Вы тут

Утульная бяспека для здароўя: свечкамі з якога воску лепш карыстацца?


Вось і настаў той час, калі хочацца больш утульнасці і цяпла. Менавіта зімой людзі асабліва ўзгадваюць свечкі, якія заўсёды дадаюць асаблівую атмасферу і адчуванне спакою ў сваім доме ці кватэры. Але не ўсе ведаюць, што за гэтымі прыгожымі элементамі дэкору і інтэр’еру хаваюцца не ўсім відавочныя рэчы. Ці ведаеце вы, якія свечкі лепш купляць, колькі яны могуць гарэць і якія ўвогуле існуюць правілы бяспекі? Калі не, тады гэты матэрыял будзе цікавы менавіта для вас. 


Парафін 

Свечкі з парафіну дагэтуль застаюцца самымі распаўсюджанымі і папулярнымі. На гэта ёсць шмат прычын. Нават дастаткова вядомыя вытворцы дэкору робяць свечкі менавіта з парафіну, і таму бываюць сітуацыі, калі чалавек верыць брэнду і, не задумваючыся, купляе такія свечкі.

Што ж  такога дрэннага ў парафіна?  Яго робяць з сырой нафты, а гэта значыць, што экалагічным яго дакладна не назавеш. Безумоўна, у парафіну ёсць некалькі станаў. Напрыклад, вычышчаны парафін не такі таксічны, але і кошт у яго зусім іншы. Звычайны парафін, які мы часцей за ўсё бачым на прылаўках нашых улюблёных магазінаў, шкодны для здароўя чалавека пры гарэнні. 

У парафіна вельмі вялікая тэмпература гарэння, таму свечкі гараць хутчэй, чым тыя ж з натуральных воскаў, і таму вылучаецца больш шкодных рэчываў. Пры пападанні на паверхню, парафін вельмі складана ачысціць і ёмістасць з-пад свечкі наўрад ці атрымаецца выкарыстоўваць паўторна. Самы вялікі плюс свечак з гэтага матэрыялу, зразумела, - кошт, але якой цаной вы будзеце потым расплачвацца? Вылучае парафін у паветра талуол і бензол — таксічныя для чалавека рэчывы, якія выклікаюць галаўныя болі, бяссонніцу, зніжэнне разумовых здольнасцяў і нават страту памяці. 

Калі так атрымалася, што ў вас усё ж такі ёсць свечкі з парафіна, не паліце іх больш 30 хвілін і абавязкова праветрывайце памяшканне пасля іх гарэння

Вы ўжо здагадаліся, чаму вытворцы такіх свечак ніяк не папярэджваюць і робяць іх з неэкалагічнага нафтапрадукту – вельмі танная сыравіна і добры бізнес. 

Натуральныя воскі 

Вось іх ужо існуе дастаткова шмат, але мы пагутарым пра самыя асноўныя. 

— Пчаліны 

Першы, які ўзгадваецца, гэта пчаліны воск. З яго робяць царкоўныя ці іншыя фармавыя свечкі, але ёсць адзін вялікі недахоп — гэта кошт. Яшчэ пчаліны воск амаль нельга пафарбаваць у іншы колер, таму што ён і так мае яркі насычаны колер, які дастаткова цяжка перабіць. Таму гэты воск не такі папулярны. 

— Соевы 

Вось мы і дайшлі да самага папулярнага натуральнага воску. Яшчэ ў яго ёсць шмат разнавіднасцяў. Але самае цікавае, што з’явіўся ён зусім нядаўна. 

Адбылося гэта ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, дзякуючы Майклу Рычардсану. У 1991-м ён заснаваў кампанію «Candleworks» па вытворчасці свечак з пчалінага воску. Яму вельмі хацелася зрабіць натуральныя свечкі без выкарыстання парафіну. Але праблема заключалася ў тым, што пчаліны воск каштаваў у 10 разоў даражэй парафіну, што значна павялічвала кошт у цэлым натуральных свечак. І тады ён пачаў шукаць недарагую, але якасную замену, па ўласцівасцях, якія не саступаюць парафін шляхам спроб і розных эксперыментаў, Рычардсан змог вынайсці натуральны і адносна недарагі воск. 

Падчас гарэння соевы воск не вылучае ніякіх шкодных рэчываў. А цыкл гарэння будзе даўжэй, чым у парафіна, дзякуючы больш нізкай тэмпературы гарэння. І водары свечкі будуць вылучацца больш плаўна і раўнамерна. Соевыя бабы з’яўляюцца аднаўляльным рэсурсам. Такі воск лёгка змываецца з паверхняў, адзення, а ёмістасць з-пад свечкі можна будзе лёгка адмыць і выкарыстоўваць нават у харчовых мэтах. Каштуе ён даражэй парафіну ўсяго ў два разы. 

Плюсаў шмат, але ёсць і не вельмі прыемныя моманты ў працы з такім воскам. Датычыцца гэта не толькі соевага, але і ўсіх воскаў з натуральным складам. Такія воскі вельмі капрызныя ў працы, трэба мець асаблівае майстэрства, каб свечкі атрымліваліся прыгожымі і без дэфектаў. Таму так рэдка гэтыя воскі выкарыстоўваюць вялікія вытворцы, але так любяць рамеснікі. 

— Какосавы, аліўкавы і іншыя 

Зараз натуральных воскаў вялікая колькасць. Новыя формулы іх вытворчасці прыдумваюць і сёння. Таксама вельмі часта натуральныя воскі змешваюцца паміж сабой і так робяцца самыя розныя камбінацыя. Вельмі папулярнай з’яўляецца сумесь соевага і какосавага воскаў.

Ва ўсіх ёсць свае плюсы і мінусы, і гэта ўжо больш справа аматараў і спецыялістаў. Часцей за ўсё гэтыя воскі даражэй, чым соевы, таму менавіта гэты воск застаецца самым папулярным. Але напрыклад пра какосавы воск рамеснікі кажуць, што з ім лягчэй працаваць, асабліва добра ён падыходзіць для кантэйнерных свечак. 

Правілы бяспецы пры выкарыстанні свечак 

  • перад запальваннем свечкі трэба абрэзаць кнот на 5 мм 
  • свечку трэба паліць толькі ў поле зроку 
  • паліць свечку лепш на гарачатрывалай паверхні 
  • не дапускайце, каб у свечку трапілі іншыя прадметы 
  • не паліце побач з лёгкаўзгаральнымі прадметамі 
  • для фармавых свечак выкарыстоўвайце падстаўку 
  • лепш не паліць свечку больш трох гадзін запар (можа закруціцца кнот, і свечка сама згасне) 
  • не запальвайце кантэйнерную свечку на некалькі хвілін, таму што можа ўтварыцца лунка, з-за якой свечка хутчэй стане не прыдатнай і пакіне шмат воску, які не паспее згарэць 
  • пагасіце свечку, калі застанецца менш 5 мм воску 

Выконвайце ўсе гэтыя простыя правілы, і тады вы зможаце атрымаць усю асалоду ад выкарыстання свечак. А што датычыцца галоўнага пытання, якую ж свечку лепей выбраць, вырашаць толькі вам. Але цяпер вы ведаеце ўсе асаблівасці тых ці іншым матэрыялаў, з якіх робіцца такі цудоўны зімовы сімвал.

Маргарыта ПАЛЮХОВІЧ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».