Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі асноўны фінансавы дакумент краіны


Аднак не толькі на законапраекце «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год» была засяроджана ўвага парламентарыяў. На заканадаўчым узроўні зацверджана павелічэнне працоўных пенсій, гарантавана выплата ўсіх відаў пенсій і дапамог. Куды будуць накіраваны бюджэтныя сродкі і якім чынам павысіцца дабрабыт беларускага народа, расказалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і іншых дзяржаўных органаў. Удасканаленне заканадаўства чакаецца таксама ў пытаннях супрацьдзеяння карупцыі, абароны правоў працоўных мігрантаў і прафілактыкі злачыннасці.


У прыярытэце — сацыяльная скіраванасць 

Адразу ў двух чытаннях дэпутаты прынялі праект Закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2023 год». Законапраектам вызначаны крыніцы фарміравання даходаў бюджэту фонду , іх аб’ём і кірункі выкарыстання сродкаў фонду, устанаўліваецца парадак выканання бюджэту фонду. Даходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 25 221,6 мільёна рублёў, або 116 % да бюджэту фонду за 2022 год, расходы — у суме 24 685,1 мільёна рублёў, або 116 % да бюджэту фонду за мінулы год. 

Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ, сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросце для непрацуючага пенсіянера складзе 692 беларускія рублі. «Адпаведна павялічыць пенсіі ў наступным годзе плануецца на 15 %», — звярнула яна ўвагу. Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Юліі МУРЫНАЙ, бюджэт фонду на 2023 год сфарміраваны з перавышэннем даходаў над расходамі за кошт сродкаў прафесійнага пенсійнага страхавання ў суме 536,5 мільёнаў беларускіх рублёў. «Гэта дасць магчымасць гарантаваць выплаты ўсіх відаў пенсій і дапамог у запланаваных аб’ёмах», — падкрэсліла дэпутат. 

У першым чытанні дэпутацкім корпусам разгледжаны праект Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год». Ключавой задачай развіцця Беларусі ў наступным годзе, згодна з дакументам, будзе з’яляцца забеспячэнне збалансаванасці і ўстойлівасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама сацыяльная абароненасць насельніцтва і павышэнне на гэтай аснове дабрабыту беларусаў.

Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на наступны год прадугледжваюцца ў суме 33 362,4 мільёны рублёў і, у параўнанні з ацэнкай паступленняў бягучага года, павялічацца на 24, 6%. Расходы сфарміраваны ў суме 36 536,2 мільёны рублёў, або 109,9 % да чакаемага выканання 2022 года. 

Як падкрэсліла член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Святлана АДЗІНЦОВА, рэспубліканскі бюджэт на 2023 год захоўвае сацыяльную накіраванасць. «На сацыяльную сферу выдзелена 117 % да ацэнкі 2022 года, у тым ліку на ахову здароўя — 116 %, на адукацыю — 119 %, на фізічную культуру, спорт, культуру, СМІ — 118 %, сацыяльную палітыку — 116 %, — удакладніла парламентарый. — У сістэме аховы здароўя захоўваецца фінансаванне на аднаго жыхара ў памеры 1118 беларускіх рублёў. 40 % ад агульнага фінансавання пойдзе на аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах, у тым ліку на хуткую медыцынскую дапамогу. З рэспубліканскага бюджэту будуць выдзелены сродкі для цэнтралізаванага набыцця аўтамабіляў хуткай дапамогі, школьных аўтобусаў, аўтамабіляў для сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».

 

Падаткі — па новых правілах

У першым чытанні адобраны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Дакументам прадугледжаны сістэмныя меры па ўдасканаленні падатковага заканадаўства і дасягнення аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканаміку, не дапускаючы пры гэтым зніжэння аб’ёма бюджэтных даходаў. У прыватнасці, з 2023 года законапраектам прапаноўваецца адмяніць малаэфектыўныя падатковыя льготы, індэксаваць стаўкі зямельнага, экалагічнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах з мэтай адаптацыі іх да працэсаў інфляцыі. Акрамя таго, павялічацца стаўкі падатку на прыбытак для юрыдычных асоб з 18 да 20 % і з 16 да 20 % — падаходнага падатку з даходаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Чакаюцца і іншыя новаўвядзенні. 

— У ходзе падрыхтоўкі змяненняў законаў па пытаннях падаткаабкладання была праведзена сур’ёзная работа па аналізу існуючых падатковых ставак, ільгот, якія дзейнічаюць у нас у краіне, — расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Пётр ВАБІШЧЭВІЧ. — У выніку аналізу частку льгот, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца, вырашана адмяніць. Улічваючы вопыт пандэмійнага перыяду, для аператараў сотавай рухомай электрасувязі, камерцыйных мікрафінансавых арганізацый, Парка высокіх тэхналогій захавана стаўка падатку на прыбытак у памеры 30 %. Захавана і права мясцовых саветаў дэпутатаў уводзіць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі граніцы.

 

Антыкарупцыйныя абмежаванні 

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй», прыняты ў другім чытанні, у прыватнасці, накіраваны на павышэнне эфектыўнасці супрацьдзеяння карупцыі, аптымізацыю ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сферы прафілактыкі карупцыі. 

Як паведаміла член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ, законапраектам прадугледжваецца ўстанаўленне антыкарупцыйных абмежаванняў для ўсіх блізкіх сваякоў або родзічаў дзяржаўнай службовай асобы. «Устанаўліваецца забарона сумеснай работы мужа і жонкі, блізкіх сваякоў або родзічаў на пэўных пасадах не толькі ў дзяржарганізацыях, але і ў арганізацыях з пераважнай доляй уласнасці дзяржавы, а таксама на выкарыстанне дзяржаўнай службовай асобай у пазаслужбовых інтарэсах любой маёмасці дзяржоргана або арганізацыі, а не толькі атрыманай ім пры выкананні службовых абавязкаў, — удакладніла дэпутат. — Устанаўліваюцца агульныя падставы адказнасці юрыдычнай асобы за ўчыненне карупцыйных дзеянняў ад яе імя або ў яе інтарэсах. Заканадаўча замацоўваюцца абавязкі для кіраўнікоў дзяржорганаў і іншых арганізацый па прадухіленні і выяўленні парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, устараненню наступстваў парушэнняў, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць».

 

За здраду дзяржаве — выключная мера

Таксама дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Праектам закона прапануецца ўнясенне змяненняў у санкцыю часткі 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Прыводзяцца ў адпаведнасць таксама артыкулы 58 і 59 КК.

Артыкул 360 КК дапаўняецца заўвагай, якая дапускае вызваленне асобы ад крымінальнай адказнасці за падрыхтоўчыя дзеянні да дыверсіі ў выпадку яе прадухілення.

Таксама ў КК уносіцца дадатак у мэтах устанаўлення адказнасці за распаўсюджванне заведама лжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Беларусі.

Акрамя таго, прапануецца ўстанавіць памер штрафу за антыдзяржаўныя злачынствы ў межах ад 500 да 50 тысячбазавых велічынь.

 

Праектам закона Крымінальны кодэкс дапаўняецца артыкулам 289-1 «Прапаганда тэрарызму». Таксама прапануецца дапоўніць КК артыкулам 375-2 «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

Змяненні ў частку 4 артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, якія прапануюцца праектам закона, прадугледжваюць магчымасць затрымліваць асоб па артыкулах 356-358-1 КК на тэрмін да 10 сутак, а абвінавачанне прад’яўляць у тэрмін да 20 сутак з моманту затрымання. Гэта выклікана тым, што часта па гэтых складах злачынстваў акрамя працэсуальнага замацавання доказаў на пачатковай стадыі актыўна праводзяцца аператыўна-следчыя камбінацыі, на правядзенне якіх 72 гадзін затрымання бывае недастаткова.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.