Вы тут

Галоўныя прынцыпы моднага абутку зімовага сезона — трэнды зімы 2023


Мода мяняецца, аднак класіка жаночага абутку не старэе. Сярод «вечных» трэндаў — высокія боты з натуральнай скуры, з лаканічным дызайнам і на зашпільцы-маланцы. У іх кожная жанчына выглядае элегантна і стыльна. З плоскай рыфленай падэшвай, на платформе або на шырокім «зімовым» абцасе такія мадэлі дапамогуць бяспечна пачувацца ў галалёд. Жанчыны, адданыя праверанаму часам элегантнаму стылю, звыкла носяць мадэльныя высокія боты са спадніцамі, сукенкамі, касцюмамі.


Ужо некалькі сезонаў не губляюць папулярнасці боты з халявай у выглядзе гармоніка (слаўчы) са скуры або замшы. Сустракаюцца мадэлі аднатонныя і без залішніх вынаходніцтваў, а таксама больш экстравагантныя: слаўчы з каляровай скуры — блакітнай, зялёнай, чырвонай ці жоўтай, з прынтам, стразамі ці спражкамі. Такія слаўчы дапамогуць стварыць модны вобраз для вечарынкі, а простыя мадэлі можна насіць і на банкет, і ў свет.

Нікуды не зніклі ў гэтым сезоне і любімыя шматлікімі модніцамі батфорты — боты па калена ці вышэй а-ля 1990-я. Актуальныя мадэлі на ўстойлівым абцасе ці грубай падэшве. Калі выбіраеце батфорты, з іх дапамогай атрымаецца стварыць як жаноцкія вобразы для рамантычнага спаткання, так і дзелавыя — для офіса, у залежнасці ад аксесуараў і адзення.

Сярод кароткага восеньскага і зімовага абутку ўжо не першы сезон лідзіруюць чэлсі. Чаравікі чэлсі маюць шырокія ўстаўкі з гумкі па баках, што дазваляе лёгка апранаць і здымаць іх. Моднай разыначкай гэтага сезона з’яўляецца брутальная («трактарная») падэшва — ёй, як правіла, аддае перавагу моладзь. Дамы элегантнага ўзросту могуць абраць мадэль на невысокім абцасе. Гэтыя зручныя і практычныя чаравікі ў любым разе ўпішуцца ў ваш стыль, аддаяце вы перавагу штанам, спадніцам або джынсам, носіце паліто, лёгкі кажушок або куртку. Чаравікі чэлсі могуць быць чорнымі, карычневымі, бэжавымі, белымі, упрыгожаны ланцужкамі, заклёпкамі ці дэкаратыўнай маланкай ззаду — мадэлі ёсць на любы густ.

Кароткія чорныя чаравікі на грубай падэшве, са шнуроўкай (берцы) перайшлі ў жаночую моду з мужчынскага гардэроба. Папулярнасць гэтага абутку сярод модніц зашкальвае, і не дарма: берцы зручныя і добра трымаюць нагу, таму іх аматаркі будуць пачувацца на абледзянелым асфальце бяспечна. Скажам прама: такі абутак нашмат больш фізіялагічны і лепей падыходзіць для зімы, чым траўманебяспечныя шпількі. У берцах вы можаце прайсці не адзін кіламетр пешшу і не стаміцца, нездарма першапачаткова гэтыя чаравікі ствараліся як вайсковы абутак. Модныя жаночыя берцы могуць мець не толькі шнуроўку, але і маланку збоку, дэкаратыўныя дэталі ў выглядзе спражак, заклёпак, падэшва можа быць упрыгожана стразамі. Гэты тып абутку ўніверсальны і з поспехам спалучаецца са спадніцай, штанамі і джынсамі, скураным паліто, кажухом, моднай курткай «аверсайз» і далей па спісе.

Многія нават зімой не могуць развітацца з красоўкамі, якія ў апошнія сезоны сталі проста незаменным элементам модных вобразаў. Адмыслова для модніц дызайнеры стварылі варыянты зімовых красовак — з уцяпляльнікам і на футры, з патоўшчанай падэшвай. У іх зручна шпацыраваць па гарадскіх тратуарах, выходзіць на ранішнюю прабежку. Напэўна, знойдуцца і тыя, хто адправіцца ў такім абутку ў офіс ці нават на вечарынку. Што ж, сучасная мода гэтаму не перашкаджае — яна як ніколі дэмакратычная.

«Разынка» сезону — модныя дуцікі, «надзіманыя» кароткія боцікі на патоўшчанай плоскай падэшве. Могуць быць дэкараваны футрам, мець шнуроўку, яркую расфарбоўку і розныя ўпрыгожванні. Вялікі дзякуй за такі абутак скажуць тыя, хто аддае перавагу цяплу і камфорту.

Для траскучых маразоў модныя дызайнеры падрыхтавалі новыя мадэлі угі — кароткіх боцікаў з аўчыны. Угі вельмі любяць маладыя дзяўчаты. У гэтым мяккім і цёплым абутку вы не змерзнеце, адпраўляючыся на шпацыр у зімовы парк. У цяперашнім сезоне мадэлі прапануюцца на рыфленай падэшве, яны могуць быць упрыгожаныя паеткамі, бліскаўкамі, шнуроўкай, арнаментам, дэкарыраваныя каляровым футрам і рознымі ўстаўкамі. Праўда, для слоты і плюсавых тэмператур гэта не лепшы варыянт.

Можна сустрэць на вуліцах і валёнкі на шнуроўцы — экстравагантную варыяцыю бурак з 1970-х, чаму не?

Зіма з яе маразамі наперадзе, выбірайце свой тып абутку і насіце на здароўе.

Агата СЛАВІНА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?