Вы тут

Лукашэнка: Забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў, і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, заўсёды будзе ў прыярытэце


Пытанні забяспечанасці жыллём ваенаслужачых і асоб, якія да да іх прыраўнаваныя, разгледзелі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што цяпер на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаіць больш за 33 тысяч людзей, якія носяць пагоны. 


«Ваеннаслужачыя, як і ўрачы, і настаўнікі, і дзяржслужачыя, — гэта бюджэтнікі, якія выконваюць найважнейшыя для краіны функцыі. І яны маюць права разлічваць на падтрымку дзяржавы. Гэтыя прафесіі выбіраюць не з-за вялікіх заробкаў, а па прызванні, па поклічы сэрца, зыходзячы з высокіх маральных прынцыпаў і патрыятызму. Прынамсі, трэба з гэтага зыходзіць. Сабраць на сваю кватэру маладому спецыялісту ў гэтых сферах немагчыма», — адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, некаторыя настаўнікі могуць мець дадатковы заробак дзякуючы рэпетытарству. Урачы таксама могуць недзе падзарабіць. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, калі ўрач не лянівы, ён можа зарабіць, як трэба. А дзяржаўныя служачыя і людзі ў пагонах у прынцыпе не могуць займацца ніякім бізнесам, падпрацоўкамі. 

«Таму дзяржпадтрымка, накіраваная на вырашэнне жыллёвага пытання, — гэта добрая матывацыя пры выбары такіх прафесій. Вядома ж, і працаваць чалавек будзе больш старанна, калі будзе ўпэўнены, што дзякуючы сваёй працы дасць сям’і і дзецям дах над галавой. Словам, жыллёвая пытанне — пытанне найважнейшае. Таму забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў, і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, асабліва ў цяперашні час, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Я неаднаразова гэта падкрэсліваў, што шматдзетныя і людзі ў пагонах — гэта нашы першачаргавікі нават звышпершачаргавікі. Па вядомых прычынах», — канстатаваў беларускі лідар. 

На нарадзе пытанні забяспечанасці жыллём ваеннаслужачых былі разгледзены комплексна. Гэтыя пытанні таксама абмяркоўваюцца і як частка сістэмнай работы па павышэнні прэстыжу ваеннай службы, у тым ліку для ўмацавання нацыянальнай бяспекі.

«Механізм павінен быць добра прапрацаваны ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. І папярэджваю — ніхто не павінен цягнуць коўдру на сябе: „А вось тут прынята рашэнне наверсе, зараз усіх забяспечым жыллём. Хто раней дабяжыць, той жыллё і атрымае“. Гэтага не павінна быць. Таму тут прысутнічае прэм’ер-міністр, намеснік і іншыя службовыя асобы, якія павінны разумець, што эканоміка, яе сутнасць у тым, каб утрымліваць баланс. Калі ёсць грошы — значыць і ёсць на што іх траціць. Калі ёсць такая колькасць грошай, значыць такую колькасць жылля мы можам пабудаваць. Калі гэтых грошай няма, у дадзеным выпадку ў бюджэце, значыць і будаваць нічога не будзем. Баланс павінен быць усюды», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў неабходнасць выбудаваць дакладную і ясную дарожную карту, план, каб людзі разумелі, што будзе рабіць дзяржава для вырашэння іх жыллёвых праблем.

«У аснове — эканоміка»

Урад прапануе перш за ўсё арэнднае жыллё. Гэта пытанне абмяркоўвалася і раней. Па словах кіраўніка дзяржавы, наяўнасць такіх службовых кватэр не толькі стымулюе да падаўжэння кантрактаў, але і дае магчымасць для ратацыі кадраў. Ваенныя часта пераязджаюць у сувязі з новым месцам службы. Арэндная плата за такія квадратныя метры ўжо сёння ўстаноўлена з паніжаючым каэфіцыентам. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што так павінна быць і надалей, гэта правільна. Але Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што людзям трэба даць цвёрдую ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні.

Прэзідэнт растлумачыў, што арэнднае жыллё знаходзіцца ва ўласнасці ведамства, фактычна — дзяржавы. Служыш — жыві. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу вызначыцца: калі чалавек адслужыў патрэбную колькасць гадоў, скажам, 25 гадоў, і звальняецца ў запас, сыходзіць са службы, яму гэту кватэру трэба аддаць бясплатна, ці ён павінен выплаціць тры працэнты ад яе кошту, або па рэшткавым кошце? На думку Аляксандра Лукашэнкі, да вырашэння пытання трэба падысці радыкальна. Прафесія ваеннага ад пачатку звязаная з рызыкай для жыцця, з гатоўнасцю абараняць Радзіму і, калі трэба, загінуць за яе. «Чалавек павінен быць упэўнены, што дзеці, жонка, сям’я, бацькі застануцца ў кватэры, у доме, што ў іх ёсць дах над галавой. Гэта бязладдзе, калі ваенны чалавек аддае сабе краіне, і невядома што з ім будзе заўтра, мыкаецца па горадзе ці па краіне ў пошуках нейкага кута для жыцця. Але яшчэ раз падкрэсліваю: зыходзіць мы павінны і можам з нашых магчымасцей. У аснове — эканоміка». — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна на заканадаўчым узроўні разгледзець магчымасць у тым ліку выкупу такога жылля ва ўласнасць. 

«Ваеннаслужачыя павінны быць упэўнены, што пасля заканчэння службы яны будуць забяспечаны жыллём», — канстатаваў ён.

Удзельнікі нарады абмеркавалі, якія яшчэ ёсць напрамкі, акрамя будаўніцтва новых арэндных дамоў, па паляпшэнні сітуацыі з забеспячэннем жыллём ваеннаслужачых 

У тэму 

Найбольш прымальны варыянт — будаўніцтва арэнднага жылля

Вынікамі нарады з журналістамі падзяліўся намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак. Цяпер такая катэгорыя грамадзян як вайскоўцы будуе жыллё з дзяржпадтрымкай. Хто мае магчымасць — будуе за свае сродкі. І таксама атрымлівае арэнднае жыллё камунальнай формы ўласнасці, ёсць і рэспубліканская форма ўласнасці арэнднага жылля. Тыя людзі, хто здымае жыллё, атрымліваюць кампенсацыю з бюджэту. 

Па словах віцэ-прэм’ера, было прапанавана два варыянты забеспячэння вайскоўцаў жыллём. Адзін варыянт — трэба змяніць умовы дзяржпадтрымкі, зрабіць яе больш прывабнай. І другі варыянт — будаваць арэнднае жыллё і даць магчымасць гэта жыллё выкупіць або атрымаць ва ўласнасць бясплатна. «Тут ёсць і эканамічныя, і арганізацыйныя аспекты. Калі паляпшаць дзяржпадтрымку, мы разумеем, што людзі ў пагонах — гэта людзі, якія перамяшчаюцца пастаянна, яны не прывязаны да аднаго месца працы. І ў гэтым выпадку чалавек пабудаваў жыллё ў пэўным населеным пункце, але служба патрабуе перамяшчэння і трэба вырашаць пытанне праз тое ж арэнднае жыллё ці наём з кампенсацыяй — фактычна падвойныя выдаткі для дзяржавы і дадатковыя нязручнасці для людзей. Гэта што датычыцца арганізацыйнага пытання. Што да фінансавага, то трэба ацаніць кошт для дзяржавы арэнднай кватэры і трэба ацаніць кошт кватэры для чалавека, таму што ён плаціць арэнду. Тое ж самае трэба і дзяржпадтрымку ацаніць, бо дзяржаўная падтрымка таксама рэсурсаў патрабуе», — растлумачыў Анатоль Сівак. 

Таму, па яго словах найбольш прымальны варыянт забеспячэння жыллём ваеннаслужачым — будаўніцтва арэнднага жылля з наступнай перадачай ва ўласнасць. Найбольш аптымальны варыянт перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць — 25 гадоў. Чалавек можа прыняць рашэнне і атрымаць арэнднае жыллё ва ўласнасць бясплатна. «Гэта асноўны пасыл, які быў адобраны. І мы будзем зыходзіць з гэтага. Да 1 студзеня будзе падрыхтаваны нарматыўны акт, які будзе апісваць механізм перадачы арэнднага жылля ва ўласнасць. Нам было вельмі важна пачуць адабрэнне Прэзідэнта. Мы ўжо пачалі работу па будаўніцтве арэнднага жылля. Па разліках, сёння неабходна каля 700 тысяч квадратных метраў для людзей у пагонах. На працягу 2023 — першай паловы 2024 года мы плануем іх пабудаваць. Размова не ідзе аб будаўніцтве ваенных гарадкоў. Мы гэта ва ўрадзе завём „будаўніцтва кватэр“. Гэта азначае, што кватэры для людзей у пагонах будуць будавацца ў тых дамах, дзе будуецца жыллё для іншых катэгорый грамадзян у розных гарадах», — падкрэсліў Анатоль Сівак. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?