Вы тут

Месца прэм’ер і адкрыццяў! У Вялікім тэатры Беларусі праходзіць Мінскі міжнародны Калядны оперны форум


Традыцыйна ў снежні ў Вялікім тэатры Беларусі праходзіць Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Гэтым разам свята сабрала гасцей з самых розных краін, каб падараваць гледачам незабыўныя ўражанні і эмоцыі.


На сцэне артысты «Астана Опера».

Новая сустрэча

Оперны форум — адзін з самых значных праектаў Вялікага тэатра. Дванаццаты раз на мінскай сцэне былі паказаны як добра вядомыя пастаноўкі, так і прэм’еры. Арганізатары імкнуліся прадэманстраваць самыя відовішчныя спектаклі з удзелам прызнаных артыстаў і прафесійных аркестраў.

Адкрываць Мінскі форум выпаў гонар спектаклю «Яўгеній Анегін» у пастаноўцы Маскоўскага музычнага тэатра «Гелікон-опера». Дзмітрый Бертман, кіраўнік тэатра і народны артыст Расіі, звярнуўся да класічнай оперы ў пастаноўцы Канстанціна Станіслаўскага. Спектакль на музыку Пятра Чайкоўскага быў створаны маэстра ў 1922 годзе.

Як адзначаў на прэс-канферэнцыі Валерый Кір’янаў, галоўны дырыжор «Гелікон-оперы», для паўнавартаснай рэканструкцыі выкарыстоўваліся асабістыя запісы тэатральнага дзеяча, архіўныя матэрыялы тэатра і фотаздымкі, якія змаглі адшукаць.  Пры гэтым на пастаноўцы застаўся і след інтэрпрэтацыі Дзмітрыя Бертмана.

У стварэнні дэкарацый па эскізах 1922 года прымаў удзел Вячаслаў Окунеў. Сцэнограф добра вядомы і ў Беларусі дзякуючы працы ў балетных і оперных пастаноўках. За дырыжорскім пультам — Валерый Кір’янаў.

Лірычныя сцэны ў сямі карцінах, заснаваныя на сусветна вядомым рамане ў вершах Аляксандра Пушкіна, мелі ўсе шансы ўразіць мінскую публіку. Дыхтоўныя дэкарацыі знакамітых белых калон на ампірным фасадзе сядзібы ў святле сафітаў стваралі патрэбны настрой.

Яскравая і музыкальная Лізавета Кулагіна, салістка тэатра, у ролі Таццяны з непаўторным артыстызмам стварала вобраз наіўнай і легкавернай дзяўчыны, якая аддала сваё сэрца. Бліскучае сапрана спявачкі лунала над залай Вялікага тэатра. На яе фоне выканавец Анегіна, Максім Перабейнос, на жаль, не адзначыўся такой сілай голасу. Нераўнапраўнасць дуэта стварала дысанас, які адчуваўся не толькі на слых.

14 снежня на сцэне тэатра разгарнулася новая гісторыя вялікага кахання. «Турандот» Д. Пучыні добра вядома беларускім аматарам оперы. Прэм’ера пастаноўкі адбылася ў 2013 годзе пад кіраўніцтвам рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ. Новыя фарбы незвычайнаму спектаклю дадавалі запрошаныя госці.

Сцэна са спектакля «Турандот».

Дырыжыраваў сімфанічным аркестрам Вялікага тэатра Беларусі Эйюб Куліеў, заслужаны артыст Азербайджана і галоўны дырыжор Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. А партыю Калафа выканаў Іван Гынгазаў, саліст «Гелікон-опера», які запомніўся мінскай публіцы сваім дуэтам з Аксанай Волкавай у оперы «Самсон і Даліла» ў леташнім Калядным форуме.

Партнёркай Івана Гынгазава стала Анастасія Малевіч, салістка Вялікага тэатра Беларусі. На фоне маштабных дэкарацый Кітая ў «легендарныя часы» ў спалучэнні двух моцных галасоў — тэнара і сапрана — гледачы сталі сведкамі нараджэння сапраўднага мастацтва. Маэстра Куліеву ўдалося перадаць увесь кампазітарскі талент Джакама Пучыні, балазе аркестр Вялікага тэатра неаднаразова гэта ўжо даказваў.

Нельга не адзначыць вытанчанае і майстэрскае выкананне Анастасіі Масквіной, народнай артысткі Беларусі. У ролі Ліў, маладой рабыні, якая суправаджае звергнутага цара, спявачка змагла раскрыць усю няпростую долю дзяўчыны, каханне якой Калаф ніколі не зможа падзяліць. Трагічная гісторыя ў чырвона-чорных колерах дзякуючы сваёй неверагоднай сіле і прыгажосці нікога не пакінула абыякавым.

Фарс і буфа

Опера-буфа «Любоўны напой» Г. Даніцэці ў пастаноўцы рэжысёра Ганны Маторнай ў Вялікім тэатры была прадстаўлена 16 снежня. Да каманды салістаў беларускай оперы далучыўся харызматычны і імпазантны Магерам Гусейнаў, саліст Марыінскага тэатра.

Запрошаны госць паўстаў перад гледачамі ў ролі Дулькамара, высакакласнага прайдзісвета і шарлатана. Менавіта дзякуючы яго з’яўленню на італьянскім курорце гісторыя па-сапраўднаму ажывае. Дулькамара трапляе ў госці да Адзіны (Алена Золава), уладальніцы курорта. За сэрца прыгажуні змагаюцца двое мужчын — бедны, але шчыра закаханы рыбак Немарына (Віктар Мендзелеў) і пыхлівы сяржант, які марыць стаць генералам Белькорэ (Дзяніс Янцэвіч).

Ці то шарлатан дапамог, ці то аўтасугесція, ці ўсё-ткі спадчына дзядзькі, але сваё каханне Адзіна вырашае аддаць Немарына. Хоць, калі прыглядзецца, ніводзін з прэтэндэнтаў не варты ўвагі такой моцнай і смелай жанчыны, якая зрабіла сябе сама.

Лёгкая і немудрагелістая опера-буфа хавае больш складаных роздумаў, чым можна чакаць. Тут і пытанне выбару, які мы робім штодня ці аднойчы ў жыцці, і рызыка чалавека дзеля кахання, і праблемы сучасных жанчын.

Белькорэ, сяржант, які ўвесь час падаецца лішнім персанажам, кажа самую галоўную думку: «Чаму жанчыны так любяць ваенную форму? Нават Афрадыта здалася богу вайны», звяртаючы нас да старажытнагрэчаскай міфалогіі і сувязі Афрадыты і Арэса.

Канцэрт «Вялікі тэатр: Масква—Мінск. Маладыя галасы».

Аднаактовую оперу-фарс прывезлі ў Мінск і казахскія артысты. Восенню Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Вялікага тэатра, і Галым Ахмед’яраў, дырэктар тэатра «Астана Опера», падпісалі мемарандум аб двухбаковым супрацоўніцтве, дзе асноўнае — абменныя гастролі. Беларускія оперныя артысты ўжо прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі «Шаўковы шлях» у Астане. А Мінск сустракаў Салтанат Ахметаву, вядучую салістку «Астана Опера», якая выконвала партыю Царыцы ночы ў оперы «Чароўная флейта».

Лагічным працягам супрацоўніцтва сталі гастролі астанінскіх выканаўцаў. Казахскі тэатр вызначаецца тым, што мае ў сваім рэпертуары выключныя оперныя пастаноўкі, якія надзвычай рэдка ставяцца ў іншых тэатрах. Менавіта такой і з’яўляецца «Шаўковая лесвіца» Д. Расіні.

Пастаноўкай адной з першых опер італьянскага кампазітара займаліся рэжысёр Ала Сіманішвілі і дырыжор Абзал Мухітдзін. У гуллівай і няхітрай гісторыі, між іншым, адчуваецца непаўторны нацыянальны каларыт Казахстана. Ярчэй за ўсё гэта заўважна ў касцюмах галоўных герояў, якія зроблены на мяжы дзвюх эпох двух народаў.

У галоўных ролях — знаёмая сталічным гледачам Салтанат Ахметава (Джулія) і Азамат Жалтыргузаў (Джэрмана). Унікальнасць рэпертуару стварае свае складанасці. Разам з артыстамі і дырыжорам Русланам Баймурзіным у сталіцу Беларусі прыляцеў аркестр «Астана Опера», знаёмы з музычным матэрыялам.

У «Астана Опера» «Шаўковая лесвіца» выконваецца ў адпаведнай камернай зале, але спецыяльна для мінскай прэм’еры спектакль быў адаптаваны да знакамітай сцэны Вялікага.

Галасы і партыі

Прадстаўлены на форуме былі не толькі оперныя пастаноўкі, але і канцэртныя праграмы. 15 снежня адбыліся канцэрт «Вялікі тэатр: Масква—Мінск. Маладыя галасы» і традыцыйны «Гала-канцэрт зорак сусветнай оперы». Рэжысёрам праектаў выступіла Аксана Волкава, заслужаная артыстка Беларусі.

«Вялікі тэатр: Масква—Мінск. Маладыя галасы» — цалкам новая задума арганізатараў. Сама оперная спявачка адзначала: «Як выпускніца маладзёжнай праграмы Вялікага тэатра, я заўсёды хацела, каб два тэатры мелі больш узаемадзеяння паміж маладымі артыстамі. Ініцыятарам была Кацярына Дулава, а я ўзялася за ажыццяўленне».

Маладыя салісты двух тэатраў у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Калядкі прадэманстравалі найлепшыя здабыткі сусветнага опернага мастацтва. Сярод гасцей — перспектыўныя і яркія Ганна Шапавалава, Канстанцін Арцем’еў, Ліліт Даўцян, Максім Лісіін і Жасур Хайдараў.

Сярод новых талентаў айчыннага тэатра — Марта Данусевіч, Анастасія Міхнавец, Дар’я Гаражанка, Дзмітрый Шабеця, Андрэй Сялюцін, Тарас Прысяжнюк.

Віктар Мендзелеў у оперы «Любоўны напой».

Бліскучым завяршэннем Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму стаў «Гала-канцэрт зорак сусветнай оперы». За дырыжорскім пультам — Антон Грышанін, заслужаны артыст Расіі.

На адной сцэне сустрэліся многія вядомыя зоркі сусветнай оперы: Салтанат Ахметава, Іван Гынгазаў, Магерам Гусейнаў. Сярод салістаў, запрошаных адмыслова на канцэрт, — толькі гучныя імёны: Тыгран Аганян, Паліна Шамаева і Раміз Усманаў. Незабыўныя партыі выканалі і беларускія салісты Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, Аксана Волкава, Анастасія Малевіч і іншыя.

Аксана Волкава адзначыла, што імкнулася скласці канцэртную праграму з арый, якія звычайна не ўваходзяць у рэпертуар беларускага тэатра. Таму наведвальнікі мелі ўнікальную магчымасць пачуць рэдкія і нязвыклыя оперныя партыі ў выканні моцных галасоў.

Яна ЦЭГЛА

Фотаздымкі Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?