Вы тут

Спорт стаў палітыкай. Якія меры прымаюцца, каб абараніць беларускіх паралімпійцаў


На нядаўняй пазачарговай Генасамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта ў Берліне было прынятае рашэнне аб прыпыненні членства Паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі ў МПК. Зразумела, што пакідаць гэта без адказу нельга. Прадстаўнікі Нацыянальнага паралімпійскага камітэта расказалі, якія меры прымаюцца, каб абараніць атлетаў і ўстанавіць справядлівасць. Па словах старшыні Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алега Шэпеля, гэтае рашэнне не было нечаканым. Беларускі бок падрыхтаваў матэрыялы, дзе падрабязна і канкрэтна растлумачыў, што не парушыў ні аднаго пункта Канстытуцыі Міжнароднага паралімпійскага камітэта. 


Акрамя таго, ёсць пэўныя пытанні і да правядзення Генасамблеі ў Берліне. У склад Міжнароднага паралімпійскага камітэта ўваходзіць 184 краіны. За прыпыненне членства Паралімпійскага камітэту Беларусі прагаласавалі 54 дэлегаты, супраць — 45, 18 краін устрымаліся. Але ў Берліне не прысутнічалі прадстаўнікі Паралімпійскіх камітэтаў іншых краін, пераважна краін постсавецкай прасторы, якія хутчэй за ўсё, падтрымалі б беларусаў. Прычына іх адсутнасці ў тым, што ім не далі візы. 

«Тое, што ёсць раскол у паралімпійскім руху, гэта адназначна. Мы даслалі петыцыю ў трыбунал міжнароднага Паралімпійскага камітэта. Разам з юрыстамі мы дакументальна расклалі, якія пункты Канстытуцыі Міжнароднага Паралімпійскага камітэта парушаюцца. Спадзяюся, што будзе разгледжана аб’ектыўна. Хаця зараз спорт стаў не проста элементам палітыкі, а палітыкай. Мы не пакідаем надзеі. Мы можам падаць іск у Канстытуцыйны суд Германіі, паколькі Міжнародны Паралімпійскі камітэт дзейнічае ў гэтай краіне. Мы прапрацоўвалі ўжо пытанне з нямецкімі адвакатамі. Але трэба ўзважыць усе за і супраць, таму што гэта каштуе немалых грошай і, на жаль, у наш час мы не можам разлічваць на аб’ектыўнасць. Крок за крокам, зыходзячы з усіх правіл, мы будзем рухацца наперад. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб нашыя спартсмены не толькі трэніраваліся, а як мага часцей выступалі і спаборнічалі. Кожны спартсмен павінен выступаць. Можа быць, гэта спаборніцтвы не самага высокага ўзроўню, але мы цудоўна разумеем, што і міжнародны паралімпійскі рух таксама шмат страціў. Таму што ў зімовых відах спорту Расія на першым месцы, мы ўваходзім у дзясятку. Я ўпэўнены, што кожная вайна заканчваецца мірам. Хутка ўсё вернецца на кругі свая, і мы вернемся да паўнавартаснага спартыўнага жыцця». — адзначыў Алег Шэпель. 

Генеральны сакратар Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка падкрэсліў, што міжнародныя чыноўнікі пакідалі без адказу адкрытыя звароты і лісты. Ніхто дакладна не растлумачыў, за што беларускіх спартсменаў спачатку адхілілі ад удзелу ў Паралімпійскіх гульнях у Пекіне за дзень да старту, а затым спынілі членства беларускага паралімпійскага камітэта ў Міжнародным. Мікалай Шудзейка нагадаў, што ў Пекіне спартыўныя дэлегацыі розных краін паводзілі сябе абсалютна дружалюбна і ніякай эскалацыі ў іх адносінах не адчувалася. Адчувалася толькі палітычная падаплёка рашэння Міжнароднага паралімпійскага камітэта, кіраўнікі якога так і не з’явіліся ў алімпійскай вёсцы. «У першую чаргу, пацярпелі спартсмены, быў нанесены вялізны маральны ўрон. Яны паклалі столькі крыві і поту, каб паказаць дастойны вынік. Іх пазбавілі такой магчымасці. Мы адчулі поўную падтрымку з боку Урада, прыватных кампаній, сродкаў масай інфармацыі. Мы не адчувалі, што мы засталіся сам-насам са сваёй праблемай. Мы распрацавалі пэўны план, каб абараніць гонар і годнасць нашых спартсменаў і нашага Паралімпійскага камітэта. Мы выконваем усе прынцыпы і палажэнні, прадэкламаваныя ў Канстытуцыі Міжнароднага паралімпійскага камітэта. Галоўны прынцып — гэта спартыўны нейтралітэт. Мы не палітыкі, не вайскоўцы. Мы займаліся сваёй справай і стараліся рабіць гэта добра. Мы за мір, за мірнае суіснаванне. Мы супраць любой дыскрымінацыі. Мы лічым, што гэта было палітызаванае дыскрымінацыйнае рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта спачатку адхіліць спартсменаў, а затым прыпыніць нашае членства», — заявіў Мікалай Шудзейка. Таксама генсек Нацыянальнага паралімпійскага камітэта расказаў, што кожны члены нацыянальнай каманды, які не змог выступіць у Пеікне, накіраваў іск у Еўрапейскі суд па справах чалавека. Сёння Паралімпійскі камітэт Беларусі плануе выкарыстаць усе юрыдычныя спосабы, каб дабіцца справядлівасці і вяртання беларускіх спартсменаў на міжнародную арэну.

Шматразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў Святлана Саханенка прызналася, што зараз спартсменам усё складаней знайсці матывацыю і жаданне трэніравацца. «Спаборніцтвы — гэта самае важнае ў нашай рабоце. Для паралімпійцаў спорт — гэта не толькі праца, гэта сацыялізацыя і самарэалізацыя, гэта цэлае жыццё. Мы не палітыкі. Наша задача паказаць вынік, што мы і рабілі. Але ў нас гэтую магчымасць адабралі, і гэта не паддаецца ніякай логіцы. Пайшло ўсё насуперак алімпійскаму руху. Самае жахлівае, што ў свеце забылі, што ёсць спорт, забылі, па якіх правілах і законах ён існуе. На сёння нашая задача падладзіцца пад тое, што адбываецца і выціснуць максімум з усяго таго, што ў нас ёсць», — падкрэсліла спартсменка. 

«Гэта несправядліва»

Абарона правоў беларускіх паралімпйцаў абмеркавалі і на сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі з кіраўніцтвам Паралімпійскага камітэта Беларусі. «Парламентарыі гэтак жа, як і ўсе грамадзяне нашай краіны, вельмі абураныя тым, што Міжнародны паралімпійскі камітэт вынес рашэнне аб прыпыненні членства Рэспублікі Беларусь у Міжнародным паралімпійскім камітэце. Мы выдатна разумеем, што спорт павінен быць па-за палітыкай, як і ахова здароўя. На сёння і спорт зрабілі палітыкай, і паралімпійскі рух таксама», — сказала Людміла Макарына-Кібак, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў. 

У ходзе сустрэчы была прынятая сумесная заява пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, па працы і сацыяльных пытаннях, па міжнародных справах, а таксама пастаянных камісій Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Гэтая заява асуджае палітычна ангажаванае рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта.

«Людзі, якія маюць асаблівасці ў развіцці або атрымалі інваліднасць на працягу жыцця, — асаблівыя людзі. Яны сваёй прыхільнасцю да спорту паказваюць сілу волі для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Мы заўсёды вельмі любілі за іх перажываць, назіраць, як яны трэніруюцца. І сёння, калі бачым такую несправядлівасць, мы прынялі рашэнне сабраць тры камісіі Палаты прадстаўнікоў, запрасілі нашых калег з Савета Рэспублікі і вырашылі прыняць заяву, якую потым давесці да Міжнароднага парламенцкага руху. Мы хочам прыцягнуць увагу грамадскасці не толькі Рэспублікі Беларусь, але і ўсяго свету, таму што гэта несправядліва. Мы павінны дазваляць людзям з асаблівасцямі развіцця ўдзельнічаць не толькі ў спорце, але ўвогуле сваім жыццёвым прыкладам паказваць, як трэба любіць жыццё, як трэба актыўна ў ім удзельнічаць», — падкрэсліла Людміла Макарына-Кібак. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».