Вы тут

Трагедыя населеных пунктаў, знішчаных падчас карнай аперацыі «Вясна-Поўнач»


З наступленнем вясны 1943 года нарастаў партызанскі рух, павялічваўся лік людскіх і матэрыяльных страт нямецкіх войск ад падрываў эшалонаў, засад на дарогах і нападзенняў на гарнізоны. Партызаны зрывалі збор сельгаспрадуктаў у насельніцтва, які праводзіла нямецкая армія. Усё гэта трывожыла акупацыйныя ўлады, у красавіку 1943 года карныя аперацыі былі здзейснены супраць партызан Барысава-Бягомльскай зоны, куды ўваходзілі і партызанскія атрады, якія дыслацыраваліся ў Лагойскім раёне.


Схема карнай аперацыі «Вясна—Поўнач».

Кіраўніцтва антыпартызанскай акцыяй ажыццяўляў брыгадэнфюрэр СС і генерал-маёр паліцыі Вальтэр Шымана, які часова выконваў абавязкі начальніка СС і паліцыі Беларусі. Спачатку ў Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах з 2 па 6 красавіка прайшла карная аперацыя «Вясна—Поўдзень». Пасля гэтага карнікі блакіравалі мясцовасць у межах Барысаў — Смалявічы — Лагойск — Зембін — Барысаў. Так пачалася нямецкая карная аперацыя пад кодавай назвай «Вясна—Поўнач» (Lenz—Nord), за якой — трагедыі спаленых вёсак і расстраляных мірных жыхароў гэтага рэгіёна.

Пра гэтую карную аперацыю мала напісана ў літаратуры, але ў нямецкіх дакументах захаваўся загад на яе выкананне. Яна праводзілася з 7 па 14 красавіка 1943 года. Для здзяйснення злачынных мэт былі сфарміраваны чатыры баявыя групы і прыцягнуты значныя сілы. У першую групу ўвайшоў 2-гі паліцэйскі полк СС, за выключэннем адной роты ад кожнага батальёна, якія засталіся праводзіць аперацыю па адпраўцы сельгаспрадуктаў і рабочай сілы ў Германію. У гэтую групу ўвайшоў таксама 202-гі батальён ахоўнай паліцыі. У другой групе быў 13-ты паліцэйскі полк СС. Трэцяя група складалася з 1-га батальёна 23-га паліцэйскага палка СС і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі. У чацвёртай групе знаходзіліся асобы батальён Дзірлевангера і рота ахоўнай паліцыі 11-га батальёна. У аперацыі таксама ўдзельнічала 12-я танкавая рота. Да ўсіх баявых груп далучылі каманды СД, якія дапытвалі захопленых палонных і маглі на месцы вырашаць іх лёс, а таксама прымалі рашэнне аб спальванні вёсак і расстрэле мясцовых жыхароў. Немцы паставілі мэту знішчыць партызан у гэтым раёне, разбурыць іх лагер і забраць у насельніцтва прадукты.

Блакада

Баявая частка аперацыі пачалася 8 красавіка. У 6 гадзін раніцы ўсе падраздзяленні выйшлі на зыходныя пазіцыі. Карнікі пачалі наступленне на партызанскую зону — у іх былі звесткі разведкі аб месцы знаходжання партызан. Немцы ведалі, што многія партызаны былі апранутыя ў нямецкую трафейную форму, таму загадалі сваім салдатам прышыць да левага пагона кавалак белай тканіны, каб сваіх было відаць здалёку. Атрад «Смерць фашызму» пад кіраўніцтвам Васіля Тарунова, які базіраваўся ў раёне вёскі Мыльніца, спачатку трымаў абарону ўздоўж ракі Цна каля вёсак Сутокі, Чэмкі, Масцішча, Такаўшчына, але боепрыпасаў для доўгай абароны не хапіла. Пачыналася вясновае разводдзе, і сыходзіць у Гайнскае балота было ўжо нельга, бо з нямецкіх самалётаў уся водная роўнядзь з рэдкім хмызняком праглядалася і прастрэльвалася. Іван Дзёмін, будучы дырэктар Мінскага аўтазавода, а тады камандзір першай роты атрада «Смерць фашызму» ў сваёй кнізе піша, што Васіль Таруноў сабраў нараду ў вёсцы Масцішча, дзе тады знаходзіўся штаб, там было прынята рашэнне ўначы прарывацца на поўнач праз дарогу Зембін — Плешчаніцы. Перад світанкам першая рота і штаб атрада перасяклі гравійку Зембін — Плешчаніцы і спыніліся каля вёсак Нова-Ганцавічы і Ліпкі Лагойскага раёна, заняўшы там абарону. Але не ўсе партызаны змаглі тады выйсці з акружанага раёна.

Былы камісар атрада «Смерць фашызму» Іван Дзядзюля ў сваіх успамінах адзначаў: «Першым адправілі абоз з параненымі. Жыхароў папярэдзілі аб небяспецы верхавыя сувязныя. Першай і другой ротам было загадана, узяўшы курс на поўнач, адысці ў суседні Плешчаніцкі раён. Трэцяя рота заставалася для забеспячэння прыкрыцця з тылу. Пасля выканання гэтай задачы ёй належала адысці праз пралом на шашы, які ўтрымлівалі роты, што адышлі, таксама ў Плешчаніцкі раён. Першая рота і дапаможныя падраздзяленні атрада, прайшоўшы за ноч праз Масцішча, Такаўшчыну, Цну і Малінаўку, пад раніцу непрыкметна перасяклі шашу Зембін — Плешчаніцы і занялі абарону на прылеглых вышынях. У іх задачу ўваходзіла прыкрыць выхад другой і трэцяй рот. Другая рота, выходзячы правей у раёне Швабаўкі, натыкнулася на карнікаў. Пасля кароткай сутычкі Георгій Шчамялёў адвёў партызан у лес. Некалькі пазней ён зрабіў спробу прадзерціся праз невялікі лес паміж Швабаўкай і Цной, але і гэта не атрымалася. Тады Шчамялёў вырашыў адарвацца ад праціўніка, дачакацца ночы ў лесе і ўжо потым ізноў паспрабаваць праслізнуць на поўнач правей Зембіна. Рота, якую праследвалі карнікі, адыходзіла ў кірунку Гайнскага балота. Трэцяя рота да канца дня ўступіла ў бой з фашыстамі ў Юр'еве, стрымліваючы іх націск дацямна. Уначы яна адкацілася ў лес да былой вёскі Мыльніца...».

Прарыў блакады

Роты Шчамялёва і Фамянкова не змаглі прарвацца праз нямецкі заслон і апынуліся ў акружэнні. Карнікі пачалі наступленне на Гайнскае балота, прачэсвалі мясцовасць уздоўж Гайны з боку Юр'ева і дарогі Плешчаніцы — Зембін, імкнучыся не выпусціць партызан з кальца. Рота Шчамялёва заняла абарону на вышыні ў раёне вёсак Мякестраўка — Рудня і ўвесь дзень адбівалася ад нямецкіх атак. Эсэсаўцы абстрэльвалі пазіцыі партызан з мінамётаў і гармат, а карэкціроўшчыкі паказвалі месца абстрэлу зялёнай ракетай, пушчанай у напрамку размяшчэння партызан. Народным мсціўцам удалося вызначыць нямецкія сігналы, і яны спынялі стральбу чырвонай ракетай, а затым самі пускалі зялёныя ракеты ў бок немцаў, тым самым прымушаючы варожых артылерыстаў абстрэльваць свае войскі. Уначы рота паспрабавала адарвацца ад карнікаў і адышла да балота. Мокрыя і галодныя партызаны не маглі нават развесці вогнішча. Манеўруючы па балоце, рота аказалася прыціснутай да разлітай воднай гладзі каля Гайны. Выхаду не было, і Шчамялёў прыняў рашэнне прарывацца праз нямецкія ланцугі. Стаіўшыся ў кустах, партызаны пачакалі, калі ланцугі падыдуць ушчыльную, а затым нечакана ў некалькіх месцах кінуліся ў рашучую атаку, змялі карнікаў і прарваліся да выратавальнага лесу.

У гэты час рота Фамянкова пад націскам карнікаў адыходзіла ў раёне Старога Млына да Гайны па вясновай вадзе. Прарвацца тут яны не маглі, бо немцы сцягнулі сюды вялікія сілы, а патроны ў партызан амаль скончыліся. Заставаўся толькі адзін шанц выратавацца — па ледзяной вадзе праз рэчку перайсці на другі бераг Гайны. Эсэсаўцы набліжаліся, і партызаны, дапамагаючы адзін аднаму, з цяжкасцю пераправіліся на выратавальны бераг. Многія партызаны загінулі, у тым ліку камандзір роты лейтэнант Іван Фамянкоў, які прыкрываў адыход і пераправу свайго падраздзялення. Усе тры роты атрада рознымі шляхамі прарваліся праз кальцо карнікаў.

Вінаватымі немцы зрабілі вёскі, каля якіх ішлі баі з партызанамі. Пачалося прачэсванне і зачыстка мясцовасці — запылалі ў агні хаты. Як гэта часта было, чорную справу ўзяў на сябе эсэсаўскі батальён штурмбанфюрэра СС Оскара Дзірлевангера. У батальёне былі сабраны разам нямецкія штрафнікі і былыя савецкія ваеннапалонныя, якія перайшлі на бок ворага.

Мясцовым жыхарам, акрамя лесу і балота каля ракі Гайна, якое запаўнялася адталай вадой, не было куды сыходзіць. Аднак схавацца ў балоце ў такі час было вельмі ненадзейна: яшчэ не вырасла трава, а кусты і дрэвы стаялі без лісця. Падчас гэтай карнай аперацыі былі знішчаны вёскі Смалявіцкага раёна, размешчаныя на мяжы з Лагойскім раёнам. 8 красавіка 1943 года фашысты спалілі Хаценава, там загінулі 184 чалавекі. 9 красавіка карнікі, якія наступалі з боку Юр'ева, знішчылі вёску Крывая Паляна, а затым прыгналі ў Сухі Востраў захопленых падчас прачэсвання балота людзей, што хаваліся там. Усіх іх забілі і спалілі разам з вёскай.

Мякестраўка: людзей малацілі як снапы

Сведка трагедыі ў Мякестраўцы Іван Мыцько.

Некаторыя мясцовыя жыхары цудам выратаваліся. Сёння яны выступаюць сведкамі па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Іван Васільевіч Мыцько нарадзіўся ў Мякестраўцы, цяпер жыве ў Маладзечне. Вельмі даўно ён хацеў расказаць пра знішчэнне сваёй вёскі, каб засталася памяць, тым больш што на месцы вёскі цяпер ужо нічога няма. Іван Мыцько падрабязна распавёў, як усё адбывалася ў той дзень: «Мякестраўка складалася з васьмі двароў і праз горку яшчэ два. Усё здарылася 12 красавіка 1943 года — на агульным помніку, дзе ёсць і прозвішча бацькі, гэта напісана. Стала вядома, што ідзе блакада партызан. У нядзелю мужыкі сабраліся і пайшлі ў лес з вёскі. Дзесьці гадзін у дванаццаць дня немцы размясціліся ў Верб'і па хатах, накіравалі старасту ў Мякестраўку, каб прывёз двух бараноў, далі ўказанне сабраць яйкі і сала. Стараста заданне выканаў. Людзям сказаў, што немцы нікога не крануць, калі партызан у вёсцы не будзе. Хтосьці збегаў да мужыкоў у лес, паведаміў ім гэта, і яны вярнуліся ў вёску. Як толькі пайшлі дадому, на іх месца ў лесе партызаны прыбылі. Гэта быў атрад «Смерць фашызму». Хтосьці немцам у Швабы паведаміў, дзе партызаны спыніліся. Карнікі пайшлі на Мякестраўку. Дзесьці гадзіны ў дзве глядзім, як з Верб'я, з лесу, высыпае ланцуг — карнікі ідуць. Не дайшоўшы да першых хат, спыніліся на дарозе, устанавілі мінамёты і пачалі міны кідаць — лічылі, што партызаны знаходзяцца ў хатах. У нас міна каля акна выбухнула, шкло пасыпалася, бацька закамандаваў нам на падлогу класціся. Немцы пакідалі міны, падняліся і пайшлі па агародах, мінулі вёску, у хаты не заходзілі. Падышлі да лесу і сталі паднімацца на ўзвышша, а там партызаны занялі зручную пазіцыю і адкрылі агонь, забілі некалькі чалавек, завязаўся бой. Бой працягваўся да цямна. З Рудні бацька ўзяў да сябе Аляксандра Мыцько з сям'ёй, бо адну частку Рудні раней спалілі, яшчэ ўзімку. Бацька з Аляксандрам пайшоў па сена ў хлеў — кароў пакарміць. Міма праязджаў на Верб'е верхавы, убачыў іх і сказаў: «Малаціце, малаціце сена, мы вас зараз размалоцім». Аляксандр на бацьку кажа: «Будзем уцякаць». Бацька адказвае: «А што будзе з сям'ёй?» Не захацеў кідаць сям'ю, і яны вярнуліся ў хату. Сёстры Ніна і Валя спалі за грубкай, у нас застаўся стрыечны брат Мікалай. У гэты час падышла да варот каманда смяротнікаў, і ў дзверы сталі стукаць: «Гаспадар, выходзь». Бацька, маці і я следам выйшлі ў двор. Там было двое верхавых і трое пешых. Бацька спытаў: «Вашых коней паставіць у хлеў або свайго даць?» Адказу не было. Ён пайшоў у хлеў і адчыніў дзверы, а ў гэты час яму стрэлілі ззаду ў галаву — бацька зваліўся на зямлю. Я пабег у хату і глядзеў праз акно. Карнікі крычаць: «Выходзь, другі гаспадар». Аляксандр выйшаў і пайшоў у хлеў, там гною за зіму шмат было. Наступіў на гной і прыхіліўся ў той момант, калі ў яго стрэлілі. Куля прайшла па плячы, прабіла вуха. Ён зваліўся на гной, галава ў крыві і ногі тырчалі з адрыны, але ён жывы застаўся. Яны засвісталі, засмяяліся і пайшлі. Маці не кранулі, яна пайшла да бацькі, але ён не адклікаўся, толькі енчыў. Праязджаў верхавы, пачуў стогны бацькі і дабіў яго. Ужо цёмна было, як вярнуліся карнікі, загадалі завесіць вокны і сказалі даваць вячэраць. Тут такое гора — а ім вячэраць падавай! Маці хацела ўзяць яйкі ў склепе, а адтуль яны ўжо нясуць кошык з яйкамі. Іх было шэсць чалавек, усе ў нямецкай форме. Размаўлялі на ўкраінскай і рускай мовах. Прынеслі з іншых двароў сала, хлеб, аплецены бідончык з самагонкай літраў на пяць. Наліваюць, выпіваюць і закусваюць. Мы з мамай стаялі каля печкі. Адзін дастае пісталет, з рукі на руку перакінуў, зарадзіў, коса на мяне паглядзеў. Я яго погляд на ўсё жыццё запомніў. Ён хацеў страляць у нас, але іншыя сказалі не рабіць гэтага, бо выпіваюць тут, а таму нядобра, калі трупы побач будуць ляжаць. Ён засунуў пісталет у кішэню. Потым карнікі падняліся і сабраліся сыходзіць, і адзін кажа: «Гаспадыня, магчыма, пальчаткі ў вас ёсць?» Гэта ён спытаў, каб адстаць ад іншых. На двары мароз — халодна было. Маці пальчаткі дастала і дала яму. Ён кажа ёй па-руску: «Уцякайце, заўтра ўсіх вас пастраляюць». Маці за рукаў яго і пытае, а куды ўцякаць? «У лес», — сказаў і пайшоў...»

Жанчына сабрала дзяцей, і ўсе разам рушылі ў лес. Там у іх былі куфары схаваныя. Маці дастала цяплейшую адзежу, так да раніцы і пратрымаліся. Як пачало віднець, пачулі адзіночныя стрэлы, а потым убачылі, як хаты паляць. «Як толькі пачалі паліць, усё жывое пачало плакаць: людзі крычалі, сабакі вылі, каровы раўлі — усё жывое падавала гукі, — успамінае сведка тых падзей. — Мы хаваліся ў балоце, а потым прытуліў нас бацькаў знаёмы ў вёсцы Вуглы. Рудню спалілі ў той жа дзень...»

Рудня: зямля хадзіла хадуном

Пасля таго як партызаны пакінулі займаную імі вышыню і накіраваліся ў балота, карнікі пачалі ланцугамі рухацца далей. Чарга надышла да Рудні. Гітлераўцы дашчэнту знішчылі ўсю вёску, расстралялі 90 жыхароў. Эсэсаўцы за свае страты ў баі жорстка пакаралі мясцовых жыхароў. Акалічнасці той трагедыі ўспамінае Зінаіда Таберка, жыхарка Рудні: «Многія з Рудні пайшлі ў балота хавацца, у будках сядзелі, а немцы пачалі з гары страляць, мы сталі ўцякаць. Немцы ланцугом ішлі, усё прачэсвалі каля Гайны. Усіх жыхароў сагналі да сіласнай ямы, хто не ўцёк у балота, і пастралялі. Усе хаты папалілі. На наступны дзень мы прыйшлі з балота і сталі хаваць сваіх родных...»

Марыя Грынь — адна з нямногіх жыхароў Рудні, якая цудам пазбегла расправы карнікаў.

Людзей расстрэльвалі сем'ямі, у яме закопвалі ўсіх — і забітых, і жывых. Мясцовыя жыхары, якім пашчасціла выжыць, казалі, што ажно зямля калыхалася. Вось што расказвала аб тых падзеях Марыя Грынь: «Мы тады былі ў балоце, дзе хаваліся ад немцаў. Цяпер страшна хадзіць у лес, а тады гэта выратаванне было. Прыйшлі карнікі і ўсіх з хат сабралі і пагналі да сіласнай ямы. Там усіх і расстрэльвалі. Адзін салдат сказаў, каб людзі ўцякалі, бо ўсіх паб'юць. Ну, а хто ж пабяжыць — у кожнага дзяцей па трое, чацвёра. А дзеці былі па паўгода, па гадку — усіх пабілі... Але адзін пабег, Герасім Мароз, гадоў 14 яму было, і выратаваўся. Па ім стралялі, але не забілі. Потым казалі, што зямля хадуном хадзіла: не ўсе забітыя былі, яны і жывых закапалі. Потым людзі прыйшлі з балота, забітых выцягнулі з ямы і пахавалі».

На месцы расстрэлу жыхароў у Рудні стаіць невялікі абеліск. Карнікі забілі тут 90 чалавек, спалілі ўсе 57 дамоў вёскі.

Стары Млын: пакуль немцы елі, людзі ўцякалі

Помнік на месцы расстрэлу жыхароў у Рудні.

Наступнай ахвярай карнікаў стала вёска Стары Млын. З Рудні яны суцэльнымі ланцугамі пайшлі ў бок гэтай вёскі, прачэсваючы мясцовасць уздоўж ракі Гайна. У гэтай вёсцы у той час жыла Леаніда Грынь. Вось што яна расказала: «Наша вёска Стары Млын цягнулася адной вуліцай, яе перасякала маленькая рэчка Чарнавочка. За рэчкай былі тры хаты, а ўсяго ў вёсцы 12 хат. Я сваімі вачамі бачыла, як яны акружылі людзей на агародзе і ўсіх пагналі ў хату. Потым стары дзед, прозвішча яго Грынь, прыйшоў да нашага бацькі і кажа: «Лявонцій, уцякайце ў балота з сям'ёй, маю дачку ўжо забілі, я бачыў, як іх павялі ў хату і чуў стрэлы...» У тых трох хатах усіх забілі — тры сям'і. Чацвёртая сям'я згарэла з Рудні. Александрына Грынь, жонка вайскоўца, уцякла ў лес з двума блізнятамі і схавалася на краі балота, але яе знайшлі і забілі, дзяцей маленькіх забілі стрэламі ў роцік... Падыходзяць немцы сюды, гоняць тры каровы. Я ў той час у акне стаю — бачу, што ўжо блізка падыходзяць. Я акно адкрыла і крычу колькі ёсць сілы: «Мама, хутчэй уцякайце». Яна малую на рукі Аню ўзяла, Вера сама палезла, і ўсе праз акно і пабеглі. Усё забыліся: і хлеб, і адзежу. Карова, свіння і дзве авечкі засталіся. Мы хутчэй агародам, за кусты і пабеглі ў лес. Хаваліся ў балоце, бацькі нас мохам накрывалі».

Зінаіда Таберка — сведка трагедыі ў Рудні.

Акрамя жыхароў трох хат, усе астатнія ўцяклі ў лес. Гэта стала магчымым дзякуючы мудрасці некаторых жыхароў, якія, каб выратаваць вёску, вынеслі стол на скрыжаванне. На стол паставілі тое, што мелі: яйкі, сала, яшчэ нешта з ежы... Пакуль карнікі елі, людзі, хто мог, пакінулі вёску. У Старым Млыне спалілі ўсе 12 хат, знішчылі 30 жыхароў.

Мыльніца: людзей выманілі з лесу

Апошняй ахвярай нямецкай карнай аперацыі «Вясна-Поўнач» стала лясная вёска Мыльніца, якая падзяліла лёс Хатыні і з тых часоў так і не аднавілася. На шляху карнікаў паміж Старым Млынам і Мыльніцай быў хутар Града — там таксама забілі ўсіх жыхароў.

Месца, дзе калісьці знаходзілася вёска Мыльніца Лагойскага раёна, дагэтуль прыцягвае грыбнікоў і паляўнічых, проста аматараў прыроды. У вельмі прыгожым, маляўнічым месцы, акружаная лясамі, на схіле пагорка стаяла гэтая вёска. Сёння аб ёй нагадвае невялікі помнік з чорнага граніту, які ўсталяваны ў памяць аб жыхарах, забітых і спаленых разам з вёскай.

Гэты помнік пастаўлены крыху ўбаку ад таго месца, дзе знаходзілася вёска. Недалёка ад вёскі знаходзіліся зямлянкі атрада «Смерць фашызму». У 1970-х гадах па ініцыятыве дырэктара Мінскага аўтазавода Івана Дзёміна тут была адноўлена зямлянка атрада, пабудаваны навесы і зроблены сталы. Улетку ў гэтым месцы ў пэўны дзень збіраліся былыя партызаны. Прыязджалі з розных куткоў краіны — ім хацелася пабачыць баявых таварышаў. Цяпер ужо няма каму тут збірацца...

Жыхару вёскі Сутокі Івану Ліпскаму было 9 гадоў, калі палілі Мыльніцу. «Немцы ішлі з боку Швабаў, Мякестраўкі і зайшлі на Мыльніцу, — узгадваў ён. — Выявілі ў адной хаце ваеннае абмундзіраванне і скуру, вырашылі, што гэта маёмасць партызан. Усіх жыхароў сабралі, завялі на ўскраіну вёскі ў пуню і там спалілі. У лесе на елцы схаваўся мясцовы жыхар, але сабака яго знайшоў, прывёў карнікаў да дрэва, там яго і забілі. Мясцовая настаўніца з дачкой уцякала ў бок вёскі Швабы, але іх дагналі каля вёскі Мяхеды і забілі. Жыхарка Сутокаў, Міхаліна Зарэмба, разам з сынам Вячаславам тады сабрала астанкі жыхароў Мыльніцы і пахавала ў тым месцы, дзе іх і спалілі».

Пасля вайны вёска Мыльніца не адрадзілася. Аб тым, што тут здарылася вясной 1943 года, нагадвае сціплы помнік.

Калі карнікі падышлі да Мыльніцы, то ў вёсцы яны нікога не знайшлі. Усе жыхары, якія бачылі полымя ад спаленых суседніх вёсак, уцяклі ў балота. Тады яны падманам вырашылі вярнуць людзей у вёску. Людзей сталі клікаць па імёнах: «Іван, Марыя, Вася! Выходзьце, немцы не будуць вас чапаць, яны ўжо паехалі». І людзі паверылі — амаль усе сем'і вярнуліся дадому, дзе іх ужо чакалі карнікі. Людзей расстралялі, вёску спалілі. Паводле звестак архіва, у вёсцы было 7 хат, у агні загінулі 25 чалавек. Памяць аб Мыльніцы ўшанавана на могілках неадроджаных вёсак у Хатыні.

Дакументы сведчаць...

У партызанскіх дакументах знайшліся сведчанні гэтых падзей. Яны супадаюць з успамінамі сведак. У журнале баявых дзеянняў атрада «Смерць фашызму» напісана: «З 9.4.43 па 15.4.43. 2-я рота пад камандаваннем палітрука роты ст. лейтэнанта Шчамялёва, 3-я рота пад камандаваннем камандзіра роты лейтэнанта Фамянкова і 3-ці ўзвод пад камандаваннем камандзіра ўзвода Яцкевіча вялі барацьбу з карнай экспедыцыяй немцаў, якая заехала ў раёны Смалявіцкі, Барысаўскі, Лагойскі і Плешчаніцкі у колькасці 7000 чалавек з самалётамі, танкамі і аўтамашынамі. Асноўны бой адбыўся ў раёне в. Мякестраўка — Рудня пад камандаваннем палітрука 2-й роты ст. лейтэнанта Шчамялёва...»

З гэтага дакумента выцякае, што карная аперацыя «Вясна—Поўнач» не дасягнула сваёй мэты, і задачы, пастаўленыя немцамі, не былі выкананы. Партызанаў не знішчылі, толькі былі разбураны і спалены партызанскія зямлянкі. Пад выглядам барацьбы з партызанамі спалілі ў гэтым раёне вёскі разам з насельніцтвам. З вёсак вывезлі прадукты і жывёлу. Партызаны праз некаторы час вярнуліся на старое месца, аднавілі зямлянкі і пачалі наносіць удары па ворагу.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота аўтара

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.