Вы тут

Чым адрозніваецца запаведнік ад заказніка


Большасць з нас успрымае запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі і помнікі прыроды як своеасаблівыя прыродныя музеі. І калі многія ведаюць, як сябе паводзіць у сапраўдных музеях, то тут губляюцца і часта вырашаюць не заходзіць на гэтыя тэрыторыі: маўляў, яны ахоўваюцца ад умяшання чалавека. Аднак ёсць людзі, якія часта наведваюцца на ахоўваемыя тэрыторыі з навуковымі мэтамі і могуць шмат пра іх расказаць. Мы гутарым з загадчыкам сектарам запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімірам Усцінам.


— Уладзімір Уладзіміравіч, многія баяцца бываць у запаведніках, нацыянальных парках і заказніках, на тэрыторыях помнікаў прыроды, бо лічаць, што знаходзіцца там забаронена. Наколькі іх насцярожанасць апраўданая і што патрэбна ведаць, каб наведвацца туды смела?

— У нашай краіне найвышэйшы статус аховы мае Бярэзінскі біясферны запаведнік. Бавіць час на яго тэрыторыі сапраўды нельга. Там прырода сама вырашае, як і ў які бок ёй развівацца, а працэсы яе самарэгуляцыі, самаўзнаўлення адбываюцца без умяшання чалавека. У той жа час і на тэрыторыі запаведніка маюцца ўчасткі, якія дазваляецца наведваць невялічкімі групамі пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў. Такія экскурсіі звычайна абмяжоўваюцца светавым днём, строга забараняецца разбіваць палаткі, спыняцца на начлег, тым больш паліць кастры на гэтых тэрыторыях.

Падобныя правілы наведвання ўстаноўлены і для запаведных зон нацыянальных паркаў, якіх у нас чатыры: Белавежская пушча, Прыпяцкі, Браслаўскія азёры і Нарачанскі. Трэба разумець, што нацыянальныя паркі — гэта ўнікальныя тэрыторыі, якія ў сваім складзе маюць розныя зоны: запаведную, рэгуляванага выкарыстання, рэкрэацыйную і гаспадарчую. У запаведнай зоне нацыянальнага парку, як і ў запаведніку, бавіць час таксама нельга. А вось у рэкрэацыйнай зоне аматарам прыроды дазваляецца адпачываць без перашкод. Для іх там будуюцца туры стычныя стаянкі, дамы адпачынку, домікі паляўнічых і інш. Зоны рэгуляванага выкарыстання ў асноўным прадстаўлены ляснымі землямі, дзе абмяжоўваюцца лесагаспадарчыя мерапрыемствы, аднак наведваць іх для збору грыбоў, ягад і іншых дароў прыроды насельніцтву не забараняецца. У гаспадарчай зоне маюцца і свае сельгасугоддзі, ураджай з якіх часткова выкарыстоўваецца для корму дзікіх жывёл у зімні перыяд.

Уладзімір Усцін падчас абследавання помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Чортаў камень» у Валожынскім раёне.

А вось што датычыцца заказнікаў, то на іх тэрыторыях можна бесперашкодна атрымліваць надтхненне ад прыроды, фатаграфаваць жывёл і расліны, сузіраць прыродныя славутасці, збіраць грыбы, ягады і кветкі. Аднак пры гэтым трэба асцерагацца, каб не пашкодзіць расліне, занесенай у Чырвоную кнігу. Зрываць рэдкія расліны, абрываць іх лісты, а тым больш выкопваць — забараняецца нават тады, калі яны растуць на звычайным лузе, а не толькі ў заказніку. Больш за ўсё забарон датычыцца землекарыстальнікаў, якімі могуць быць лясгасы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і нават фізічныя асобы. Ім не дазваляецца высякаць лес суцэльнымі дзялянкамі, парушаць драўняна­хмызняковую расліннасць. У заказніках нельга ўзводзіць будынкі, якія не прызначаюцца для аховы гэтых тэрыторый або для экалагічнага турызму.

Помнікі прыроды могуць абмяжоўвацца толькі адным аб’ектам (напрыклад валун або дрэва, крыніца), а могуць займаць плошчы ў дзясяткі гектараў (дубравы, паркавыя комплексы і інш.). Яны таксама патрабуюць да сябе асаблівай пашаны. Прычыняць ім шкоду забараняецца: напрыклад, нельга наносіць надпісы на валуны, якія з’яўляюцца помнікамі прыроды, драпаць іх, адбіваць кавалачкі на сувеніры, счышчаць з камянёў мох і лішайнікі і г. д. На дрэве, якое лічыцца помнікам прыроды, забараняецца ламаць галінкі, пакідаць «пасланні» на іх кары. За такія дзеянні прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне.

На жаль, на ўваходзе ў ахоўваемыя прыродныя комплексы не заўсёды ўстаноўлены інфармацыйныя стэнды, дзе можна прачытаць назву прыроднага аб’екта, які статус нададзены гэтай тэрыторыі, якія ў гэтым месцы дзейнічаюць забароны і абмежаванні. Наведвальнікі не разумеюць, што апынуліся на ахоўваемай тэрыторыі і павінны прытрымлівацца пэўных правіл, а таму могуць іх ненарокам парушыць. Каб гэтага не адбылося, лепш напярэдадні сваёй вандроўкі дасканала вывучыць даступную ў інтэрнэце інфармацыю пра мясціну, якую яны збіраюцца наведаць.

Cтаршыя навуковыя супрацоўнікі сектара запаведнай справы Святлана Цярэшчанка і Ірына Лукіна падчас абследавання помніка прыроды «Аміліна гара» ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці

— З вашых адказаў можна зрабіць выснову, што найбольш дэмакратычныя ў плане наведвання заказнікі. Ці ёсць сярод іх такія, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў аматараў адпачынку на прыродзе?

— Сапраўды, некаторыя ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі прыцягваюць да сябе наведвальнікаў у вялікай колькасці. Напрыклад, вельмі прывабнай для мінчан з’яўляецца лес абапал трасы Мінск — Віцебск, непадалёку ад Лагойска і мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У ліпені, жніўні і верасні, асабліва ў выхадныя дні, можна заўважыць уздоўж дарогі вялікую колькасць аўтамабіляў, на якіх прыехалі ў лес грыбнікі. Аднак мала хто з іх ведае, што лясны масіў з аднаго боку трасы мае статус заказніка рэспубліканскага значэння «Белая Русь». Тым не менш збіраць ягады і грыбы ім ніхто не забараняе, а вось пакідаць аўтамабілі ў лесе на недазволеных месцах нельга: за гэта прадугледжана адказнасць.

Заказнік «Сярэдняя Прыпяць» больш запатрабаваны ў тых, хто жадае адпачыць на рацэ. У яго склад уваходзіць практычна ўся тэрыторыя поймы і тэрасы з абодвух бакоў Прыпяці. Ён пралягае па тэрыторыі чатырох раёнаў: Пінскага, Столінскага і Лунінецкага Брэсцкай вобласці і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Цікава, што ў Лунінецкім раёне на беразе Прыпяці выдзелена пляцовак адпачынку, дзе ўсім жадаючым дазваляецца загараць, купацца, ставіць палаткі, і ніякіх спагнанняў за гэта не прадугледжваецца. Аднак у іншым месцы Прыпяці таго ж заказніка такі адпачынак можа быць расцэнены як парушэнне правіл ахоўнага рэжыму.

— Навукоўцы — гэта тыя людзі, якія бесперашкодна могуць бываць як у заказніках, так і запаведніках, а таксама нацыянальных парках. Ім можна толькі пазайздросціць…

— Што датычыцца нашых супрацоўнікаў, то мы пастаянна бываем у заказніках, нацыянальных парках і на тэрыторыях помнікаў прыроды. У запаведніку працуем радзей: там маецца свой вялікі аддзел, які забяспечвае навуковае суправаджэнне гэтага прыроднага комплексу. У нацыянальных парках такія аддзелы невялікія, а таму мы ім дапамагаем сваімі даследаваннямі. А вось у заказніках і на тэрыторыях помнікаў прыроды падобных структурных падраздзяленняў наогул няма, і высновы навукоўцаў нашага сектара і іншых падраздзяленняў Цэнтра па біярэсурсах аказваюцца карыснымі для іх функцыянавання. Не так даўно, напрыклад, мы выязджалі ў вёску Сула Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, каб дасканала даследаваць лясны масіў і сядзібна­паркавы комплекс гэтага населенага пункта, якія маюць статус помніка прыроды мясцовага значэння. У выніку палявых даследаванняў намі было ўстаноўлена, што згублена цэласнасць гэтага паркавага ансамбля: многія дрэвы, якія былі высаджаны ў старыя часы, загінулі. Аднак нас парадавала, што іх насенне прарасло і моц набіраюць маладыя дрэўцы, а значыць, той парк, які задумвалі былыя гаспадары сядзібы, можа аднавіцца, таму прыродаахоўны статус неабходна захаваць.

Уладзімір Усцін падчас абследавання помніка прыроды мясцовага значэння «Парк Сула» ў Стаўбцоўскім раёне

У той жа час навукоўцы нашага сектара не адзіныя, хто вывучае асабліва ахоўваемыя тэрыторыі. У Навукова­практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах і іншых Інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук існуюць лабараторыі, супрацоўнікі якіх займаюцца выяўленнем чырвонакніжных відаў жывёл і раслін, а таксама даюць свае прапановы па пытаннях функцыянавання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый.

— Ведаю, што не заўсёды камандзіроўкі на прыроду спалучаюцца з бяспечным сузіраннем. Напрыклад, у вялікім лесе можна заўпрост згубіцца або сустрэць драпежніка…

— Таму мы заўсёды працуем групамі па тры чалавекі як мінімум, узбройваемся спецыяльнай апаратурай, якая дапамагае вызначыць месцазнаходжанне, і абавязкова бяром з сабой папяровыя карты на выпадак, калі электроніка не спрацуе. У групу ўключаюцца навукоўцы розных накірункаў: профільныя заолагі і батанікі. Я звычайна выязджаю ў якасці географа­геаэколага. Для мяне важна не засяроджвацца на асобных відах флоры і фаўны, а бачыць усю экасістэму ў цэлым і разумець, што неабходна зрабіць, каб не адбылося яе разбурэння, каб яна мела магчымасць самастойна ўзнавіцца.

— Вы па службе бывалі на розных ахоўваемых тэрыторыях. Якія з іх вам запомніліся асабліва?

— З катэгорыі заказнікаў найбольшыя ўспаміны ў мяне выклікаў «Сіньша» на тэрыторыі Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Узрушыў заказнік «Альманскія балоты» ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. У ландшафтным заказніку «Прыбужскае Палессе», што ў Брэсцкім раёне, давялося быць дастаткова даўно, але дагэтуль перад вачыма яго рэльефная тэрыторыя. Гэты біясферны рэзерват знаходзіцца ў басейне ракі Заходні Буг у Брэсцкім і Маларыцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Заказнік «Выдрыца» на тэрыторыі Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў Гомельскай вобласці адрозніваецца шырокай поймай і рэчышчам ракі Бярэзіна. Не магу абысці ўвагай ландшафтны заказник «Сарачанскія азёры» ў Гродзенскай вобласці.

Старшы навуковы супрацоўнік Алена Шушкова і вядучы навуковы супрацоўнік Ганна Сідаровіч сектара запаведнай справы падчас інвентарызацыі помніка прыроды «Святыя крыніцы» ў Мінскім раёне

З нацыянальных паркаў маю ўвагу найбольш прыцягваюць Браслаўскія азёры. Узвышанасці і ўзгоркі гэтага прыроднага комплексу, выцягнутыя грады, якія плаўна пераходзяць у нізіны з азёрамі, што з’яўляюцца катлавінамі дзейнасці ледніка, могуць заваражыць кожнага, хто там пабывае.

Калі гаварыць пра помнікі прыроды, маё захапленне — гэта валуны. Для кагосьці яны проста камяні, але для мяне, зноў жа як географа, — прыродныя аб’екты, па якіх можна вывучаць геалагічную гісторыю, дазнавацца, як у мінулым адбываліся абледзяненні, адкуль леднікі прыносілі гэтыя камяні. Шмат валуноў з тых часоў засталіся ляжаць на нашай зямлі каля Шчучына, Iўя, Ашмян і Наваградка Гродзенскай вобласці, а таксама Валожына і Мядзеля Мінскай вобласці. Іх там цэлы россып.

— Зразумела, што навукоўцы, выязджаючы на прыроду, не ставяць сабе на мэту добра адпачыць. Якую работу яны там праводзяць?

— Навукоўцы, патрапіўшы на ахоўваемыя тэрыторыі, ацэньваюць стан тых з іх, што існуюць даўно, знаходзяць новыя прыродныя тэрыторыі, якія, на іх думку, павінны ахоўвацца дзяржавай, уносяць прапановы, каб такі статус быў зняты з бесперспектыўных участкаў, шукаюць месцы рассялення чырвонакніжных жывёл і раслін, высвятляюць, у якім стане знаходзяцца біятопы, ацэньваюць антрапагенную нагрузку на тэрыторыі... Карацей кажучы, працы ў іх на прыродзе шмат.

Уладзімір Усцін падчас інвентарызацыі помнікаў прыроды ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці

— Ад навукоўцаў сектара запаведнай справы залежыць колькасць нашых запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і прыродных помнікаў? Можна сказаць, што ахоўваемых тэрыторый ужо дастаткова?

— Сапраўды, супрацоўнікі нашага сектара, зыходзячы са сваіх навуковых даследаванняў, прызваны ўносіць прапановы ў органы дзяржкіравання, якія прыродныя тэрыторыі трэба зберагаць, а на якіх дазваляць гаспадарчую дзейнасць. На маю думку, у гэтым выпадку нельга ставіць ніякіх планак і абавязацельстваў, нельга ў лік асабліва ахоўваемых тэрыторый прыцягваць новыя толькі таму, што хочацца дасягнуць нейкіх працэнтных суадносін у розных абласцях па ахоўваемых аб’ектах. Гэты статус павінны мець тэрыторыі, якія валодаюць высокай біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасцю, на якіх сканцэнтравана найбольшая колькасць прыродных аб’ектаў як расліннага, так і жывёльнага свету. Як толькі знаходзім такую тэрыторыю, хай сабе і невялічкую, усяго ў некалькі гектараў, мы робім усё, каб яна займела прыродна­ахоўны статус.

Ганна ЛАГУН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».