Вы тут

Зіма бярэ сваё... На выхадныя — да мінус 20 градусаў


Трэці тыдзень снежня прынясе нам вельмі няўтульныя ўмовы надвор'я. Моцны вецер нават у не вельмі моцныя маразы дае адчуванне пранізлівага холаду. А вецер у гэты тыдзень патрывожыць нас ладна. Экстрэмальнае надвор'е дапоўніла амаль суцэльная галалёдзіца і галалёд, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Спецыялісты Белгідрамета нагадалі, што воблачны віхор з поўдня кантынента, які ссоўваўся праз нашу тэрыторыю ў нядзелю днём, абумовіў у многіх раёнах складаныя ўмовы надвор'я. На большай частцы тэрыторыі прайшлі моцныя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёва-ўсходняй палове — з дажджом. Месцамі па Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях адзначаўся вельмі моцны снег. Так, па даных на раніцу 12 снежня, у Беларусі паўсюдна назіраецца снежнае покрыва вышынёй да 32 сантыметраў.

І ў аўторак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. Па паўднёвым усходзе ў многіх раёнах, а на астатняй тэрыторыі месцамі на дарогах захаваецца галалёдзіца. Раніцай і ўдзень месцамі па паўночна-заходняй палове ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Максімальная тэмпература паветра чакаецца ад 0 да мінус 5 градусаў.

На наступны дзень маразы пачнуць мацнець. У сераду, 14 снежня, месцамі па краіне пройдзе невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 5—10 градусаў, пры праясненнях — да мінус 12. Днём прагназуецца ад мінус 3 градусаў да 8 марозу.

Слізка пад нагамі чакаецца ў чацвер. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца снег, па паўднёвым усходзе краіны ў дзённыя гадзіны — мокры снег і слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Па паўднёвым усходзе месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Уначы тэмпература паветра апусціцца да мінус 6—12 градусаў, пры праясненнях — да мінус 14. Днём будзе ад нуля да мінус 6 градусаў, па паўднёвым усходзе да 2 цяпла.

Згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі айчынных сіноптыкаў, у пятніцу месцамі па краіне, а раніцай і днём па паўднёвым усходзе ў многіх раёнах пройдзе снег. Сіноптыкі абяцаюць слабую завіруху, у дзённыя гадзіны па паўднёвым усходзе — мокры снег, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 7 — мінус 14 градусаў, пры праясненнях да мінус 15—мінус 18 градусаў. Максімальная тэмпература днём — мінус 3—9 градусаў. Па паўднёвым усходзе ноччу будзе мінус 2—6 градусаў, удзень — мінус 2 — плюс 1 градус.

Падмарозіць 17 і 18 снежня. У гэтыя двое сутак месцамі па краіне, а ўначы па паўднёвым усходзе ў многіх раёнах пройдзе снег, чакаецца слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 7 да мінус 14 градусаў, пры праясненнях — ад мінус 15 да мінус 20. Днём прагназуецца мінус 3—10 градусаў. Па паўднёвым усходзе ўначы тэмпература паветра складзе мінус 2—6 градусаў, а днём ад нуля да мінус 2 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?