Вы тут

Ружы і шнары. «101 спатканне, або Дзённік свабоднай жанчыны»


У свеце, дзе мужчыны і жанчыны нацэлены на кар’еру і пастаяннае павышэнне свайго жыццёвага ўзроўню, адзінота робіцца чымсьці звычайным. Сям’я перажывае крызіс, аднак не становіцца менш жаданай для абедзвюх палавін чалавецтва. А поспехі і дасягненні абясцэньваюцца, калі няма каму адчыніць сваім ключом дзверы ў тваю прыгожа абстаўленую кватэру, як піша Ганна Чыж-Літаш у сваім новым рамане «101 спатканне, або Дзённік свабоднай жанчыны», што пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». 


Міф аб ідэальным каханні аднойчы разбіўся — і жанчына спрабуе зноў і зноў. «Чатыры гады я разбіваю сэрца, поўзаю на каленях, збіраючы яго асколкі, склейваю і зноў раскрываю мужчынам». На гэтым яна знясільваецца, губляе сябе. Падымае сябе з каленяў. Шукае новыя знаёмствы ў інтэрнэце. Клянецца выдаліць адпаведны мабільны дадатак. Ходзіць на спатканні. І, насуперак усяму, працягвае верыць у сустрэчу з тым самым, адзіным. Але пакуль што ўсе, якія трапляюцца, — не тыя, хоць часам ёй дораць ружы і чакаюць яе гадзінамі на марозе.

«Я больш не гуляю ў гульні», — піша Ганна Чыж-Літаш. За гэтым стаіць карпатлівая праца над сабой. «Больш не хочацца цярпець, быць ахвярай, увесь час выбіраць не сябе». Ці многія гатовыя да такой працы? Супраць жанчыны дзейнічаюць такія магутныя сілы (у тым ліку ўнутры яе самой, з дзяцінства прывучанай «цярпець і выбіраць не сябе»), што паспрабуй яшчэ вырвіся з заганнага кола — ад адных няўдалых адносін да іншых. А тыя, каму гэта ўдаецца, аказваюцца сам-насам з пустатой, якую трэба запоўніць. Вось толькі чым? Стандартная парада «палюбіць сябе» ўжо выклікае раздражненне. Гераіня расійскай пісьменніцы Ганны Казловай у стане крызісу спаліла кнігі па жаночай псіхалогіі, якія да таго штудзіравала, бо зразумець сваю праблему — не значыць вырашыць яе. Калі б рэчы, якія гадамі тармазілі развіццё жанчыны, лекаваліся простым разуменнем, не было б неабходнасці ў псіхатэрапеўтах і заспакаяльных таблетках. А таксама, магчыма, і ў літаратуры, якую пішуць жанчыны, каб адказаць сабе на балючыя пытанні і працягнуць руку падтрымкі іншым жанчынам. 

Выбіраць паміж экзістэнцыйнай пустатой і бясконцым бегам па замкнёным коле — усё роўна, што выбіраць паміж двума відамі пекла. Значэнне кахання да мужчыны цяжка пераацаніць больш, чым яно пераацэнена ўжо, але ўсё ж гэта толькі адзін з магчымых вектараў развіцця жаночага «я». Добра, калі псіхалагічная трансфармацыя дапамагае гэта ўсвядоміць і пачаць выбудоўваць адносіны з сабой. Але як змірыцца з адзінотай, калі вакол кахання і важнасці яго для жанчыны круціцца ўсё — масавая культура, індустрыя прыгажосці, ды і свой вобраз у люстэрку пакуль яшчэ цешыць? А фата, хоць ты і пакідаеш яе дома, ідучы на чарговае спатканне, нейкім неверагодным чынам зноў апынаецца ў цябе на патыліцы.

«Пад прыгожым адзеннем жанчыны хаваюць сотні шнараў і рубцоў ад папярэдніх знаёмстваў і адносін», — дзеліцца Ганна Чыж-Літаш. Пры гэтым планка чаканняў жанчыны ў адносінах да патэнцыйнага выбранніка тым вышэйшая, чым большай сацыяльнай паспяховасці ёй удалося дасягнуць. Сустрэць роўнага сабе, калі ты моцная і незалежная, — рэдкая ўдача. У кнізе Ганны Чыж-Літаш такая сустрэча адбываецца — з Містарам І. Аднак гэты адзіны ставіць вышэй за ўсё сваю асабістую свабоду. 

На старонках кнігі пульсуе жывая тканка жаночага «я», якое пакутуе, адчайваецца, іранізуе — і зноў любіць і верыць. Пачуцці, якія перажывала аўтарка, перажываюць розныя жанчыны ў масавым маштабе. У кнізе Ганны Чыж-Літаш пазнае сябе не адна. 

Набыць «101 спатканне...» вы зможаце ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, у кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. Па спецыяльным кошце (без гандлёвай нацэнкі) — у Выдавецкім доме «Звязда» (г. Мінск, вул. Захарава, 19, каб. № 20).

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?