Вы тут

Дзіцячая кніга: Пошук крэатыўных ідэй


20 снежня ў Мінску, у Доме літаратара, адкрываецца пашыраны пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаны пытанням развіцця дзіцячай літаратуры, дзіцячага кнігавыдання. У пярэдадзень падзеі мы пагутарылі з кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі краіны Алесем Карлюкевічам.


— Алесь Мікалаевіч, чаму менавіта гэтая тэма абрана да разгляду?

— Мы ўжо не аднойчы абмяркоўвалі пасля сёлетняга з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, што хаця б раз на год варта праводзіць пленумы, прысвечаныя пытанням развіцця беларускай мастацкай літаратуры ў тых ці іншых тэматычных накірунках і ў розных відах. Што я маю на ўвазе найперш? Існуюць праблемы, якія маюць шматгадовую, магчыма, і ў некалькі дзесяцігоддзяў, творчую гісторыю. Мяняецца свядомасць чытача, розны характар набывае сістэма выкладання і вывучэння мастацкай літаратуры ў школе. Адбываецца пэўная эвалюцыя жанраў у прозе, паэзіі, публіцыстыцы. Губляецца сур’ёзная ўвага літаратурна-мастацкай крытыкі да сучаснага літаратурнага працэса. І маўчаць, не гаварыць пра гэта, не шукаць галоўныя прыярытэты, якія б дапамагалі развіццю нацыянальнай літаратуры, спрыялі нараджэнню найболей цікавых, вартых увагі чытача твораў – наўрад ці гэта правільна.

Дзіцячая літаратура, яе ўпэўненае развіццё, дзіцячае кнігавыданне – гэта аснова асноў. Захопленыя сацыяльнымі сеткамі, школьнікі, падлеткі здольны ўвогуле адмовіцца ад мастацкага слова, папяровай кнігі. Чаму так адбываецца? Якой кнігай прыцягнуць увагу? Чаму здольная навучыць кніга, адрасаваная юным чытачам? Хто сярод пісьменнікаў з’яўляецца лідарам? Якія тэмы ў дзіцячым кнігавыданні носяць прырытэтны характар? Якімі павінны быць стасункі паміж пісьменніцкай грамадскасцю і педагогамі, школай? Ці ёсць патэнцыял у літаратурна-мастацкай крытыкі, які можна скіраваць на дэталёвы разгляд, якія адбываюцца сёння ў галіне дзіцячай літаратуры? Якія парады стваральнікам твораў для дзяцей гатовы выдаць педагогі, арганіазатары выхаваўчай працы ў школе?..

— Сапраўды, пытанняў звышдастаткова… І на пленуме будуць знойдзены адказы на іх?

— Хутчэй – мы іх агучым, паставім і перад нашымі калегамі, і перад настаўніцкай грамадскасцю, ды і перад усімі зацікаўленымі. Паасобку зняць гэтыя пытанні, знайсці іх вырашэнне – справа марная.

— Але ж і размова дзеля размовы…

—Удзел у пленуме ў якасці выступоўцаў прымаюць дасведчаныя, аўтарытэтныя асобы. Мы запрасілі і кіраўніцтва міністэрстваў – адукацыі і інфармацыі. Спадзяюся, што ўжо на самым пачатку размовы ўдасца задаць адпаведны тон, стварыць атмасферу шчырага, зацікаўленага абмеркавання… Два даклады будуць прадстаўлены ўвазе ўдзельнікаў пленума, а таксама яго гасцям – мы запрасілі ў Дом літаратара настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры з Мінска і Мінскай вобласці, бібліятэкараў з Мінска. Адзін даклад падрыхтавала Алена Анатольеўна Стэльмах, дзіцячая пісьменніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, яна ж – і кіраўнік секцыі дзіцячай літаратуры, якая дзейнічае ў СПБ. І другі дакладчык – паэт, празаік, перакладчык Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Кожны з іх выбраў свае абсягі для размовы.

На пленуме выступяць і спецыялісты з Нацыянальнага інстытута адукацыі… Яны выкладуць прынцыпаў і крытэрыяў адбора твораў для ўключэння ў вучэбную праграму, звернуць асаблівую ўвагу на асэнсаванне чытання як асновы чытацкай адукаванасці вучняў. СП Беларусі даўно супрацоўнічае з такім знаным метадыстам у галіне выкладання літаратуры, як намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Ірынай Аляксандраўнай Буторынай. Яна паспрабуе адказаць на пытанне, як правільна арганізаваць сустрэчу з пісьменнікам у школе, як зрабіць урок чытання цікавым. Мне падаецца, што цікавым павінна быць і выступленне дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяны Аляксееўны Швед, якая павядзе размову пра бібліятэку як пра развіваючы асяродак дзіцячага чытання. Свае крэатыўныя ідэі па прадвіжэнню кнігі і чытання выкладзе загадчык Заслаўскай гарадской дзіцячай бібліятэкі Наталля Віктараўна Грыгор’ева.

— Што ж, застаецца пажадаць пашыранаму пленуму праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі плённай працы, выпрацоўкі новых стратэгічных ініцыятыў, скіраваных на развіццё дзіцячага кнігавыдання.

— Дзякуй!

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».