Вы тут

Вядзецца актыўная падрыхтоўка да праекта «Цягнік Памяці — 2023»


У Савеце Рэспублікі прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па пытаннях правядзення ў 2023 годзе беларуска-расійскага праекта «Цягнік Памяці». Пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктара Лісковіча ўдзельнікі разгледзелі геаграфію правядзення патрыятычнай акцыі, падыходы да адбору ўдзельнікаў праекта, а таксама праграму «Цягніка Памяці — 2023».


Геаграфія пашыраецца

Падчас пасяджэння Віктар Лісковіч адзначыў, што ўдзельнікі з Кыргызстана, Казахстана і Арменіі плануюць далучыцца да праекта. Але наперадзе яшчэ шмат работы. Напрыклад, плануецца, што ўдзельнікі «Цягніка Памяці» мінулага года стануць рэтранслятарамі: яны сустрэнуцца з іншымі школьнікамі і падзеляцца досведам і ўражаннямі ад удзелу ў патрыятычным праекце:

— Нам трэба ўключыць у гэту работу на першым этапе не толькі дзесяцікласнікаў. Конкурс павінен прайсці ва ўсіх школах краіны, а іх тры тысячы. У кожнай школе адбудзецца першы этап, падчас якога трэба задзейнічаць практычна ўсіх дзяцей. Праект будзе штогадовым. Да таго часу, калі дзіцяці споўніцца 16 гадоў, яно будзе свядома разумець значнасць праекта і ўмовы яго рэалізацыі, — падкрэсліў Віктар Лісковіч. — Мы павінны давесці да бляску гэтае мерапрыемства, каб яно стала эталонам усёй патрыятычнай работы ў маладзёжным асяроддзі.

У «Цягнік» — на конкурснай аснове

Як адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, удзельнікаў праекта «Цягнік Памяці» ў 2023 годзе будуць выбіраць на конкурснай аснове:

— У склад удзельнікаў праекта будуць уключаны найлепшыя навучэнцы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, актывісты БРСМ, вучні ваенна-патрыятычных, кадэцкіх класаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, членаў маладзёжных парламентаў.

Таксама распрацаваны крытэрыі адбору важатых з ліку педагагічных работнікаў, якія маюць профільную педагагічную вышэйшую адукацыю і стаж педработы не менш як 3 гады. Ірына Старавойтава заўважыла, што перавага будзе аддадзена педагогам выхаваўча-аздараўленчых устаноў, якія бралі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх патрыятычных конкурсах і акцыях.

Першы намеснік міністра падкрэсліла, што праграма знаходжання дзяцей у беларускіх гарадах у 2022 годзе атрымала добрыя водгукі ад удзельнікаў і арганізатараў праекта, таму прапануецца канцэптуальна схему руху «Цягніка Памяці» па тэрыторыі Беларусі не мяняць. Разам з тым, заўважыла яна, трэба больш прадумана падысці да распрацоўкі праграмы знаходжання з улікам знакавых месцаў рэгіёна, горадаўтваральных арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама інтарэсаў дзяцей. Мяркуецца, маршрут па беларускай тэрыторыі будзе пралягаць праз Брэст, Гродна, Гомель, Жлобін, Магілёў, Мінск. А ў Расіі ўдзельнікі праекта наведаюць Маскву, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Уфу, Самару, Валгаград і Курск.

Міністэрства адукацыі распрацавала і адправіла ў органы кіравання адукацыяй палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу «Я — патрыёт сваёй краіны», якое рэгламентуе парадак адбору навучэнцаў для ўдзелу ў праекце ў 2023 годзе. Конкурс прадугледжвае тры этапы. Першы этап конкурснага адбору завершаць да канца года. Другі і трэці туры пройдуць у студзені і лютым.

Рэгіёны ўключыліся ў працэс падрыхтоўкі

Таксама ўдзельнікамі пасяджэння сталі намеснікі старшынь аблвыканкамаў, якія расказалі аб інтэрактыўных акцыях, распрацаваных да рэспубліканскага конкурсу «Я — патрыёт сваёй краіны». Акрамя таго, быў выказаны шэраг прапаноў. Так намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белаус прапанаваў вызначыць слоган, які б аб'ядноўваў моладзь, пераемнасць пакаленняў, гісторыю і культуру краін-удзельніц:

— Таксама прапаную пашырыць канцэпцыю праекта: прадугледзець не толькі сустрэчы з аўтарытэтнымі людзьмі, наведванне памятных месцаў і славутасцяў, але і наведванне ўстаноў адукацыі, горадаўтваральных прадпрыемстваў.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк адзначыў, што дзякуючы фотавыстаўкам, прысвечаным «Цягніку Памяці», амаль усе школьнікі даведаліся шмат новай інфармацыі. Прапанова зладзіць экскурсіі для ўдзельнікаў праекта ў Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» і на Беларускі аўтамабільны завод паступіла ад намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Івана Маркевіча.

У сваю чаргу Віктар Лісковіч адзначыў, што ўнесеныя прапановы будуць улічаны, але перагружаць праграму праекта не трэба:

— У дзяцей павінен быць час для дыялогу і размоў. І ў той жа час трэба так разнастаіць мерапрыемствы, каб яны не былі аднатыпнымі ў кожным з рэгіёнаў: у выніку ва ўдзельнікаў павінна скласціся цэласная карціна нашай краіны, — рэзюмаваў Віктар Лісковіч.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».