Вы тут

На што звярнуць увагу, каб не сапсаваць Новы год. Парады МНС


Што ні кажы, а навагодніх свят чакаюць як дзеці, так і дарослыя. І не столькі сам дзень — ці то Новага года, ці то Раства Хрыстова — прыносіць нам доўгачаканую радасць. Асаблівы настрой з'яўляецца падчас падрыхтоўкі да свят. Аднак у перадсвяточнай мітусні і клопатах аб падарунках, прыгожых убраннях і асаблівым меню варта не забыць аб самым важным — бяспецы.


Фота: pixabay.com

Ёлачная гірлянда: прыгожа, але небяспечна

Увага галоўнаму атрыбуту навагодніх свят — ёлцы. На жаль, аб тым, што яна можа стаць прычынай пажару, ведаюць не ўсе. Любыя гірлянды, якія мы вешаем на жывую ялінку або штучную прыгажуню, пажаранебяспечныя. Таму, каб знізіць рызыку ўзгарання, неабходна выключаць іх на ноч і пры выхадзе з дому. Па гэтай жа прычыне не рэкамендуецца размяшчаць ёлку каля прыбораў ацяплення, батарэй, электрычных абагравальнікаў. Штучныя ялінкі ўспыхваюць вельмі хутка, таму справіцца з пажарам будзе няпроста. Невыпадкова падчас упрыгожвання ёлкі не рэкамендуецца выкарыстоўваць вату і свечкі, устанаўліваць галоўны атрыбут свята на дыване.

Як паказвае практыка, пажары часцей за ўсё ўзнікаюць з-за праблем са старымі або самаробнымі гірляндамі. Таму перад тым, як павесіць іх на ёлку або акно, паклапаціцеся аб спраўнасці сваіх «агеньчыкаў». Калі ж іх у вас пакуль няма, набывайце гэты навагодні дэкор у спецыялізаваных крамах, дзе падобны тавар заўсёды сертыфікаваны.

Узгарання пазбегнуць не ўдалося? У першую чаргу выцягніце гірлянду з электрасеткі. Затым перакуліце ёлку на падлогу і накрыйце яе шчыльнай коўдрай, пледам або дываном. У гэтым выпадку можа спатрэбіцца парашковы вогнетушыцель, калі такі ёсць у наяўнасці. І толькі тады, калі самастойна справіцца з пажарам не атрымалася, патэлефануйце па нумарах 101 або 112, пакіньце памяшканне і зачыніце дзверы.

У клопаце пра святочны стол

Святочнае меню — асаблівы пункт у спісе пераднавагодніх спраў. Як правіла, прыгатаванне ежы займае нямала часу ў гаспадынь, якія жадаюць парадаваць сваіх родных і гасцей нечым смачненькім. Пры гэтым ад кухонных спраў гаспадыня вымушана адцягваць увагу на іншыя перадсвяточныя клопаты: упрыгажэнне кватэры, убранне ёлкі, падрыхтоўку падарункаў, прасаванне сукенак і кашуль... Нярэдка гаспадыні, якія гатуюць святочныя стравы, любяць выскачыць у краму па гарошак або іншы інгрэдыент, якога не хапае. Пры гэтым не выключыўшы пліту, з якой, на іх погляд, нічога не здарыцца. Аднак хаця б улічваючы такі аб'ектыўны фактар, як вялізныя чэргі ў гэты час у крамах, лепш не рызыкаваць. Ды мала што можа здарыцца па дарозе па гарошак? Паслізнуўся, загаварыўся, заглядзеўся...

Небяспеку нясуць і бенгальскія агні, якія мы любім запальваць як за святочным сталом, так і не толькі за ім. Не раз былі выпадкі, калі ад невялічкай іскрынкі з бенгальскага агеньчыка загараліся і сурвэткі, і прадметы адзення, і нават прадметы мэблі. Таму не страчвайце пільнасць падчас запальвання бенгальскіх агнёў. Калі яны адгарэлі, не кладзіце іх ні на сурвэтку, ні на абрус — найлепш апусціце ў ваду.

Святы не нагода страчваць пільнасць

Ратавальнікі заўважаюць, што большасць пажараў адбываецца тады, калі людзі знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Часта трагедыі здараюцца і з-за таго, што грамадзяне кураць у памяшканні. Новы год і Каляды — не нагода расслабляцца да такой ступені, што можна забыць пра ўсё на свеце, у тым ліку пра ўласную бяспеку.

На жаль, гэта апошняе, пра што 1 студзеня мінулага года думалі жыхары адной з кватэр у Дзяржынску. Ратавальнікі, якія прыбылі на паведамленне аб пажары, устанавілі, што ўзгаранне адбылося ў кватэры на першым паверсе. Дым хутка распаўсюдзіўся па лесвічнай клетцы на іншыя паверхі пяціпавярховага дома. Правёўшы разведку ў кватэры, дзе адбылося ўзгаранне, супрацоўнікі МНС знайшлі жанчыну. Яе вынеслі на вуліцу і перадалі медыкам. Дапамога спатрэбілася і жыхарам іншых кватэр. У прыватнасці, на лесвічнай клетцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі ратавальнікі знайшлі траіх маладых людзей, якія самастойна пакінуць пад'езд не змаглі. Гаспадару кватэры, дзе адбылася трагедыя, дапамога ўжо не спатрэбілася — ратавальнікі знайшлі яго без прыкмет жыцця. Маёмасць была моцна пашкоджана. Без даху над галавой за некалькі гадзін да Новага года летась аказалася і гаспадыня аднаго з дамоў у аграгарадку Браткова Капыльскага раёна. Ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, паспяхова справіліся з вогненнай стыхіяй. Гаспадыні іх дапамога не спатрэбілася — яшчэ да прыбыцця пажарных жанчыну выратавалі суседзі.

— Колькасць пажараў у дні навагодніх і калядных свят павялічваецца больш чым на 20 % у параўнанні са звычайнымі днямі, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Пік пажараў прыпадае на навагоднюю і калядную ночы. У перыяд з 25 снежня да 7 студзеня мінулага года адбылося 296 пажараў, у выніку якіх загінулі 52 чалавекі, яшчэ 19 былі траўміраваны. У тым ліку ў навагоднюю і калядную ночы адбыліся 62 пажары, ад якіх загінулі 14 чалавек. Прычынай большасці пажараў з'яўляецца чалавечы фактар.

Невыпадкова, каб яшчэ раз нагадаць насельніцтву аб правілах бяспечнай жыццядзейнасці, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях традыцыйна праводзіць акцыю «Бяспечны Новы год». Сёлета яна складаецца з трох этапаў. Падчас першага, з 12 да 16 снежня, мэтавая аўдыторыя ратавальнікаў — асобы пажылога ўзросту. Прапагандысты МНС наведваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамы ветэранаў і інвалідаў, санаторыі, дзе адпачывае гэтая катэгорыя насельніцтва. Пажылых людзей чакаюць не толькі прафілактычныя мерапрыемствы, але і багатая культурная праграма. З 19 да 23 снежня, падчас другога этапу акцыі, ратавальнікі прынясуць свята ў школы, інтэрнаты, сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у дзіцячыя дамы і дамы сямейнага тыпу. У госці да дзяцей прыедуць Дзед Мароз, Снягурка, а таксама героі мультфільма МНС «Чароўная кніга» і «Спецатрад 112», якія разам з ратавальнікамі раскажуць аб правілах бяспекі ў перыяд зімовых канікул. У прыватнасці, хлопчыкі і дзяўчынкі даведаюцца, як паводзіць сябе на лёдзе, як карыстацца піратэхнікай, хлапушкамі і бенгальскімі агнямі. У фінальным этапе акцыі, з 26 да 30 снежня, у месцы продажу піратэхнікі прыйдуць пажарны Дзед Мароз, Снягурачка, казачныя персанажы, якія правядуць з пакупнікамі адпаведныя гутаркі, раздадуць інструкцыі па бяспечным выкарыстанні піратэхнікі, памятныя календары акцыі і наглядна-выяўленчую прадукцыю.

Яркая карцінка можа дорага каштаваць

Без запуску феерверку не абыходзіцца ні адзін Новы год. Прычым стварыць сабе і навакольным маляўнічае шоу сёння можа дазволіць практычна кожная сям'я. Аднак перш чым запусціць салют, варта прадугледзець усе моманты бяспекі. Перш-наперш, як і ў выпадку з гірляндай, падчас выбару піратэхнікі варта выкарыстоўваць сертыфікаваную прадукцыю.

— Ні ў якім разе не набывайце піратэхнічныя вырабы з рук, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Агледзьце скрыню, яе цэласнасць не павінна быць парушана. Перш чым прыступіць да выкарыстання піратэхнічнага вырабу, уважліва вывучце інструкцыю. Калі ж феерверк не спрацаваў, дзейнічайце па інструкцыі. Ні ў якім разе не падбягайце адразу да прылады, не спрабуйце прывесці яе паўторна ў дзеянне, не разбірайце і не спрабуйце яе дапрацаваць. Пры адсутнасці частак, якія тлеюць, варта пакласці скрынку ў ваду як мінімум на 24 гадзіны, пасля чаго ўтылізаваць з бытавым смеццем. Ні ў якім разе нельга спальваць піратэхніку на вогнішчы!

Ратавальнікі нагадваюць: запускаць піратэхнічныя вырабы могуць дзеці, старэйшыя за 16 гадоў, і то ў прысутнасці дарослых. Набываючы піратэхнічны сродак, варта разумець, што гэта прадмет павышанай небяспекі. І чалавек, які яго прыводзіць у дзеянне, нясе адказнасць не толькі за ўласныя здароўе і жыццё, але і тых, хто побач. Бацькі абавязкова павінны патлумачыць сваім дзецям, да чаго можа прывесці самастойны запуск піратэхнікі. Узрываць феерверкі і петарды можна толькі ў бязлюдных і бяспечных месцах. У грамадскіх месцах гэта катэгарычна забаронена, як і закідваць іх у вокны, балконы і капюшоны таварышаў. Для запуску піратэхнікі неабходна адысці на ўказанную ў інструкцыі бяспечную адлегласць ад выпадковах мінакоў, будынкаў, збудаванняў і аўтамабіляў.

Асцярожна, цюбінг!

Навагоднія святы традыцыйна супадаюць са школьнымі канікуламі. У гэтай святочнай мітусні вельмі важна трымаць на кантролі дзяцей. Самае галоўнае правіла — не пакідаць іх адных. Як правіла, у небяспечныя сітуацыі дзеці трапляюць менавіта тады, калі застаюцца сам-насам.

У гэтай сувязі не будзе лішнім нагадаць аб правілах бяспекі падчас катання з горак. Асабліва асцярожнымі трэба быць з цюбінгамі. Аднак не варта заспакойвацца і тады, калі ваша дзіця катаецца на лядзянцы або санках — і ў гэтых сродкаў для катання ёсць «слабыя» месцы, з-за якіх нескладана атрымаць траўму на роўным месцы. Медыцынскія супрацоўнікі б'юць трывогу: рэгулярна ва ўстановы аховы здароўя паступаюць траўміраваныя падчас такога баўлення часу дзеці.

Вядома, без актыўнага катання цяжка ўявіць зіму. Аднак каб такі адпачынак быў не толькі прыемны, але яшчэ і небяспечны, ратавальнікі рэкамендуюць уважліва ставіцца да выбару горкі і сродкаў для катання. З малымі дзецьмі ўвогуле не варта хадзіць на горку з крутымі схіламі і трамплінамі. Адпускаць туды дзяцей адных катэгарычна забараняецца!

Як звярнулі ўвагу ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС, калі вы ўжо прыйшлі з дзецьмі на горку, перш пракаціцеся з яе самі — выпрабуйце на сабе, наколькі небяспечны спуск. Абавязкова назірайце за тым, як катаецца з горкі ваша дзіця. Лепш за ўсё, калі нехта з дарослых сочыць за спускам зверху, а нехта знізу дапамагае дзецям вызваляць шлях. Ні ў якім разе не выкарыстоўвайце ў якасці горак чыгуначныя насыпы і горкі паблізу праезнай часткі дарог. Не варта выбіраць для катання і тую горку, якую перакрываюць дрэвы, кусты, слупы вулічнага асвятлення або платы. І яшчэ вельмі важны момант: калі вы ўжо дазволілі дзіцяці праводзіць час менавіта такім чынам, то навучыце яго правільна падаць: павярнуцца на бок, сагнуўшы і падціснуўшы калені. Гэтыя нескладаныя правілы дазволяць засцерагчы вас і вашых дзяцей ад магчымага траўміравання.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.