Вы тут

Спалучыць архаічнае і сучаснае. Выстаўка «Творцы» адкрылася ў НММ


«Хоць гэта выстава і не прысвечаная Калядам, калядны настрой у ёй, безумоўна, ёсць». Гэтыя словы вядомай мастачкі Тамары Васюк на прэзентацыі яе сумеснай з Уладзімірам Васюком выставы «Творцы» ў Нацыянальным мастацкім музеі цалкам праўдзівыя. Выстава дапаможа не толькі адчуць святочны настрой — але і настроіцца на філасофскі лад, усвядоміць прыналежнасць і да свайго роду, і да ўсяго Сусвету. Сямейная пара Тамары і Уладзіміра Васюкоў адметная: ён — графік, яна — кераміст, у гэтым годзе абодва сталі юбілярамі, адзначылі залатое вяселле. Што агульнага ў гэтых мастакоў? Глыбіня перажыванняў і думкі і гарачая любоў да свайго народу, яго гісторыі і культуры. Уменне спалучыць архаічнае і сучаснае.


Працы абодвух творцаў змушаюць углядацца ў звыклыя рэчы і выходзіць за звыклыя межы. Расколіны на сферычнай шурпатай паверхні... Гэта і след на паверхі нейкай планеты, і след нажа на скарынцы бохана хлеба. Трыпціх Уладзіміра Васюка «Крыж на небе, суладдзе на зямлі» нагадвае міжпланетарнае і вельмі беларускае мысленне Язэпа Драздовіча і ягоныя «візіі», падчас якіх мастак падарожнічаў у космасе... У тэму калядных святаў — і цудоўная графіка «Ценям хрысціянскіх каштоўнасцей», у якой абыгрываюцца, набываюць шмсатсэнсавасць і сакральнасць звычайныя прадметы, напрылад, яйка ці чара. І побач — цудоўная гліняная фігурка аўтарства Тамары Васюк, якую хочацца гладзіць і абдымаць — «Му-му», гэткая архаічная, стылізаваная карова. Многія гледачы сцвярджалі, што ўспрымаюць выраб Тамары Васюк «Бег» як сімвал сённяшняга мітуслівага жыцця, калі многіх паглынула псіхалогія спажывальніцтва: забаўная свінка з прораззю ў спіне — капілка, але на колах. Увесь шлях яе — у пагоні за манетамі. А побач — гліняныя музыкі, вельмі лёгка ўявіць іх сярод калядоўшчыкаў, баранчыкі, збаны, у якіх угадваюцца жаночыя постаці... Дарэчы, іх сямейны тандэм Тамара Васюк увасобіла ў гаршках-спарышах, а выяву смешнай істоты, якая нагадвае льва з дываноў Алены Кіш, лічыць сваім увасабленнем: творчай жанчыне трэба мець у сабе і трошкі ад ільвінай сілы!

На адкрыцці выставы прысутнічалі не толькі калегі мастакоў, але і іх удзячныя вучні з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выстава «Творцы» працягне сваю працу да 12 лютага.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.