Вы тут

Цяжарную жанчыну звольнілі па тэлефоне «за прагулы»


Просьбы патлумачыць той ці іншы аспект працоўнага заканадаўства штодня паступаюць на гарачую лінію прававой інспекцыі працы Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Такая дапамога можа змяніць жыццё цэлай сям'і, прадухіліць парушэнне закона. Падчас апошняга рэспубліканскага прафсаюзнага прававога прыёму грамадзян, які ахапіў 21 раён Гомельшчыны, менавіта аб працоўным заканадаўстве паступіла 70 пытанняў. Адносіны паміж наймальнікам і працаўніком не павінны быць гульнёй без правіл. Абодва бакі могуць атрымаць пенальці ў свае вароты. Паказальная гісторыя, калі парушэнне заканадаўства прыводзіць да непрыемнай сітуацыі як для працаўніка, так і наймальніка, адбылася ў Жлобінскім раёне.


Факт: Аб звальненні паведамілі па тэлефоне

У жніўні на адрас Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў паступіў зварот работніцы аднаго з прадпрыемстваў Жлобінскага раёна. Яе, цяжарную жанчыну, наймальнік звольніў, па яе словах, за прагулы без уважлівай прычыны.

— Звольненая звярнулася спачатку ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, а пасля на гарачую лінію абласнога аб'яднання па кансультацыйную дапамогу, якая была ёй аказана ў поўным аб'ёме, — тлумачыць галоўны прававы інспектар працы Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Таццяна Сташук.

Менавіта Таццяна Аляксандраўна адгукнулася на просьбу аб дапамозе цяжарнай жанчыны.

— Пэўнай рэгламентнай працэдуры дапамогі ў падобных сітуацыях няма. У законе дакладна прапісана, што члену прафсаюза аказваецца поўная бясплатная юрыдычная падтрымка.

Высветлілася, што працаўніца не з'яўляецца членам прафсаюза на сваім прадпрыемстве, хоць пярвічка там існуе. Пры гэтым сітуацыя жанчыны была нестандартная. Прыватныя юрысты нават не сталі б з гэтым працаваць, а чалавек, безумоўна, апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — дадае Таццяна Сташук.

Жанчына звярнулася да галоўнага прававога інспектара ў адчаі. Стала зразумела, што толькі тэлефоннай кансультацыі недастаткова. Заяўніцы прапанавалі падаць пісьмовую заяву ў абласное аб'яднанне прафсаюзаў.

— Наймальнік не сустрэўся з работнікам, не азнаёміў яе з загадам аб звальненні і прычынай такога рашэння, не выдаў працоўную кніжку, аб звальненні жанчыне паведамілі па тэлефоне, — тлумачыць галоўны прававы інспектар працы.

Каб дасканала разабрацца ў складзенай сітуацыі, спецыяліст выехала ў раён і правяла маніторынг захавання арганізацыяй, што звольніла цяжарную жанчыну, працоўнага заканадаўства.

— Быў выяўлены шэраг парушэнняў, якія ў судзе былі б выкарыстаны на карысць працаўніка. На гэтыя заўвагі мы звярнулі ўвагу наймальніка і юрыста арганізацыі. Парэкамендавалі працягнуць працоўныя адносіны з работнікам — аднавіць яе на працы, каб цяжарная жанчына спакойна пайшла ў належны ёй адпачынак па доглядзе дзіцяці. Пасля накіравалі пісьмовую рэкамендацыю аб тым, што неабходна выправіць сітуацыю з работніцай у законным парадку, — расказвае Таццяна Сташук.

Ніякіх дзеянняў у адказ ад наймальніка не паступіла. Галоўны прававы інспектар працы Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў склала іскавую заяву аб аднаўленні працаўніка на рабоце, а таксама аб спагнанні з наймальніка сярэдняга заработку за час вымушанага прагулу і кампенсацыі маральнай шкоды. У судзе звольненая жанчына сама прадстаўляла свае правы, бо з-за адсутнасці статусу члена прафсаюза не мела права на прадстаўленне яе інтарэсаў з боку прававога інспектара абласнога аб'яднання. Пры гэтым заяўніца пасля кожнага пасяджэння магла звяртацца па кансультацыю да спецыяліста. Судовая цяжба скончылася тым, што іск аб аднаўленні на працы суд цалкам задаволіў.

— Жанчыну аднавілі на працоўным месцы, выплацілі заробак за час вымушанага прагулу ў памеры 476 рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 200 рублёў. Акрамя таго, наймальнік аплаціў звольненай водпуск па цяжарнасці і родах, які першапачаткова аплачваць адмаўляўся, — падкрэслівае Таццяна Сташук.

Варта адзначыць, што і рашэнне суда кіраўніцтва арганізацыі выконваць не спяшалася. Пацвердзіла спецыяліст і тое, што падчас адстойвання сваіх правоў працаўнік падвяргаўся эмацыянальнаму і псіхалагічнаму ціску з боку наймальніка.

Асоба: Будучая мама

Дваццацісямігадовая кухар Маргарыта са Жлобіна літаральна з дня на дзень рыхтуецца першы раз стаць маці. Толькі крыху больш чым месяц таму жанчына нарэшце паставіла кропку ў гісторыі свайго звальнення з работы.

— Працавала кухарам у адной з аграсядзіб раёна. Спачатку каля года проста па дагаворы падраду, а ўжо гэтай вясной са мной заключылі кантракт. У красавіку зацяжарыла. Гэта была вельмі радасная навіна, бо мы з мужам каля пяці гадоў марылі аб дзіцяці. На рабоце я спачатку не хацела нікому казаць, што планую пайсці ў дэкрэтны адпачынак. Калі стала на медыцынскі ўлік па цяжарнасці, то прынесла адпаведную даведку, — расказвае Маргарыта.

Прызнаецца, цяжарнасць працякала неспакойна — прыходзілася раз за разам ісці на бюлетэнь, класціся ў стацыянар. На рабоце пачаліся праблемы. Прывядзём цалкам апісанне падзей апошніх месяцаў з першых вуснаў самой суразмоўцы:

— У жніўні я выйшла на змену як заўсёды. Усіх сабралі на планёрку, і дырэктар паказаў запісы з відэаназірання, на якіх я кладу штосьці з прадуктаў у пакет і выходжу. Мне не далі і слова сказаць у апраўданне, адправілі пісаць заяву на звальненне па дамове бакоў. Я сабрала рэчы і паехала ў паліклініку, бо блага сябе адчувала. У гэты дзень мяне паклалі на захоўванне цяжарнасці ў радзільню. На працу, зразумела, я ўжо не выйшла. На наступны дзень высветлілася, што павінна была выходзіць на працу ў начную змену з васьмі гадзін вечара да васьмі раніцы, пры гэтым вядома, што я цяжарная і што мне нельга працаваць па такім графіку. Праз пэўны час да мяне ў бальніцу прыйшоў участковы і распавёў, што мой дырэктар плануе падаваць на мяне заяву ў міліцыю за крадзеж. Я адказала, што няхай падае і даказвае, калі я штосьці скрала. Справа па гэтым абвінавачванні ўсё ж такі да суда дайшла, але на пасяджэнне мой дырэктар не з'явіўся і ніякіх доказаў маёй віны не прадставіў.

Жанчына ўпэўненая, што звольнілі яе па надуманых падставах. Таму і вырашыла даказаць, што наймальнік парушыў закон. Падаваць заяву ў суд, прадстаўляць там свае правы ёй і сапраўды прышлося ў перапынках паміж шпіталізацыямі.

— Муж адгаворваў нешта даказваць. Але мне стала вельмі крыўдна. Мяне абвінавацілі ў крадзяжы, каб звольніць. Пры гэтым я, пакуль не зацяжарала, «жыла» на той рабоце, — дадае Маргарыта.

Іншы бок: Калектыў і негатыў

Бачанне сітуацыі ўласна ад самога наймальніка Маргарыты,на жаль,высветліць не ўдалося. Па тэлефоне, што ўказаны як адзіны для любых зваротаў у адрас арганізацыі, адказала дзяжурны супрацоўнік Ірына. Яна паведаміла, што на яе вачах разгортвалася сітуацыя, у якой апынулася калега. Калектыў, па словах Ірыны, аднагалосна падтрымаў рашэнне кіраўніка аб звальненні Маргарыты:

— Гэтага чалавека як быццам падмянілі. Была вельмі добрая дзяўчына, выдатна працавала, нічога не магу сказаць. Пасля дэманстрацыі ёй відэа з камер назірання, дзе відаць, як яна выносіць пакет з булачкамі (у нас правяраюць сумкі, калі супрацоўнікі выходзяць з работы), Рыта даводзіла, што прыносіла прадукты з дому, каб тыя булкі спячы. Але ў нас так не заведзена...

Тым не менш цяжарная жанчына была звольнена са шматлікімі парушэннямі прававога заканадаўства з боку наймальніка. А прэзумпцыю невінаватасці ніхто не адмяняў.

Да ведама: У дасудовым парадку

Па інфармацыі галоўнага прававога інспектара працы Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Таццяны Сташук, у рэгіёне ў мінулым годзе 13 працаўнікоў былі адноўлены на рабоце. Іх парушаныя законныя правы абаранілі юрысты праз суд. Сёлета ў першым паўгоддзі адноўлены на працы трое жыхароў рэгіёна.

— Дарэчы, у гэтым годзе больш наймальнікаў стала прыслухоўвацца да рэкамендацый па выпраўленні парушэнняў працоўнага права. Наймальнікі імкнуцца ўсё часцей вырашаць спрэчныя сітуацыі ў дасудовым парадку. Гэта могуць быць не толькі адмены незаконнага рашэння аб звальненні, але і вяртанне грошай пасля іх незаконнага спагнання, — адзначае інспектар.

На жаль, жаданне выбудаваць канструктыўны дыялог паміж наймальнікам і працаўніком, унікнуць у сітуацыю з розных бакоў, пачуць апанента сустракаецца не заўсёды. Тады і нараджаюцца гісторыі, як са звольненым кухарам са Жлобіна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?