Вы тут

Чым адзначыліся «рэйхсбюргеры» ў Германіі?


Правыя экстрэмісты, якія нібыта планавалі дзяржаўны пераварот і адраджэнне Другога рэйха, хацелі забіць канцлера ФРГ Олафа Шольца. Аб гэтым паведаміла газета New York Tіmes са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам расследавання. Як сцвярджае нямецкая контрразведка, змоўніцкая групоўка «Грамадзяне Рэйха» (Reіchsburger) меркавала стварыць 286 узброеных груп, якія павінны былі «адказваць за ўнутраную бяспеку» па ўсёй краіне і праводзіць «зачысткі», не спыняючыся нават перад забойствамі. New York Tіmes піша, што было знойдзена больш за 100 дакументаў аб неразгалошванні, у якіх удзельнікі змовы кляліся захаваць інфармацыю аб планах групы зрынуць існуючы ў Германіі дзяржаўны лад і замяніць яго на ўласную форму праўлення. Відавочна, што ў гэтай справе шмат нестыковак. Чым жа насамрэч адзначыліся «рэйхсбюргеры» ў Германіі і чаму яны «ўсплылі» менавіта цяпер?


Мячы, шлемы, пісталеты

Днямі нямецкія ўлады агучылі справаздачу аб прадухіленні дзяржаўнага перавароту, мэтай якога была не толькі змена ўлады, але і змена дзяржаўнага ладу ФРГ. У маштабнай аперацыі па адлове змоўшчыкаў прынялі ўдзел тры тысячы паліцэйскіх, якія правялі ператрусы і затрыманні па 130 адрасах у 11 землях з 16 толькі ў Германіі, а таксама ў Аўстрыі і Італіі. Міністр юстыцыі ФРГ Марк Бушман паведаміў аб паспяховым правядзенні «антытэрарыстычнай аперацыі». «Федэральная пракуратура праводзіць следчыя дзеянні ў дачыненні да тэрарыстычнай сеткі з асяроддзя «рэйхсбюргераў». Ёсць падазрэнне, што на канстытуцыйныя органы ўлады планаваўся ўзброены напад», — напісаў ён у сацсетцы.

Аднак «улоў» выглядае сціпла: усяго 25 затрыманых, з іх толькі восем арыштаваны, і распачата следства. Хутчэй за ўсё, 17 затрыманых былі адпушчаныя на волю без прад'яўлення абвінавачання. Яшчэ паліцыя паведаміла, што 27 чалавек «знаходзяцца пад падазрэннем». Што далі ператрусы па астатніх прыкладна ста адрасах, улады не паведамляюць. Магчыма, змоўшчыкаў не было дома ці паліцэйскія памыліліся адрасам.

Пры дэталёвым разглядзе паведамленняў аб «паспяховай спецаперацыі» ўзнікае шмат пытанняў, заўважае expert.ru. Невядома, хто насамрэч стаіць за адназначна аперэтачнай ідэяй захопу Бундэстага. «Да гэтага часу ўсе падпалы Рэйхстагаў і штурмы Капітолія былі выдатна зрэжысіраваны зусім не тымі, хто рабіў усю чорную працу», — адзначыў расійскі тэлеканал «ТБЦ».

Як запэўніваюць улады, сярод арыштаваных апынуўся кіраўнік арганізацыі, які павінен быў стаць кіраўніком новага Рэйха: 71-гадовы Генрых XІІІ з дваранскага роду Ройсаў, чый прадзед быў уладаром невялікага княства ва Усходняй Германіі. Сам Ройс называе сябе ў інтэрнэце прынцам і залічвае да прамых нашчадкаў уладальнага дома, які кіраваў на тэрыторыі сучаснай нямецкай зямлі Цюрынгія. Была арыштавана і 39-гадовая грамадзянка Расіі: яна, паводле інфармацыі нямецкіх журналістаў, з'яўляецца спадарожніцай жыцця Генрыха XІІІ.

Былі затрыманы таксама колішні член парламента ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) 58-гадовая Біргіт Мальсак-Вінкеман і неназваны суддзя з Берліна. Таксама сярод затрыманых — знакаміты шэф-кухар, чыя дачка з'яўляецца сяброўкай футбаліста мадрыдскага «Рэала» Давіда Алабы, і былы афіцэр паліцыі, якому калісьці было даручана абараняць яўрэйскія абшчыны ад тэрарыстычных нападаў. Паведамлялася, што многія з арыштаваных нібыта з'яўляюцца колішнімі або дзейнымі вайскоўцамі.

Паводле звестак часопіса Der Spіegel, сярод прадметаў, канфіскаваных падчас маштабнай паліцэйскай спецаперацыі, былі 9-міліметровыя пісталеты, мячы, нажы, электрашокеры, баявыя шлемы, прыборы начнога бачання і службовая зброя паліцэйскага і жанчыны-паліцэйскага, якія аказаліся сярод падазраваных.

«Не забыць шапку: у Берліне холадна»

Хоць Генрых XІІІ у свой час служыў у войску, вельмі сумнеўна, каб ён, яго грамадзянская жонка, 58-гадовая былая дэпутатка Бундэстага і суддзя з Берліна асабіста штурмавалі шматлікія органы ўлады ў сталіцы Германіі. Застаецца думаць, што ўдарны кулак змоўшчыкаў складаўся з чатырох вайскоўцаў, частка з якіх ужо знаходзілася на пенсіі. Або давядзецца выказаць здагадку, што паліцыя не прад'явіла абвінавачанне астатнім затрыманым баевікам, якія рыхтаваліся сілай зрынуць існуючы лад.

Затрыманне грамадзянкі Расійскай Федэрацыі не было скарыстана нямецкімі ўладамі для абвінавачання Масквы ў арганізацыі перавароту або ўдзеле ў ім. Улады ФРГ паведамілі, што падазроныя ў падрыхтоўцы захопу ўлады нібыта звязваліся з прадстаўнікамі Расіі, але не атрымалі чаканай падтрымкі. У Крамлі назвалі змову ўнутранай праблемай ФРГ. «Яны самі канстатуюць, што ні пра якае ўмяшанне Расіі гаворкі ісці не можа», — заўважыў прэс-сакратар Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

А вось арышт члена партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) можа пацягнуць за сабой наступствы для гэтай палітычнай сілы. «Вельмі правая партыя», якая раней заяўляла аб неабходнасці паляпшэння адносін з Расіяй і скарачэння прытоку мігрантаў у краіну, які практычна не кантралюецца ўладамі, магчыма, будзе вымушана стаць больш «умеранай». «Аднаўленне кантролю за доступам у Бундэстаг былых дэпутатаў ад АдГ з'яўляецца неабходнасцю пасля выкрыццяў вакол Мальсак-Вінкеман», — заявіў намеснік парламенцкага лідара фракцыі лібералаў Канстанцін Кюле, заклікаўшы сілы бяспекі не дапускаць нікога, каго яны лічаць патэнцыянальнай пагрозай бяспекі.

«Гэтая змова выглядае вельмі камічна, і большасць немцаў над усёй гэтай гісторыяй адкрыта пацяшаецца, — заўважыў тэлеканал «ТБЦ». — У сеціве нават распаўсюджваюць жартаўлівую запіску. Па меркаванні тых, хто яе склаў, менавіта так павінен быў выглядаць план змоўшчыкаў: «1) паехаць у Берлін; 2) узяць штурмам Рэйхстаг; 3) стварыць новы ўрад са мной на чале ў якасці канцлера; 4) білет купляць толькі за наяўныя; 5) не забыць узяць шапку: у Берліне холадна».

Час фрыкаў

Генрых Ройс ніколі не хаваў свае вельмі правыя погляды і нават выступаў з лекцыямі на гэтую тэму. Нядзіўна, што вакол такой каларытнай постаці сфарміравалася змова і падпольная арганізацыя, якая, мяркуючы па ўсім, складаецца ў асноўным з членаў разнастайных германскіх спецслужбаў. Ройс ужо заяўляў публічна аб сваёй прыхільнасці тэорыям змовы, паведаміла нямецкая газета Frankfurter Rundschau. Паводле даных выдання, на мерапрыемстве Worldwebforum, якое прайшло ў 2019-м у Цюрыху, у сваёй прамове ён заявіў, што яго сям'я мела істотны ўплыў на працягу тысячы гадоў, але пасля была пазбаўлена правоў і ўласнасці. Аднак цяпер, праз 30 гадоў пасля здарэння, паводле слоў Ройса, ён знайшоў прычыну падзей і войнаў, якія абцяжарвалі грамадства. Тады ён згадаў Ротшыльда, які, на думку «прынца», кантраляваў паток брытанскіх грошай і імперыю і, такім чынам, меў вырашальны ўплыў. Таксама, паводле яго слоў, Першая сусветная вайна была справакавана замежнымі масонамі, а Германія не з'яўляецца суверэннай дзяржавай з 8 мая 1945 года.

«Выклікае неабходнасць вырашэнне пытанняў, звязаных з дабрабытам нямецкага народа. Тое, што, у прынцыпе, сённяшні ўрад дынамічна вырашыць не можа. Таму і ўзнікаюць такія гістарычныя фрыкі, якія вырашаюць гэтыя праблемы па-свойму, па-старому: захапіць Бундэстаг, арыштаваць урад, стварыць роты абароны радзімы і змяніць дзеючы дэмакратычны лад на недэмакратычны: той, які ў свой час зрабіў Германію вялікай. Як яны лічаць», — патлумачыў тэлеканалу «ТБЦ» загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава Андрэй Кошкін.

Ролевая гульня

«Сітуацыя вельмі дзіўная, асабліва ў тым кантэксце, што рэйхсбюргеры — гэта сеткавы нефармальны рух у Германіі, ён вельмі дэзынтэграваны, у яго няма адзінага кіруючага цэнтра. Уласна кажучы, гэтым тэрмінам завецца сукупнасць дробных груп інтэлектуалаў і прадпрымальнікаў, хто не ўспрымае ФРГ як легітымную структуру і лічыць яе нават не дзяржавай, а карпарацыяй ці тэрыторыяй, акупаванай Злучанымі Штатамі. Рэйхсбюргераў аб'ядноўвае непрыманне цяперашняй дэмакратычнай сістэмы краіны, яны вельмі адмоўна ставяцца да такіх з'яў, як глабалізацыя, масавая міграцыя ў Германію, сяброўства краіны ў НАТА, гэта значыць, фактычна такія ўльтрасуверэнітысты. Ужо некалькі гадоў яны знаходзяцца ў полі зроку нямецкіх праваахоўных органаў. Яшчэ гадоў пяць-шэсць таму, напрыклад, ведамства па ахове канстытуцыі ў сваіх справаздачах іх ніяк не згадвала, але ў святле падзей, звязаных з рухамі «Пегіда», «Хугеза», масавых пратэстаў насельніцтва супраць незаконнай міграцыі, рэйхсбюргеры сталі больш актыўныя. У іх ёсць шэраг інтэлектуальных цэнтраў, напрыклад Германскі калегіум, Deutsch Kollegіum, які распрацоўвае тэарэтычную базу ўсяго руху. Але, па сутнасці, у адрозненне ад іншых праварадыкальных арганізацый, гэта палітычная калятусоўка, якая больш нагадвае ролевую гульню, чым рэальную палітыку», — адзначыў fontanka.ru вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра германскіх даследаванняў Інстытута Еўропы РАН Аляксандр Камкін.

Як лічыць эксперт, спецаперацыя «вельмі падобная на правакацыю спецслужбаў з мэтай закручвання гаек, магчыма, занясенне змен у заканадаўства па забароне любых масавых дэманстрацый, плюс пад удар трапляе «Альтэрнатыва для Германіі», таму што зараз мусіруецца тэма сувязяў яе членаў з дадзеным гуртком». «Усё гэтае шоу, увесь гэты балаган са змовай гэта ўсё, вядома ж, з аднаго боку адцягнуць насельніцтва ад важных праблем. З іншага боку, спроба заткнуць рот апазіцыі», — заўважыў tvzvezda.ru дэпутат Бундэстага ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Яўген Шміт.

Дэфіцыт крывянкі

Пакуль насамрэч больш пытанняў, чым адказаў. «Вельмі «своечасова» ўсё адбылося, — заўважыў Аляксандр Камкін. — Зразумела, што нямецкае грамадства вельмі моцна падзеленае ў кантэксце апошніх падзей і сапраўды наспяваюць буйныя акцыі пратэсту. Таму, відаць, вырашылі згуляць на апярэджанне і папалохаць лаяльных бюргераў пагрозай чарговай сутычкі».

Нямецкія «змоўшчыкі» маюць рацыю ў тым, што ФРГ не валодае суверэнітэтам на сваёй зямлі, рашэнні прымаюць ЗША. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў у сваім тэлеграм-канале. «Рашэнні па пытаннях нямецкай энергетыкі, прамысловасці і абароны прымае «глыбінная амерыканская дзяржава», — заўважыў ён. Іранізуючы над палітычнай сітуацыяй у Германіі, Дзмітрый Мядзведзеў напісаў, што «ў немцаў відавочна назіраецца дэфіцыт крывянай каўбасы, усюды толькі ліверная». На яго думку, канцлеру ФРГ Олафу «Шольцу такі разварот відавочна на карысць». «Ён і повар, і ўдзельнік трапезы», — заўважыў расійскі палітык.

Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў і намёкі на сувязь «змоўшчыкаў» з рускімі. «А як інакш? Усе зламысныя змовы, сусветныя войны, разбуральныя землятрусы і смяротныя эпідэміі ад нас. Ганарымся, хоць у нас і не выйшла пакуль. Будзем спрабаваць на трываласць Германію і надалей. Раптам зноў стане манархіяй?» — саркастычна пракаментаваў ён. Сітуацыю, якая склалася, Дзмітрый Мядзведзеў назваў «яўнай прыкметай спадчыннай хваробы ўсёй мадэлі кіравання ў Германіі». Ён дадаў, што «гэта чыстая правакацыя і канспіралогія», і выказаў меркаванне, што «трылер будзе цікавейшы за праславуты нямецкі серыял Dark».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».