Вы тут

Чым парадуюць «гаспадара» 2023 года беларускія селекцыянеры?


Напярэдадні наступлення года Труса пагаворым аб любімым ласунку «гаспадара» 2023 года — моркве. Нескладана здагадацца, што менавіта морква — абавязковы атрыбут навагодняга стала ў гэтым годзе. А яшчэ яна, мабыць, — самая распаўсюджаная гародніна пасля бульбы ў зімовым рацыёне беларусаў (без яе ні суп не зварыш, ні салату не прыгатуеш).


Вось мы і вырашылі ўдакладніць, што новага дачнікам, а таксама гаспадаркам і фермерам і ў канчатковым выніку спажыўцам прапануюць беларускія селекцыянеры, калі казаць аб гэтым караняплодзе. А таксама раскажам, што будзе з вашым здароўем, калі часцей уключаць моркву ў паўсядзённы рацыён, і прапануем цікавыя рэцэпты страў з галоўнага навагодняга караняплода-2023.

Эліксір здароўя

Здавалася б, што цікавага можна сказаць аб такой «празаічнай» агародніне? Аказваецца, многае. Медыкі і спецыялісты правільнага харчавання сцвярджаюць, што рэгулярнае ўключэнне ў меню свежай морквы (чаго, дарэчы, большасць нашых суайчыннікаў не робіць — морква традыцыйна ўваходзіць у наш рацыён пасля тэрмічнай апрацоўкі) зніжае на траціну рызыку развіцця сардэчных прыступаў. Даследаванні пацвердзілі зніжэнне больш чым на 10 % узроўню халестэрыну ў крыві пры спажыванні 200 г сырой морквы штодня на працягу 20 дзён. І на цэлых 40 % морква скарачае верагоднасць злаякасных новаўтварэнняў у лёгкіх дзякуючы высокаму ўтрыманню бэта-караціну — яго ў дзень з ежай чалавек павінен атрымліваць не менш за 1,7 мг.

Для лепшага засваення каштоўных рэчываў сырую агародніну важна спажываць у дуэце з тлушчамі (караціноіды тлушчарастваральныя, іншымі словамі, засвойваюцца разам з тлушчамі). Ідэальныя партнёры для морквы — раслінныя алеі (рапсавы, сланечнікавы, аліўкавы), а таксама смятана.

Акрамя агульнавядомага дабратворнага ўплыву на зрок, морква падтрымлівае здароўе печані, сэрца, сасудаў, страўніка, дае сілы пры сіндроме хранічнай стомленасці і дапамагае аднавіць рэпрадуктыўнае здароўе. І, дарэчы, актыўна выкарыстоўваецца не толькі ў кулінарыі, але і ў фармакалогіі.

Далёка не ўсім агароднікам, нават з вялікім стажам, вядома, што морква бывае розных колераў: існуюць сарты белага, жоўтага, ярка-чырвонага, ружовага, зялёнага, фіялетавага, бардовага і нават чорнага колераў. Па форме сарты морквы дзеляцца на авальныя, цыліндрычныя і канічныя, а па прызначэнні — на салатныя, пучковыя, для вытворчасці соку і прамысловай перапрацоўкі.

Калі сусветная мода на рознакаляровую бульбу ўжо дакацілася да нашых дачнікаў, то на падыходзе — мода на рознакаляровую моркву. І справа тут не толькі ў колеры. Напрыклад, фіялетавая морква змяшчае антацыян, які папярэджвае развіццё злаякасных пухлін і павышае імунітэт; чырвоная багатая лікапінам, што запавольвае развіццё катаракты; белая — гіпаалергенная (а таму ідэальная для маленькіх дзяцей), а жоўтая мае ў сваім складзе ксантафіл, які дапамагае пры цэлым шэрагу захворванняў унутраных органаў.

Ды і каштоўнасць самай звычайнай і звыклай аранжавай морквы не толькі ў бэта-караціне, які, ператвараючыся ў арганізме ў вітамін А, аднаўляе зрок і ў цэлым дабратворна ўплывае на жыццядзейнасць клетак эпітэлія (дарэчы, чым ярчэй колер морквы, тым больш у ёй гэтага рэчыва). Морква таксама змяшчае біятын, найважнейшае рэчыва для абнаўлення клетак арганізма; фоліевую і пантатэнавую кіслоты (падтрымліваюць функцыю крывятварэння); вітаміны (С, групы В, К, Е, РР), а таксама натуральныя антыбіётыкі, фітанцыды і эфірныя алеі, якія валодаюць антыаксідантнымі ўласцівасцямі. Дададзім сюды багаты мінеральны склад і атрымаем сапраўдны эліксір здароўя. Менавіта каштоўны біяхімічны склад новых сартоў морквы — адзін з асноўных напрамкаў, у якім працуюць селекцыянеры Інстытута агародніцтва. Пра тое, якія новыя сарты і гібрыды морквы створаны тут за апошнія гады, мы спыталі ў загадчыка сектара сталовых караняплодаў РУП «Інстытут агародніцтва» кандыдата сельскагаспадарчых навук Васіля Апімаха.

І смак, і колер

— Васіль Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, аб новых сартах морквы, якімі спецыялісты Інстытута могуць ганарыцца. Над якімі сартамі і гібрыдамі
гэтага караняплода зараз працуюць селекцыянеры?

— Паспяховыя праекты апошніх гадоў — сарты морквы «Лявоніха», «Мінчанка», «Літвінка», з апошніх раянаваных распрацовак — гібрыд «Вулкан». Патрабаванні пры распрацоўцы новых сартоў — гэта ў першую чаргу высокі патэнцыял прадукцыйнасці, а таксама выдатныя смакавыя якасці, каштоўны біяхімічны склад, добрая лёжкасць. Зараз мы вядзём работу па некалькіх напрамках. Гэта стварэнне сартоў і гібрыдаў, прыдатных для мыйкі (роўны, доўгі караняплод даўжынёй 22—27 см), а таксама сартоў, якія падыходзяць для механізаванай уборкі (яны захоўваюць моцнае бацвінне ўвесь верасень і кастрычнік), і сартоў высокай лёжкасці, устойлівых да комплексу хвароб.

— Якія якасці культывуюцца ў першую чаргу?

— Важна спалучэнне комплексу прыкмет. І чым шырэйшы гэты комплекс, тым больш патрэб закрывае сорт або гібрыд. Ступень важнасці якой-небудзь прыкметы вызначаецца спажыўцом. Напрыклад, для чалавека, які любіць сокі з морквы, важная сакавітасць караняплода. Аднак калі ў караняплодах морквы будзе мала сухіх рэчываў, пацерпіць лёжкасць. Занадта сакавітыя ўзоры пры ўборцы і транспарціроўцы трэскаюцца — гэта значыць, набываюць нетаварны выгляд. Для вытворцы важныя такія паказчыкі, як ураджайнасць і таварнасць, а калі ён захоўвае караняплоды морквы, то неабходная добрая лёжкасць. Спажыўцу важны, па-першае, знешні выгляд, па-другое — смакавыя якасці. Утрыманне цукроў, караціну, вітаміну С абумоўлена фізіялогіяй расліны, а селекцыянер працуе ў дыяпазоне параметру прыкметы. У рэдкіх выпадках патрабуецца выйсці за рамкі дыяпазону прыкметы. Часцей гэта назіраецца ў рабоце на ўстойлівасць да хвароб. Стварыць абсалютна ўстойлівы да ўсіх хвароб сорт — утопія. Рэальны варыянт — стварэнне сорту або гібрыду з адноснай устойлівасцю да найбольш распаўсюджаных хвароб (бурая плямістасць лісця, мучністая раса і гэтак далей).

— У Інстытуце бульбаводства стварылі сорт фіялетавай бульбы, а ці вядзецца праца над сартамі морквы незвычайных колераў? Чым, акрамя колеру, яны будуць адрознівацца ад звыклай морквы?

— З традыцыйных распрацовак мы актывізавалі работу з узорамі морквы з канічнай формай караняплода (сортатып «Шантанэ»). Ён вельмі папулярны ў Расіі.
З нестандартных распрацовак, разлічаных на больш вузкае кола спажыўцоў, — рознаафарбаваныя формы морквы: белая, жоўтая, чырвоная, фіялетавая. Акрамя колеру, што адрознівае іх ад традыцыйных аранжавых формаў, у іх ёсць і іншыя адметныя прыкметы: гэта можа быць больш ярка выражаны смак і пах (большае ўтрыманне эфірных алеяў) або лепшая ўстойлівасць да ліставых хвароб і гэтак далей. Працуем мы і з дробнаплоднай морквай, прызначанай у асноўным для спажывання ў свежым выглядзе, — гэта так званы «чыпсавы фармат». Асобным напрамкам ідзе вывучэнне спякотаўстойлівасці, засухаўстойлівасці, холадаўстойлівасці, устойлівасці да хвароб вегетацыі і захоўвання.

— У сувязі са змяненнем клімату ці не ўзнікаюць складанасці ў нашых агароднікаў — дачнікаў, гаспадароў прысядзібных участкаў, а таксама гаспадарак з вырошчваннем морквы (такія складанасці часам узнікаюць у дачыненні да некаторых традыцыйных для нашых шырот культур)?

— Асаблівых складанасцяў пры вырошчванні морквы ў новых умовах не назіраецца. Але, як адзначаў раней, па асобных напрамках мы вядзём работу (спякотаўстойлівасць, засухаўстойлівасць, холадаўстойлівасць). І ўжо ёсць узоры, якія паказваюць стабільную ўраджайнасць за некалькі гадоў незалежна ад умоў надвор'я.

Кулінарны практыкум

Што прыгатаваць са, здавалася б, звычайнай морквы, на навагодні стол? Варыянтаў — мноства. Напрыклад, рознакаляровую моркву дастаткова проста запекчы ў духоўцы з аліўкавым алеем — атрымаецца незвычайны «ЗЛЖ-гарнір». Каб страва выглядала яшчэ цікавей, нават бацвінне можна не прыбіраць з караняплодаў цалкам. Перад падачай страву дастаткова проста пасыпаць здробненай зялёнай цыбуляй або шніт-цыбуляй. Але можна зрабіць што-небудзь больш складанае — напрыклад, традыцыйны «селядзец пад футрам», але «па-багатаму».

Панскае «футра»

Спатрэбіцца буйны селядзец, 3 бульбіны, 3 невялікія салодкія морквы, 2 яйкі, палова слоічка чырвонай ікры, маянэз і зеляніна (кроп і пятрушка). Бульбу, моркву і яйкі варым, рыбу чысцім, яе філе рэжам кубікамі. Салату выкладваем на плоскую талерку слаямі, кожны змазваем маянэзам. Слаі можна чаргаваць адвольна. Напрыклад, першы — бульба (надзёртая на буйную тарку), другі — селядзец, трэці — зноў бульба, чацвёрты — морква, пяты — яйкі, шосты — зноў селядзец, сёмы — зноў морква. Усё гэта зверху паліваем маянэзам і ўпрыгожваем ікрой і зелянінай. Даём салаце прапітацца і падаём на стол.

Катлеткі «Заячая радасць»

Бярэм паўкіло морквы, адно яйка, 2 ст. л. манкі, прыправы і соль па смаку. Вычышчаную моркву адварваем з лаўровым лістом, духмяным перцам і чорным перцам гарошкам. Пюрыруем у блендары (або на дробнай тарцы). Злучаем з яйкам, манкай, дадаём прыправы (чырвоны перац абавязкова, астатнія спецыі — па жаданні), солім. Запякаюць катлеткі ў духоўцы (200—220 °С) каля 20 хвілін. Падаюць са смятанай і зелянінай.

Цукаты з морквы

(фірмовы рэцэпт ад супрацоўнікаў сектара сталовых караняплодаў РУП «Інстытут агародніцтва».)

2 кг вычышчанай морквы, 0,5 кг цукру (можна дадаць сок 1 лімона або апельсіна). У цукар трэба уліць крыху вады — да 100 г. Варыць сіроп 5—7 хвілін на сярэднім агні. У сіроп кладзём нарэзаную саломкай моркву і варым хвілін 5. Даём астыць і зноў варым 5—7 хвілін. Вымаем з сіропу моркву (сіроп спатрэбіцца для наступнай порцыі), раскладваем на прасушку. Сохнуць цукаты каля тыдня. У працэсе сушкі іх варта некалькі разоў перавярнуць.

— Але калі шчыра, то ў нас яны не паспяваюць высахнуць — з'ядаюцца раней. Выдатная замена цукеркам!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Культура

Класіка ў новым фармаце

Класіка ў новым фармаце

Што падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» да кніжнай выставы-кірмашу.  

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.