Вы тут

У чаканні цуду


Хтосьці калекцыяніруе статуэткі, хтосьці — маркі, хтосьці — каменьчыкі. Я ж ужо гадоў дзесяць збіраю, нанізваю, як пацеркі на нітачку, цёплыя гісторыі. Некаторыя з іх здараюцца са мной, большасць — з маімі сябрамі ці сябрамі сяброў. І гэтыя «цудосінкі», як я іх называю, асабіста для мяне маюць тэрапеўтычны эфект. Ад кожнай новай такой гісторыі на душы становіцца крышачку святлей. Якраз перад святамі мне захацелася падзяліцца з вамі гэтым святлом.


Алена і Аляксей нядаўна згулялі вяселле. Яны папрасілі гасцей не дарыць ім кветкі. Бо мноства букетаў, вядомае, хоць і выглядаюць вельмі эфектна, але ж так хутка завяне, не пакінуўшы следу ў чыімсьці жыцці. Замест кветак госці прыносілі... сухі корм для коцікаў. Яго маладыя на наступны дзень пасля вяселля адвезлі ў часовы прытулак для бяздомных і хворых жывёл...

Дзядуля са светлым абліччам ужо даўно на пенсіі, але, каб чымсьці сябе заняць і зарабіць хоць якую капейку, пачаў майстраваць драўляныя шпакоўні. Прадаваў іх у пераходзе побач з домам. Наста па дарозе з работы набыла парачку домікаў для птушак і напісала пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Праз колькі дзён я адмыслова паехала ў той пераход, каб падтрымаць дзядулю, але не знайшла ні яго, ні шпакоўняў. Ад бабулі, што гандлявала там вязанымі шкарпэткамі, даведалася, што ўчора ў дзядулі быў ажыятаж: за адзін вечар у яго раскупілі ўсе. Дык ён нават плакаў ад шчасця. Дадому ў той вечар я вярнулася з трыма парамі вязаных шкарпэтак...

У Мінску па суботах працуе рыначак «Усё сваё», дзе беларускія фермеры прадаюць самаробныя сыры, выпечку, пасцілу... У дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча там прадавалі і натуральнае марожанае. Ілья, які яго вырабляе, прыдумаў прыгожую акцыю: абменьваў марожанае на вершы. Тым, хто чытаў услых любімыя радкі Уладзіміра Сямёнавіча, дарыў пламбір і... Усмешку.

Апошнім часам Танюша практычна кожныя выхадныя ездзіць праведаць бацькоў. Ім ужо за семдзесят. Тата гадоў дзесяць як страціў зрок, мама зусім нядаўна зведала хваробу Паркірсона. «Пакуль прыгатуеш паесці ды прыбярэшся ў хаце, дак нават паразмаўляць нармальна не атрымліваецца», — уздыхае стомленая сяброўка пасля кожнай паездкі. І вось нядаўна яна вырашыла зрабіць бацькам сюрпрыз. Адпрасілася з работы і на самай ранняй маршрутцы паехала на малую радзіму сярод тыдня. Зусім адна — без дзяцей. «Цудоўны досвед, — дзеліцца ўвечары пасля вяртання сяброўка, — так класна пасядзелі за гарбатай, пагутарылі...»

Наталля вельмі моцна пасварылася з татам. Ехала ад яго дадому ў аўтобусе, трымаючы на руках сваю спячую гадавалую дачку. Усю дарогу плакала, гледзячы ў акно. На прыпынку разам з ёй выйшла маладая пара. Зусім нечакана дзяўчына (той было, як і Наталлі, гадоў 20), працягнула Наташы кветкі (якія, відаць, малады чалавек прынёс ёй на спатканне) са словамі: «Вазьміце, няхай вам ад іх стане крыху цяплей».

«Мне так шкада, што ты перажываеш. Але што б ні здарылася, памятай: усё праходзіць...» Аня атрымала гэтую запіску мінулым снежнем, напярэдадні Новага года, калі, перажываючы шмат жыццёвых цяжкасцяў і боль у назе, ехала ў метро ўся ў слязах. Жанчына, якая сядзела побач, перад тым як выйсці з вагона, усунула ёй у руку кавалачак паперы. Прачытаўшы добрае пасланне, Аня разрыдалася яшчэ больш, але запіску захавала. Паперка ляжала ў яе кашальку ўвесь год. І вось днях у вагоне метро Аніну ўвагу прыцягнула дзяўчына, якая эмацыянальна размаўляла з кімсьці па тэлефоне, а потым, паклаўшы трубку, расплакалася. І тут Аня зразумела, навошта захоўвала увесь час тую запіску... Вось такі кругаварот падтрымкі. Хочацца верыць, што ў запіскі будзе новы атрымальнік. І распачаты ланцужок дабрыні будзе цягнуцца доўга-доўга, дапамагаючы ў цяжкую хвіліну яшчэ многім.

Мая сястра з мужам і сынам надоечы былі ў гасцях у сябра-балгарына. Шасцігадовы Мацвейка ўбачыў на рабочым стале гаспадара вялікі грэцкі арэх. І хацеў забраць сабе. «Сынок, спытай у дзядзькі Валодзі, ці можна яго ўзяць. Можа, для яго гэты арэх мае нейкую каштоўнасць.» — «Дзядзька Валодзя, а можна мне забраць гэты арэх?» — «Вядома, але ў нас у Балгарыі ёсць добрая традыцыя: калі пакласці яго ў кішэнь і насіць з сабой, то будзе табе шчасце». Пакуль дарослыя развітваліся, Мацвей сядзеў у машыне. Раптам ён выбег і, расхвалявана жэстыкулюючы, сказаў: «Дзядзька Валодзя, ну не трэба мне тое шчасце! Я проста хачу паглядзець, што там унутры...» І сапраўды, навошта чакаць усё жыццё нейкае прыдуманае дарослымі ўяўнае шчасце? Калі можна жыць «тут і цяпер», дзейнічаць, ствараючы цуды сваімі рукамі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».