Вы тут

Пераможца фестывалю творчасці інвалідаў «Віцебск-2022» пра работу над сабой


Пераможца Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў «Віцебск-2022» Глеб Варанцоў пра веру і работу над сабой.


«Я не баюся адзіноты, мне заўсёды ёсць чым заняцца», — з гэтых слоў пачалося маё знаёмства з чалавекам вялікай сілы Глебам. Прыгожы, з ветлівай усмешкай і адметным гумарам — такі, як і ўсе, але са сваёй асаблівай жыццёвай гісторыяй, якая не зламала, а наадварот прымусіла паглядзець на наваколле з іншага ракурсу.

Ён нарадзіўся ў Віцебску, з самага дзяцінства марыў стаць музыкантам. Пасля школы паступіў у Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. Салерцінскага па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне. Акадэмічны хор». Здавалася б, да прафесійнай рэалізацыі мары — рукой падаць, але лёс унёс ў жыццёвыя планы свае жорсткія карэктывы. Яшчэ на другім курсе Глеб пачаў заўважаць за сабой, што на занятках стаў няўважлівым і млявым. Маці з бабуляй параілі схадзіць да ўрача і праверыць шчытавіцу. У бальніцы паставілі дыягназ: гіпатэрыёз, назначылі лячэнне, але было занадта позна — праблема з залозай стала стартам для развіцця іншай хваробы. Тады ўрач сказаў словы, якія навечна ўрэзаліся ў памяць мужчыне: «Цябе чакае пажыццёвая рэабілітацыя»…

Аб ёй Глеб расказваць не хоча, але хвароба перакрэсліла будучую прафесійную кар’еру. У 2011-м Варанцову аформілі групу па інваліднасці, але ён, нягледзячы на круты паварот, усё роўна знайшоў сваё прызначэнне. Мужчыну запрасілі ў царкоўны хор Успенскага храма, у якасці выключэння Глеб паступіў у жаночае духоўнае вучылішча на завочнае аддзяленне, сёння ён працуе намеснікам кіраўніка хора, што прыносіць дадатковы заробак да пенсіі.

«З таго моманту маё жыццё змянілася. Новая абстаноўка і калектыў — было цяжка, але дзякуючы гэтай рабоце пачалася рэабілітацыя. У многім дапамагла мая музычная адукацыя, зараз у вольны час я ствараю на фартэпіяна мелодыі для сяброў і святаў у Цэнтры. Любая работа мне прыносіць радасць, асабліва — работа над сабой», — расказвае Глеб.

Калі справы пачалі наладжвацца, лёс паслаў мужчыне яшчэ адно выпрабаванне: у Глеба выявілі рак шчытападобнай залозы першай стадыі. Перад аперацыяй у Мінску музыкант хваляваўся толькі за адно — свой голас, бо пад шчытавіцай знаходзіцца зваротны нерв, які адказвае за работу галасавых звязак. «Калі б хірург зачапіў яго падчас аперацыі, я застаўся б без работы. Але, на шчасце, усё прайшло добра, пасля наркоза доктар пашлёпаў мяне па шчацэ: „Глеб, прачынайся“, а я па звычцы адказаў: „Ага!“, сам нечакана ўзрадаваўся, што голас застаўся такім, як і да аперацыі», — успамінае Варанцоў. 

Музыкант расказвае, што барацьба з хваробай даецца яму нялёгка, зараз яна знаходзіцца ў стадыі рэмісіі, групу змянілі з другой на трэцюю. Спраўляцца з цяжкасцямі яму дапамагае самадысцыпліна і словы свайго настаўніка, якія сталі жыццёвым крэдам Варанцова: «Інвалід — гэта не той чалавек, у каго праблемы са здароўем, а той, хто нічога не робіць». Ён знайшоў крыніцу энергіі ў музыцы: на фартэпіяна піша мелодыі, адна з іх называецца «Адзінокія мары», у якой праз ноты Глеб расказвае гісторыю барацьбы душы з хваробай.

Ён не наракае на сваю долю — проста дзень за днём працуе над сабой. Дзяржава аказвае матэрыяльную падтрымку, пры жаданні можна знайсці работу, але, расказвае Глеб, яшчэ не ва ўсіх арганізацыях вырашана праблема прыняцця на работу людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асабліва — з псіхічнымі захворваннямі, гэта кірунак сацыяльнай падтрымкі, якому трэба развівацца.

Душэўная адтуліна — музыка — стала для яго інструментам уздзеяння на людзей, спосабам данесці да астатніх думку, што нягледзячы на розныя фізічныя магчымасці, усе мы — роўныя. У ліпені ў Віцебску прайшоў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка, на якім Глеб Уладзіміравіч заняў першае месца з песняй «Мы проста іншыя». 

«У ёй закладзены вялікі сэнс, барацьба людзей з абмежаванымі магчымасцямі за сваё месца пад сонцам. На жаль, і дагэтуль наша грамадства не адышло ад савецкага ярлыка „інвалід“, стыгматызацыя дзе-нідзе праяўляецца. Мы адрозніваемся ад іншых, але хочам быць, як усе», — расказвае артыст. 

Гэта не першая перамога ў яго творчасці. З 2014 мужчына пачаў наведваць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна і штогод прымаў удзел у міжнародным фестывалі. У 2016 годзе ён прадставіў на конкурсе песню ўласнага сачынення «Дарога ў жыццё» на фартэпіяна, яскравае выступленне прынесла музыканту золата фестывалю. Акрамя гэтага конкурсу Глеб Уладзіміравіч не ўдзельнічае ў іншых, лічыць, што ўзнагароды і лаўры — гэта не галоўнае ў жыцці, а ў ТЦСАН з ахвотай прымае ўдзел у падрыхтоўцы да святаў: піша музыку, арганізоўвае віктарыны. Галоўным жыццёвым маяком, які падтрымлівае ў ім сілы і не дае скласці рукі, для музыканта з’яўляецца Бог і вера, без якой душа чалавека высыхае. 

«Калі ласка, не называйце нас інвалідамі. Мы такія ж, як і вы, людзі зямлі і сонца».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: газета «Разам!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.