Вы тут

Алена Клеянкова — настаўніцкі вопыт на карысць дэпутатам


Алена Клеянкова ў мінулым настаўніца, апошнія 10 гадоў працавала дырэктарам школы. Узначаліўшы райсавет, яна ўзяла на ўзбраенне свой папярэдні вопыт. Усе мерапрыемствы, якія праходзяць на тэрыторыі сельсаветаў з удзелам дэпутатаў і жыхароў, аналізуюцца і абагульняюцца ў так званыя метадычныя дапаможнікі. У кабінеце старшыні іх ужо цэлы стос. І гэта вельмі добра арганізуе і матывуе, лічыць суразмоўніца.


У бліжэйшых планах старшыні райсавета правесці выніковае за год пасяджэнне на базе вёскі Сялец Краснагорскага сельсавета, прааналізаваць, што атрымалася зрабіць, і абмеркаваць планы на наступны год.

— Падрыхтавала для калег інтэрактыўную гульню «Парада калегі», — усміхаецца Алена Клеянкова. — Ёсць такая методыка. І, як падказвае мой педагагічны вопыт, вельмі эфектыўная. Ва ўсякім разе людзі будуць не проста сядзець і слухаць, а ўдзельнічаць у размове, аналізаваць, што і як.

Для «МС» суразмоўніца зрабіла невялічкую справаздачу добрых спраў, якія дэпутаты разам з насельніцтвам ажыццявілі ў рамках Года гістарычнай памяці.

На тэрыторыі Мсціслаўскага раёна восем сельсаветаў, дарэчы, палова іх кіраўнікоў таксама былыя настаўнікі. Кожны з каманды крэатыўны, вопытны, актыўны чалавек. І кожны стараецца зрабіць сваю тэрыторыю ўнікальнай.

Ходасаўскі сельсавет — адзін з самых вялікіх. Старшыня Анатоль Пруднікаў вызначаецца тым, што ў яго заўсёды шмат ідэй. І ён умее арганізаваць, прыцягнуць, захапіць іншых.

— Сёлета пад яго кіраўніцтвам вельмі ярка і цікава былі рэалізаваны сумесныя ініцыятывы з насельніцтвам менавіта па выхаванні патрыятызму, — адзначае Алена Клеянкова. — З удзелам жыхароў і прадстаўнікоў бізнесу быў устаноўлены помнік Сяргею Ксянзову, першаму дырэктару Ходасаўскай школы, партызану. Урачыстае адкрыццё , прысвечанае 110-годдзю з дня яго нараджэння, адбылося з запрашэннем яго родных, якія жывуць у Магілёве. А да 9 Мая ў Ходасах з'явіўся Вечны агонь у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны. Адзіны на ўвесь Мсціслаўскі раён.

На тэрыторыі Ходасаўскага сельсавета сёлета быў рэалізаваны яшчэ адзін важкі праект — па аднаўленні крыніцы ў вёсцы Усполле.

— Два гады падыходзілі да яго, людзі то падхоплівалі ідэю, то страчвалі цікавасць, але ўсё ж такі дэпутаты, узначаліўшы ініцыятыўную групу, павялі людзей за сабой, — радуецца старшыня райсавета. — Паспяхова сыходзім ад утрыманскай пазіцыі жыхароў, усе больш прыцягваючы іх да супрацоўніцтва. Былая жыхарка Ходасаўскага сельсавета прафінансавала набыццё матэрыялаў на агароджу могілак вёскі Пяцькавічы. А старшыня сельсавета арганізаваў работу, каб зрабіць справу.

Краснагорскі сельсавет унікальны тым, што шэсць з адзінаццаці Герояў Сацыялістычнай Працы, якімі ганарыцца раён, падымалі народную гаспадарку менавіта на яго тэрыторыі. Сёлета тут увекавечылі памяць гэтых людзей. На працягу года збіралі матэрыял і рэалізоўвалі праект «Героям працы прысвячаецца». Падчас правядзення сельскіх сходаў расказвалі пра людзей, якія тут жылі і працавалі, запісвалі ўспаміны старажылаў. Падчас правядзення раённага свята «Дажынкі» ў Падлужжы была адкрыта алея памяці Герояў Сацыялістычнай Працы. Да «Дажынак» прымеркавалі і адкрыццё дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў аграгарадку Сялец. Жыхары спачатку не вельмі ахвотна рэагавалі на запрашэнне паўдзельнічаць, чакалі, калі мясцовая ўлада ім яе падорыць. Але старшыня сельсавета Людміла Кавалёва сумела пераканаць іх і натхніць на работу. Людзі дапамаглі падрыхтаваць пляцоўку, зрабіць пясочніцы і балансіры. У якасці бонусу былі набытыя за сродкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна гульнявыя комплексы.

— Зараз беражліва адносяцца да сваёй пляцоўкі, прыбіраюць яе, — адзначае суразмоўніца. — Ужо даказана, калі нешта зроблена сваімі рукамі, гэта больш цэніцца.

Старшыня Падсолтаўскага сельсавета Аксана Лісоўская можа знайсці падыход да любога чалавека. Летась стараста аграгарадка Падсолтава Святлана Макароўская заняла сярод аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання першае месца.

— Лічу, што гэта заслуга старшыні, якая сумела разглядзець у чалавеку патэнцыял. У выніку мы першыя ў сваёй намінацыі па вобласці, — удакладняе Алена Клеянкова.

Сёлета на тэрыторыі сельсавета сумесна з жыхарамі была зроблена капліца ў гонар вёскі Шамава, якая была спаленая ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ўстаноўлены памятныя таблічкі з імёнамі жыхароў і назвамі прадпрыемстваў і арганізацый, якія там былі. Зроблены летапіс сельсавета, дзе пазначаны ўсе гэтыя і людзі, і падзеі. Дарэчы, менавіта на тэрыторыі гэтага сельсавета знаходзіцца музей Максіма Гарэцкага, які дэпутаты таксама папулярызуюць.

Шмат карысных спраў зроблена ў Капачоўскім сельсавеце, які ўзначальвае Аляксандр Пракопаў, колішні старшыня Мсціслаўскага райвыканкама. На дзень сельсавета, які прайшоў у кастрычніку, тут адкрылі крыніцу. Акультурвалі сумеснымі з насельніцтвам намаганнямі. Сельсавет цікавы тым, што тут захоўваецца абрад нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці «Варвараўская свечка». Нядаўна тут праходзіла мерапрыемства з рэканструкцыяй старадаўняга абраду. Работнікі сельскага клуба таксама адрадзілі і паказалі насельніцтву абрад «Міхайлаўская свечка».

Старшыня Ракшынскага сельсавета Алена Селязнёва кіруе грамадскай ініцыятывай па аднаўленні берагавой зоны возера ў аграгарадку Андраны.

— Гэты сельсавет актыўна працуе з Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, якая часткова дапамагае фінансаваць праекты, — адзначае старшыня райсавета. — Тут рэалізаваныя ўжо тры сумесныя праекты.

Праект з возерам — адзін з маштабных, рэалізуецца ў некалькі прыёмаў. Паралельна вядзецца адраджэнне абрадаў «Купалле» і «Тройца». На беразе возера зроблена сцэна, каб прыдаць народным мерапрыемствам больш грунтоўны сэнс. Кажуць, што «Купалле» ў Андранах па масавасці і насычанасці можа ўжо смела супернічаць з раённымі і абласнымі мерапрыемствамі.

— Сёлета на беразе возера рабілі альтанкі, плануецца ў 2024 годзе адкрыць месца для купання з усёй неабходнай інфраструктурай, — заўважае суразмоўніца. — Насельніцтва дапамагае, бо само зацікаўлена ў гэтым праекце. Калі нешта людзям нецікава, толькі дарэмна грошы патраціш. А калі зразумееш, што патрэбна, жыхары самі падхопяць ідэю.

Сапрынавіцкі сельсавет, які ўзначальвае Вера Агароднікава, цікавы тым, што тут як нідзе рэалізуецца ідэя адзінства. Зона прыгранічная, тут шмат людзей розных нацыянальнасцяў. У аграгарадку Разанцы (цэнтр сельсавета), напрыклад, жывуць прадстаўнікі аж 10 народаў.

— Наша Вера Агароднікава сумела ўсіх згуртаваць, — удакладняе Алена Клеянкова. — На тэрыторыі сельсавета быў створаны першы калегіяльны орган мясцовага самакіравання. Пазалетась ён быў адзначаны сярод найлепшых у вобласці. Парк пасярод аграгарадка папоўніўся сёлета альтанкамі для адпачынку і валейбольнай пляцоўкай. Зараз там рэалізуецца вельмі цікавая ініцыятыва, будуецца царква. У асноўным за сродкі мясцовай гаспадаркі, але часць грошай сабралі жыхары.

Мазалаўскі сельсавет сёлета ажыццявіў праект па стварэнні зоны адпачынку.

— Яе рабілі самі жыхары пад кіраўніцтвам старшыні сельсавета Леаніда Падальхова, — удакладняе суразмоўніца. — У планах добраўпарадкаваць могілкі ў вёсцы Лар'янава. Там плануецца абнавіць агароджу з дапамогай жыхароў.

У Мушынскім сельсавеце вядуцца работы па ўладкаванні стадыёна.

— Алена Міхневіч — самы малады наш старшыня, але вельмі працавітая і актыўная, — адзначае старшыня райсавета. — На тэрыторыі сельсавета рэалізавана адна з першых ініцыятыў па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі з прыцягненнем сродкаў насельніцтва. Жыхары ахвотна наводзяць на ёй парадак, рамантуюць абсталяванне. Чакае сваёй рэалізацыі праект па добраўпарадкаванні крыніцы ў вёсцы Добрае. Вёска, дарэчы, з цікавай гісторыяй. У школьным музеі створана экспазіцыя пра бітву часоў Пятра Першага, якая тут адбылася. Наогул, наш край вельмі насычаны рознымі гістарычнымі падзеямі і адметнасцямі. Разам з калегамі робім, каб ён яшчэ больш стаў прывабным для гасцей і зручным для тых, хто тут жыве.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Мсціслаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».