Вы тут

Адпавядаць Гогалю, або Пошук свайго матэрыялу


Выстаўка графікі знакамітага расійскага мастака Сяргея Алімава працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яе назва — “Мёртвыя душы”: ілюстрацыі да паэмы М. В. Гогаля». Прадстаўлена серыя з 40 работ, выкананых у тэхніцы шаўкаграфіі. Дапоўніла экспазіцыю выстаўка з фондаў кніжніцы: сярод экспанатаў прысутнічаюць першыя выданні паэмы «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» (1842, 1846), першыя ілюстраваныя выданні твора. Адзін з самых яркіх экзэмпляраў — фаліянт 1901 года Пецярбургскага выдавецтва А. Ф. Маркса з 10 геліягравюрамі, 355 ілюстрацыямі, ініцыяламі і віньеткамі.


— Сёлета споўнілася 180 гадоў з моманту выхаду першага выдання несмяротнага твора Гогаля «Мёртвыя душы», — нагадаў падчас адкрыцця выстаўкі намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка. — Цяперашняя выстаўка — каштоўны падарунак як для нас, бібліятэкараў, якія захоўваюць творы для сучаснага і будучага пакаленняў, так і для нашых карыстальнікаў, у якіх ёсць магчымасць дакрануцца да майстэрства і мастака, і пісьменніка.

Герой выстаўкі — Сяргей Алімаў (1938—2019) — народны мастак Расійскай Федэрацыі, правамоцны член Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесар УДІКа, член Расійскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў. Мастакпастаноўшчык, мастак-мультыплікатар, аўтар ілюстрацый больш чым да 100 кніг, ён вядомы ў тым ліку як адзін са стваральнікаў выдатных мультфільмаў «Канікулы Баніфацыя», «Гісторыя аднаго горада», «Гісторыя аднаго злачынства», «Таптыжка»…

Між тым гогалеўская тэма — адна з асноўных для Сяргея Алімава. Першыя малюнкі, звязаныя з творчасцю пісьменніка, зроблены ім да аповесцей «Нос» і «Партрэт» у 1960—1970-х. Першае выданне «Мёртвых душ» з пятнаццаццю ілюстрацыямі мастака выйшла ў 1971 годзе; з таго моманту ім было створана яшчэ 25 малюнкаў. Так, 40 работ да «Мёртвых душ» упрыгожылі кнігу, якая пабачыла свет у 2013 годзе ў выдавецтве «Вита Нова». У Сяргея Алімава, які шмат гадоў удасканальваў ілюстрацыі да паэмы, атрымалася вельмі ўдала спалучаць неабходныя сатыру і гратэск. Як і ў выпадку з ілюстрацыямі да іншых літаратурных шэдэўраў.

— На працягу ўсяго жыцця Сяргей Аляксандравіч шукаў той самы яркі і востры матэрыял, які мог бы адпавядаць гогалеўскім тэкстам. І калі ён знайшоў такі матэрыял, аказалася, што гэта роўна тое, што шукаў практычна ўсё сваё жыццё. Вастрыня, гармонія белага і чорнага колераў, глыбіня — усё гэта дала шаўкаграфія. Я вельмі рада, што праект убачаць нашы беларускія сябры, — выказалася ўдава Сяргея Алімава мастацтвазнаўца, член Маскоўскага саюза мастакоў і Асацыяцыі мастацтвазнаўцаў Наталля Аўгусціновіч.

У кожнай ілюстрацыі — разважанні аб глыбінным змесце «Мёртвых душ», аб сэнсе жыцця, аб пошуку свайго месца. Ключавы складнік малюнкаў да паэмы — сапраўдная фантасмагорыя, што цесна звязана з рэаліямі мінулага. Сяргей Алімаў шмат працаваў з гістарычнымі і літаратуразнаўчымі крыніцамі, бо надаваў вялікае значэнне дакладнасці, за якую шанавалі і шануюць сучаснікі і нашчадкі. Галоўны ж тэкст, складаны і часам супярэчлівы, поўны горычы і смутку, смеху і радасці, стаў выдатным падмуркам для выяўлення таленту мастака. Грацыёзнасць, вытанчанасць, далікатнасць, без якіх немагчыма ўявіць творчы метад Сяргея Алімава, — адпаведны адпраўны пункт для тых, хто ў свой час вырашыў адкрыць ці пераадкрыць для сябе Гогаля.

Пазнаёміцца з выстаўкай «“Мёртвыя душы”: ілюстрацыі да паэмы М. В. Гогаля» можна да 30 студзеня 2023 года. Праект арганізаваны Нацыянальнай бібліятэкай, Расійскім фондам культуры і Рускім домам у Мінску падчас дзён расійскай культуры ў Беларусі. Дарэчы, на адкрыцці экспазіцыі адбылася перадача Нацыянальнай бібліятэцы выданняў ад Расійскага фонду культуры.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.