Вы тут

Лукашэнка падпісаў Закон «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства»


Дакумент распрацаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Неад'емнай рысай крымінальна-выканаўчай палітыкі ў Беларусі з'яўляецца праяўленне гуманізму да асоб, якія адбываюць розныя віды крымінальных пакаранняў. Адна з форм рэалізацыі гэтага прынцыпу — амністыя. Дзяржава дае магчымасць асуджаным, якія выправіліся, датэрмінова вызваліцца ад адбывання пакарання. Пры гэтым амністыя ўжываецца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца ў перыяд адбывання пакарання і сталі на шлях выпраўлення.


Фота: БелТА.

Катэгорыі грамадзян, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, вызначаны законам. Сярод іх — непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, за выключэннем тых, хто ўчыніў злачынства ў адносінах да непаўналетняга. Пад амністыю таксама трапляюць асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, інваліды І і ІІ груп, асобныя людзі з шэрагам захворванняў, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, тыя, хто атрымаў раненні (кантузіі), калецтвы, захворванні ў перыяд праходжання ваеннай службы або ў сувязі з ажыццяўленнем службовай дзейнасці.

Акрамя таго, прадугледжваецца вызваленне ад пакарання асоб, асуджаных з адтэрміноўкай выканання пакарання, з умоўным непрымяненнем пакарання, без прызначэння пакарання, прыгаворы ў адносінах да якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу закона. Асуджаныя да пакарання ў выглядзе арышту, а таксама шэраг іншых катэгорый асуджаных таксама будуць амніставаны. З улікам вызначанага заканадаўчага парадку пытанне аб скарачэнні тэрміну пакарання кожнаму канкрэтнаму асуджанаму будзе вырашацца індывідуальна.

Дзеянне закона аб амністыі не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці. Дакумент змяшчае шэраг іншых выпадкаў, пры якіх амністыя не будзе выкарыстоўвацца. Традыцыйна прымяненне закона будзе ажыццяўляцца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца ў перыяд адбывання пакарання, а таксама поўнасцю кампенсавалі ўрон, прычынены злачынствам.

Згодна з папярэднімі разлікамі, у выніку амністыі плануецца вызваліць ад крымінальнага пакарання каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку 1,6 тысячы — з месцаў пазбаўлення волі. Акрамя таго, яшчэ каля 4 тысячам асуджаных тэрмін пакарання будзе скарочаны на год.

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, органы і ўстановы крымінальна-папраўчай сістэмы пачынаюць рэалізацыю Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». «Па папярэдніх падліках, закон закране ў рознай ступені каля 8,5 тысячы асуджаных, якія адбываюць пакаранні ў месцах пазбаўлення волі, папраўчых установах адкрытага тыпу і крымінальна-выканаўчых інспекцыях, — паведаміў начальнік упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС палкоўнік міліцыі Андрэй Мірук. — Пры гэтым каля 4,5 тысячы асуджаных будуць вызвалены ад адбывання пакарання, і каля 4 тысячам тэрмін пакарання будзе скарочаны на адзін год. У іх ліку — асобы, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросце да васямнаццаці гадоў па наркатычных артыкулах, а таксама асобы, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы».

Пад дзеянне Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства», па словах начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, трапяць асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу закона, прыгаворы ў адносінах да якіх будуць пастаноўлены да заканчэння тэрміну прымянення амністыі. «Вынікі разгляду пытання амністыі будуць даведзены індывідуальна да кожнага асуджанага пад роспіс, — адзначыў Андрэй Мірук. — Рэалізацыя закона «Аб амністыі» будзе ажыццяўляцца на працягу шасці месяцаў».

У той жа час закон аб амністыі не распаўсюджваецца на асуджаных, да якіх з 2019 па 2022 год ужываліся амністыя або памілаванне, і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства; грамадзян, якія цалкам не пакрылі прычыненую шкоду, а таксама крымінальна-прававую кампенсацыю; злосных парушальнікаў устаноўленага парадку падчас адбывання пакарання; якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў або прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; асоб, якім пакаранне ў выглядзе вышэйшай меры, пажыццёвага пазбаўлення волі заменена пазбаўленнем волі; тых асуджаных да пажыццёвага пазбаўлення волі, хто ўчыніў злачынствы супраць дзяржавы, правасуддзя, парадку кіравання, палавой недатыкальнасці, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту ў алкагольным або наркатычным ап'яненні; якія не пакрылі запазычанасць па аліментах або выдаткі на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні; якія ўчынілі злачынствы пасля васямнаццаці гадоў, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».