Вы тут

У чым унікальнасць беларускай саломкі, якой няма аналагаў у свеце?


Першага снежня на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Марока было прынята рашэнне ўключыць намінацыю «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Такім чынам, беларуская саломка стала пятым элементам у спісе Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА разам з уключанымі раней: абрадам у вёсцы Семежава «Калядныя цары», вясеннім абрадам «Юр’еўскі карагод» у в. Пагост, культурай ляснога бортніцтва на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці і ўрачыстасцямі па ўшанаванні іконы Маці Божай Будслаўскай. У чым унікальнасць беларускай саломкі, якой няма аналагаў у свеце? Якія працэсы сёння перажывае мастацтва? Ці здольна яно згарманізаваць прастору і якія яго мэты? Мы звярнуліся да эксперта ў галіне мастацтва, народнай творчасці — загадчыка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прафесара Яўгена Шунейкі.


— Яўген Феліксавіч, культурная грамадскасць абмяркоўвае гучную падзею: беларускае саломапляценне атрымала высокую ацэнку на ўзроўні ЮНЕСКА. Як мы да гэтага ішлі?

— Саломка існавала з архаікі. Здаўна выкарыстоўваліся розныя побытавыя рэчы, рытуальныя павукі... У XVIII ст. саломка ўвайшла ў хрысціянскую народную культуру. У вёсках былі распаўсюджаны саламяныя алтарныя брамы. А ў савецкі час саломка стала вядучым відам дэкаратыўнага мастацтва Беларусі. Калі ў Маскву ездзіў на семінары, бачыў актыўны дыялог спецыялістаў народнага мастацтва савецкіх рэспублік. Яны паказвалі свае дэкаратыўныя вырабы, але беларуская саломка была сярод суседзяў — палякаў, літоўцаў, расіян, украінцаў — феноменам. Хоць іншыя рэспублікі таксама гаспадарчыя, культывуюць жытнёвыя культуры, але чамусьці не ўбачылі ў саломцы золата, толькі стрэхі ёй слалі і асабліва не прымянялі фантазіі. А ў нас развіццё традыцыі з рук у рукі ўжо з савецкіх часоў. З 1980-х саломка стала культавым, знакавым народным мастацтвам Беларусі, якое ўзняло рэйтынг майстроў, увайшло ў навучальныя планы ўніверсітэта культуры, пайшло ў гурткі. Саломка будзе жыць, пакуль ёсць жыта. Тое, што яе ацанілі, — сенсацыя, якую цяжка растлумачыць. Чаму не раней? Яна павінна атрымаць ацэнку першай! Ды ўсё роўна гэта вялікая радасць, бо яшчэ раз пацвярджае, што саломапляценне Беларусі — вядучы від народнай творчасці.

І калі ён мае ўжо такі рэйтынг і статус, то перспектывы неабмежаваныя. Магчыма, гэта будзе ўплываць на суседнія культуры і дапаможа навучыцца майстрам з суседніх краін. Можа, кітайцы пачнуць рабіць творы з рысавай саломкі? І гэта будзе наш уклад у глабальны дыялог культур.

Па сутнасці, саломка лічылася матэрыялам плебейскім, бедным. У 2000-х гадах, калі Іран праводзіў дні сваёй культуры ў Мінску, дэлегацыю павялі ў галерэю БДУКМ, дзе выстаўляюцца дыпломныя работы студэнтаў: і саломка, і ткацтва, і батык, і кераміка. Іранцы як убачылі, пачалі з хваляваннем разглядаць, дзівіцца, з піетэтам вывучаць. А іранцы, каб вы ведалі, — славутыя ткачы, рэзчыкі па камені, майстры па шкле — адным словам соль іранскага народнага мастацтва. Вось як наладжваецца глабальны дыялог.

— Вы ведаеце адметнасці розных культур. Скажыце, наколькі развілася айчынная самаідэнтычнасць?

— Нам не сорамна. Мы па тэрыторыі і насельніцтве сярэдняя краіна, як, напрыклад, Швецыя, Грэцыя, Чэхія, Балгарыя, — да 10 млн. Але ў мастацтве вырашаюць не мільёны, а адзінкі, інтэлектуальнае асяроддзе. Напрыклад, калі ў нас ёсць мастацкая школа — у Мінску, Віцебску, — гэта той паплавок, дзякуючы якому мы заўсёды на паверхні. Не было б школ, тады ўмоўна мы знаходзіліся б у групе «В» ці «С», а мы зараз у групе «А». Дзякуючы прафесійнай мастацкай школе мы маем выхад на розныя мастацкія цэнтры.

У гэтай галерэі Акадэміі мастацтваў, дзе мы зараз з вамі гутарым, выстаўляецца найбуйнейшы кітайскі мастак з горада Лаян Цэнтральнай кітайскай правінцыі. Лаян — адзін з найстаражытнейшых кітайскіх гарадоў разам з Сіанем і Пекінам.

— Кітайская культура прэзентуе сябе ў нас. Такое судакрананне на карысць абодвум народам?

— Безумоўна! Я загадваю кафедрай гісторыі і тэорыі мастацтваў і лічу, што мастаку і даследчыку важна ведаць падзел на эпохі. Не толькі Усход і Захад як найбуйнейшыя культурныя цэнтры свету, але і храналогію: першабытнасць, старажытны свет, Сярэднявечча, Рэнесанс, барока. А потым што? Наша мастацтвазнаўчая школа вырашыла гэтае пытанне. Вось запытайце каго-небудзь інтэлігентнага з выгляду, у якую эпоху ён жыве. Адкажа: ХХІ стагоддзе. Але бывае, што эпоха пераганяе стагоддзе. Дык вось пасля барока пачынаецца Вялікая французская рэвалюцыя, якая разбурыла свет арыстакратаў, іерархіі і вывела на перадавыя пазіцыі клас буржуа. І пачынаецца ў Францыі новая эпоха. Буржуа — такі пласт грамадства, які прагрэсіўны, толькі пакуль імкнецца да ўлады і грошай. А як толькі ўжо запанавалі, то жадаюць, каб нічога не мянялася, імкнуцца захаваць створаны добры свет для сябе, дзяцей, унукаў. Таму мастацтва ператвараюць у рамяство, і яно абслугоўвае іх камфорт. І для 99 % мастакоў, якія ператвараюцца ў высокааплатных рамеснікаў, быццам і добра. Але ў мастацтва Еўропы вялікія традыцыі, наватарства, піянерства. І 1 % змагаецца, і, што важна, перамагае. Такім чынам, мастакі-наватары змагаліся не на барыкадах (не маглі супрацьстаяць палітычным сілам), а ў мастацкім свеце — стваралі новыя кірункі, дзе не было сервільнасці, залежнасці ад буржуазных густаў. І таму ўпершыню ў гісторыі мастацтва ў адначассе з’явілася многа кірункаў: рэалізм, рамантызм, імпрэсіянізм, сімвалізм — усё гэта наватарства, якое супрацьстаяла салоннаму, застыламу, сервільнаму высокааплатнаму рамяству. Вы не ўяўляеце, якімі тэхнічнымі якасцямі валодалі салонныя рамеснікі! Яны пераўзышлі, відаць, класікаў Рэнесансу па тэхніцы. Але там няма ідэі. Гэта проста гульня алюзій, увасабленне салонных эратычных патрабаванняў.

А вось мадэрністы, наватары, рухалі культуру наперад. З гэтымі ідэямі яны ўвайшлі ў ХХ стагоддзе. Адарваліся ад традыцыйнага мінулага. Іх мастацтва крычыць, выклікае супярэчнасці, вырываецца ў будучыню. І таму іх называюць авангардам.

— Як выспявалі іх ідэі?

— На пачатку стагоддзя яны разумелі, што будзе вайна, што свет трэба бараніць ад зла, ад імперыялізму, ад здзеку з трэцяга свету, нельга прыніжаць афрыканцаў, азіятаў: яны роўныя нам. Але хто пра гэта дбаў, калі рыхтавалася адна вайна, другая... І толькі калі скончылася другая, еўрапейцы зразумелі, што не трэба давяраць папулістам-палітыкам, якія заклікаюць да заваёў свету, а трэба давяраць мастацтву. Пачынаецца эпоха, і ўжо няма барацьбы дэмакратычнага мастацтва з салонным, бо дэмакратычнае мастацтва перамагло, хаця колькасць мастакоў-дэмакратаў — 1 %: Клод Манэ, Эдуард Манэ, Ван Гог... Іх не пералічыць... Як і сярод беларусаў... Можа, нашы суайчыннікі ў ХІХ не маглі спаборнічаць з Парыжам. Тым не менш у канцы стагоддзя ў нас з’явіўся вялікі мастак Фердынанд Рушчыц, якога лічаць і рускім, і беларускім, і польскім. Ён вучыўся ў Шышкіна ў Пецярбургу. А нарадзіўся на Міншчыне ў Валожынскім раёне.

— А калі з’язджаеш? Радзіма — там, дзе вырас, альбо там, дзе намінальна нарадзіўся?

— У душы, ва ўспамінах, у ментальнасці застаецца сваё. Ды творчы лёс складваецца па-рознаму... Калі маеш успаміны, сувязі з калегамі, з малой радзімай, у творчасці гэта напрамую або ўскосна адлюстроўваецца, можа ўспрымацца як развіццё мастацтва на міжнародным узроўні, але з вялікім піетэтам да свайго юнацтва, першай радзімы. І такія сувязі лёгка знайсці. Гэта ніхто не будзе аспрэчваць: інтанацыя, каларыт, вобразы... Рушчыц маляваў на Валожыншчыне ў сваім маёнтку. І яго матывы любыя не толькі беларусам, але і палякам, літоўцам, расіянам... Таму што адлюстраваў той час — пачатак стагоддзя: трывогу за будучыню, замілаванасць прыродай, якая мае сілы, станоўчую энергетыку. Таму ён зразумелы і блізкі многім.

— А што павінен адлюстроўваць сучасны мастак?

— Вось мы і падышлі да нашай эпохі — глабальнага мастацкага дыялогу культур. У адрозненне ад папярэдняй, яна не змагаецца з мадэрнізмам. Буржуазны свет ужо не адхіляе яго, а прызнаў права мастака быць наватарам. Найбуйнейшыя экспазіцыі ў Венецыі, біенале — перамога наватарства над салонам. Тое, што не ўдалося ў эпоху дэмакратычнага мастацтва, атрымалася ў нашу. Дзякуючы свабодзе выбару — тэматычнага, стылёвага, — шырокіх мастацкіх дыяпазонаў, наша эпоха садзейнічае глабальнаму мастацкаму дыялогу. Гэтае разуменне прыходзіць у 1950-я гады. Ужо няма калоній, узнікаюць новыя краіны ў Афрыцы, Азіі. Найбуйнейшыя экспазіцыі ўключаюць мастацтва Еўропы, Азіі, але гэта не проста прыдаткі каланіяльнай Францыі ці Англіі — гэта новыя краіны, са сваёй школай, стаўленнем да еўрапейскага, архаічнага, першабытнага. Цяпер няма такога падзелу, што еўрапейскае — выключнае. Ідзе абмен. Наватарскія ідэі можа падхапіць любы: мастак з Казахстана, Беларусі, Уганды, Аўстраліі...

— І ўсе працуюць на адну ідэю?

— Так, якая хвалюе прастору не адной краіны. Гэта, напрыклад, гуманістычнае развіццё нашай цывілізацыі, абарона прыроды, баланс тэхналогій і інтэлекту, чалавек-спажывец, павага да асобы... Чалавек у ХХ стагоддзі стаў ахвярай розных маніпуляцый, ідэалагічных абсурдаў, гарматным мясам, ахвярным казлом, а сёння чалавек — асоба. Ён развіваецца, мысліць, адстойвае свае інтэлектуальныя, культурныя прынцыпы. І дыялог ідзе на роўных. Еўропа вядзе дыялог з Афрыкай. Як і Беларусь — з іншымі краінамі. Мы маем сваё гістарычнае месца. Хрысціянская культура Беларусі налічвае больш чым тысячу гадоў. Нашы здабыткі — з нашай ментальнасці. Беларусы — народ спакойны, разважлівы, нам уласцівы мяккасць, лірычнасць, задуменнасць. Таму культура збалансаваная, без крайнасцей.

— Якія работы больш характарызуюць нашу хрысціянскую культуру?

— У сярэднявеччы гэта, вядома, іконы, а сёння — само жыццё, наш сучаснік, які, праўда, на маю думку, да канца яшчэ не сфарміраваўся. У той жа час і мастацтва не да канца ўсведамляе сваю актыўную ролю. Многія мастакі ўвайшлі ў свой свет інтымнасці, ізаляванасці, камернасці, ім камфортна. Але гэта не стратэгічна. Мастаку трэба ўмешвацца ў жыццё, рэгаваць на важныя выклікі часу. Мастаку дадзена права абагульняць і пераконваць сваімі вобразамі. Людзі выкідваюць шмат ідэй у інтэрнэт-прастору. І творчая асоба здольна падхапіць іх. Але мастак не можа ўсё вырашыць сам, ён больш прапаноўвае. Потым грамадства пачынае прымаць гэта і ўжо арганізавана, навукова, дырэктыўна ўвасабляць.

— Атрымліваецца, мастак — у нейкім сэнсе прарок, мадэратар…

— Сучаснае мастацтва дзякуючы шырокаму дыялогу, які стаў даступным, у якім няма межаў, — заўсёды набыццё, бо дзякуючы дыялогу, сутыкненню нараджаюцца новыя ідэі. Калі ты жывеш у нейкім вузкім свеце, ходзіш па коле — то рызыкуеш фальшывіць, а калі маеш справу з калегам з Кітая, іншай краіны, — жывеш, развіваешся, атрымліваеш новае бачанне, супастаўляеш. Гэта падарунак лёсу, што мы жывём у такую эпоху — глабальнага дыялогу мастацтва. На стыку сувязей нараджаюцца ідэі, якія мастацкі свет рэфлексуе, пускае ў соцыум, а даследчыкі, аналітыкі рэалізоўваюць у сваіх сферах. Мастак адказны за фарміраванне будучыні. Гуманістычнай.

— Цяпер, калі ў свеце шмат дысанансу, ці можа мастацтва згарманізаваць прастору і палітычныя ўзаемаадносіны?

— Можа. Напрыклад, у ХХ стагоддзі было мастацтва супраціву фашызму. Зараз сітуацыя іншая. І ёсць вельмі разумны агульнавядомы пасыл: калі хочаш змяніць свет — пачні з сябе. Сёння іншая сітуацыя: нельга даходзіць да плакатызму, да адназначнай характарыстыкі дабра/зла. Сёння, каб удасканаліць свет, трэба рабіць так: калі хочаш змагацца з сацыяльным вар’яцтвам — не будзь вар’ятам, з бандытызмам — не будзь бандытам. Гэта называецца размыканнем ланцуга.

— Амаль як Хрыстос казаў: калі вас б’юць па шчацэ — падстаўце другую…

— Не прымай сацыяльнага псіхозу, не прымай установак, калі цябе гэта не задавальняе. Не ўпадабняйся той групе, якая табе не блізкая. Не плыві па цячэнні. Будзь самім сабой. Размыкай ланцуг негатыву. Падтрымлівай дабро. У ідэале сучасны мастак не абслугоўвае зло. У той жа час мастак не можа адасоблена жыць у сваёй майстэрні і задаволена піць гарбатку — ён павінен быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця. У нас ёсць Саюз мастакоў, дык гэта ж не адзіная грамадская арганізацыя — у краіне іх тры тысячы. Уладзімір Панкратаў, мой калега, скончыў БДТМІ, а цяпер саветнік старшыні Беларускага аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Г. К. Жукава. Здавалася б, пры чым тут мастак Панкратаў да спадчыны ваеннага? А хтосьці любіць жывёл — ёсць і такое таварыства. У Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі 40 таварыстваў — выбірай.

— І ўжо сваю энергію накіроўваеш у стваральнае рэчышча…

— Я член прэзідыума гэтага таварыства, а яшчэ — старшыня таварыства «Беларусь — Іспанія». Вы думаеце, у нас там шмат мастакоў? Адзінкі! Бо ўсё яшчэ па інерцыі сядзяць у майстэрні і чакаюць, што іх прызнае свет.

— А што дасць уступленне ў вашы рады?

— Гэта рух да актыўнага дыялогу культур. Бо адна справа — калі ты сядзіш і гартаеш газету, іншая — калі прымаеш удзел у дзейнасці, напрыклад, таварыства «Беларусь — Індыя». Трыццаць гадоў за савецкім часам яго ўзначальваў Георгій Паплаўскі. Ён восем гадоў быў у Індыі, стаў ганаровым грамадзянінам гэтай краіны. У яго работах шмат індыйскіх матываў, грандыёзная серыя, цэлы архіў. Паплаўскі фактычна заклаў аснову тэматыкі Беларусь — Індыя, наш погляд на свет суперцывілізацыі, якая не саступае Кітаю. Індыя — краіна сусветнай мудрасці. Там ёсць чым заняцца сучаснаму інтэлектуалу і мастаку. Але перапынілася жыццё Паплаўскага — і згубілася тэма! А дзе ж эстафетная палачка мастацтва? Важна зразумець, у якую эпоху жывеш, усвядоміць карысць дыялогу культур, які вызначае сутнасць творчага працэсу.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.