбо за праглядам фільма. Таксама ўпрыгожваем кватэру да свят. Але пакуль тое ўсё яшчэ наперадзе.

Бліц-апытанне

1. Найлепшая раніца для артыста — гэта... — Калі трэба ехаць на рэпетыцыю.

2. У мастацтве для мяне самае важнае... — Любоў да сваёй справы.

3. Калі я зараблю шмат грошай, то... — Куплю сабе класную тэхніку і яшчэ пайду на курсы па аранжыроўцы песень.

4. Я цаню ў сабе... — Працавітасць.

5. З сямі нот можна... — Стварыць сапраўдную магію.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​