Вы тут

Стараста вёскі з Ганцаўшчыны захоўвае звесткі пра мінулае вёскі


У канцы восені ў Задуб'і адкрывалі памятны знак, прысвечаны трагічным падзеям 1943—1944 гадоў. Тады палескую вёску, размешчаную сярод лясоў, палілі карнікі. Гэта рабілі двойчы: адзін раз у канцы 43-га года, другі — у пачатку 44-га. За два разы акупанты знішчылі 149 хат, забілі 48 жыхароў. Помнік быў і да гэтага, а цяпер вырашылі зрабіць яшчэ адзін, больш сучасны, відовішчны, інфармацыйны. Пры падрыхтоўцы да адкрыцця памятнага знака звярнуліся да гістарычных звестак. Высветлілася, што іх беражліва захоўвае мясцовы бібліятэкар, яна ж стараста вёскі, Ірына Валасюк.


Адных старастаў вёсак выбіраюць на сходах па прапановах жыхароў, іншых настойліва рэкамендуе сельскі Савет. У выпадку з Ірынай Валасюк выйшла крыху інакш. Паводле слоў старшыні Малькавіцкага сельвыканкама Таццяны Літвіновіч, Ірына Барысаўна даўно была тут нефармальным лідарам. Яна загадвае сельскім клубам-бібліятэкай, вакол яе будуецца ўсё грамадскае жыццё населенага пункта. Яе вылучэнне на пасаду старасты стала фармальным прызнаннем нефармальнага статусу.

— Большая частка жыхароў Задуб'я — пенсіянеры, — гаворыць кіраўнік мясцовай улады. — Ірына Валасюк жыве тут даўно, кожнага ведае, да ўсіх мае свой падыход. Палова вёскі — яе чытачы, яшчэ частка — удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Вясковы клуб не прастойвае, служыць сапраўдным культурным асяродкам. Гэта адчуваецца на любым мерапрыемстве, асабліва калі летам праводзім свята вёскі. У Ірыны Барысаўны ёсць матэрыялы, звесткі пра кожнага чалавека: яго таленты, захапленні, заслугі. Таму і атрымліваюцца змястоўныя сцэнарыі мерапрыемстваў, таму і выказваюць людзі падзяку за арганізаванае свята. Калі ні зойдзеш увечары ў клуб, там абавязкова сустрэнеш людзей, а гэта самае важнае — падсумоўвае Таццяна Літвіновіч.

Ірына Валасюк расказала, што працуе ў гэтай бібліятэцы вельмі даўно. Фактычна ўсё працоўнае жыццё прайшло ў Задуб'і. Тут выгадавалі з мужам дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Раней у вёсцы была базавая школа. Гадоў дзесяць таму яе закрылі па вядомай прычыне — вучняў стала мала. Цяпер у вёсцы засталося ўсяго пяць школьнікаў, якіх кожны дзень адвозіць на заняткі ў Малькавічы школьны аўтобус. Ёсць яшчэ ў населеным пункце ФАП, крама, пошта.

— Пражывае зараз каля 150 чалавек, хоць зарэгістравана значна больш, — расказвае стараста. — Маладыя людзі заканчваюць школу, атрымліваюць адукацыю, стараюцца знайсці работу ў сталіцы. Жыллё здымаюць, а рэгістрацыя застаецца вясковая. Такіх у нас многа, моладзь арыентаваная найперш на добрую работу. А ў вёсцы пражывае шмат пенсіянераў.

Але мы стараемся жыць нясумна. Ёсць у нас фальклорны калектыў «Пярэзвы»: касцяк — сем чалавек, сапраўдныя таленты, — працягвае Ірына Барысаўна. — У праграме калектыву ў асноўным народныя песні. Нас заўсёды чакаюць не толькі ў сваім клубе — запрашаюць і ў суседнія вёскі, і мы з задавальненнем выступаем. Вось і зараз рыхтуем калядную праграму, будзем віншаваць са святамі сваіх аднавяскоўцаў, а калі запросяць «на гастролі» — выступім і ў суседзяў. З задавальненнем удзельнічаем, напрыклад, у зажынках, дажынках. Сёлета выступалі ў полі перад камбайнамі. І нашы жанчынкі расчуліліся, успомнілі песні сваіх матуль, бабуль, механізатарам узнялі настрой, яны шчыра дзякавалі. Свята вёскі, вядома, без нас не бывае. Вызначыліся і на раённых конкурсах, аглядах. Сабралі ўжо цэлы стос розных дыпломаў, адзнак за ўдзел у конкурсе патрыятычнай песні, у мерапрыемстве «Талака Ганцаўшчыны», іншых.

Работа па захаванні гістарычнай памяці сваёй вёскі — асаблівы раздзел клопатаў старасты і бібліятэкара. Ірына Барысаўна падхапіла эстафету былой школы. У бытнасць школы энтузіястам гэтай работы доўга заставалася настаўніца Святлана Навіцкая. Святлана Цімафееўна працавала нават у сталічным архіве. Адтуль прывезла бясцэнныя звесткі пра трагічныя падзеі ваеннага часу, зрабіла копіі паказанняў відавочцаў тых страшных карных аперацый. Ёсць сведчанні, напрыклад, Марыі Малышкі. Жанчына расказвала, як спалілі яе хату з мужам і дачкой. Ёй хоць і пашчасціла выратавацца, але хутка пасля гэтага пахавала маленькага сына, не ўдалося захаваць і ненароджанае дзіця, якое насіла пад сэрцам. І падобных сямейных гісторый тут нямала. Успаміны Канстанціна Валасюка захоўваюцца ў выглядзе выразкі з раённай газеты. Матэрыял быў апублікаваны ў газеце «Савецкае Палессе» ў пачатку 80-х гадоў.

І не толькі школа збірала і захоўвала звесткі пра ваенныя падзеі ў Задуб'і. Бібліятэкар таксама паспела апытаць некалькі ветэранаў вайны, старажылаў вёскі і аформіла гэтыя ўспаміны ў асобную папку. Цяпер матэрыялы захоўваюцца ў бібліятэцы. Імі карыстаюцца школьнікі, студэнты, якія пішуць курсавыя работы, іх выкарыстоўваюць для правядзення раённых мерапрыемстваў. Вось і пры падрыхтоўцы матэрыялу для праекта «Вогненныя вёскі. Нельга забыць», які працягваецца ў нашай газеце, стараста з Ганцаўшчыны таксама аказала дапамогу.

Ірына Валасюк мае намер з часам перавесці гэтыя матэрыялы ў лічбу, каб служылі яны справе гістарычнай памяці будучых пакаленняў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.