Вы тут

Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Саўчанкі


Акадэмік Мікалай Яўсеевіч Саўчанка — адзін са славутых беларускіх медыкаў. Ён стаяў каля вытокаў стварэння ўралогіі ў БССР, арганізаваў адпаведную кафедру на базе Мінскага медыцынскага інстытута. Выканаў першую ў рэспубліцы аперацыю па перасадцы ныркі і заклаў асновы айчыннай транспланталогіі. Два дзесяцігоддзі ён узначальваў Міністэрства аховы здароўя БССР, і за гэты час былі рэканструяваны і пабудаваны дзясяткі бальніц як у сталіцы, так і ў абласных і раённых цэнтрах. А імя акадэміка прысвоена 4-й клінічнай бальніцы Мінска, дзе ён працаваў і аперыраваў да сваіх апошніх дзён.

У лістападзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага ўрача і навукоўца. Яго вучань, кандыдат медыцынскіх навук, нефролаг Уладзімір Вайтовіч падзяліўся сваімі ўспамінамі пра акадэміка Мікалая Саўчанку.


Ваенная загартоўка

Нарадзіўся будучы доктар і вучоны 7 лістапада 1922 года ў пасёлку Чырвоны Палац Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

— Мікалай Яўсеевіч з вельмі простай сям'і, але здолеў стаць сапраўднай з'явай у медыцыне. Годна прайшоў па сваім шляху, атрымаў шматлікія ўзнагароды, меў хуткі кар'ерны рост, прычым дасягнуў усяго самастойна, — расказвае Уладзімір Вайтовіч.

У 1938-м Мікалай Саўчанка паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, а, ледзь скончыўшы трэці курс, адправіўся дабравольцам на фронт. Пачынаў санінструктарам, затым быў старшым фельчарам. Удзельнічаў у баях за Сталінград, Калач, Варонеж, Курск, Кіеў, Жытомір, Роўна, Львоў, Дрэздэн, Берлін. Вайна для яго завяршылася толькі 11 мая 1945 года пад Прагай. За мужнасць і гераізм на фронце быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».

Пасля вайны Мікалай Саўчанка давучыўся ў медінстытуце і ў 1948 годзе быў прызначаны галоўным урачом Гродзенскага скурна-венералагічнага дыспансера. А ў 1951-м паступіў у ад'юнктуру пры кафедры ўралогіі ваенна-медыцынскай акадэміі імя С. М. Кірава ў Ленінградзе.

— У той час гэта была кузня кадраў для ўсёй расійскай сістэмы аховы здароўя. Адна справа — скончыць Мінскі медінстытут, такіх у саюзе было дзясяткі. А Кіраўская акадэмія — самая вышэйшая адукацыйная ступень, куды адбіралі найлепшых, толькі выдатнікаў з усяго Саюза. Гэта школа, якая ішла ад Пірагова. Там выкладалі выдатныя прафесары, былыя ваенныя ўрачы-хірургі. За імі вялізная база, аперацыі ў бліндажах — там не было падзелу, грудны ці брушны хірург, яны ўмелі і аперыравалі ўсё, — кажа Уладзімір Вайтовіч.

Ад'юнктуру беларус скончыў з чырвоным дыпломам і застаўся ў клініцы ўралогіі Кіраўскай ваенна-медыцынскай акадэміі спачатку старшым ардынатарам уралагічнага аддзялення, асістэнтам, у далейшым — дацэнтам і намеснікам начальніка кафедры. Там жа абараніў у 1954 годзе кандыдацкую дысертацыю па тэме «Да пытання экспертызы начнога нетрымання мачы».

— Для сваіх навуковых даследаванняў ён браў вельмі актуальныя тэмы. Энурэз быў надзвычай распаўсюджанай праблемай маленькіх дзяцей, і лекамі на той час справіцца з ёй было складана, — каменціруе Уладзімір Вайтовіч.

У 1958 годзе Мікалай Саўчанка пераехаў у Мінск — Міністэрства аховы здароўя БССР запрасіла яго дацэнтам кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў, а ў 1960 годзе яго прызначылі рэктарам гэтай установы, якую ён і ўзначальваў да 1966 года. У 1965 годзе паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Гіпаспадыя: фрагменты тэорыі, патагенезу, уніфікацыі метадаў лячэння. Гіпаспадыя і пол».

Адмовіўся ад другой зарплаты

У ліпені 1966 года Мікалая Яўсеевіча запрасілі на размову да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, дзе кіраўнік рэспублікі прапанаваў доктару заняць пасаду міністра аховы здароўя БССР. Мікалай Яўсеевіч даў згоду і папрасіў дазволіць яму адначасова стварыць і ўзначаліць кафедру ўралогіі ў Мінскім медінстытуце. Пры гэтым, як адзначае яго вучань, адмовіўся ад зарплаты загадчыка кафедры, пакінуўшы толькі зарплату ў міністэрстве. Трэба сказаць, што ведамства славуты доктар узначальваў 20 гадоў.

Кафедра ўралогіі размяшчалася на базе 4-й гарадской бальніцы, дзе штодзень міністр аглядаў самых складаных пацыентаў і праводзіў некалькі аперацый.

— Мікалай Яўсеевіч не ўяўляў сябе без хірургічнай работы. У 7.30 раніцы ён ужо быў у клініцы, у 8.00 пачынаў аперыраваць, бывала, што заканчваў у 10.00, а здаралася, што быў заняты і да 12.00. Ён усё рабіў як след. Пасля ехаў працаваць у міністэрства, — узгадвае Уладзімір Вайтовіч.

На пасадзе міністра Мікалай Саўчанка шчыльна займаўся рэфармаваннем галіны. Былі пабудаваны або капітальна рэканструяваны ўсе абласныя бальніцы, абласныя дзіцячыя бальніцы, абласныя радзільныя дамы, рэспубліканская клінічная бальніца ў пасёлку Лясны Мінскага раёна. У Мінску былі пабудаваны 9-я і 10-я ГКБ, бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, 3-я і 4-я дзіцячыя клінічныя бальніцы, дзіцячая інфекцыйная бальніца, абласны і 2-і гарадскі радзільныя дамы, рэспубліканская отарыналарынгалагічная бальніца, абласны процітуберкулёзны дыспансер, некалькі дарослых і дзіцячых паліклінік, новы шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і іншыя.

— Мікалай Яўсеевіч быў надзвычай сціплы чалавек. Уралогія ў 4-й бальніцы месцілася ў агульным корпусе: дарослая на другім паверсе, у іншым канцы — дзіцячая, тут жа частка нефралогіі, гемадыяліз на першым паверсе, а на верхніх паверхах іншыя аддзяленні, што было вельмі нязручна. Калі ў 1976 годзе фтызіятрыя атрымала новы будынак у Навінках, яны вызвалілі стары трохпавярховы будынак на тэрыторыі 4-й клінікі. Мы яго адрамантавалі і перасяліліся. Калі ў 1980-х замаячыў новы корпус для ўралогіі, дзе можна было асобна размясціць трансплантацыю, дыяліз, некалькі ўралагічных аддзяленняў, дзіцячую ўралогію, Мікалай Яўсеевіч доўга адмаўляўся. Міністрам ён рабіў усё для ўсіх, тыя ж 9-ю, 10-ю клінікі, а сваю саромеўся.

Першая перасадка ныркі

Першую ў БССР аперацыю па перасадцы ныркі Мікалай Саўчанка выканаў 11 верасня 1970 года. У 1971 годзе па яго ініцыятыве пры кафедры была арганізавана навуковая лабараторыя перасадкі ныркі.

— Мы адны з піянераў трансплантацыі ў Савецкім Саюзе, нас апярэдзіла толькі Масква. Яны на пяць гадоў раней пачалі. У верасні 1970 года ў ДТЗ загінула жанчына непадалёк ад клінікі, яе даставілі ў прыёмны пакой, і Мікалай Яўсеевіч прапанаваў паспрабаваць, — кажа Уладзімір Вайтовіч. — На дыялізе ўжо было некалькі чалавек. Тады не было дыягностыкі на сумяшчальнасць, імуналогіі, не было ніводнага прэпарату супраць непрымання органа. Гэта быў своеасаблівы эксперымент. І Мікалай Яўсеевіч паказаў, што гэта магчыма. З 1972 года, калі я прыйшоў працаваць у 4-ю бальніцу, выконвалася ўжо каля 25—30 перасадак на год.

Прычым Мікалай Саўчанка заўсёды стараўся ўдзельнічаць у складаных аперацыях.

— Мы аперыравалі і 31 снежня, і ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня, увогуле, такія аперацыі вельмі часта рабіліся ўначы. Часам вырашалі даць адпачыць Мікалаю Яўсеевічу і не турбаваць яго ноччу. А раніцай, калі на пяціхвілінцы ён даведваўся, што была аперацыя, атрымлівалі ад яго наганяй, што не выклікалі. Нават калі быў у адпачынку, рэўнасна ставіўся, калі без яго рабілі аперацыі, — згадвае вучань Мікалая Саўчанкі.

Трэба адзначыць, што аперыраваць акадэмік Саўчанка працягваў да самага канца — у 78 гадоў ён стаяў за аперацыйным сталом. А галоўным у адносінах да пацыента было зрабіць усё магчымае і нават больш.

— Самая важная рыса, якая сёння не ва ўсіх дактароў прысутнічае, — ставіцца да кожнага пацыента, як да свайго блізкага, і рабіць усё да канца. Неяк да нас у клініку трапіў хлопчык з цяжкімі генетычнымі захворваннямі, у тым ліку і нырак. Яму было 11 гадоў, а выглядаў на восем. Дзіця ўжо было ва ўрэмічнай коме і літаральна памірала. Мікалай Яўсеевіч нас сабраў: «Ну што, няўжо мы такія бездапаможныя і нічога не можам зрабіць?» Мала б хто ўзяўся, але мы здолелі падключыць яго на гемадыяліз , хоць там былі настолькі дробныя сасуды, што патрабавалася ювелірная работа, — дзеліцца суразмоўца.

За некалькі дзён да таго, як Мікалай Саўчанка пайшоў з жыцця, ён выклікаў Уладзіміра Вайтовіча на размову:

— Мы абмяркоўвалі маючую адбыцца нефралагічную канферэнцыю, і яго тыя словы прагучалі як запавет: «Варта дабівацца прыняцця закона аб донарстве, бо без яго мы не зможам развіваць транспланталогію». І сапраўды, калі пасля быў прыняты гэты закон, Беларусь пайшла сваім шляхам і сёння ўваходзіць у сусветную васьмёрку па донарстве. Па колькасці трансплантацый на мільён насельніцтва мы таксама ўваходзім у дзясятку лідараў. Гэта тое, пра што ў свой час марыў Мікалай Яўсеевіч, — падкрэслівае суразмоўца.

Лаўрэат дзяржпрэмій

Шмат сіл і энергіі Мікалай Саўчанка аддаў выхаванню і навучанню маладых уролагаў, удасканаленню навучальнага працэсу ў краіне. Ён стваральнік і кіраўнік найбуйнейшай уралагічнай школы, падрыхтаваў 6 дактароў навук і 24 кандыдаты. Яго паплечнікамі ў 4-й бальніцы былі загадчык аддзялення гемадыялізу, уролаг першай катэгорыі Віталь Міхайлавіч Варэнікаў і загадчык аддзялення трансплантацыі ныркі Генадзь Ціханавіч Казлоў.

У 1969 годзе прафесар быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1972-м — акадэмікам Акадэміі навук БССР. З 1971 года ён старшыня праўлення Беларускага навуковага таварыства ўролагаў.

Уладзімір Вайтовіч, які прайшоў клінічную школу ў філіяле інстытута туберкулёзу, у свой час вырашыў змяніць спецыялізацыю і працаваць менавіта пад кіраўніцтвам акадэміка:

— На чале кафедры на базе 4-й клінікі стаяў Мікалай Яўсеевіч, і я абраў яе, бо ў медыцыне гэта была вельмі значная асоба. Я адразу ўліўся ў групу дыягностыкі і лячэння ныркавай гіпертаніі. Пад кіраўніцтвам Мікалая Яўсеевіча мы праводзілі даследаванні, з якімі абагналі час на дзесяцігоддзі наперад. З лекцыямі пра ныркавую гіпертанію я быў у Канадзе, Італіі, Бельгіі, В'етнаме. У Кіеве быў цэлы інстытут ныркі, і калі я прыехаў з лекцыяй, засыпалі мяне пытаннямі, бо яны на той час прынялі такую ж тэму, толькі на сабаках.

За распрацоўку і ўкараненне сучасных метадаў дыягностыкі і арыгінальных рэканструктыўных аперацый у лячэнні пацыентаў з прыроджанымі захворваннямі нырак і мачавых шляхоў Мікалай Яўсеевіч Саўчанка ў 1982 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1986-м за цыкл работ па лячэнні пухлін метадамі гіпертэрміі і гіперглікеміі — лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Ён аўтар і суаўтар 11 манаграфій, больш чым 500 навуковых прац, атрымаў 11 патэнтаў на вынаходствы.

Памёр Мікалай Яўсеевіч у чэрвені 2001 года ад вострай каранарнай недастатковасці. Ён пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

У 2001 годзе 4-й клінічнай бальніцы Мінска было прысвоена імя Мікалая Яўсеевіча Саўчанкі. На ўваходзе ва ўралагічны корпус бальніцы ўстаноўлена бронзавая мемарыяльная дошка. У БДМУ з 2001 года зацверджана стыпендыя імя акадэміка Саўчанкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Культура

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.