Вы тут

Вучыць гісторыю вайны дзеля міру


Універсітэцкі брэнд Гомельшчыны — міжнародная алімпіяда «Сусветныя войны ў гісторыі чалавецтва», якую ўжо больш як дзесяць гадоў праводзіць Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, — зрабіў свой унёсак у святкаванне Года гістарычнай памяці ў рэгіёне. Упершыню да ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе былі запрошаны не толькі будучыя прафесіянальныя гісторыкі і студэнты няпрофільных факультэтаў, якія захапляюцца вывучэннем гісторыі, але і тыя маладыя людзі, хто праходзіць навучанне па праграме ваеннай падрыхтоўкі ў ВНУ, і курсанты ваенных кафедр. Спаборнічаць у веданні ваеннай гісторыі студэнтам і іх выкладчыкам настолькі спадабалася, што алімпіяда прайшла, а гомельскія гісторыкі-выкладчыкі не перастаюць атрымліваць лісты са станоўчымі водгукамі і словамі ўдзячнасці за ўнікальны вопыт.


Памяць — падмурак

Як вядома, з пачатку гэтага навучальнага года студэнты дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны і дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога атрымалі магчымасць праходзіць ваенную падрыхтоўку на ваенна-транспартным факультэце БелДУТа. Як звярнуў увагу прарэктар па бяспецы, рэжыме і кадрах ГДУ імя Ф. Скарыны Аркадзь Куксо, кіраўнікі трох ВНУ абласнога цэнтра падпісалі дамовы аб новай форме ўзаемадзеяння. Такога віду дагаворы заключаны ў краіне ўпершыню. Міжвузаўскія пагадненні дазволяць павысіць узровень падрыхтоўкі студэнтаў па праграмах афіцэраў запасу, а для студэнтаў новая форма навучання дае магчымасць якасна выконваць задачы згодна з атрыманай ваенна-ўліковай спецыяльнасцю.

— У надзвычай абвостраны час падмены маральных паняццяў, дэмемарыялізацыі герояў, імкнення перапісаць падзеі і вынікі Другой сусветнай вайны, веданне гісторыі — гэта падмурак, на які могуць у ментальным, этычным, маральным планах абаперціся маладыя людзі, адказаць для сябе на галоўныя пытанні жыцця, — пераканана кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый ГДУ імя Ф. Скарыны Аксана Яшчанка.

Новы кампанент і шырокая геаграфія

Менавіта кафедра гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржуніверсітэта, якую ўзначальвае Аксана Рыгораўна, ужо 12 гадоў запар арганізуе правядзенне міжнароднай алімпіяды па тэме «Сусветныя войны ў гісторыі чалавецтва». Апошнія гады спаборніцтвы праходзяць у дыстанцыйнай форме. Але гэта акалічнасць не толькі не пазбавіла алімпіяду папулярнасці, але і дала магчымасць ахапіць сваім рухам большую колькасць удзельнікаў. Так, у апошнім конкурсе прынялі ўдзел 190 чалавек, ці 38 каманд, а прадставілі яны 25 ВНУ Беларусі, Расіі і Узбекістана. Традыцыйна выступілі на алімпіядзе студэнты ўніверсітэтаў усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўпершыню — з рэгіянальных ВНУ, з Пінска і Баранавіч. Ад Расійскай Федэрацыі ў спаборніцтвах бралі ўдзел студэнты з Навазыбкава, Смаленска, Пскова, Арэхава-Зуева (Падмаскоўе), Санкт-Пецярбурга. Упершыню ў ліку канкурсантаў былі студэнты з Узбекістана, якія прадставілі Тэрмезскі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Новым кампанентам спаборніцтва стала выкананне шырокага блока пытанняў курсантамі і студэнтамі, якія вучацца па праграме ваеннай падрыхтоўкі ў ВНУ. Сярод іх — у тым ліку студэнты і курсанты ваенных кафедр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, — тлумачыць Аксана Яшчанка.

Гэта новаўвядзенне міжнароднай алімпіяды «Сусветныя войны ў гісторыі чалавецтва», безумоўна, удалося ажыццявіць дзякуючы стварэнню ў Гомелі новага вучэбнага кластара па ваеннай падрыхтоўцы студэнтаў паміж ГДУ імя Ф. Скарыны, дзяржаўным тэхнічным ўніверсітэтам імя П. В. Сухога і БелДУТа. Усяго ў спаборніцтвах па гісторыі ўдзельнічала 12 ваенных каманд: яны выконвалі заданні конкурсу асобна ад студэнтаў гістарычных факультэтаў і студэнтаў няпрофільнага навучання.

— Гісторыя Першай і Другой сусветных войн на алімпіядзе раскрывалася на матэрыялах аб буйных ваенных аперацыях, подзвігах герояў і трагічных стратах, закраналіся пытанні мемарыялізацыі ваенна-гістарычнага мінулага ў розных краінах, выяўлялася веданне студэнцкай моладдзю прадметаў узбраення, працэсу музеефікацыі гісторыі сусветных войн, вызначалася арыентаванне ўдзельнікаў у падзеях Вялікай Айчыннай вайны на Гомельшчыне, — адзначае загадчык кафедры гісторыі Беларусі. — Курсанты і студэнты, якія вучацца па праграме ваеннай падрыхтоўкі, атрымалі заданні, якія былі арыентаваны не толькі на веданне гістарычнага ваеннага кантэксту, але і вайсковай справы.

Асвета

Пасля алімпіяды, дадае Аксана Яшчанка, сталі прыходзіць падзякі ад удзельнікаў алімпіяды і іх выкладчыкаў, пажаданні абавязкова быць зноў запрошанымі на спаборніцтвы.

— Першапачаткова, калі наш алімпіядны рух толькі зараджаўся, тэмай спаборніцтваў была абрана канкрэтная дата — вызваленне Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы імкнуліся заахвоціць прымаць удзел у алімпіядзе ВНУ рэгіёнаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі суседніх краін. Да ўдзелу запрашалі ўніверсітэты Гомельшчыны, Чарнігаўшчыны і Браншчыны, — ўзгадвае Аксана Рыгораўна. — Пасля стала відавочна, што ўзровень выкладання ваеннай гісторыі ў ВНУ розных рэгіёнаў адрозніваецца. У Беларусі заўсёды асабліва значны акцэнт падчас выкладання робіцца на курс гісторыі Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны, для беларускіх гісторыкаў-выкладчыкаў гэты курс — нязменнае правіла, святая святых, так бы мовіць, і гэта вельмі важна.

Пасля алімпіяд да гомельскіх гісторыкаў сталі звяртацца выкладчыкі замежных ВНУ — цікавіліся, у якой літаратуры можна знайсці інфармацыю па ваеннай гісторыі, напісаную апошнім часам беларускімі даследчыкамі.

— Мы зразумелі, што праз гомельскую алімпіяду ў тым ліку папулярызуем нашу айчынную гістарычную навуку, імкнёмся несці ідэі асветы аб ваеннай гісторыі для студэнтаў і выкладчыкаў іншых краін, — дзеліцца суразмоўца. — Сёлетняя алімпіяда па ваеннай гісторыі, як падзяліліся яе ўдзельнікі, набыла яшчэ і асаблівае гучанне ў кантэксце прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.