Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў «Капейка рубель беражэ... І не толькі свой»


Капейка рубель беражэ… І не толькі свой

...У мяне вельмі дрэнны характар (а мо наадварот — добры?), бо я ўсё сваё жыццё нешта выкручваю ды выгадваю, думаю, на чым сэканоміць! То нешта вазьму і перашыю, то, як у той казцы, «па сусеках паскрабу» ды пірог спяку, а то познім вечарам прабягуся па крамах, каб па спецыяльных зніжках купіць прадукты.


Фота: pixabay.com

Часта ў гэтых «прабежках» мяне суправаджае муж. Асабліва цяпер, калі рана цямнее...

У той вечар нам з ім відавочна пашанцавала: схадзілі, здаецца, у пяць крам, стаміліся: я — ад выбару і куплі прадуктаў, муж — ад пешай прагулкі (у крамы, як правіла, ён не заходзіць)... Але ж гэта не марна было: дзякуючы розніцы ў цэнах, «эканомія» склала амаль дзесяць рублёў! Для некага, можа, і дробязь, а мне дык прыемна! Бо яшчэ і муж прызнаў: «Хто рана спаць не кладзецца, у таго і капейка вядзецца». Я ад гэтых слоў магла б і зусім не спаць: сіл з'явілася столькі, што, здавалася, горы звярну!.. І свет абдыму...

«Трах-цібідах-цібідах» (заклён старога Хатабыча): маё жаданне, падобна, збываецца! Па нашым двары неяк вельмі няўпэнена сноўдае адзінокая жанчына: размаўляе сама з сабой, часам уздымае рукі...

— Вы некага чакаеце? — пытаю ў яе.

— Не, я заблудзілася, — спалохана прамаўляе незнаёмка. (Ад яе — гадоў сарака, досыць добра апранутай — здалёк патыхае спіртным).

— У некага, — цікаўлюся, — былі ў гасцях?

— Не... Я не ведаю, як сюды патрапіла. Мне холадна.

Жанчына захінае полы незашпіленага паліто.

— А дзе ж вы жывяце? — працягваю допыт.

«Згуба» называе свой раён.

— Да яго далёка... Ды і позна ўжо. Вам трэба выклікаць таксі.

— Так-так! — узрадавалася жанчына.

Мой муж скептычна назіраў, як яна выцягнула з кішэні дарагі смартфон, як, пастукваючы даўжэзнымі пазногцямі, спрабавала пальцам вадзіць па цёмным экране... Мабільнік чамусьці не працаваў.

— Вы не маглі б мне выклікаць таксі? — спытала ў нас незнаёмка. — Я за яго заплачу, у мяне ёсць грошы.

Ну што было рабіць: я дастала свой мабільнік, набрала дыспетчара, сказала, што еду не сама, а п'янаватая дама.

— А грошы ў яе ёсць? — спытаў дыспетчар.

— Кажа, што ёсць.

Хвілін з пяць мы чакалі машыну. Незнаёмка за гэты час паспела расказаць нам, што ў яе добрая работа і двое дзяцей... Паспела падзякаваць за разуменне і сесці ў машыну. На развітанне мы параілі ёй не піць...

Таксі ад'ехала і праз хвіліну вярнулася назад. Кіроўца высунуўся з акна і сказаў, што грошай у пасажыркі няма, а без іх ён нікуды яе не павязе...

Вы здагадаліся: дамоў мы вярнуліся з прадуктамі, але без сэканомленай дзясяткі. На што муж па-філасофску зазначыў, што яе трэба было зберагчы... Нават ведаючы, на што канкрэтна патраціш.

Н. СЯМЁНАВА

г. Гомель


Працаваць трэба... горш

Сустрэча з былым аднакурснікам ды праз дзесяцігоддзі (!) — гэта, згадзіцеся, падзея, прычым прыемная! Мы з ім нагаварыцца не маглі!.. А да ўсяго Валера згледзеў у мяне стос звяздоўскіх «праўдзівых гісторый» (мне іх цікава не толькі чытаць, але і перачытваць) ды ўзяўся расказваць свае. Амаль даслоўна:

— Некалі нас, настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй, запрашалі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі прымаць уступныя экзамены. Так, маўляў, прасцей засцерагчыся ад розных злоўжыванняў з боку сваіх выкладчыкаў, забяспечыць большую аб'ектыўнасць...

Нешта ў гэтым і сапраўды было.

Дык вось, дзень як дзень: мы, экзаменатары, дружна разышліся па сваіх аўдыторыях. Я, перад тым як пачаць дыктоўку, выканаў адпаведныя фармальнасці... І тут дзверы адчыняюццы, у пакой заходзяць дырэктар вучылішча і з ім нейкі вельмі важны акулярык. «Гэта Пётр Пятровіч» (прозвішча ўжо не щ мяці), — прадстаўляе яго дырэктар, называе пасаду і досыць высокую кантралюючую інстанцыю, кажа, што «госць» будзе сачыць за ходам экзамена.

Будзе дык будзе: няхай!

Той і сапраўды кіруе ў глыб аўдыторыі, садзіцца за апошні стол, працірае акуляры, з папкі дастае паперы...

Трэба разумець, заўвагі будзе запісваць?..

Гэта, мякка кажучы, непрыемна, але ж віду я не падаю: усё раблю па інструкцыі, па метадычцы, не заікаюся — спакойна дыктую тэкст. Абітурыенты пішуць.

Краем вока бачу, што піша і правяральшчык. А вось што? Калі сапраўды заўвагі, то чаму іх столькі? Можа, думаю, не так я нешта раблю? Але што? Усе нормы для правядзення дыктовак, як быццам, вытрыманы?..

Ды и сама дыктоўка нарэшце скончана. Госць, сабраўшы ўсе паперы, дзякуе мне (шчыра ці «дзяжурна» яно ж не разбярэш) — кіруе ў кабінет дырэктара.

Туды ж праз нейкі час выклікаюць мяне.

Дабра ад гэтага я, вядома ж, не чакаю, але заходжу ў кабінет, са здзіўленнем бачу, што гаспадар яго — у найлепшым настроі! Кажа мне, што работу экзаменацыйнай камісіі правяраючы ацаніў станоўча, што па маёй дыктоўцы заўваг ніякіх...

— А што ж тады гэты Пятровіч пісаў? — цікаўлюся ў дырэктара.

— Дык жа дыктоўку!.. Разам з дзецьмі. І, дарэчы, на «дзявятку» (тады якраз дзесяцібальную сістэму ўвялі). Мог і на «дзясятку» выцягнуць, але ж адно выпраўленне было... Так што, задаволены ён тваёй работай: за пятай чаркай «чаю» па сакрэце прызнаўся, што ў школе за дыктоўкі яму вышэй «тройкі» амаль ніколі не ставілі.

— Але ж вы, — змяніў раптам тон дырэктар, — не зазнавайцеся! І ведайце, што щ нас — конкурс: дзесяць чалавек на месца. Нам патрэбны адсеў. Вы разумееце, аб чым я?

...Ну як не зразумець? На наступнай дыктоўцы я ўжо так не стараўся.

М. ІВАНОЎСКІ

г. Орша


Хоць які целяпей, ды ўдваіх ляпей!

Для пачатку — байка. У адной вёсцы жыў дзед, звалі яго Кручок, а ён гэтую мянушку проста «цярпець ненавідзеў»! Асабліва калі ад жонкі чуў...

Дык тая не, каб узяць ды прыкусіць свой язык (ну хоць зрэдку), яна наадварот: Кручок ды Кручок — і з прычынай, і без прычыны...

Дастала чалавека! Той апошняе папярэджанне зрабіў (і ўжо не кітайскае!): «Яшчэ хоць раз вось так назавеш — утаплю!»

Баба гэта пачула і тут жа ў вочы яму: «Кручок!».

Дзед таксама тут жа бабу за «косы» і да ракі. Пасадзіў там у лодку, адгроб на сярэдзіну, пытае: «Будзеш абзывацца?» Баба ў адказ: «Буду! Кручок!». Дзед за яе і ў ваду: яе аж па шыю ўжо... Зноў пытаецца: «Будзеш?». Тая галавой ківае: буду, маўляў. «А зараз?» — спытаў дзед, ледзь не ўсю пагрузіўшы ў ваду. Баба ўжо адказаць не можа: з вады толькі палец тырчыць... кручком (?!) сагнуты.

Вось якія бабы бываюць! Пра іх нават песня ёсць — народная, але ж не іначай мужчына склаў. Здалёк да жонкі пад'ехаў: адзявайся, маўляў, у новае белле, я ж цябе павяду з сабой на вяселле... Сам жа падмануў: тапіць яе стаў. «А як баба узнырне, то дзед кіем падпіхне».

Карацей — гэта не «працэс», а проста мара ўсіх мужчын, якім дастаюцца падобныя жонкі.

І для іх, для жонак, гэта, здавалася б, урок? А ж не!

...Чысцюткая праўда! Адна жанчына свайго чалавека Алкашом празвала. Наконт выпіць ён і праўда дурны быў: шклянку-другую мог перакуліць, рукавом занюхаць і пайсці гаспадарку пыніць, нават карову мог падаіць...

Дзякуючы вось гэтаму яго палавіна і адзін раз за мяжой пабывала, і другі... Спадабалася бабе! А таму пірагамі мужа папесціць, хвастом перад ім памяце, на нейкі час на мянушку забудзецца, той і гатовы: «Ды едзь куды хочаш... Упраўлюся я з каровай!»

Вось гэта для гаспадыні самае важнае. Яна з таго замежжа яшчэ і званіла штодня. І не, каб спытаць у мужа, як сам... А ўсё, як карова (летам ад яе асноўны прыбытак)...

А што ёй зробіцца, той карове: гаспадар і доіць, і малако парадкуе-прадае, і да бычка водзіць, і пастуха ні разу не праспаў, нават пасля ўчарашняга...

Вось гэта жонка цаніла: прывозіла мужу заморскага спіртнога, бо заслужыў жа! Ды і налета мог адпусціць...

А тут — на табе: вірусы касякамі, санкцыі пачкамі, нават воспа, як чорт з табакеркі!

І ўсё, і ніхто нікуды не едзе: можна далей з мужам сабачыцца, алкашом абзываць.

...У той раз жонка не на жарт разышлася: можа нават рэкорд пабіла!

Але ж і дорага ён каштаваў: на хуткай у бальніцу завезлі. «Ну ты ж карову падоіш?» — спытала адтуль у мужа. Той сказаў як адрэзаў: «І не падумаю... Алкашы карову не дояць».

Давялося хворай суседку прасіць, у якой і свае праблемы, і свая карова: два дні да чужой пахадзіла і кінула. Давялося гаспадыні самой пад распіску адпрасіцца з бальніцы ды прыехаць дамоў.

Цяпер гаспадарка ў іх дагледжана, святло ў вокнах гарыць і ў хаце ціхенька-ціхенька!

Можа, той муж з выпіўкай «завязаў»? Мо жонка ўспомніла нашу прымаўку: «Хоць які целяпей, ды ўдваіх ляпей»? Можа, падлічыла-прыкінула, што дзве зарплаты ці пенсіі таксама лепш, чым адна, а мо зразумела, што калі не за мяжу, то ў бальніцу яна дакладна патрапіць... І на каго тады пакінуць карову?

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.