Вы тут

Гігін: Да нашага рэгіёна вялікая цікавасць, і многія назіраюць за тым, што мы робім


У снежні беларускае таварыства «Веды» адзначае свой 75-гадовы юбілей. Яно было створана ў 1947 годзе і першапачаткова мела назву Усесаюзнае таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў. Адной з прычын яго ўзнікнення ў той час стаў значны ўрон, нанесены савецкай сістэме адукацыі Вялікай Айчыннай вайной. Сярод ініцыятараў стварэння былі пісьменнік Канстанцін Сіманаў, балерына Галіна Уланава, а таксама выдатныя фізікі, гісторыкі, эканамісты, матэматыкі, геолагі і іншыя вучоныя на чале з прэзідэнтам Акадэміі навук СССР Сяргеем Вавілавым. Хутка таварыства аб’яднала ўсю перадавую савецкую інтэлігенцыю 15 саюзных рэспублік. На пачатку 1990-х у таварыстве «Веды» штогод чыталася больш за 25 мільёнаў лекцый для 280 мільёнаў чалавек па ўсім Савецкім Саюзе.

Чаму існаванне таварыства «Веды» актуальнае і запатрабаванае сёння? Якіх спікераў і экспертаў жадаюць бачыць у працоўных калектывах? Ці ёсць падобныя аб’яднанні ў суседніх краінах і Заходняй Еўропе? Пра гэта і іншае гутарым са старшынёй праўлення таварыства «Веды» Вадзімам Гігіным.


Фота: БелТА.

— Вадзім Францавіч, таварыства «Веды» стваралася ў савецкія пасляваенныя часы для распаўсюджвання навуковай і палітычнай інфармацыі. Які сэнс яго назва нясе сёння, у век інтэрнэту?

— Тыя ж мэты, якія стаялі ў тыя далёкія часы, ёсць і цяпер. Асветніцкая работа мяняецца ў формах, сродках камунікацыі, але не ў сваіх мэтах. Калі мы звернемся да 1947 года, то гэта распаўсюджанне навуковай і палітычнай інфармацыі. Гэтым мы займаемся і цяпер.

Калі мы згадваем век інтэрнэту, часта яго абсалютызуем. Тут да месца класічны прыклад, фільм «Масква слязам не верыць», дзе адзін з герояў кажа, што праз нейкі час будзе адно суцэльнае тэлебачанне. Так і ў нас часта: будзе толькі анлайн, суцэльны інтэрнэт. А вось і не. Людзі жадаюць жывога кантактавання, хочуць бачыць спікера, эксперта ў сябе ў працоўным калектыве. Мы асабліва адчулі гэты запыт пасля ковідных абмежаванняў, калі многім надакучыў анлайн. Студэнты, напрыклад, з радасцю вярталіся ў аўдыторыі. Як дацэнт Белдзяржуніверсітэта, скажу, што нішто не заменіць жывую лекцыю. Роўна гэтак жа нішто не заменіць жывое кантактаванне.

Іншая справа, што гэта не павінна быць штучна навязана. Запыт на тую ці іншую тэматыку мусіць ісці ад саміх людзей. Нашых спікераў часта запрашаюць выканкамы, кіраўніцтва прадпрыемстваў, прафсаюзныя камітэты, пярвічныя арганізацыі «Белай Русі». І зразумела, у залу яны запрашаюць людзей з заводаў, універсітэтаў. Кожны чалавек па-свойму ўспрымае тую ці іншую праблему: хтосьці ідзе шчыра, жадаючы паслухаць чалавека, якога чытаў на старонках газет, бачыў па тэлебачанні ці ў інтэрнэце, а хтосьці прыйшоў за кампанію... І майстэрства лектара ў тым, каб зацікавіць і ўтрымаць аўдыторыю. А гэта нашмат больш складана зрабіць, чым калі ты вяшчаеш анлайн і не бачыш суразмоўцу вочы ў вочы.

— Наколькі, дарэчы, сёння актуальны і запатрабаваны фармат лекцыі?

— Улічваючы той факт, што мы крыху ўпусцілі майстэрства жывой работы з аўдыторыяй у папярэднія гады, фармалізавалі яе і абюракрацілі, і пра гэта згадваў Прэзідэнт, то фармат лекцый варта адраджаць. У апошні год мы зрабілі стаўку менавіта на жывое кантактаванне з аўдыторыяй. І паглядзелі, ці карыстаецца яно папулярнасцю.

Прыйшлі да высновы, што нашы кампаніі «У рэжыме праўды» і «Беларусь адзіная» не проста карыстаюцца папулярнасцю, людзі просяць, каб прыязджалі зноў і зноў. Мы не планавалі, што «Беларусь адзіная» стане штогадовай акцыяй, меркавалася праехаць па рэгіёнах да Дня народнага адзінства, растлумачыць, які сэнс нясе гэта свята, пагутарыць пра актуальныя праблемы. А запыт аказаўся такім, што мы другі год праводзім гэту акцыю і будзем праводзіць далей, мяняючы тэматыку.

«У рэжыме праўды» стала той матрыцай, на падставе якой вялася ўся тлумачальная работа па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Беларусі. І гэта стала нашай «фішкай»: мы пайшлі да людзей, у калектывы, і ўбачылі, што і тут маецца запыт.

Цяпер, калі гэты этап завершаны, мы ставім на мэце актывізацыю ў сацыяльных сетках, у месенджарах. Разам з тым будзем развіваць і фармат лекцый. Тым больш што жывое кантактаванне патрабуе пэўнага майстэрства. Мы сутыкнуліся з тым, што не заўсёды лектар спраўляецца. Нават з тых людзей, якім мы прапаноўвалі стаць нашымі спікерамі, некаторыя адмаўляліся, казалі, што яны пакуль не гатовы.

Тая ж лекцыя прадугледжвае самыя розныя формы — класічная лекцыя, TED-прэзентацыя-дыялог, дыскусійная пляцоўка. Цяпер нават слова «лекторый» пачалі забываць, але, як паказвае вопыт, ніякага непрымання ў людзей яно не выклікае. Вось зараз мы запусцілі «Марафон-лекторый» — серыю лекцый у Акадэміі кіравання ў Мінску на вуліцы К. Маркса, 22. Папрасілі прапускаць усіх ахвотнікаў, і заўсёды поўная зала. Вырашаем тэхнічныя пытанні, каб была трансляцыя. Больш за тое, да нас звярнуліся з просьбай апублікаваць гэтыя лекцыі. І мы гэта зробім.

Зразумела, мы бачым, што некаторыя формы не тое, каб старэюць, а да іх наступае прывыканне, аўдыторыя перанасычаная. Убачылі гэта восенню на прыкладзе тых дыялогавых пляцовак, якія распрацавалі ў кастрычніку 2020 года. Да таго ж, на месцах у нас усё пачалі называць дыялогавымі пляцоўкамі. Той жа дзень інфармавання — не дыялогавая пляцоўка, гэта выступленне, сустрэча, размова — зусім іншая форма. Дыялогавая пляцоўка — гэта калі загадзя ставіцца хвалюючая праблема і вядзецца дыялог з рознымі пунктамі гледжання. Мы збіраемся распрацаваць форму такога дыялога, калі ёсць месца для спікераў, напрыклад, дэпутатаў, і яны будуць весці дыялог па тых праблемах, што хвалююць дадзены рэгіён.

Важная і ўзроставая спецыфіка. З маладзёжнай аўдыторыяй адна форма работы, з людзьмі старэйшага ўзросту — другая. Тут важна адсочваць і карэкціраваць методыку данясення інфармацыі.

— Дарэчы, для каго сёння працуе таварыства «Веды»?

— Для ўсіх. У нас ёсць фармат, калі мы па сваёй ініцыятыве распрацоўваем кампанію, напрыклад, рэспубліканскую акцыю. Іншы фармат, калі мы рэагуем на запыты з месцаў, заяўкі. Не выхваляюся, але нават чарга ёсць.

— Пра што просяць расказаць?

— Часцей просяць канкрэтнага спікера. Мы ганарымся, што апошнім часам у нас з’явілася цэлая плеяда экспертаў, у тым ліку дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, якія пачалі працаваць па-новаму, больш востра падаваць інфармацыю. Просяць канкрэтную асобу, якая б прыехала і паразмаўляла з людзьмі.

— Каго хочуць бачыць?

— Аляксандра Шпакоўскага, Аляксея Дзерманта, Аляксея Аўдоніна, Вадзіма Баравіка, Грыгорыя Азаронка, Яўгена Пуставога, Ігара Марзалюка. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю, іх інфармацыі давяраюць. Запатрабаваны кіраўнікі нашых сродкаў масавай інфармацыі, яны таксама пазнавальныя. У такіх выпадках часта ідуць «на чалавека».

Аўдыторыя, на якую разлічана наша работа, самая шырокая. Адзін з праектаў, які мы хочам цяпер адрадзіць, — «Фармат навукі: даступна» — толькі для школьнікаў. Мы запрашалі маладых вучоных, прычым не толькі беларускіх, а і расійскіх, якія папулярна расказвалі пра сваю навуку. Я спачатку сумняваўся, як гэта ўспрымуць школьнікі. Але тут важна адрасна падбіраць аўдыторыю. Калі выступаў малады фізік Курчатаўскага інстытута, то юнакам, якія цікавяцца фізікай, гэта было цікава. У нас у зале сабралася 200 школьнікаў, якія настолькі глыбока ведаюць прадмет, што з вучнем выдатнага навукоўца Міхаіла Валянцінавіча Кавальчука яны нават спрачаліся. Я ганарыўся нашымі вучнямі.

Мы ўбачылі, што можам размаўляць і з малодшымі школьнікамі па тых тэмах, якія іх хвалююць. Калі кажуць, што трэба размаўляць на мове моладзі, гэта правільна. Але і моладзі трэба прапаноўваць фармат камунікацыі, яны давяраюць старэйшым. Нярэдка бывае, калі памылкова пачынаюць бегаць за моладдзю: а вось давайце ў сацсетках нешта зробім, зацікавім. Тут не сродак камунікацыі вызначальны, а тая інфармацыя, якую ты даносіш. Калі бегчы ў папулярны месенджар, але з нецікавай інфармацыяй, цябе ўсё роўна ніхто не будзе слухаць.

— Таварыства «Веды» — своеасаблівы сімвал савецкай эпохі. У нашай краіне да яго асаблівае стаўленне. А ці ёсць нешта падобнае ў краінах постсавецкай прасторы і на Захадзе?

— Як вядома, наш Прэзідэнт быў адным з актыўных дзеячаў таварыства «Веды» — і падчас работы ў ім, і на іншых пасадах. Кантактуючы з ім, адчуваецца, што Аляксандр Рыгоравіч — выдатны лектар, ён любіць камунікаваць з людзьмі, адчувае жывы нерв пры размове з вялікай аўдыторыяй. Мы бачылі гэта і падчас сёлетняга ўрока 1 верасня, і на іншых сустрэчах. Таму і да таварыства «Веды» ён добра ставіцца.

У Расіі, хоць кіраўнікі нашых краін і не дамаўляліся адмыслова, амаль сінхронна з намі ідзе аднаўленне работы таварыства «Веды». У іх іншыя праекты, напрыклад, я ў пачатку верасня назіраў за рэалізацыяй ініцыятывы «Новыя гарызонты». Мы маем магчымасць бачыць, чым яны займаюцца.

Насамрэч амаль ва ўсіх краінах ёсць нешта падобнае, проста носіць іншыя назвы. У Кітаі гэта вельмі папулярная тэма, і мне даводзілася бываць на такіх мерапрыемствах. У часы, калі наша таварыства ўзначальвалі Васіль Іванавіч Стражаў і Генадзь Уладзіміравіч Пальчык, ішло актыўнае супрацоўніцтва з адукацыйнымі цэнтрамі Германіі. Такая лекцыйная работа там добра развіта, існуюць цэлыя лекцыйныя цэнтры, дзе любы ахвотнік можа паслухаць лекцыю, якая яго цікавіць. У кожнай партыі ёсць свой фонд, дзе робяць нешта падобнае, што і таварыства «Веды».

У Францыі распаўсюджаны ўсякія праекты, звязаныя з папулярызацыяй навуковай, палітычнай інфармацыі, калі ўніверсітэцкія прафесары ідуць да людзей, і гэта спансіруюць буйныя бізнесмены, мецэнаты. Брытанскія клубы — не што іншае, як лекцыйныя клубы, куды запрашаюць папулярных пісьменнікаў, публіцыстаў, журналістаў. Сюды ж можна аднесці і знакамітыя TED-прэзентацыі Сціва Джобса, Ілана Маска. А таксама папулярныя формы бізнес-трэнінгаў, калі за грошы людзям расказваюць, як пабудаваць свой бізнес. Проста ўсюды гэта па-рознаму называецца.

— Ці кантактуе цяпер таварыства «Веды» з такімі замежнымі аб’яднаннямі?

— Нядаўна праводзілі ў Маскве вялікую паліталагічную канферэнцыю, і многія нашы заходнія калегі прасілі не афішаваць іх удзел, бо атрымлівалі прамыя пагрозы звальнення, калі ў іх будуць кантакты з намі. Прыязджалі калегі з навуковых таварыстваў Італіі, Фінляндыі. У нас ёсць камунікацыя з калегамі з аб’яднання выпускнікоў савецкіх ВНУ ў Славакіі. Людзі чакаюць, калі скончыцца гэта вострая фаза геапалітычнага супрацьстаяння, і мы зможам нармальна аднавіць сувязі. Да нашага рэгіёна вялікая цікавасць, і многія ўважліва назіраюць за тым, што мы робім, якія формы работы з грамадзянамі развіваем.

— Завяршаецца Год гістарычнай памяці. Якія водгукі вы атрымалі і наколькі людзям былі цікавыя мерапрыемствы, да яго прымеркаваныя?

— Найперш гэта сістэматызацыя ўсёй гістарычнай палітыкі ў краіне. Створаны Савет па гістарычнай палітыцы, які з’яўляецца не кансультатыўным органам, а прымае адпаведныя рашэнні. Яны датычацца і выкладання гісторыі ў школах і ВНУ, экскурсійнай, музейнай дзейнасці, навуковых даследаванняў у гэтай сферы. Такой увагі да гісторыі, якую мы цяпер назіраем, не было даўно.

Тая ж акцыя «Беларусь адзіная», прысвечаная Году гістарычнай памяці, выклікала вялікую цікавасць, і людзі просяць працягнуць яе ў раёнах. Мы з Ігарам Аляксандравічам Марзалюком гэтым займаемся. Безумоўна, з’яўляецца дасягненнем, што нарэшце пасля некалькіх гадоў абмеркаванняў мы запусцілі новую канцэпцыю выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Адзін з асноўных прадметаў тут «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Выпушчаны падручнік па гэтай дысцыпліне.

Былі, дарэчы, просьбы працягнуць Год гістарычнай памяці. Асабіста я не прыхільнік гэтай ідэі, бо жыццё не стаіць на месцы, з’яўляецца нешта новае, у той жа час гэта сведчыць пра вялікую грамадскую цікавасць. Гэта не азначае, што калі Год гістарычнай памяці скончыўся, мы перастанем гэтай тэматыкай займацца, у тым ліку і наша таварыства. Савет працягне дзейнічаць, курс будзе выкладацца, будуць выходзіць перадачы, кнігі, прысвечаныя гісторыі Беларусі. Тыя добрыя тэндэнцыі, закладзеныя сёлета і напярэдадні, у Год народнага адзінства, будуць працягнуты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.