Вы тут

Цяжкія часы нараджаюць моцных людзей


Адыходзячы 2022-і ў гісторыі беларускага спорту застанецца як самы складаны, супярэчлівы і несправядлівы. Менавіта сёлета ўсе ўпэўніліся, што прынцып «спорт па-за палітыкай» больш не дзейнічае і спартыўныя пытанні вырашаюцца зусім не на стадыёнах. Год у цэлым для ўсіх быў складаны. А без віны вінаватымі засталіся спартсмены. Адхіленне ад міжнародных стартаў, якое працягваецца амаль дзесяць месяцаў, можа прывесці да складаных наступстваў ва ўсёй спартыўнай сістэме. Адсутнасць спаборніцкай практыкі ў прафесіяналаў, страта матывацыі атлетаў, адсутнасць паспяховых прыкладаў для моладзі, адток дзяцей са спартыўных секцый — «страшныя сны» спорту, якія, на жаль, могуць стаць рэальнасцю. Для таго каб гэтага не здарылася, прымаюцца разнастайныя меры: арганізоўваюцца турніры з дружалюбнымі Беларусі краінамі, пашыраны каляндар рэспубліканскіх турніраў, праводзяцца адукацыйныя семінары і майстар-класы. Зразумела, не спыняецца барацьба з міжнароднымі спартыўнымі структурамі. Няхай часам яна нагадвае барацьбу з ветранымі млынамі, але ў спорце руплівая праца заўсёды ўзнагароджваецца. Сёлета хапала цяжкіх, дрэнных навін. Таму ў традыцыйным падвядзенні спартыўных вынікаў года прапануем згадаць, што добрага прынёс гэты год.


Медальнае і сямейнае шчасце

Самай яркай і пазітыўнай спартыўнай падзеяй года былі, безумоўна, зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне. «Серабро» Антона Смольскага ў біятлоннай індывідуальнай гонцы — першы алімпійскі медаль для мужчынскай зборнай Беларусі з 2010 года. Антон Смольскі працягнуў беларускую традыцыю з кожнай Алімпіяды вяртацца з узнагародамі, але перахапіў яе ў дзяўчат. Нашы біятланісткі ў Пекіне спыніліся за крок ад п'едэстала. Гана Сола ў гонцы пераследу стала толькі чацвёртай. Галоўным падарункам гэтага года для спартсменкі стала дачка, якая нарадзілася ў снежні. Біятлонную сям'ю пад канец года папоўніла і дачушка алімпійскай чэмпіёнкі 2018 года Ірыны Лешчанкі. Акрамя спартыўнага шчасця, 2022 год падарыў Антону Смольскаму і сямейнае — біятланіст ажаніўся з алімпійскай чэмпіёнкай 2018 года біятланісткай Дзінарай Алімбекавай.

Традыцыі прывозіць дадому алімпійскія медалі прытрымліваюцца і беларускія фрыстайлісты. Сёлета Ганна Гуськова да «золата» Алімпіяды 2018 года дадала і «серабро» Алімпіяды–2022. Ня многім фрыстайлістам у свеце ўдаецца заваяваць узнагароды на двух Гульнях запар. Ганна Гуськова змагла.

Адметнымі Алімпійскія гульні ў Пекіне сталі і для айчыннага фігурнага катання. Упершыню з 2002 года на алімпійскім лёдзе выступалі беларусы. Вікторыя Сафонава размясцілася на 13-м радку выніковага пратакола. Зараз спартсменка — лідар нацыянальнай каманды ў жаночым адзіночным катанні. Канстанцін Мілюкоў у Пекіне заняў 20-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе. Пасля Гульняў спартсмен скончыў кар'еру, але з фігурным катаннем не развітаўся, пачынае трэнерскую дзейнасць.

Незвычайныя фарматы і новы погляд

Вымушаны перапынак у міжнароднай дзейнасці адкрыў федэрацыям па відах спорту прастору для творчасці. І гэта паказала, што ўнутраныя старты могуць праходзіць на высокім узроўні і радаваць выдатнымі вынікамі. 2022 год можна лічыць пачаткам развіцця жаночага хакея. У сакавіку ў Гродне адбыўся незвычайны хакейны турнір, у якім удзельнічалі 55 дзяўчат. Беларусь узяла ўдзел у міжнародным праекце «Сусветны жаночы хакейны матч», дзе спаборнічала 40 краін. А ўвосень адбыўся першы ў гісторыі беларускага хакея кэмп жаночай зборнай. Хакейнае кіраўніцтва адзначала, што казаць пра жаночую зборную Беларусі ў яе класічным разуменні яшчэ рана. Але першыя крокі ў гэтым кірунку актыўна робяцца. Хакею належыць адна з самых яркіх спартыўных падзей гэтага года. Чэмпіёнамі 30-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе сезона 2021—2022 сталі хакеісты жлобінскага «Металурга». У вырашальным матчы яны абыгралі мінскае «Юнацтва» з вынікам 3:0. Фінал выдаўся грандыёзны. Кубак пераможцам уручаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. А жлобінскія аматары (якія прыехалі ў Мінск аж на 17 аўтобусах) прапаноўвалі кіраўніку дзяржавы зрабіць Жлобін сталіцай.

Выступаючы на рэспубліканскіх турнірах, вынікі сусветнага ўзроўню паказвалі беларускія лёгкаатлеты. Напрыклад, Таццяна Халадовіч на чэмпіянаце краіны кінула кап'ё на 64,79 метра. На чэмпіянаце свету гэты вынік прынёс бы ёй другое месца. «Усміхаемся і працуем далей», — жартавала тады Таццяна. А працы лёгкаатлетам сапраўды хапала. Сёлета стартануў новы праект — Беларуская лёгкаатлетычныя ліга — шматэтапны турнір. Яго асноўная задача — даць атлетам неабходную спаборніцкую практыку. Этапы лігі праходзілі ў розных гарадах, што дазволіла зрабіць зрэз развіцця лёгкай атлетыцы па ўсёй краіне. Як адзначаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, нават калі беларусы вернуцца на міжнародныя старты, ліга будзе працягвацца, бо добра сябе зарэкамендавала.

На міжнароднай арэне не згубіліся

Нягледзячы на санкцыі, беларусы ўсё ж не аказаліся поўнасцю адарванымі ад міжнароднага спорту. У ход пайшла дыпламатыя. Беларускія федэрацыі па відах спорту яшчэ больш актывізавалі сваё міжнароднае супрацоўніцтва. Амаль кожная федэрацыя падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з расійскімі калегамі. А некаторыя пайшлі далей. Беларуская федэрацыя гандбола і Кітайская гандбольная асацыяцыя падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. А кітайскія гандбалісты правялі шэраг таварыскіх сустрэч з беларусамі. У снежні левы паўсярэдні з Кітая Чжан Цзяньцзэ папоўніў каманду БГК-Мяшкоў. У напрамку Паднябеснай пайшлі і тэнісісты. Беларуская тэнісная федэрацыя падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Федэрацыяй спартыўных гульняў з маленькімі мячамі правінцыі Шаньдун.

Здаровы сэнс пачаў вяртацца і да некаторых міжнародных арганізацый. Найбольш пашчасціла баксёрам. Спартсмены з Расіі і Беларусі адноўлены ў рэйтынгах Сусветнай баксёрскай асацыяцыі і зноў могуць выступаць на міжнародных стартах. У верасні на паўгадавым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея прадставілі канцэпцыю вяртання зборных Беларусі і Расіі да ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Згодна з ёй, пасля прыняцця Саветам Міжнароднай федэрацыі хакея адпаведнага рашэння беларускія і расійскія зборныя вернуцца ў катэгорыі і дывізіёны, у якіх былі да таго моманту, калі іх удзел у праграме чэмпіянатаў свету быў замарожаны.

Увесь гэты няпросты час некаторыя беларускія спартсмены ўсё ж выступалі на міжнародных спаборніцтвах. Тэнісісты гулялі на міжнародных кортах і сур'ёзна прыбаўлялі ў рэйтынгу. Найлепшы вынік у жаночым беларускім тэнісе паказала Арына Сабаленка, якая заканчвае год на пятай пазіцыі сусветнага рэйтынгу. А пачынала яго на другім месцы, сезон атрымаўся не самым лёгкім, але не правальным. У адваротным выпадку Арына б не прабілася ў спіс васьмі найлепшых тэнісістак свету, якія выступалі на выніковым турніры WTA. Арына Сабаленка дайшла да фіналу, дзе саступіла францужанцы Каралін Гарсія.

Беларусы выступаюць на міжнародных стартах і ў іншых відах спорту. Прадстаўнікі Беларусі заваявалі «золата» і «серабро» на чэмпіянаце свету па пажарна-ратавальным спорце 2022 года. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» — удзельнік Кантынентальнай хакейнай лігі. Два «дынамаўцы» галкіпер Аляксей Коласаў і форвард Віталь Пінчук упершыню ў кар'еры гулялі ў матчы ўсіх зорак КХЛ. Беларускія «легіянеры» ў хакеі, баскетболе, гандболе ў сваіх замежных клубах знаходзяцца зусім не на другіх ролях. Імёны хакеіста Ягора Шаранговіча, гандбалістаў Арцёма Каралька і Мікіты Вайлупава, баскетбаліста Максіма Салаша і іншых беларусаў гучаць на міжнародных турнірах.

Спорт для ўсіх узростаў!

Вымушаны перапынак у міжнароднай дзейнасці не стаў нагодай для расслаблення. Ён вызваліў больш часу і сродкаў для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту, падрыхтоўкі новага пакалення атлетаў. Для гэтага праводзіліся новыя турніры, мяняліся фарматы традыцыйных, пашыралася іх геаграфія. Напрыклад, турнір Беларускай тэніснай федэрацыі і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Залатая ракетка» сёлета праходзіў у новым фармаце. Арганізатары максімальна наблізілі яго да фарматаў летняга і зімовага каманднага чэмпіянату Еўропы, ад якіх беларускія тэнісісты адхілены. Матчы кожнага этапа турніру праходзілі па кругавой сістэме на кортах найбуйнейшых тэнісных цэнтраў Беларусі. Ужо не першы год выдатнай пляцоўкай для юных баскетбалістаў з'яўляюцца праекты «Крок у будучыню» і «Яе свет — яе правілы». Беларуская федэрацыя баскетбола праводзіць іх разам з Еўрапейскай федерацыяй. Ужо каторы год новыя таленты для лёгкай атлетыкі адкрываюць праекты «300 талентаў для каралевы» і «Шкаліяда».

Дзіцячыя спаборніцтвы гэта — яркія паядынкі, новыя эмоцыі і самае галоўнае — прагляд таленавітай моладзі, якая ў будучыні стане змагацца за медалі найбуйнейшых форумаў. Большасць з іх праводзіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, чый каляндар спартыўных мерапрыемстваў для юных спартсменаў толькі пашыраецца. У рамках праекта «Спорт для ўсіх» павялічваецца і колькасць спартыўных пляцовак па ўсёй краіне. Новыя спартыўныя аб'екты былі адкрыты ў Дзяржынску, Ашмянах, Бешанковічах, Наваполацку, Заслаўі і ў многіх іншых гарадах кожнай вобласці.

Ужо другі год запар разнастайнасць спорту і яго прывабнасць юным беларусам (як і дарослым) паказваў культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпа», які ахапіў усю краіну. Сёлета свята прымалі Рэчыца, Столін, Горкі, Полацк, Копыль, Навагрудак. Яркім пунктам другога сезона стаў алімпійскі дзень у Мінску.

Наперад — насуперак усяму

Сёлета ў цэнтры ўвагі журналістаў і грамадскасці былі беларускія паралімпійцы. Праўда, хацелася б, каб нагода была іншай. Крызіс у беларускім спорце пачаўся менавіта з іх, у пачатку сакавіка, калі нацыянальная каманда прыляцела ў Пекін на Паралімпійскія гульні, каб пачуць, што ад гэтых гульняў іх адхіляюць. Наколькі гэта несправядліва і жорстка, казаць нават і не варта. Паралімпійскі камітэт Расіі не разгубіўся і хутка даў спартсменам, якія чатыры гады рыхтаваліся да галоўных стартаў, магчымасць праявіць сябе. У сакавіку ў расійскім Ханты-Мансійску прайшлі зімовыя гульні паралімпійцаў «Мы разам. Спорт». Беларуская каманда заваявала 16 медалёў і заняла другое месца ў медальным заліку. Такія ж гульні прайшлі і для прадстаўнікоў летніх відаў спорту. У кастрычніку ў Сочы беларусы заваявалі 64 медалі, сярод якіх 25 — залатыя. Больш за ўсё ўзнагарод найвышэйшай пробы (18) заваявалі плыўцы. Сёлета значна вырас узровень унутраных спаборніцтваў для паралімпійцаў. Напрыклад, упершыню чэмпіянат краіны па лёгкай атлетыцы прайшоў на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Спартсмены выступаюць на адкрытых турнірах у Расіі.

«Мы вельмі разлічваем, што дыскрымінацыя беларускіх спартсменаў з інваліднасцю, якая супярэчыць палажэнням Паралімпійскай хартыі, будзе спынена, і справядлівасць пераможа, — адзначыла Валянціна Шыц, выступаючы на 15-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў — удзельніц Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. На жаль, справядлівасць не перамагла. У лістападзе Міжнародны паралімпійскі камітэт аб'явіў аб прыпыненні членства Нацыянальных паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі. І нават нягледзячы на яшчэ адзін удар беларускія паралімпійцы зрабілі тое, што ўмеюць лепей за ўсіх, — не здаліся.

Так і беларускаму спорту ў новым годзе хочацца пажадаць не здавацца. Няхай 2023-і, у супрацьлегласць 2022-му, стане не — не лёгкім (калі ў спорце было лёгка), але ўдалым і шчаслівым і прынясе галоўныя спартыўныя падарункі — перамогі і медалі!

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.