Вы тут

У Магілёве ў гэтыя выхадныя наогул здарыўся патоп


У Магілёве ў гэтыя выхадныя наогул здарыўся патоп. Яшчэ ў суботу адчувалася істотная адліга, снег набрыняў, пакрыўся ледзяной скарынкай. А ў нядзелю дождж цалкам сапсаваў увесь зімовы пейзаж. З неба ліло так, што снежныя гурбы, якія ўпрыгожвалі вуліцы і дамы з канца лістапада, пачалі імкліва пераўтварацца ў ледзяныя бурлівыя рэчкі.


Асабліва неспакойнымі выдаліся гэтыя выхадныя для супрацоўнікаў МНС і ДАІ. У месенджарах магіляўчане дзяліліся відэа, дзе машыны, нібы лодкі, плылі ў вадзе ледзь не па самыя дзверы. Не абышлося і без дарожных аварый. На тэлеграм-канале «Міліцыя Магілёўшчыны» з'яўлялася відэа з месца ДТЗ у Кіраўскім раёне. Пасярод трасы зламаўся мікрааўтобус, у якім гандбольная каманда віцебскага клуба ехала на матч у Бабруйск. На дапамогу ім прыйшлі супрацоўнікі ДАІ. Аўтамабіль адрамантавалі на найбліжэйшай станцыі тэхабслугоўвання, каманду адагрэлі, і яна паехала далей.

— Моцныя ападкі і перапады тэмператур прывялі да абледзянення кронаў дрэў , якія падалі, у тым ліку і на праезджую частку, — расказала інспектар аддзялення абласной Дзяржаўтаінспекцыі Вольга Вершубская. — Праваахоўнікі Чэрыкаўскага РАУС аказвалі дапамогу ў вызваленні дарогі і аднаўленні руху.

З асабістых назіранняў. Уздоўж трасы Магілёў — Слаўгарад у суботу ляжала шмат паваленых дрэў, а некаторыя пад цяжкасцю набрынялага снегу сагнуліся ледзь не да зямлі. Калі праязджалі па Слаўгарадскім раёне, было відаць за дрэвамі, як у лесе працуе брыгада рабочых.

Вялікую небяспеку ўяўляе мокры снег, які назапасіўся на дахах. Па інфармацыі старшага інспектара Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольгі Нехарошых, пад цяжкасцю снежнага баласту абрынулася каля 600 квадратных метраў даху сельскагаспадарчага склада ААТ «Міхееўка-агра» ў вёсцы Новае Прыбужжа Дрыбінскага раёна. У памяшканні захоўвалася каля дзвюх тон камбікорму. На шчасце, людзі не пацярпелі.

Ратавальнікі МНС заклікаюць усіх, хто мае гаспадарчыя пабудовы, тэрмінова вызваляць іх ад снегу. А гараджанам пры такім надвор'і трэба быць уважлівымі і трымацца падалей ад будынкаў, на дахах якіх назапасіўся снег. Пад уздзеяннем дажджу ён пераўтварыўся ў маналітныя ледзяныя глыбы, якія перыядычна абвальваюцца. Асабліва небяспечна знаходзіцца каля будынкаў са скатнымі дахамі.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні Упраўлення камунальных прадпрыемстваў Магілёва Дзяніса Койды, на расчыстцы вуліц у гэтыя выхадныя працавала болей чым 130 адзінак транспарту, у тым ліку 30 прыцягнутых ад іншых прадпрыемстваў.

— Дворнікі наогул шчыравалі ўсе выхадныя, у тым ліку ў нядзелю, свой выхадны дзень, — удакладніў суразмоўца. — А ў ноч з нядзелі на панядзелак дадаткова выязджалі на ачыстку ліўнепрымальных рашотак чатыры брыгады дарожна-маставога прадпрыемства. Дзякуючы рабоце камунальных службаў, у руху грамадскага транспарту ў Магілёве сур'ёзных збояў не адбылося.

Між тым сіноптыкі абяцаюць магіляўчанам новыя іспыты — паніжэнне тэмпературы. Так што пільнасці губляць не трэба.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?