Вы тут

Швед: Лічу, што наша дзіцячая літаратура цяпер імкліва развіваецца


Напярэдадні маштабнага і непераўзыдзенага па сваёй значнасці для фарміравання цікавасці дзяцей да чытання мерапрыемства, што арганізуе Саюз пісьменнікаў Беларусі — пленума па дзіцячай літаратуры — Таццяна Швед, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска, распавядае пра супрацоўніцтва з пісьменніцкай суполкай, пра міжнародны досвед у рабоце бібліятэк і пра тое, чым зараз захапляюцца дзеці і падлеткі.


Таццяна Швед. Фота Кастуся Дробава.

— Таццяна Аляксееўна, ці чакаць чагосьці асаблівага ад мерапрыемства маленькім чытачам — уласна тым, дзе¬ля каго ўсё і задумвалася? 

— Каб ведаць, што цікава нашаму чытачу, што ён чакае ад дзіцячага пісьменніка, мы праводзім анкетаванне як чытачоў, так і загадчыц дзіцячых бібліятэк з мэтай высветліць, якіх літаратараў малыя чытаюць часцей, што з класікі ім найбольш падабаецца, чаму менавіта ў бібліятэку прыходзяць дзеці, ці ёсць у іх беларускія кнігі дома і ці патрэбна больш беларускай літаратуры ад нашых выдавецтваў. Вынікі анкетавання будуць улічаны ў нашай працы ў найбліжэйшы час. У дзень правядзення пленума ў сталічных дзіцячых бібліятэках адбудзецца акцыя «Разам з кнігай мы расцём!». 

Праз акцыю мы хочам больш засяродзіць увагу нашых юных чытачоў на тых пісьменніках, якія сёння шчыруюць на ніве дзіцячай літаратуры — у бібліятэках адбудуцца сустрэчы з аўтарамі. Незвычайным будзе тое, што прыедуць яны з усёй краіны. Так, у дзень пра¬вядзення пленума кніжніцы наведаюць пісьменнікі з Гродзенскай вобласці, адкрыюць нашым маленькім чытачам сакрэты сваёй творчасці. Мяркую, што акцыя гэтая, акрамя наведвальнікаў, патрэбна як дзіцячым бібліятэкарам, так і самім пісьменнікам — кожны з іх хоча, каб твор яго публікавалі і чыталі, каб кнігі карысталіся попытам, а таксама прыцягвалі новых аматараў, якія, можа, дагэтуль і не чыталі па-беларуску, але вось пабачылі выданне, патрымалі ў руках і зацікавіліся. 

Акрамя таго, у межах акцыі адбудуцца кніжныя выстаўкі, падрыхтаваныя з мэтай папулярызацыі творчасці беларускіх аўтараў. 

Хай чытачы часцей зазіраюць на наш сайт, каб не прапусціць тую ці іншую цікавую сустрэчу — анонс абавязкова будзе. Змесцім інфармацыю і ў сацы¬яльных сетках. У каго не атрымаецца сустрэцца з пісьменнікам, зможа паглядзець інфармацыю на сайце. 

— Нягледзячы на тое, што дзіцячых пісьменнікаў шмат і яны пастаянна ў розных формах працуюць з дзецьмі, ёсць кола праблем, пра якія і пойдзе гаворка на пленуме... 

— Лічу, што наша дзіцячая літаратура цяпер імкліва развіваецца. Яшчэ 10–15 гадоў таму была зусім іншая сітуацыя. Калі ў тыя часы абмяркоўвалі стан дзіцячай літаратуры, то прыйшлі да высновы, што выданняў для дзяцей, асабліва малодшага ўзросту, у нас не хапае: кніг выходзіла вельмі мала. Раней існавала выдавецтва «Юнацтва» — яно спецыялізавалася на дзіцячай літаратуры — сярод аўтараў праводзіўся строгі адбор. Была сур’ёзная канкурэнцыя, якую вытрымлівалі толькі найлепшыя творы для дзяцей, гэта спрыяла якасці дзіцячай літаратуры. Але разам з тым існаваў недахоп кніг. Калі час змяніўся і выдавецтва гэтага не стала, дзіцячай літаратуры паменшала. Але цяпер і Выдавецкі дом «Звязда», і «Мастацкая літаратура», і «Адукацыя і выхаванне» рыхтуюць кнігі для дзяцей. У гэтых установах да дзіцячых кніг ставяцца вельмі сур’ёзна: і да якасці твораў, і да ілюстрацый, і да афармлення. Але калі кніжка добрая, то яна абавязкова пабачыць свет. Тут праблема ўжо для выдавецтва: бывае складаным на ўзроўні рукапісу вызначыць, ці будзе твор карыстацца ў маленькага чытача попытам. Так, рызыка ёсць заўжды. 

Але дзяржава падтрымлівае выданне дзіцячай літаратуры: каб кніга была танней для пакупніка, на яе выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. Таму нашы дзеці маюць магчымасць чытаць беларускую кнігу. А яна вельмі патрэбна: бацькі з малымі часта звяртаюцца ў бібліятэкі з запытамі пра кнігі на беларускай мове. І магу з гонарам зазначыць, што сёння бібліятэкі маюць магчымасць прапанаваць адпаведную літаратуру для дамашняга чытання, і гэта ідзе толькі на карысць маленькаму беларусу, які разам з сям’ёй вывучае родную мову. Творы, што выходзяць у нашых выдавецтвах і якія мы выкарыстоўваем у сваёй рабоце, маюць уплыў і на патрыятычнае выхаванне школьнікаў. 

Таму лічу, што добрая дзіцячая літаратура — тая, у якой задавальняе ўсё: і сучаснае афармленне, і фармат, зручны для таго, каб дзіця магло пакласці кніжачку ў партфель і ўзяць з сабой, — ёсць і развіваецца. Адносна пленума можна толькі пажадаць, каб адбылася добрая канструктыўная размова, каб прыслухаліся да бібліятэкараў і настаўнікаў, каб увага да дзіцячай літаратуры павялічылася. 

Фота з архіва Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска.

— А вы пра што маеце расказаць на пленуме? 

— Будзе даклад аб супрацоўніцтве дзіцячых бібліятэк з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а таксама пра тое, якая літаратура карыстаецца ў юных чытачоў попытам, якія беларускія кнігі найбольш запатрабаваны. 

Сёння кожная бібліятэка надае шмат увагі прапагандзе айчынных кніг. Ёсць сярод бібліятэк такія, дзе працуе «Беларуская хатка» — там праходзяць сустрэчы з пісьменнікамі. Прыходзяць у «Беларускую хатку» зусім маленькія дзеткі, дашкольнікі. Ёсць і клуб «Буслік», у якім адбываюцца сустрэчы з літаратарамі. Адна з наладжаных цікавых форм работы — сумесна са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхасём Пазняковым у дзіцячай бібліятэцы № 2 — наведванне кабінета пісьменніка, дзе ёсць імправізаваны пакой, у якім на свет з’яўляюцца новыя творы, а літаратар абдумвае і абмяркоўвае іх са сваімі блізкімі. 

Выстаўкі, што арганізоўваюцца для дзіцячага чытача, не такія, як зазвычай для дарослага — з асаблівасцямі, адпаведнымі ўзросту. 

У дзіцячых бібліятэках вельмі добрыя кніжныя фонды — можам выдаць чытачу практычна любую кнігу, што пабачыла свет у нашых выдавецтвах, а таксама класічныя творы. 

Вось гэтыя моманты і будуць адлю¬страваны на пленуме. Акрамя таго, як бібліятэкар лічу патрэбным выказаць меркаванне аб тым, што ў Беларусі павінна быць і Нацыянальная дзіцячая бібліятэка. Каб было больш магчымас¬цей і ўмоў займацца выхаваннем і адукацыяй новых пакаленняў. 

— Вы збіраецеся ў камандзіроўку ў Маскву. Ёсць чым падзяліцца з су¬працоўнікамі расійскіх бібліятэк? 

— У Маскве адбудзецца штогадовая нарада дырэктараў бібліятэк Расійскай Федэрацыі, што абслугоўваюць дзяцей. Буду распавядаць пра супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў, пра тое, як мы прапагандуем нашы кнігі, як прывабліваем чытачоў. Але, акрамя таго, вельмі хочацца паслухаць і пераняць напрацаваны расійскімі бібліятэкамі досвед па дзіцячым чытанні і міжнародным супрацоўніцтве. На гэтае мерапрыемства з’язджаюцца з усіх куточкаў Расіі — вельмі цікава даведацца, што ў розных рэгіёнах робяць для таго, каб бібліятэка і цяпер заставалася сучаснай цікавай установай для падрастаючага пакалення. 

Фота з архіва Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска.

— Ці могуць расійскія бібліятэкі штосьці пераняць ад нас? 

— Супрацоўнічаем з расійскімі бібліятэкамі даўно, доўгі час дзелімся напрацоўкамі. Так, ёсць нават дагавор аб супрацоўніцтве з Дзіцячай бібліятэкай імя Альберта Ліханава з Белгарада. Выдатны досвед, якім хочацца падзяліцца, — дзейнасць у сацсетках, на інтэрнэт-рэсурсах, супрацоўніцтва менавіта з беларускімі пісьменнікамі, з партнёрамі. Штогод мы ўдзельнічаем у расійскіх прафесійных мерапрыемствах, а расійскія калегі — у нашых. Апошнім часам у сувязі з пандэміяй удзельнічаем у вэбінарах. А ў акцыі «Чытаем беларускую кнігу», якую правялі ўжо двойчы, далучыліся і чытачы расійскіх бібліятэк. 

— Калі вярнуцца да праблем дзіцячага чытання, падкажыце, ці існуе сёння механізм узаемадзеяння бібліятэк з выдавецтвамі па пытаннях най¬больш запатрабаванай літаратуры? 

— Бывае, што мы прапаноўваем, падказваем. Так, сёння дзеці найбольш чы¬таюць пра сваіх сучаснікаў, пра іх паводзіны. Любяць цікавыя гісторыі, асабліва фэнтэзі. Выдавецтвы прыслухоўваюцца да бібліятэкараў, ім важна, каб дзіця настолькі ўпадабала кнігу, што папрасіла ў бацькоў яе купіць. Вось у такой форме і супрацоўнічаем — і з Міністэрствам інфармацыі, і з выдавецтвамі. Некалькі гадоў таму бракавала кніг для дашкольнікаў, у якіх было б шмат малюнкаў і мала тэксту. Цяпер пытанне вырашылася, не ў апошнюю чаргу дзякуючы перамовам. 

— А што можаце сказаць пра вашых чытачоў? 

— Ёсць сярод іх асаблівая катэгорыя — падлеткі. Кажуць, што падлеткі не чытаюць альбо чытаюць у тэлефоне. Мы, бібліятэкары, так бы не сказалі. 

У бібліятэцы № 7 ёсць «Тынейджарская пляцоўка» — яе наведваюць пад¬леткі і абмяркоўваюць свае справы. Яны бачаць, якія кнігі ёсць у бібліятэцы, што чытаюцца, напрыклад, выданні па псіхалогіі — гэта выклікае іх цікавасць. Лічу, што калі б адпаведнай літаратуры было больш, то падлеткі чыталі б больш. 

Дарэчы, ідэя «Тынейджарскай пляцоўкі» належала бібліятэкарам, якія працуюць у гэтай установе — яны адданыя сваёй справе і ўважліва ставяцца да чытачоў. Заўважылі, што тыя збіраюцца, нешта абмяркоўваюць, і прапанавалі стварыць адпаведны клуб. Цяпер дзеці самі выбіраюць час, калі прыйсці ў клуб і нешта абмеркаваць, прычым не толькі кнігі. 

Гутарыла Аліса БРАТКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?