Вы тут

Зруйнавальны «бумеранг». Чаму галее Прыбалтыка?


У эканоміцы і сацыяльнай сферы прыбалтыйскіх краін імкліва нарастаюць крызісныя з'явы. Урады Літвы, Латвіі і Эстоніі плануюць значна павялічыць тарыфы на энергарэсурсы, што самым крытычным чынам адаб'ецца на найбяднейшых групах насельніцтва. Ужо цяпер назіраецца рост узроўню галечы і беспрацоўя, а таксама рэзкі спад прамысловай вытворчасці, адзначыў аналітычны партал RuBaltіc. Чаму галее Прыбалтыка?


Катастрафічныя тэндэнцыі

Як вядома, спажывецкія цэны ў еўразоне ў кастрычніку ўзраслі на 10,7 працэнта ў параўнанні з тым жа месяцам мінулага года. У антылідарах гэтага эканамічнага «топа» па-ранейшаму прыбалтыйская «тройка». У Эстоніі ўзровень інфляцыі больш як удвая перасягнуў сярэднееўрапейскі паказчык, дасягнуўшы адзнакі ў 22,5 працэнта. Пра гэта гавораць звесткі статыстычнага агенцтва Еўрасаюза Eurostat. У Літве цэны ўзраслі на 22,1 працэнта, а ў Латвіі — на 21,7 працэнта.

Адпаведна абваліўся ўзровень дабрабыту жыхароў, узрасла сацыяльная напружанасць. Так, у Эстоніі, дзе ўжо некалькі месяцаў найвышэйшая ў Еўрасаюзе інфляцыя, рэзка павялічылася колькасць атрымальнікаў харчовай дапамогі. У лістападзе па яе ўжо звярнуліся каля 26 тысяч жыхароў краіны, што ў маштабах рэспублікі, насельніцтва якой складае каля 1,3 мільёна чалавек, з'яўляецца вельмі значнай лічбай. Людзі, у якіх проста няма сродкаў на ежу, атрымліваюць недарагія макароны і кансервы, якія размяркоўваюцца сацработнікамі і харчовым банкам. Але неўзабаве зваротаў па такія жыццёва неабходныя наборы можа стаць яшчэ больш, мяркуюць эксперты.

Паводле даных Дэпартамента статыстыкі Эстоніі, у апошні час 22,8 працэнта насельніцтва пражываюць у стане адноснай, а 1,4 працэнта — абсалютнай беднасці. Летась 7 працэнтаў жыхароў краіны не пацягнулі расходы па камунальных плацяжах, ацяпленні сваіх дамоў зімой, набыцці мясных прадуктаў і замене зношанага адзення.

Для галечы жыхароў Эстоніі існуюць відавочныя перадумовы. Толькі ў мінулым месяцы ў органы ўлады паступіла 17 апавяшчэнняў аб калектыўных звальненнях наёмных работнікаў. Прычым некаторыя працадаўцы скарачаюць значна больш супрацоўнікаў, чым планавалі першапачаткова. Напрыклад, вытворца мэблі Standard адправіў на біржу працы адразу 163 чалавекі, хоць меў намер скараціць у тры разы менш. Для эканомікі краіны, у якой пражывае ўсяго некалькі соцень тысяч людзей працаздольнага ўзросту, такія скарачэнні надзвычай балючыя. Але рост беспрацоўя ў Эстоніі лагічны і чаканы.

Нядаўна былі абвешчаны даныя адносна дынамікі вытворчасці рэспублікі па стане на сярэдзіну гэтага года. Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі, прамысловыя прадпрыемствы вырабілі ў ліпені на 6,4 працэнта менш прадукцыі, чым у тым жа месяцы мінулага года. Апрацоўка драўніны ўпала на 16,3 працэнта, вытворчасць вырабаў з металу — на 11,9 працэнта, будматэрыялаў — на 8,5 працэнта, электроннага абсталявання — на 2,9 працэнта. Такія маштабы падзення блізкія да катастрафічных, заўважае RuBaltіc.

Па словах галоўнага эканаміста камерцыйнага банка Lumіnor Лены Уускюлы, рэальная заработная плата ў Эстоніі сёлетняй восенню адкацілася да паказчыкаў амаль чатырохгадовай даўніны. Як адзначыў эксперт, падчас папярэдняга эканамічнага крызісу ў краіне аплата працы ўпала на 9 працэнтаў за тры гады, а цяпер зніжэнне на тыя ж 9 працэнтаў адбылося ўсяго толькі за год. Пры гэтым ён прадказвае далейшае павелічэнне інфляцыі і ўзроўню беспрацоўя ў Эстоніі. На думку Лены Уускюлы, надыходзячая зіма будзе надзвычай цяжкай, а сказаць нешта пэўнае аб далейшых перспектывах развіцця эстонскай эканомікі можна будзе толькі ўвесну.

Далей — горш

Зусім неаптымістычная сітуацыя і ў суседніх прыбалтыйскіх рэспубліках. Так, індэкс даверу да эканомікі краіны ў Літве ўпаў з мінус 8,2 працэнта да мінус 10,9 працэнта. Звязана гэта ў тым ліку з ростам цэн на энерганосьбіты. Літва пакутуе ад наступстваў антырасійскіх і антыбеларускіх санкцый Еўрасаюза і адмовы ад паставак газу і электрычнасці з Расіі.

Рэальны ВУП Літвы сёлета ў другім квартале ўпаў на 0,5 працэнта. Найбольш моцна на гэты паказчык паўплывала сітуацыя ў сферы транспарту і нерухомасці. Экспарт тавараў і паслуг зменшыўся на 4,8 працэнта, а імпарт — на 3,9 працэнта, што з'яўляецца следствам спынення гандлю з Расіяй і Беларуссю, а таксама разрыву лагістычных ланцужкоў з суседзямі.

Рост цэн, які назіраецца ў Літве на працягу ўсяго гэтага года, прывёў да таго, што жыхары краіны могуць дазволіць сабе ўсё менш пакупак. «Зменшылася як спажыванне прадуктаў харчавання, так і тавараў са сферы ІТ, электронікі», — канстатуе літоўскі эканаміст Аляксандр Ізгарадзін. «Вядома, гэта значны рост. Але невялікі, калі параўнаць з тым фактам, што электрычнасць падаражэла на 800 працэнтаў!» — так «суцяшае» літоўцаў кіраўнік гандлёвай сеткі Norfа Дайнюс Дундуліс. Паводле яго слоў, з прадуктаў у параўнанні з мінулым годам больш за ўсё (амаль напалову) у Літве падаражэла знакамітая літоўская «малочка» — тварог, сыроватка, сыры, ёгурты і г. д. Таксама значна выраслі цэны на агародніну і садавіну. Дырэктар Нацыянальнай сеткі арганізацый па зніжэнні беднасці Айстэ Адамавічэне звярнула ўвагу на тое, што больш чым у трэці жыхароў Літвы практычна няма асабістых зберажэнняў. Таксама, паводле яе слоў, асаблівую актуальнасць у Літве набыў такі тэрмін, як «энергетычная галеча» — гэта калі чалавек не можа сабе дазволіць аплачваць рахункі за электрычнасць і ацяпленне.

Сапраўды, эксперты папярэджваюць, што сёлета цэны на ацяпленне ў Літве вельмі вырастуць. Прадстаўнік муніцыпалітэта горада Паневежыс Вілма Раткявічутэ адзначыла, што людзі вельмі занепакоеныя. Калі раней па кампенсацыі прыходзілі ў асноўным пенсіянеры, члены шматдзетных сем'яў, то зараз сітуацыя змянілася. «Цяпер да нас звяртаюцца і людзі з заробкамі 2000—3000 еўра», — расказала чыноўніца. Падобная сітуацыя назіраецца і ў Шаўляі. Прадстаўнік тамтэйшага муніцыпалітэта Аўшра Гайлюнене расказала, што людзі да іх пастаянна звяртаюцца па дапамогу. Супрацоўніца муніцыпалітэта Каўнаса Эрыка Качулене распавяла, што і да іх прыходзяць як пенсіянеры, так і сем'і з дзецьмі, людзі з сярэднімі і высокімі даходамі. Аналагічная сітуацыя і ў муніцыпалітэце Вільнюса. Калі параўноўваць з мінулым годам, то колькасць жыхароў сталіцы, якія пажадалі аформіць кампенсацыю, узрасла амаль у чатыры разы.

Дайшло да таго, што нават кубак гарачай кавы становіцца для літоўцаў сапраўднай раскошай. Паводле даных статыстыкі, у жніўні кубак кавы ў Еўрасаюзе ў сярэднім каштаваў амаль на 17 працэнтаў даражэй, чым год таму, прычым больш за ўсё ён падаражэў менавіта ў Літве. Прадстаўнік сеткі кафэ Huracan coffee Нерыюс Пуджавяліс тлумачыць, што так адбылося не толькі з-за павелічэння цаны на сыравіну, але і з-за дарагой лагістыкі, электрычнасці, арэнды памяшканняў. «Мы бачым, што колькасць людзей у кавярнях скарачаецца. Людзі эканомяць, у іх з'яўляюцца дадатковыя расходы — за электрычнасць, ацяпленне», — кажа Пуджавяліс. Паводле яго слоў, паправіць становішча літоўскім кафэ і рэстаранам не выпадае і за кошт замежных турыстаў, колькасць якіх змяншаецца.

Прафесар Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук прафесар Айнэ Раманайце паведаміла Delfі, што кампанія Baltіjos tyrіmaі прапанавала вынікі апытання, паводле якіх 40 працэнтаў жыхароў Літвы жывуць на мяжы беднасці. Раманайце нагадала, што ў крызіс 2008-га пратэстаў не было, але тады з Літвы з'ехалі 80 тысяч жыхароў. «Гэтыя людзі выбралі такую форму пратэсту», — сказала яна. З пачатку студзеня да канца жніўня мінулага года з Літвы на заробкі ў ЕС з'ехала больш за 11 тысяч чалавек. Паводле папярэдніх звестак, сёлета за аналагічны перыяд — яшчэ 18 тысяч. Як мяркуе RuBaltіc, усё ідзе да таго, што негатыўная тэндэнцыя будзе нарастаць, эмігрыруюць апошнія працаздольныя грамадзяне.

Нядзіўна, што насельніцтва краіны ахапіў песімізм. 78 працэнтаў жыхароў Літвы лічаць, што апошнім часам эканамічнае становішча рэспублікі пагоршылася, і толькі 1 працэнт думае, што ўсё нармальна. Гэта высветлілася з апытання, якое правяла кампанія Baltіjos tyrіmaі. Людзі не вераць, што надалей будзе лепш — 72 працэнты ўдзельнікаў апытання сказалі, што справы ў краіне ідуць да найгоршага.

Шлях у «трэці свет»

У Латвіі ўжо вядомыя эканамічныя паказчыкі за трэці квартал гэтага года. Так, ВУП рэспублікі працягнуў падзенне і знізіўся на 0,6 працэнта. Абвал вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці на 3,9 працэнта адбіўся на зніжэнні ВУП мацней за ўсё. «Апераджальныя індыкатары і прагнозы развіцця краін свету і галоўных эканамічных партнёраў Латвіі сігналізуюць, што і ў наступным квартале ВУП Латвіі скароціцца. Настрой прадпрымальнікаў і спажыўцоў зніжаецца. Дапамога дзяржавы ў гэтым зімовым сезоне будзе адыгрываць істотную ролю ў стабілізацыі эканамічнай сітуацыі», — паведаміла міністэрства фінансаў Латвіі. На думку экспертаў, негатыўны ўплыў на эканоміку рэспублікі аказвае дарагоўля жыцця, якая вядзе да скарачэння спажывання. Між тым, на думку экспертаў, сітуацыя, якая склалася, б'е і па арыентаваных на экспарт галінах. Таму ў наступным годзе можна чакаць спаду да 10 працэнтаў у сферы прамысловасці.

З кожным днём жыхары Латвіі становяцца ўсё больш беднымі. Людзей просяць эканоміць, зацягнуць тужэй паясы, тлумачачы тое, што адбываецца, самымі рознымі прычынамі, адзначыў навінавы партал bb.lv. «Мы жывём у часы рэкорднай інфляцыі, памер якой у Латвіі супастаўны з краінамі «трэцяга свету». У выніку ўсе мы сталі бяднейшымі, за выключэннем тых, хто гандлюе газам і электрычнасцю, — заўважыў bb.lv Андрэй Ждан, кіраўнік мясаапрацоўчага прадпрыемства Forevers, што ўваходзіць у тройку найбуйнейшых вытворцаў Латвіі, і гэтак жа, як усе латвійцы, адчула на сабе крызіс. — Адбываецца абясцэньванне грошай. Дзяржавы раздаюць «верталётныя грошы», павялічваюць знешні доўг, ствараюць праграмы падтрымкі і кампенсацый за энерганосьбіты і г. д. Але трэба разумець, што за ўсё гэта давядзецца плаціць. У тым ліку і за дзеянні ўрада, за іх «верталётныя грошы», якія нам не дасталіся, але разагналі нашу інфляцыю да рэкордных значэнняў. Больш за тое, мы ўжо плацім інфляцыйны падатак за ўсе гэтыя дзеянні ў выглядзе абясцэньвання грошай. У эканоміцы расце грашовая маса, але тавараў і паслуг ад гэтага больш не становіцца. Акрамя таго, працуе так званае чаканне інфляцыі — эфект, пры якім вытворцы і прадаўцы вымушаныя перастрахоўвацца і закладваць у цэнаўтварэнне рызыкі далейшага росту цэн. Такім чынам, атрымліваецца, што сабекошт тавару яшчэ не ўзрос, а цана ўжо расце».

Найвышэйшая доля схільных да беднасці непаўналетніх сярод краін летась была ў Літве — 21,6 працэнта. Аб гэтым сведчаць даныя агенцтва Eurostat, якія прывёў партал Baltnews. У Латвіі такіх было 20,1 працэнта, у Эстоніі — 17,4 працэнта. Людзі старэйшыя за 18 гадоў у краінах Балтыі падвяргаюцца большай рызыцы беднасці і сацыяльнай ізаляцыі, чым у сярэднім па ЕС. У Латвіі паўналетніх, якія жывуць у беднасці, 27,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва, а ў Літве і Эстоніі — адпаведна 23,8 і 23,4 працэнта.

Цяперашнія эканамічныя праблемы Латвіі, Літвы і Эстоніі ў немалой ступені сталі вынікам бязглуздай палітыкі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі. Нараўне з Польшчай прыбалтыйскія краіны з'яўляюцца галоўнымі ініцыятарамі абмежаванняў. Імі былі прыняты візавыя абмежаванні, устаноўлены гандлёвыя бар'еры, уведзены забароны на супрацоўніцтва ў транспартнай, энергетычнай і іншых сферах. Як лічыць доктар эканамічных навук, прафесар кафедры еўрапейскіх даследаванняў факультэта міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута праблем рэгіянальнай эканомікі Расійскай акадэміі навук Мікалай Мяжэвіч, «у Вільнюсе, Рызе і Таліне сёння рашэнні прымаюцца па вядомым прынцыпе: «Хай у мяне хлеў згарыць, абы ў суседа карова здохла!»

Аднак санкцыйны «бумеранг» чакана вярнуўся. «Цяпер грамадзяне прыбалтыйскіх рэспублік пажынаюць плады гэтай палітыкі, падаючы заяўкі на гуманітарныя макароны, трапляючы пад скарачэнні і не маючы магчымасці нармальна ацяпляць свае дамы, — заўважыў RuBaltіc. — Ім не пашкодзіць як след задумацца над тым, ці варта на наступных выбарах галасаваць за кандыдатаў, якія прыносяць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у ахвяру палітычным заказам Лондана і Вашынгтона». Пры гэтым, як адзначыў Мікалай Мяжэвіч, «Вашынгтон разглядае Прыбалтыку як абсалютна несамастойную адзінку (прычым менавіта як адзінку, а не як тройку). З прыбалтамі не цырымоняцца ўвогуле». Гэта вынік дзеянняў мясцовых палітыканаў, для якіх інтарэсы простых людзей — пусты гук.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».