Сёння адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА адзначыла, што дзяржава праводзіць сістэмную палітыку па падтрымцы і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.
— Больш за пяць гадоў таму наша краіна ратыфікавала Міжнародную канвенцыю аб правах інвалідаў. І ў дзяржаўнай палітыцы, і ў грамадскай свядомасці за гэты перыяд адбыліся зрухі ў рашэнні пытанняў інваліднасці. У першую чаргу варта сказаць, што сёння падтрымку інвалідаў мы разглядаем не толькі як матэрыяльную, але і як неабходнасць стварэння інклюзіўнага ўніверсальнага асяроддзя, дзе кожны чалавек з інваліднасцю мог бы рэалізаваць свой патэнцыял, — звярнула ўвагу намеснік міністра.
Інвалідам у нашай краіне аказваецца чатыры віды матэрыяльнай падтрымкі: пенсіі, дапамогі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, а таксама сацыяльная дапамога на набыццё сродкаў гігіены (у рамках сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі). За 2021 год і дзевяць месяцаў 2022-га на гэтыя мэты накіравана каля шасці мільярдаў рублёў.
На рэалізацыю дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона» на працягу пяці гадоў прадугледжана больш за чатыры мільярды рублёў. Яна ўключае раздзелы па сацыяльным абслугоўванні і сацыяльнай падтрымцы і арганізацыю даступнага асяроддзя.
Да 2025 года мяркуецца зрабіць цалкам даступнымі каля васьмі тысяч аб'ектаў. Варта адзначыць, што сёння ў краіне даступнымі з'яўляюцца каля 18 % аб'ектаў. З 2025 года запрацуе аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма па даступнасці аб'ектаў, своеасаблівы маршрутны гід для асоб з інваліднасцю.
Амаль палова інвалідаў у Беларусі — людзі працаздольнага ўзросту. З іх каля 120 тысяч маюць паказанні да працы, працуе пры гэтым каля 60 % (66 тысяч чалавек).
— Мы разумеем, што людзям з інваліднасцю няпроста канкурыраваць на рынку працы. Таму для прадпрыемстваў, якія прымаюць інвалідаў, прымяняюць розныя прэферэнцыі. Закон прадугледжвае такі інавацыйны механізм, як кватаванне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Ён атрымае сваё далейшае развіццё ў межах Закона «Аб занятасці», які пачне функцыянаваць з 2025 года. Акрамя таго, з году да двух павялічаны тэрмін адаптацыі да працоўнай дзейнасці для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі.
Пра занятасць людзей з інваліднасцю расказаў старшыня цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства глухіх Сяргей СКУРАНОВІЧ. Ён удакладніў, што таварыства мае дзевяць прадпрыемстваў — у Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Бабруйску, Оршы, Баранавічах і Барысаве. Там працуе амаль тры тысячы чалавек. З іх 58 % — інваліды. Гэта прадпрыемствы ў сферы машынабудавання, металаапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці.
— Усе люстэркі, якія ўстанаўліваюцца на МАЗы, МТЗ, расійскія КАМАЗы, — нашай вытворчасці. Многія ранейшыя сувязі парваліся, але знаходзім новыя рынкі збыту, лагістычныя шляхі. У нас няма ніводнага стратнага прадпрыемства. Сярэдні заробак — тысяча рублёў, няшмат, але, улічваючы той факт, што большасць людзей з інваліднасцю не маюць кваліфікацыі, гэта нядрэнная лічба. Максімальны заробак — 1800 рублёў, — расказаў Сяргей Скурановіч.
Новы закон прадугледжвае і далейшае развіццё сістэмы сацыяльнага абслугоўвання. Адна з форм, характэрная толькі для нашага заканадаўства, — замяшчальная сям'я. Гэта сумеснае пражыванне і вядзенне хатняй гаспадаркі. У Беларусі ўжо
150 замяшчальных сем'яў, дзе ажыццяўляецца догляд інвалідаў 1-й групы.
Уводзіцца і паслуга персанальнага асістэнта. Ён будзе суправаджаць чалавека з інваліднасцю ў паліклініку, службу занятасці, дапамагаць са складаннем дакументаў, рэзюмэ.
— Дзяржава планамерна рухаецца ў рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Аднак трэба адзначыць, што сама сусветная супольнасць не прытрымліваецца палажэнняў дадзенай канвенцыі. Чарговым крокам дыскрэдытацыі ў адносінах нормаў канвенцыі з'яўляецца рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта аб выключэнні з арганізацыі Беларусі. У канвенцыі не можа быць падвоеных стандартаў, таму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб'явіла рэспубліканскую акцыю «Не — падвойным стандартам Канвенцыі аб правах інвалідаў». Мы запрашаем усіх нераўнадушных далучыцца да акцыі ў знак кансалідацыі і салідарнасці з людзьмі з інваліднасцю і выказаць нашу падтрымку спартсменам-паралімпійцам, — падкрэсліла Марына Арцёменка.
Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена МУЛІЦА, у банку даных маюцца звесткі аб 176,3 тысячы дзяцей да 18 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 14,7 тысячы маюць інваліднасць. Доля дзяцей з асаблівасцямі складае 9,5 %. Адукацыю яны атрымліваюць як у спецыялізаваных установах, так і ў звычайных садках і школах.
У Беларусі працуе 237 спецыялізаваных устаноў адукацыі, у тым ліку па 48 дзіцячых садкоў і школ, 141 карэкцыйна-развіццёвы цэнтр. Больш за 70 % дзяцей з асаблівасцямі вучацца ў звычайных школах у інтэграваных класах.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: pexels.com
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.